Гандлярка і паэт
Шрифт:
Часцей прыносіла паэзію, ведаючы, як ён любіць вершы. I, здаецца, сама палюбіла іх. Часта ўвечары прасіла, каб ён прачытаў Блока, Лермантава, Купалу, Багдановіча. I газы не шкадавала. Дарэчы, Багдановіча прынесла Лена, і Вольгу зноў раўніва кранула, бадай узлавала, што невялічкая кніжачка ўзрадавала Алеся больш, чым некаторыя вялікія, у прыгожых вокладках, якія прыносіла яна, узрадавала гэтак жа, як некалі ўзрадаваў Блок. З кніжак, якія купіла яна, Вольга, ён так радаваўся хіба Лермантаву. Вольга помніла са школы «Смерць паэта», асобныя радкі. Прачытала іх:
Погиб Поэт! — невольник чести — Пал, оклеветанный молвой, С свинцом в груди и жаждой мести, Поникнув гордой головой!..Алесь ажно праслязіўся. I ёй было радасна ад яго слёз. Пасля Алесь колькі разоў употай назіраў раніцамі, як Вольга брала кніжкі паэзіі і, не прычзсаная яшчэ, босая, без кофтачкі, чытала вершы, як малітву, — варушыла губамі, потым загортвала кніжку і, узняўшы галаву, шаптала радкі, калі не помніла, заглядвала ў кніжку. А пасля, удзень ці ўвечары, завіхаючыся на кухні, ціха, на свой матыў, спявала асобныя радкі:
У родным краі ёсць крыніца Жывой вады, Там толькі я змагу пазбыцца Сваёй нуды.Ці, укладваючы малую, спявала на матыў калыханкі, але, безумоўна, не для дачкі — для таго, каб зрабіць яму прыемна, помніла, якія вершы ён чытаў на памяць:
В небесах торжественно и чудно! Спит земля в сиянье голубом… Что же мне так больно и так трудно? Жду ль чего? Жалею ли о чем?«Зорку Венеру» Вольга спявала ў школьным хоры. Не ведала, аднак, не помніла, што словы напісаў Багдановіч, пра няшчасны лёс якога Алесь доўга і цікава расказваў. Між іншым, толькі такі ўступ прымусіў яе слухаць вершы з кнігі, якую прынесла Лена і якой Алесь узрадаваўся больш, чым яе кнігам. Калі ён дачытаў да «Зоркі…», Вольга быццам сустрэлася з добрай школьнай сяброўкай і тут жа праспявала гэтую песню. Расчуліла хлопца. Здаецца, менавіта тады ён сказаў:
— Вучыцца табе трэба, Вольга. — Быў адзін прыемны вынік таго вечара і яе прызнання: цяпер ён заўсёды казаў ёй «ты», і гэта пэўным чынам збліжала іх пры ўсёй стрыманасці і ўзаемнай ніякаватасці.
— Калі вучыцца? Цяпер!
— Не цяпер, вядома. Пасля вайны. Чаму ты не вучылася да вайны?
Вольга пасуровела, нават узлавалася.
— Лёгка табе гаварыць, у цябе маці настаўніца. А ў мяне — гандлярка камароўская. А пасля вайны… Божа мой, ты і праўда як незямны, як анёл. Няўжо не ведаеш, што будзе пасля вайны?
— А што будзе?
— Голад будзе. Галеча. Не да вучобы тады будзе. Асабліва такім, як я…
— Мы пераможам — не будзе голаду, не будзе галечы!
— Пераможам… Калі тое будзе! Немцы пад Масквой. Вунь крычаць з рэпрадуктараў на ўсіх рынках. што заўтра Маскву возьмуць…
— Усё адно мы пераможам! — шчокі ў хлопца заружавеліся, вочы заблішчалі, голас задрыжаў. — Ты не верыш у перамогу?
Вольга ведала, як пакутліва ён перажывае такія размовы. Паліцаі неяк былі, пілі ў зале, крычалі, што хутка Гітлер зробіць Сталіну капут, дык пасля іх яго, нябогу, усю ноч паліла, ён ажно трызніў, яна, Вольга, спалохалася, што ён зноў цяжка захварэў.
— Веру. Веру.
