Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гандлярка і паэт

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Такое ён сапраўды, відаць, не прыдумаў бы, нават не сабе — свайму герою будучай паэмы, якую марыў напісаць пасля вайны, калі застанецца жывы. Пра сябе, праўда, зрэдку думаў з трывогай: ці не хоча практычная гандлярка прысвоіць яго, як уласнасць? Гэта трошкі хвалявала — усё-такі жанчына яна прывабная, і дзіця ён палюбіў. Але з перспектывы такой ён смяяўся, упэўнены цвёрда, што перад любой падобнай спакусай выстаіць, хопіць у яго сілы і характару, бо не пра гэта цяпер думаць трэба.

Нечаканыя пацалункі Вользіны і прызнанне ў каханні пасяя ўсяго, што здарылася, пасля жорсткіх слоў яе, збянтэжылі Алеся, як сямікласніка, ён не мог вымавіць слова, не ведаў, што сказаць, як быць у такой сітуацыі. Як праявіць сілу і характар, каб не пакрыўдзіць, не абразіць жанчыну? Сказаць, што не кахае яе і ніколі не пакахае? Але ці шчыра гэта? Ці не зманіць ён ёй і самому сабе? Што цяпер не да кахання? Не зразумее. Ды і сам ён упэўнены, што нават вайна не можа заглушыць лепшыя чалавечыя пачуцці, самыя высокія і прыгожыя. Аднак жа і растаць ён не можа — не мае права! — ад жаночых пацалункаў. Трэба заставацца мужчынам!

— Вольга Міхайлаўна! Калі ласка, не трэба. Прашу вас… Недарэчна гэта ўсё. Не, я дзякую, канечне, вам. Але лепш зоймемся справай — навядзём парадак у доме…

Мабыць, ёй таксама зрабілася сорамна за свой нечаканы парыў. Адступіла ад яго. Не глядзела ў вочы. Цяжка ўздыхнула. Села на разрэзаны матрац канапы, хутаючыся ў паліто, быццам ёй зрабілася холадна. А ён стаяў насупраць і ўпершыню разглядаў яе вельмі пільна, раней так не адважваўся — баяўся, каб яна не падумала чаго нядобрага. Хацелася нарэшце зразумець гэтую жанчыну, загадкавую з таго моманту, калі позіркі іх сустрэліся праз калючы лагерны дрот, надзіва супярэчлівую, такой супярэчлівасці ў чалавечым характары ён не сустракаў за свае дваццаць гадоў, а гэта ўзрост, калі чалавеку здаецца, што ён спазнаў усе таямніцы свету. Што ж яна такое? Хто яна, Гандлярка? Мяшчанка? Ці Чалавек і Маці? Яму, узнёсламу рамантыку, два словы гэтыя хацелася заўсёды пісаць з вялікай літары. I вымаўляць іх гэтак жа высока.

Безумоўна, гледзячы на яе, Алесь ніводнай загадкі не адгадаў, толькі з новым, незнаёмым хваляваннем падумаў, што Вольга сапраўды-такі прыгожая (гэта ён заўважаў і раней, але не так пэўна і не ў такім спалучэнні думак і перажыванняў) і што ў такую жанчыну можна закахацца. Але тут жа нагадаў сабе, што такая раскоша і такая легкадумнасць яму не дазволены, бо так можна апынуцца ў абывацельскім балоце, а трэба ваяваць, помсціць ворагу, у яго адзін лёс — згарэць у барацьбе, іншага быць не можа.

Вольга, якая сядзела панурыўшыся, паглядзела ў шафу і засмяялася: убачыла сябе ў люстры.

— Паглядзі, якая я! Як агароднае пужала. Не помню, калі надзела гэтае паліто. I каўнер паставіла… I ў такім выглядзе прызнаюся…

Асеклася — не сказала, у чым прызнаецца. Але тут жа збянтэжыла Алеся іншым. Раптам падхапілася, скінула паліто, праўда, стоячы да яго спіной, і тут жа нацягнула лепшую зялёную сукенку, з тых, што падняла раней і паклала на стол.

Алесь не глядзеў на яе, пакуль яна пераадзявалася. Калі глянуў, то Вольга стаяла ўжо ў сукенцы і ў чаравіках на высокіх абцасах; падняўшы рукі, закручвала ў вузел косы. Быццам дагэтуль нічога не здарылася і яна збіралася ў госці. Гэтае яе пераадзяванне і ўвогуле нейкае дзіўнае пераўтварэнне, што адбілася на твары, у руках, яшчэ больш спалохала нябогу.

— Думаеш, мне шкада дабра, таму я плакала? Не такая я дурная, як думалі яны і думаеш ты. Усё лепшае я закапала так, што ці знайду сама пасля. I серабро, і золата. I лепшыя футры. Во ім, гадам, — яна склала дулю і паказала ў акно. — Усяго не стала хаваць, бо не паверылі б. Суседзі, як сабакі, усё жыццё вынюхвалі, што Ляновічы купляюць. I ёсць такія, што поўны спіс немцам, відаць, перадалі. Таму ўсяго і не схавала. Трэба ж нечым адкупіцца. Няхай яны падавяцца старымі футрамі, крыхаборы няшчасныя! А яшчэ крычаць — культурныя немцы! Зладзеі! Грабіцелі! — але сказала яна без той злосці, якую хацелася пачуць Алесю, а вось так, мнагаслоўна, па-базарнаму, але без нянавісці, якая кіпела ў ім, яна лаяла фашыстаў і раней, паліцаяў амаль гэтак жа лаяла пры іх — што яны п’янюгі, скуралупы, бабнікі, і тыя толькі смяяліся, нязлосна пагражалі пасадзіць яе ў турму за абразу ўлады, але, маўляў, не робяць гэтага толькі таму, што шкадуюць дзіця. Таму Алесь змаўчаў на яе словы.

Маўчанне яго закранула Вольгу.

— Што ты стаіш, як святы Макар? Ходзь, пасядзім разам. паплачам ці пасмяёмся, як нам захочацца, — яна зноў села на канапу і, убачыўшы яго нерашучасць, засмяялася. — Ходзь сюды. Сядай. Не бойся. Не ўкушу.

Не прыняць яе запрашэнне было б недарэчна, і Алесь рашуча сеў побач.

Тады яна загаварыла зусім інакш — без гуллівасці, сур’ёзна, даверліва, панізіўшы голас да шэпту:

— Я ад страху плакала. Каб ты ведаў, як я перадрыжала. Душа ўвесь час, пакуль яны шукалі, не тут была, а тут, — яна дакранулася да абцаса чаравіка. — Пакуль я зразумела, што гэта не тыя, не з гестапа. Гэтыя — з лагера, ад таго тоўстага кныра, што ўзяў золата за цябе, ён адрас мой запісаў… Бач, на гарэлку як накінуліся, зладзюганы. Каб яны напрактыкаваныя былі на вобысках, то, ведаеш, што маглі б знайсці? Усім бы нам труба! — Вольга нахілілася і дыхнула Алесю ў вуха: — Радыёпрыёмнік… I пісталет.

— У цябе ёсць пісталет? Дзе ты ўзяла?

— Цішэй ты! Зняла з забітага ў пачатку вайны.

Ні тады, калі Вольга выкупіла яго з лагера і яны беглі па полі, каб хутчэй уцячы ад жудаснага месца, ні на кастрычніцкае свята, калі яна прапанавала ўрачысты абед, ні тады, калі Лена Бароўская ўпотай паведаміла, што ў горадзе ёсць камуністы і камсамольцы, якія арганізоўваюцца на барацьбу, ні колькі хвілін назад, калі Вольга так раптоўна прызналася, што кахае яго і нікому не аддасць, — ніколі сэрца яго не білася так моцна, так усхвалявана, трывожна і радасна, як ад звесткі, што ў доме ёсць пісталет.

V

Пасля вобыску Вольга пажвавела, асталела, зніклі начныя страхі — і гандлявала яшчэ з большай актыўнасцю. Толькі пачала гандляваць інакш. Назіраючы жыццё і рынак, яна ўжо даўно пачала думаць, куды ўсё хіліцца, што ў будучым, зімой і вясной, набудзе асаблівую цану — харчы, хлеб, бульба, буракі, не кажучы ўжо пра сала. Розум у яе быў камерцыйны, кан’юнктуру рынку, як кажуць эканамісты, яна не толькі добра ведала, але умела рабіць прагноз. Магчыма, што начны налёт фашыстаў, іх пошукі золата, радасць ад знойдзенай гарэлкі і кансерваў з’явіліся штуршком для перагляду ўласнай гандлёвай палітыкі. Пэўнае значэнне мела і размова з Алесем, яе прызнанне, яно ўмацавала надзею на новае жаночае шчасце. Адным словам, выносіць прадукты на рынак пачала рэдка — абы напомніць пра сябе, «адвесці душу» з ранейшымі сяброўкамі, павыскаляцца перад паліцаямі. Цяпер яна часцей заглядвала на барахолку. Прадавала і купляла сама. Купляла рэчы, невялікія, каштоўныя — сярэбраныя, залатыя, якія лёгка можна было схаваць. I прадукты яна цяпер часцей купляла, чым прадавала. Але не на рынку. Па прадукты хадзіла ў недалёкія вёскі; там у сялян выменьвала на кофтачкі, сарочкі, спадніцы і соль вяндліну, сыры, сала, крупы, абадраныя ў ступах.

Такая шырокая гандлёвая дзейнасць Вользе падабалася. Было ў ёй больш разнастайнасці, азарту, выдумкі, добра трэба было варушыць мазгамі — як, дзе, што найбольш выгадна купіць, прадаць, перапрадаць, схаваць. Падабалася барахолка, якую некалі маці не прызнавала, лічыла, што там таўкуцца толькі дзве чалавечыя пароды — махляры і дурні. Цяпер, пры немцах, нястача, голад вымушалі з’яўляцца туды ўсіх, хто раней не ведаў, дзе знаходзіцца гэтая «абіралаўка». На такім рынку неяк губляешся сярод людзей. Нават з паліцаямі радзей сутыкаешся і радзей плаціш «калым». Бобікі дадому перасталі заглядваць, калі яна знікла са свайго звыклага месца ў харчовым радзе на Камароўцы. На «таўчку» людзі смялей гавораць, больш можна пачуць пра гарадскія навіны, пра нямецкія загады і нават пра сваіх — як яны там ваююць, дзе.

I ў вёскі цікава хадзіць, пагаварыць з сялянамі, хоць тут небяспека большая і паборы большыя: на кантрольных пастах — нямецкія салдаты, з імі бывае нялёгка дамовіцца. Аднойчы Вольга прапанавала ім кавалак сала, а яны забралі ўсю яе торбу І самую груба піхнулі, нахабнікі. Але ў гэтай небяспецы было штосьці новае, прыцягальнае, Вольга як бы брала ўдзел у нечым большым, чым звычайная мена, быццам рабіла нейкі маленькі подзвіг. Ва ўсякім разе, калі пра свае поспехі на барахолцы расказвала Алесю вельмі скупа — дзесятак слоў між іншым: ведала, што яму не падабаецца яе занятак, — то пра паходы ў вёскі расказвала падрабязна, ахвотна.

Аб тым, што яна сказала ў той вечар, пасля вобыску, яны нічым не нагадвалі адно аднаму. Яна, Вольга, больш выяўляла жаночай сарамлівасці, чым раней. Але зрабілася яшчэ больш уважлівай да яго патрэб, асабліва да душэўных. Прыносіла кнігі. Купляла іх, не шкадуючы грошы. Аднойчы прынесла Аляксея Талстога — «Блуканне па пакутах». Алесь здзівіўся і спалохаўся, калі яна сказала, што купіла кнігу. Хто яе мог прадаваць? Чалавек, які не разумеў, што гэта за кніга? Ці патрыёт, што рабіў выклік ворагу? А раптам правакатар, каб асачыць таго, хто купіў кнігу?

Поделиться с друзьями: