Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

Але навошта ёй артэфакты?

– Табе загадалі дастаць іх з сейфа? – здагадаўся, нарэшце, Холін. – Хто?

– Я! – пачуўся раптам за спіной Холіна чыйсьці жаночы голас. – І не загадала нават, а папрасіла…

Рэзка азірнуўшыся, Холін убачыў непадалёку ад сябе маладую, занадта маладую нават жанчыну… дзяўчыну, хутчэй…вельмі прыгожую, залатавалосую, апранутую ў нейкае чорнае, бліскучае адзенне. Адзенне шчыльна прылягала да цела дзяўчыны, яшчэ больш падкрэсліваючы яе бездакорныя формы.

– Ты – Маргана! – сказаў Холін без усялякага нават здзіўлення. – Яна ж – Мэры, былая рабочая жонка фермера Нікаля Сарджэна. Я не вельмі памыліўся?

– Не вельмі, - сказала дзяўчына. – Ты, наогул, занадта здагадлівы для…мужчыны,і аднойчы гэта для цябе кепска скончыцца…

– Аднойчы, гэта значыцца, не зараз! – Холін паціснуў плячамі і, крыва ўсміхнуўшыся, дадаў: - Што ж, прыемна чуць! Але бачыць цябе тут, у маім кабінеце, тым больш, у дзве гадзіны ночы – не вельмі прыемна. Дарэчы, а як ты, наогул, змагла апынуцца ў маёй кватэры?

– Пры дапамозе вось гэтага!

Маргана ўзняла руку з артэфактам. Спачатку Холіну здалося, што гэта той самы прадмет, якога не хапае на стале, але ён адразу ж зразумеў, што памыліўся. Гэта быў артэфакт з дваццаць першага аддзялення...

– Ну, што ж, - спакойна прагаварыў Холін, апускаючыся ў крэсла, - я, чамусьці, так і падазраваў. Прынцып работы гэтага прадмета ты мне ўсё роўна не растлумачыш. Ці ўсё ж растлумачыш?

– Прынцып работы ты ўбачыш і сам, - паабяцала Маргана, таксама падыходзячы да стала. – Крыху пазней. А зараз я забяру ўсё гэта. Ты, спадзяюся, не будзеш супраць?

– Я буду супраць! – сказаў Холін. – Але ж табе глыбока напляваць на маё меркаванне, хіба не так?

Маргана нічога на гэта яму не адказала. Замест гэтага яна падыйшла да рабочай жонкі Холіна, якая працягвала стаяць на ранейшым сваім месцы і толькі пераводзіла позірк з Марганы на Холіна і наадварот.

– Яе я таксама забяру з сабой!

– А вось супраць гэтага я буду пратэставаць і самым рашучым чынам! – сказаў Холін, устаючы з крэсла. Потым ён паглядзеў на свой доўгі халат, мяккія пантофлі на нагах, і дадаў: – Ты дазволіш мне пераапрануцца?

Зноў нічога яму не адказаўшы, Маргана ў нейкім задуменні прайшлася па пакою. Стараючыся не выпускаць яе з поля зроку, Холін павярнуўся да жонкі.

– Ты і сапраўды хочаш пакінуць мяне? – спытаўся ён нечакана мякка і нават спагадліва. – Я што, кепска да цябе адносіўся?

– Справа не ў гэтым…

Не адразу нават дайшла да Холіна уся незвычайнасць гэтых самых звычайных слоў рабочай жонкі.

– Ты што? –Холін забыўся пра ўсё, нават пра “дзікую кошку” за спіной… зараз ён глядзеў на жонку і толькі на яе. – Ты што… усё разумееш? Я маю на ўвазе, у цябе ўжо няма гіпнаблакіроўкі?

– Няма! – сказала жонка… яна таксама глядзела зараз на свайго мужа… ці, хутчэй, на былога свайго мужа… - Марганазняла мне яе! І не зараз, як ты, магчыма, думаеш. Яна зняла мне блакіроўку яшчэ тады, у час свайго нападу на аддзяленне…

– Пачакай, дык ты… - ашаломлены і разгублены, Холін зноў апусціўся ў крэсла, - дык ты, значыцца, увесь гэты час прыкідвалася?А гэтай ноччу… а я падумаў, было, што мне гэта падалося…

Замест адказу жанчына толькі ўсміхнулася… і ўсмешка яе была такой прыцягальнай, такой чароўнай, што Холіна нават у пот кінула. Ён зразумеў раптам, што кахае гэтую жанчыну, даўно кахае… нават тады кахаў ужо, калі яна была яшчэ звычайнай рабочай жонкай… і тады, калі яна так артыстычна прыкідвалася рабочай жонкай… а яшчэ больш ён кахае яе зараз, пасля гэтай непаўторнай ночы… калі зразумеў нарэшце, што ж яна для яго значыць…

– Гэтай ноччу табе, пэўна, было вельмі непрыемна прыкідвацца рабочай жонкай? – сказаў ён без усялякай злосці, але з горыччу. – Прабач!

