Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гары Потэр і Філасофскі Камень

Дж. К. Роўлінг

Шрифт:

– У "Хай Камеронс" у першы дзень усіх засоўваюць галавой ва ўнітаз, - сказаў ён неяк Гары, - жадаеш пойдзем наверх патрэніруемся?

– Не, дзякуй, - адказаў Гары, - у наш бедны ўнітаз яшчэ не трапляла нічога горш за тваю галаву – яму будзе млосна, - і ўцёк раней, чым да Дадлі дайшоў сэнс сказанага.

Аднойчы ў ліпені цётка Пятуння разам з Дадлі адправілася ў Лондан купляць форму, якую насілі вучні "Вонінгса", а Гары застаўся ў місіс Фігг. У яе было не так жудасна, як раней. Як высветлілася, місіс Фігг зламала нагу, зачапіўшыся за адну са сваіх кошак, і гэта некалькі паменшыла яе захапленне жывёлінамі. Яна дазволіла Гары паглядзець тэлевізар і нават дала кавалачак шакалада – праўда, па смаку лёгка можна было зразумець, што плітка ляжала у місіс Фігг ужо некалькі гадоў.

У той жа вечар у гасцінай Дадлі дэманстраваў новую, з іголачкі, форму. У "Вонінгсе" хлопчыкі насілі барвовыя пінжакі, памаранчавыя брыджы і плоскія саламяныя шапкі пад назвай "канацье". Акрамя таго, ім належалі гузаватыя палкі, каб стукаць адзін аднаго, калі настаўнік за імі не назірае. Лічылася, што гэта дае карысныя для дарослага жыцця здольнасці.

Гледзячы на новыя брыджы сына, дзядзька Вернан надламаным голасам вымавіў, што гэта самы ўрачысты момант у яго жыцці. Цётка Пятуння расплакалася і скрозь слёзы сказала, што проста не можа паверыць, што бачыць перад сабою яе любага Мышку-Дадлі, ён такі прыгожы і сталы. Гары не адважыўся нічога сказаць. Ён і так баяўся, што зламаў пару рэбраў, стрымліваючы рогат.

* * *

Наступнай раніцай, калі Гары выйшаў да сняданку, у кухні стаяў агідны пах. Крыніцай смуроду аказалася вялікае цынкавае карыта, якое стаяла на ракавіне. Ён падышоў паглядзець. У шэрай вадзе плавала штосьці, падобнае на брудныя палавікі.

– Што гэта?
– спытаў ён у цёткі Пятунні. Вусны яе сціснуліся, як, зрэшты, і заўсёды, калі ён адважваўся задаваць пытанні.

– Твая новая школьная форма, - адказала яна.

Гары яшчэ раз паглядзеў у карыта.

– Ой, - сказаў ён, - я і не ведаў, што яна павінна быць такая мокрая.

– Не прыкідвайся ідыётам, - раззлавалася цётка Пятуння.
– Я перафарбоўваю для цябе старыя рэчы Дадлі ў шэры колер. Каб было як ва ўсіх.

Гары моцна сумняваўся, што ва ўсіх будзе менавіта так, але вырашыў не спрачацца. Ён сеў за стол і пастараўся не думаць аб тым, як будзе выглядаць першага верасня, калі пойдзе ў "Хай Камеронс" - пэўна, так, як быццам напяліў старую сланоўю скуру.

Увайшлі Дадлі з дзядзькай Вернанам і грэбліва зморшчылі насы з-за паху, які ішоў ад новай школьнай формы Гары. Дзядзька Вернан, як заўсёды, разгарнуў газету, а Дадлі стаў барабаніць па стале Вонінгсавай палкай, якую зараз паўсюль цягаў за сабою.

Ад уваходных дзвярэй даняслася пстрычка, што азначала, што паштальён адкрыў паштовую шчыліну, і, праз секунду, гук ад некалькіх лістоў, што ўпалі на падлогу.

– Прынясі пошту, Дадлі, - загадаў дзядзька Вернон з-за газеты.

– Хай Гары прынясе.

– Прынясі пошту, Гары.

– Хай Дадлі прынясе.

– Ткні яго палкай, Дадлі.

Гары ўвярнуўся ад палкі і пайшоў за поштай. На падлозе ляжалі тры прадметы: паштоўка ад Мардж, сястры дзядзькі Вернана, якая адпачывала на выспе Уайт, карычневы канверт, хутчэй за ўсё, з рахункамі, і - ліст для Гары.

Гары ўзяў ліст у рукі і не мог адарваць ад яго вачэй; сэрца хлопчыка, як мячык на гумцы, скакала ў грудзі. Ніхто, ніколі, за ўсё ягонае жыццё не пісаў яму лістоў. Ды і хто б стаў яму пісаць? У яго не было ні сяброў, ні сваякоў - і ён не быў запісаны ў бібліятэку, так што не атрымоўваў нават няветлівых апавяшчэнняў з патрабаваннямі вярнуць пратэрмінаваныя кнігі. І усё ж, вось ён - ліст, з адрасам, які даказваў, што ніякай памылкі няма:

Графства Суррэй

Горад Літтл Уінгінг,

Прайвет Драйв, дом №4,

Каморка пад лесвіцай,

М-ру Г. Потэру

Канверт быў тоўсты і цяжкі, з жаўтлявага пергамента, а адрас быў напісаны ізумрудна-зялёнымі чарніламі. Марка адсутнічала.

Павярнуўшы канверт зваротным бокам, Гары ўбачыў пурпурны сургучны друк з гербам: леў, арол, барсук і змяя, што атачалі вялікую літару "Х".

– Ну дзе ты там?
– раздаўся голас дзядзькі Вернана.
– Што, правяраеш, ці няма бомб?
– ён засмяяўся ўласнаму жарту.

Гары вярнуўся на кухню, не перастаючы разглядаць ліст. Ён працягнуў дзядзьку Вернону паштоўку і рахункі, а сам сёў і пачаў павольна ўскрываць жоўты канверт.

Дзядзька Вернон хутка прагледзеў рахункі, раздражнёна чмыхнуў і стаў чытаць паштоўку.

– Мардж захварэла, - паведаміў ён цётцы Пятунні, - з'ела нейкую…

– Тата!
– раптам закрычаў Дадлі.
– Тат, глядзі, што гэта ў Гары?

Гары амаль ужо разгарнуў ліст, напісаны на такім жа цвёрдым пергаменце, з якога быў зроблены канверт, але тут дзядзька Вернан груба выдраў ліст у яго з рук.

– Гэта маё!
– закрычаў Гары, спрабуючы вярнуць ліст.

– Хто гэта стане табе пісаць?
– здзекліва кінуў дзядзька Вернан, трымаючы ліст адной рукой і падтрасаючы яго, каб яно разгарнулася. Ён зірнуў на тэкст, і колер яго твару змяніўся з чырвонага на зялёны хутчэй, чым змяняецца святло ў светлафора. Але на зялёным справа не скончылася. Літаральна праз секунду твар дзядзькі Вернана набыў шараватае адценне засохлай аўсянай кашы.

– П-п-Пятуння!
– задыхаючыся, прашаптаў ён.

Дадлі паспрабаваў выхапіць і прачытаць ліст, але дзядзька Вернон трымаў яго высока, так, што Дадлі не мог дацягнуцца. Цётка Пятуння з цікаўнасцю ўзяла пергамент у дзядзькі з рук і прачытала першы радок. З хвіліну яна стаяла калыхаючыся, быццам вось-вось страціць прытомнасць. Потым схапілася за горла і выдала прыдушаны хрып.

– Вернан! Божа міласэрны! Вернан!

Яны глядзелі адно на аднаго, нібы забыліся на тое, што Дадлі і Гары ўсё яшчэ знаходзяцца ў кухні. Дадлі не быў звыклы да таго, каб яго ігнаравалі. Ён з усіх сіл трэснуў бацьку палкай па галаве.

– Дай мне прачытаць ліст!
заявіў ён гучна.

– Гэта мне дайце прачытаць ліст, - гнеўна перапыніў яго Гары, - ён мой!

– Прэч адсюль, абодва!
– прахрыпеў дзядзька Вернан, запіхваючы ліст назад у канверт.

Гары не адступаў.

– АДДАЙЦЕ МНЕ ЛІСТ!
– закрычаў ён.

– Аддайце мне ліст!
– запатрабаваў Дадлі.

– ПРЭЧ!
– праараў дзядзька Вернон і за шкірку вышпурнуў абодвух хлапчукоў у залу, зачыніўшы кухонныя дзверы ў іх перад носам. Гары і Дадлі тут жа дзелавіта і бязгучна пабіліся за месца ў замочнай адтуліны. Дадлі перамог, таму Гары, у акулярах, якія боўталіся на адным носе, лёг на жывот і стаў падслухоўваць пад дзвярыма.

– Вернан, - казала цётка Пятуння дрыготкім голасам, - паглядзі на адрас - адкуль яны маглі даведацца, дзе ён спіць? Ты ж не думаеш, што за намі сочаць?

– Сочаць - шпіёняць - можа быць, нават падглядваюць, - дзіка мармытаў дзядзька Вернан.

– Што жа нам рабіць, Вернан? Напісаць ім? Сказаць, што мы не жадаем…

Гары бачыў, як зіхатлівыя чорныя туфлі дзядзькі Вернана крочаць узад-наперад па кухні.

– Не, - нарэшце вырашыў дзядзька Вернан, - мы не будзем звяртаць на гэта ўвагі. Калі яны не атрымаюць адказу… Так, так будзе лепш за ўсё… мы нічога не будзем рабіць…

Поделиться с друзьями: