Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– І што цяпер?– спытаўся Холін, падыходзячы да сейфа і засланяючы яго сабой.
– Не чапай яго! Я сама ведаю, як адчыніць сейф… я адчыню яго зараз! – амаль умольна прагаварыла жонка Холіна, звяртаючыся да Марганы. Потым яна падыйшла да мужа… на нейкае кароткае імгненне іх погляды сустрэліся –Адыйдзі!Я цябе вельмі прашу!
– Навошта? – сказаў Холін. – Забіць мяне яна не можа, так што…
– Яна можа цябе пакалечыць! І моцна! На гэта забароны не было! Толькі на забойства…
– Гэта праўда, - сказала Маргана. – На гэта забароны не было!
– Адыйдзі! – паўтарыла жонка, але ў голасе яе ўяўна прагучала ўжо безнадзейнасць. – Вельмі цябе прашу, адыйдзі ад сейфа!
– Адыйдзі сама! – крыкнула ёй Маргана. – Калі ён гэтага так жадае…
– І праўда, адыйдзі лепш! – сказаў Холін жонцы, чамусьці скідваючы пры гэтым з ног пантофлі і як мага мацней завязваючы пояс халата. – Лічы, што ты зрабіла ўсё магчымае для майго выратавання…
– Не трэба было табе прачынацца?! – прашаптала раптам жонка. – Гэта я цябе разбудзіла, сама таго не жадаючы…
Яна адыйшла ўбок, а Марганапавольна, не спяшаючыся, заняла яе месца.
– Ну што ж… - прагаварыла яна холадна. – Калі ты гэтага сам жадаеш…
Атака “дзікай кошкі” была настолькі імклівай, што чалавечае вока яе б проста не здолела заўважыць. І, тым не менш, Холін, не толькі застаўся на нагах, але і здолеў неяк супрацьстаяць імгненнаму гэтаму нападу. Праз нейкі час ён нават перайшоў у наступ, і цяпер ужо самой Маргане прыйшлося крыху адступіць і нават аказацца ў такой нязвычнай для “дзікай кошкі” ролі абараняючагася. Праўда, заўважыць усе гэтыя нюансы бою мог далёка не кожны… перад вачыма ашаломленай жонкі Холіна, напрыклад, усё, што адбывалася зараз у кабінеце, прадставала толькі нейкай суцэльнай шалёнай віхурай з чатырох рук і чатырох ног, прычым, разабраць хто ёсць хто, і дзе чые рукі і ногі, было даволі складана…
А потым усё скончылася гэтак жа нечакана, як і пачалося. Маргана раптам апынулася зусім побач з жонкай Холіна… сам жа Холін па-ранейшаму загароджваў сабой шлях да сейфа. Праўда, зараз ён цяжка, з прысвістам дыхаў, у той час, як Маргана выглядала так, нібыта і не было толькі што ўсёй гэтай суцэльнай віхуры ўдараў, контрудараў, блакіровак…
– Дыхалка ні к чорту! – амаль задыхаючыся, прагаварыў Холін, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся. – Рэфлексы засталіся амаль ранейшымі, а вось дыхалка…
– Рэфлексы? Якія рэфлексы?!
У голасе Марганы, замест звычайнай пагарды або абыякавасці, чуліся зараз нейкія дзіўныя ноткі… магчыма, павагі, магчыма, яшчэчагосьці, вельмі на яе падобнага…
– Як ты мог рабіць такое, ды яшчэ такі працяглы час?! Хто ты?!
– Я што, не прадставіўся? – сказаў Холін, паступова праходзячы ў сябе. – Я – Максіміліян Холін, паўнамочны і надзвычайны рэзідэнт ФІРМЫ на гэтай планеце!
– Я не аб тым! – Маргана ўсё глядзела і глядзела на Холіна, так, быццам упершыню яго ўбачыла. – Між іншым, я тры разы магла нанесці табе смяротны ўдар…
– Ты не магла мне яго нанесці! Ні тры разы, ні нават адзін…– сказаў Холін, робячы асаблівы націск на словах “не магла”! – Магчыма, таму я і не стаў парыраваць менавіта гэтыя ўдары…
– А, можа, ты б і не змог іх парыраваць?
– Можа, і не змог бы… - Холін паціснуў плячамі. – І што з гэтага?
Нічога на гэта не адказаўшы, Маргана паглядзела на гадзіннік, які стаяў на стале. Было ўжо каля трох гадзін, ноч за вокнамі паступова страчвала рознакаляровую сваю чароўнасць, цямнела…
– Што з гэтага? – паўтарыў Холін.
Маргана нечакана ўсміхнулася.
– А ведаеш, у адрозненні ад мяне, Ірума штосьці такое пра цябе ведала, - сказала яна.
– Вось нават як? – Холін таксама ўсміхнуўся ў адказ. – І што?
– Таму яна і дала мне вось гэта!
У руцэ Марганы немаведама адкуль з’явілася раптам невялікі чорны прадмет, па форме вельмі падобны на пісталет
– Паралізатар? – здагадаўся Холін.
– Паралізатар! – падцвердзіла Маргана, націскаючы на курок. – Я не магла тады зразумець, навошта ён мне…
– А цяпер ты гэта зразумела? – прашаптаў Холін, з цяжкасцю варушачы вуснамі. Ногі ягоныя самі сабой падкасіліся, ён ужо нават не адчуваў іх … дакладней, амаль не адчуваў…
– Цяпер я гэта зразумела!
Маргана падыйшла да Холіна, падхапіла яго за плечы, адцягнула крыху далей ад сейфа, уладкаваўшы каля сцяны ў нейкім паўсядзячым-паўляжачым становішчы. Жонка Холіна, адразу ж падыйшоўшы да сейфа, занялася ім.
– Нічога! – нечакана мякка прамовіла Маргана, звяртаючыся зноў да Холіна. – Гэта пройдзе!
– Я ведаю!
Словы даваліся Холіну цяжка, ён нібыта выплёўваў іх з роту, павольна, па адным. Маргана магла пацэліць крыху вышэй – нечакана падумалася яму – але яна стрэліла мне менавіта ў ногі. Чаму?
– Я проста хачу яшчэ крыху пагаварыць з табой, - нібыта прачытаўшы думкі Холіна, прагаварыла Маргана.
– І былая твая жонка… яна ж таксама захоча сказаць табе што-небудзь на развітанне. Хіба не так?
Жонка Холіна нічога на гэта не адказала. Яна паспела ўжо расчыніць сейф і цяпер стаяла побач з ім з баваўнянай сумкай у руцэ. Стаяла і глядзела на Холіна. І Маргана таксама глядзела на яго зараз… уважліва глядзела…
– Ну што ж, - павольна прагаварыў Холін, з цяжкасцю варочаючы ў роце такі непаслухмяны зараз язык. – Цікава будзе паглядзець, як вы збіраецеся зараз непрыкметна выбрацца з кватэры…
– Паглядзі, паглядзі! – згадзілася Маргана. – Нам гэта ўжо не пашкодзіць, а табе… - яна змоўкла на імгненне, паціснула плячамі і дадала: - Што ж, ты, напэўна, заслужыў права такое ўбачыць! Першым, сярод усіх жыхароў гэтай планеты, калі не лічыць вось яе…
Яна паказала на жонку Холіна, потым павольна ўзняла рукі, у якіх былі заціснуты артэфакт: адзін – ранейшы, другі – з сейфа Холіна, той, якога і не хапала на стале… яшчэ імгненнеі Маргана правяла менавіта гэтым артэфактам па паветры: спачатку злева направа, потым зверху ўніз…
– Глядзі! Толькі ўважліва глядзі! Бачыш?
Прма на вачах ўсё яшчэ нічога не разумеючыга Холіна ў паветры ўзнікала штосьці… дзіўнае, незразумелае штосьці… Яно, гэтае “штосьці”, усё павялічвалася і павялічвалася ў памерах, і нарэшце Холін зразумеў, што перад ім… нейкае своеасаблівае акно. Праўда, з такім жа поспехам гэтае акно можна было назваць і дзвярыма…
Немаведама адкуль, немаведама як… але прама ў паветры размяшчалася зараз вялікая адтуліна, у якую можна было кудысьці пралезці…