Увогуле, яна пачала стрымлівацца ад слоў, якія б маглі яго пакрыўдзіць, абразіць, і ўсё яшчэ адчувала сваю віну за тое, што крыкнула яму так: «Зараза!»
Запэўніванню, што яна верыць у перамогу, Алесь не надта паверыў, пачаў горача даводзіць, што без веры нельга жыць, што каб ён страціў веру, то не жыў бы ніводнага дня, не чапляўся б за жыццё, бо які сэнс у ім, калі брудны салдацкі бот фашыста растопча, спаганіць усё дарагое, дзеля чаго варта жыць.
Вольгу ўсё яшчэ палохалі такія яго словы, уласна кажучы, не столькі самі словы, колькі тое, як ён іх гаворыць, з якім запалам. Але цяпер яна не запярэчыла. Нават не адважылася папрасіць, каб нікому іншаму пра гэта ён не гаварыў. Моц яго духу скарыла яе. Вольга адчувала, што ўлада, якую яна мела над ім, хворым, канчаецца, адбываецца нешта такое, што можа прывесці да таго, што ўладаром — не, не маёмасці, не, гэтага яна не баялася — думак, пачуццяў яе зробіцца ён, гэтага яна баялася, аднак — дзіўна — усё слабей супраціўлялася. Вершы заваражылі, закалыхалі, ці што? Недарэмна яна падумала, што тая першая, прынесеная Ленай Бароўскай кніга ў самаробнай вокладцы — магія.
Часам яна прыбягала з рынку, задаволеная ўдалай купляй-продажам, поўная маладой энергіі, здароўя, бачыла парадак у доме — стаўшы на ногі, Алесь зрабіўся нядрэннай гаспадыняй, ва ўсякім разе, за малой глядзеў лепш, чым цётка Марыля, — і ў яе з’яўлялася жаданне зрабіць яму прыемнае. Калі Светка была цяплей адзета, хапала яе, кружылася з ёй, прытанцоўвала, спявала:
Я — калгасніца маладая…Спачатку Алесь насцярожыўся: ці не здзекуецца яна з радасці таго жыцця, якое дало натхненне вялікаму песняру, а яму, маладому паэту і воіну, дало сілы не сагнуцца пад навальнічным ветрам ваеннай нягоды? Але Вольга паўтарыла песню раз, другі… без іроніі, шчыра, з яўным намерам парадаваць яго. I ён сапраўды парадаваўся ад таго, што ў яе з’явіліся жаданне і смеласць спяваць гэтую песню. Урэшце, пераканаць, пераламаць самую сябе — гэта таксама не мала, баец пачынаецца з песні, ад таго, што ён спявае, залежыць яго баявы дух. Так гаварыў рэдактар іх армейскай газеты стары батальённы камісар Гаўрон. Ён застрэліўся, каб не трапіць у палон, калі немцы акружылі рэдакцыю. Алесь бачыў яго смерць і лічыў яе праяўленнем высокай мужнасці, якой не хапіла ў яго, ад чаго ён душэўна пакутаваў і ў лагеры, і тут, у Вольгі, калі ляжаў хворы. Цяпер так не балела, бо ён пачаў думаць інакш: каму была б карысць, каб ён згніў у зямлі? Немцам. А так ён можа яшчэ паваяваць. Нават калі заб’е толькі аднаго фашыста, то і дзеля гэтага варта было перанесці ўсе пакуты, жыць да апошняга ўздыху.
Але ён жыў зусім іншым жыццём, чым Вольга. Ператвораны ў няньку, ён рыхтаваў сябе да іншага — да выканання прысягі, якую прыняў год назад. Гартаваў сваю перакананасць, свой высокі ідэал, гартаваў так, каб нішто не магло парушыць іх, і сваю волю, каб не адступіць перад любой пагрозай, не пахіснуцца перад смерцю, пад дуламі варожых аўтаматаў, перад шыбеніцай. Для такой загартоўкі выкарыстоўваў усё: паэзію ў першую чаргу, свае ўспаміны, мары, думкі пра маці і нават клопат пра дзіця, бацька якога ў Чырвонай Арміі, сваю любоў да малой; яна, любоў да дзіцяці, неяк матэрыялізавала яго агульную любоў да жыцця, да людзей і нагадвала пра сэнс барацьбы і пра сэнс ахвяравання ў гэтай барацьбе. Адно хіба не памагала ў гэтай душэўнай падрыхтоўцы — супярэчлівасць адносін і пачуццяў да Вольгі. Разумеў, што ў яго не хопіць ні часу, ні ўмення перавыхаваць яе, зрабіць інакшай, адвадзіць ад гандлю, накаплення багацця. Прыватніцтва, сквапнасць — самыя трывалыя перажыткі. Неяк Вольга ў хвіліну шчырасці прагаварылася, што марыць адчыніць сваю крамку — немцы ахвотна даюць дазвол. Як ёй давесці, што за такія дзеянні ёй прыйдзецца адказваць перад савецкім законам? У кожнага спытаюць: што ты рабіў у вайну? Каму памагаў? Каго карміў ці адзяваў — сваіх ці ворага?
У бяссонныя ночы абдумваў дзесяткі… сотні розных варыянтаў свайго ўступлення ў строй змагароў. Спачатку часцей пераходзіў лінію фронту, потым, пасля размовы з Ленай, ішоў у партызаны, дзейнічаў тут, у Мінску. Часам надта ўжо ўзносіўся ўгору, уяўляў сябе вялікім, няўлоўным героем, але тут жа спускаўся на зямлю, бязлітасна высмейваючы марную фантазію. Хіба ваеннае жыццё не даказала яму, што зрабіцца героем у такой вайне вельмі не проста? Ды ўвогуле не пра гераізм і славу трэба думаць — пра сумленнае выкананне свайго воінскага абавязку.
Хоць нічога пэўнага Лена Бароўская яшчэ не сказала, але больш рэальныя думкі аб уступленні ў барацьбу звязваліся з ёй, бо яна расказала пра партызан у навакольных лясах і пра людзей, што арганізуюцца ў Мінску.
Вользіна прызнанне ў каханні і паведамленне, што яна мае радыёпрыёмнік і пісталет, пачало зноў настройваць яго разгарачаную, няўрымслівую фантазію на высокую хвалю. Часам Вольга вырастала ў таямнічую асобу, напрыклад, у пакінутую нашымі разведчыцу высокага класа. Але, разважыўшы, прыходзіў да высновы, што лухту ён думае: не тым жыццём жылі Ляновічы да вайны, каб маладая жанчына з дзіцем, якую ўсе тут ведаюць, магла ўзяцца выконваць такое даручэнне. I не тыя погляды трэба мець, як у яе. I не такой баязліўкай трэба быць. Неяк увечары, калі ўклалі разам Свету, якая разгулялася і доўга капрызнічала, і засталіся ўдваіх, адчуваючы няёмкасць, якой не было да Вользінага прызнання, Алесь спытаў шэптам:
— Ён спраўны?
— Хто?
— Прыёмнік.
— Відаць, спраўны.
— Давай паслухаем Маскву.
У яе зрабіліся круглыя — па яблыку — вочы.
— Ты што, дурань, на шыбеніцу захацеў?
Во якая «разведчыца»!
Пра пісталет не адважыўся спытаць — дзе схаваны, хоць пісталет, як нішто іншае, пазбавіў сну. Думаў пра яго ўдзень і ўначы. Бачыў яго, адчуваў халадок рукаяткі, ласкава гладзіў варанёнае дула. Калі заставаўся адзін з малой, шукаць не адважваўся: лічыў ганебным па-зладзейску абшукваць чужы дом; самае большае — мог заглянуць у шафу ці адчыніць шуфляды камода і сталоў. Нават у пограб, калі не было Вольгі, ні разу не спусціўся. Але хадзіў па доме, спыняўся ў кутках, дзе можна хітра схаваць невялікую рэч, часцей, чым трэба, наступаў на маснічыну, якая рыпела, напэўна, адрывалася. Нейкім невядомым звышчуццём адчуваў блізкасць зброі, і гэта хвалявала. Ведаў, як нечакана проста, недалёка, але хітра ўмеюць хаваць рэчы жанчыны, мужчыны звычайна хаваюць далей, але схованкі іх знаходзяць лягчэй. Вольга схавала недалёка, яна сама сказала пра гэта, калі прызналася, як перадрыжала, пакуль гітлераўцы шукалі золата. Значыцца, пісталет недзе тут, у доме, не дрыжала б, каб закапала недзе ў садзе ці ў хляве.