– Нічога ты не разумееш! – ледзь чутна прагаварыла жонка, і нечакана дадала: – Гэта ты мяне прабач!

– Ну ўсё, хопіць! – Маргана неяк нечакана хутка апынулася каля стала. – У нас мала часу. – Яна зірнула на Холіна, і ў гэтым яе халодным, бязлітасным позірку Холін прачытаў раптам сваю будучыню… дакладней, адзін з яе магчымых варыянтаў…- Гэтамужчына, ніжэйшая істота…і не трэба прасіць у яго прабачэння!

– Ну, зразумела ж! – Холін уздыхнуў. – Скажы, Маргана, свайго былога мужа ты захапіла з сабой пасля нападу на аддзялення дзеля чаго? Куды прасцей было б проста забіць яго на месцы. Як астатніх. Але ж ён быў патрэбны табе для абраду ачышчэння! Спадзяюся, ён не вельмі доўга пакутваў?

Нейкі час Маргана моўчкі глядзела на Холіна ўсё тым жа халодным бязлітасным позіркам

– Калі б ты ведаў, як мне хочацца забіць цябе зараз! – прагаварыла, а, дакладней, працадзіла яна, нарэшце, праз зубы. – Вось цябе б я сапраўды забівала доўга і пакутліва!

– Я ў гэтым нават не сумняваюся! – сказаў Холін падкрэслена спакойна. – Але ж ты не заб’еш мяне, як бы гэтага табе не хацелася. Пытанне – чаму?

– Не таму, што твая былая жонка прасіла мяне аб гэтым!

– А яна прасіла? – Холін павярнуўся да сваёй жонкі. – Ты што, і сапраўды прасіла яе не забіваць мяне?

Жонка нічога не адказала, але Холін раптам разглядзеў, як дрыжаць яе вусны…

Вусны, якія з такой асалодай ён цалаваў сённяшняй ноччу…

– Я акажу табе сёння літасць таму толькі, - працягвала між тым Маргана, - што прынцэса чамусьці катэгарычна забараніла мне забіваць цябе! Перад тым, як адправіць мяне сюды, яна некалькі разоў паўтарыла гэтую забарону. Чаму – не ведаю! Магчыма, ты сам ведаеш прычыну…

Не больш, чым ты, - сказаў Холін. – Але, тым не менш, гэта прыемна чуць! Прынцэса… і клапоціцца пра мяне… гэта вельмі прыемна…

– Яшчэ б не прыемна! – фыркнула Маргана.
– А тое, што прынцэса Ірума ўсё ж засталася жывая, хоць ты так жадаў яе смерці…гэта табе таксама прыемна чуць?

– Ірума? – паўтарыў Холін і голас ягоны раптам задрыжаў. – Яе завуць Ірума?

– Ірума! – Маргана неяк здзіўлена паглядзела на Холіна. – Ты так прагнуў забіць яе ды не змог…Яна жывая, хоць табе гэта, пэўна ж, вельмі непрыемна!

– Ты не паверыш, - павольна, усё яшчэ думаючы аб нечым сваім, прагаварыў Холін, - але мне вельмі прыемна, што прынцэса Ірума засталася ў жывых!

– Ну яшчэ б! – Маргана зноў фыркнула. – Каб не яе загад, ты б ужо даўно быў нябожчыкам!

Выцягнушы з шуфлядкі тонкую баваўняную сумку, Маргана пачала зграбаць туды артэфакты. Холін з даволі абыякавым выглядам назіраў за гэтымі яе дзеяннямі, але, калі Маргана, загрузіўшы ўсе артэфакты ў сумку, на імгненне паклала яе на стол, Холін нечакана схапіў сумку і кінуў яе ў адчынены сейф, адначасова з гэтым звонка пляснуўшы ў далоні. Сейф з металічным лязгатам зачыніўся.

Поделиться с друзьями: