Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гары Потэр і Філасофскі Камень

Дж. К. Роўлінг

Шрифт:

Гары думаў, пасля, што ўсё было занадта добра і проста не магло працягвацца доўга.

Пасля абеду яны адправіліся ў тэрарыўм. Там было цёмна, прахалодна, і ўздоўж сценаў цягнуліся шэрагі асветленых вітрын. За шклом, між камення і бярвення, поўзалі і выгіналіся разнастайныя змеі і яшчаркі. Дадлі з Пірсам імкнуліся ўбачыць вялізных атрутных кобр і тоўстых пітонаў, здольных задушыць чалавека. Дадлі хутка адшукаў самую вялікую змяю. Яна магла б двойчы абвіцца вакол машыны дзядзькі Вернана і раздушыць яе - але ў гэты момант яна была не ў настроі.

Дадлі пастаяў, прыціснуўшы нос да шкла, гледзячы на бліскучыя карычневыя кольцы.

– Хай яна папоўзае, - заканючыў ён. Дзядзька Вернан пастукаў па шкле, але змяя не зварухнулася.

– Пастукай яшчэ, - загадаў Дадлі. Дзядзька Вернон моцна пастукаў па шкле кулаком. Змяя працягвала спаць.

– Неціка-а-ава, - праенчыў Дадлі. І, вяслуючы нагамі, пайшоў прочкі.

Гары падышоў да вітрыны і пільна паглядзеў на змяю. Ён не здзівіўся, калі б дазнаўся, што тая памерла - аніякай кампаніі, акрамя дурных людзей, якія цэлы дзень барабаняць па шкле, каб абудзіць яе. Гэта нашмат горш, чым спаць у каморы – яго будзіць адна толькі цётка Пятуння, і ён можа перасоўвацца па доме.

Раптам змяя расплюшчыла круглыя вочы. Павольна, вельмі павольна паднімала яна галаву, пакуль яе вочы не падняліся да ўзроўню вачэй Гары.

Яна падміргнула.

Спачатку Гары не мог адвесці вачэй. Потым хуценька агледзеўся наўкол, каб упэўніцца, што ніхто за ім не назірае. Тады ён павярнуўся да змяі і таксама падміргнуў ёй.

Змяя кіўнула галавой у бок дзядзькі Вернана і Дадлі, а пасля ўзвяла вочы да столі. Яна паглядзела на Гары поглядам, які казаў: "І так увесь час."

– Разумею, - прамармытаў Гары ў шкло, хоць і не быў упэўнены, што змяя пачуе яго, - жудасна надакучвае.

 Змяя павольна кіўнула.

– А ты наогул адкуль?
– пацікавіўся Гары.

Змяя пастукала хвастом па шыльдачцы, прымацаванай побач з клеткай. Гары прачытаў: "Баа-констрыктар, Бразілія".

– Там добра, у Бразіліі?

Баа-канстрыктар зноў пастукала па шыльдачцы, і Гары прачытаў далей: "Гэты экзэмпляр нарадзіўся ў заапарку".

– Вось як? Значыць, ты ніколі не была ў Бразіліі?

Змяя адмоўна затрэсла галавой, і адначасова за спіной у Гары раздаўся такі аглушальны крык, што абодва, і ён, і змяя, падскокнулі. "ДАДЛІ! МІСТЭР ДУРСЛІ! ІДЗІЦЕ СЮДЫ! ПАГЛЯДЗІЦЕ НА ГЭТУЮ ЗМЯЮ! ВЫ НЕ ПАВЕРЫЦЕ, ШТО ЯНА РОБІЦЬ!"

Дадлі падбег, перавальваючыся.

– Прэч з дарогі, ты, - крыкнуў ён, ткнуўшы Гары пад рэбры. Ад нечаканасці Гары зваліўся на бетонную падлогу. Далей усё адбылося настолькі хутка, што ніхто нават не зразумеў, што здарылася - толькі што Пірс з Дадлі стаялі, уткнуўшыся насамі ў шкло, а ў наступную секунду яны ўжо адскочылі ў бок лямантуючы ад жаху.

Гары сядзеў на падлозе, хапаючы ротам паветра; шкляная вітрына знікла. Вялізная змяя, імкліва разгортваючы кольцы, выпаўзала на падлогу. Па ўсім тэрарыўме людзі екаталі і несліся да выхаду.

У той момант, калі змяя хутка і бясшумна праслізнула паблізу Гары, ён пачуў - ён мог бы паклясціся, што пачуў - ціхі, свісцячы голас, які прамовіў-прашыпеў: "У Бразілію… дзякуй, аміга".

Загадчык тэрарыўма быў у шоку.

– Шкло, - паўтараў ён як заведзены.
– Куды падзелася шкло?

Дырэктар заапарка ўласнаручна заварыў для цёткі Пятунні моцнай салодкай гарбаты, у соты раз впросячы прабачэння. Дадлі і Пірс ледзь маглі казаць, у іх трэсліся вусны. Наколькі бачыў Гары, баа-канстрыктар усяго толькі гулліва стукнула іх хвастом па пятках, прапаўзаючы паблізу, але калі ўсе селі ў машыну, Дадлі ўжо захлёбваючыся распавядаў, як пітон ледзь не адкусіў яму нагу, а Пірс бажыўся, што яго ледзь не задушылі. Але самае горшае, прынамсі для Гары, пачалося тады, калі злёгку заспакайнелы Пірс запытаўся: "А Гары размаўляў з ім, праўда, Гары?".

Дзядзька Вернан дачакаўся, пакуль Пірса забралі, і адразу ж пачаткаў крычаць на Гары. Дзядзька быў так злы, што ледзь мог казаць. Ён здолеў толькі выдавіць з сябе: "Прэч - у камору - будзеш сядзець - без ежы", і ён паваліўся ў крэсла - цётцы Пятунні давялося прынесці вялікую шклянку брэндзі.

Шмат пазней Гары ляжаў у каморы, марачы аб гадзінніку. Ён не ведаў, колькі цяпер было часу і не мог быць упэўнены, што ўсе паснулі. Да гэтага ён не мог выйсці з каморы і прабрацца на кухню, каб хоць што-небудзь з'есці.

Ён жыў у Дурслі ужо амаль дзесяць гадоў, дзесяць нешчаслівых гадоў, з таго часу, як сябе памятаў, з таго часу, як яго бацькі загінулі ў аўтакатастрофе. Ён не памятаў, што таксама быў у той машыне. Часам, калі ён моцна напружваў памяць падчас доўгатэрміновых зняволенняў у каморы, да яго прыходзіў дзіўны ўспамін: асляпляльны пробліск зялёнага святла і пякельны боль у ілбе. Гэта, па ўсім, і быў успамін аб аварыі, хоць ён і не мог сабе ўявіць, што гэта быў за пробліск. Ён зусім не памятаў бацькоў. Дзядзька і цётка ніколі не казалі аб іх і, ужо вядома, яму было забаронена задаваць пытанні. Фатаграфій іх у доме таксама не было.

Калі Гары быў маленькі, ён усё марыў аб якіх-небудзь невядомых сваяках, якія прыедуць і забяруць яго, але такога не магло здарыцца; акрамя дзядзькі і цёткі, у яго нікога не было. І усё ж часам яму падавалася (або, можа быць, ён жадаў, каб так было), што незнаёмыя людзі на вуліцы пазнаюць яго. Вельмі, дарэчы, дзіўныя незнаёмыя людзі. Аднойчы, калі яны хадзілі па крамах з цёткай Пятунняй і Дадлі, яму пакланіўся малюсенькі чалавечак у фіялетавым цыліндры. Пасля лютых роспытаў, адкуль Гары ведае гэтага чалавека, цётка поцягам выцягнула дзяцей на вуліцу, так нічога і не набыўшы. Іншым разам, у аўтобусе, яму весела памахала рукой дзікага выгляду старая, уся ў зялёным. Не далей чым заўчора лысы мужчына ў вельмі доўгім пурпурным плашчы прывітаўся з ім за руку і, не сказаўшы ні слова, сышоў. Самае дзіўнае, што ўсе гэтыя людзі знікалі, як толькі Гары спрабаваў разгледзець іх лепей.

У школе ў Гары сяброў не было. Усё ведалі, што Дадлі з прыяцелямі трываць не могуць дурня Потэра з яго мехаватай вопраткай і пабітымі акулярамі, а ніхто не жадаў ісці супраць Дадлі і яго банды.

— РАЗДЗЕЛ III —

Лісты немаведама ад каго

Пабег бразільскага ўдава дорага каштаваў Гары. Калі яго выпусцілі з каморы, ужо пачаліся летнія вакацыі, і Дадлі паспеў зламаць новую відэакамеру, разбіць планёр і, ў першы ж дзень катання на гоначным веласіпедзе, збіць з ног старую місіс Фігг, якая цягнулася па Прайвет Драйв на мыліцах.

 Гары радаваўся, што школа ўжо скончылася, але цяпер ад Дадлі і яго прыяцеляў, якія прыходзілі кожны дзень, падзецца было няма куды. І Пірс, і Дэніс, і Малькольм, і Гордан былі здаровыя і тупыя як на падбор, але Дадлі быў самым здаровым і самым тупым, а таму ён з'яўляўся важаком. Сябры з задавальненнем складалі Дадлі кампанію ў занятках яго любімым спортам: гонкамі за Гары.

Гары імкнуўся праводзіць па магчымасці больш часу па-за межамі дома, ён блукаў па наваколлі і думаў аб пачатку новага навучальнага года, які нёс з сабою слабы праменьчык надзеі. Калі наступіць верасень, Гары пайдзе ўжо не ў пачатковую, а ў сярэднюю школу і да таго ж, у першы раз у сваім жыцці, без Дадлі. Дадлі залічылі ў прыватную школу пад назовам "Вонінгс", куды калісьці хадзіў дзядзька Вернан. Туды ж накіроўваўся і Пірс Полукіс. А Гары запісалі ў "Хай Камеронс", раённую агульнаадукацыйную школу. Дадлі лічыў, што гэта вельмі смешна.

Поделиться с друзьями: