ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

На зямлi пад брызентавым навесам лянiва заварушылiся, скiнулi з сябе байкавыя i ватовыя коўдры, сонныя вочы жмурылiся на святло. Мацi нацягнула сукенку на кашулю, у якой спала.

– Кавы няма, - гаварыла яна.
– Ёсць некалькi блiноў. Iх можна з'есцi ў дарозе. Ну, падымайцеся, будзем грузiцца на машыну. Давайце, давайце! Толькi цiшэй, а то суседзяў пабудзiм.

Прайшло яшчэ некалькi хвiлiн, перш чым Джоўды канчаткова стрэслi з сябе сон.

– Нiкуды не бегаць!
– папярэдзiла мацi Ўiнфiлда i Руцi. Усе апранулiся. Мужчыны знялi брызент з распоркi i пачалi грузiць рэчы на машыну.
– Раўней кладзiце, каб было зручна, - сказала мацi. Яны паклалi зверху матрацы i перакiнулi брызент цераз папярочную жэрдку.

– Ну вось, ма, - сказаў Том.
– Можна ехаць.

У мацi ў руцэ была талерка з халоднымi блiнамi.

– Добра. Бярыце па адным. Больш у нас нiчога няма.

Руцi i Ўiнфiлд схапiлi па блiну i залезлi на паклажу. Там яны ўкрылiся коўдрай i заснулi, не выпускаючы з рук халодных зачарсцвелых блiноў. Том сеў за руль, нацiснуў на стартэр. Ён хрыпла загуў i праз момант сцiх.

– Каб цябе чорт, Эл!
– вылаяўся Том.
– У цябе ж акумулятар сеў.

Эл прыйшоў у лютасць:

– А як яго, халеру, перазарадзiш, калi бензiну ў абрэз?

Том крыва ўсмiхнуўся:

– Ну не ведаю, але гэта твая вiна. Цяпер давядзецца заводзiць уручную.

– Кажу ж табе, не мая.

Том вылез з кабiны i дастаў з-пад сядзення завадную ручку.

– Выходзiць, мая, - сказаў ён.

– Давай сюды.
– Эл схапiў завадную ручку.
– Пастаў на позняе, а то руку мне адарве.

– Добра. Ну, задай жару.

Эл круцiў з усяе сiлы - адзiн абарот, другi, яшчэ i яшчэ. Нарэшце матор завёўся, зафыркаў, потым зароў. Том асцярожна прыглушыў яго - пераставiў запальванне на больш ранняе i паменшыў падачу газу.

Мацi села побач з iм.

– Гэтак увесь лагер перабудзiм, - сказала яна.

– Нiчога, зноў заснуць.

Эл улез у кабiну з другога боку.

– Тата з дзядзькам Джонам селi наверх, - сказаў ён.
– Хочуць даспаць.

Грузавiк пад'ехаў да галоўных варот лагера. Вартаўнiк выйшаў з канторы i правёў промнем лiхтара па машыне.

– Хвiлiнку пачакайце, - сказаў ён.

– А што такое?

– Вы зусiм адсюль едзеце?

– Зусiм.

– Тады трэба вас выкрэслiць.

– Выкрэслiвайце.

– Куды кiруеце?

– Хочам падацца крыху далей на поўнач.

– Ну, жадаю шчасця.

– I мы вам таксама. Бывайце.

Грузавiк асцярожна абагнуў насып. Том вёў машыну па той самай дарозе, па якой яны прыехалi ў лагер, - мiма гарадка Ўiдпэтч i далей на захад, да шашы No 99, а там - на поўнач па шырокай шашэйнай дарозе, якая вяла да Бейкерсфiлда. Ужо развiднела, калi яны пад'ехалi да гарадской ускраiны.

Том сказаў:

– Куды нi кiнь вокам, усюды рэстараны. I ў кожным каву падаюць. А вунь, гляньце, начны рэстаран яшчэ працуе. Ручаюся, у iх хоць залiся гарачанькай!

– Заткнiся ты!
– сказаў Эл.

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

– А ты, як я пагляджу, паспеў ужо падчапiць дзяўчыну ў лагеры.

– Ну i што?

– Сёння ён у нас нешта вельмi зласлiвы. Дрэнная мне кампанiя.

Эл раздражнёна буркнуў:

– Хутка я адаб'юся ад вас. Аднаму, без сям'i, нашмат лягчэй.

Праз дзевяць месяцаў у цябе ў самога сям'я будзе, - сказаў Том. Думаеш, не бачыў, як ты стараўся?

– Не дуры, - сказаў Эл.
– Я ў гараж наймуся, буду ў рэстаранах есцi.

– А праз дзевяць месяцаў абзавядзешся жонкай з дзiцем.

– Не, гэтага не будзе.

– Надта разумны ты стаў, Эл. Глядзi, каб па галаве табе добра не далi.

– Хто гэта?

– Заўсёды знойдзецца хто.

– Думаеш, калi ты сам...

– Ну хопiць, спынiся, - не дала Элу дагаварыць мацi.

– Я першы пачаў, - сказаў Том.
– Захацелася падражнiць яго. Я гэта без злосцi, Эл. Не ведаў, што ты так прывязаўся да гэтай дзяўчыны.

– Няма такой дзяўчыны, да якой я вельмi ўжо прывязаўся б.

– Ну не, дык не. Пасварыцца са мной табе не ўдасца.

Грузавiк выязджаў з горада.

– Вунь колькi тут забягалавак з гарачымi сасiскамi - цэлая процьма, сказаў Том.

Мацi сказала:

– Я адзiн даляр прыхавала, Том. Табе вельмi хочацца кавы? На, бяры.

– Не, ма. Я проста так, жартам.

– Бяры, калi табе ўжо так захацелася.

– Не, не вазьму.

Эл сказаў:

– Тады сцiхнi - кава, кава!

Том памаўчаў. Потым сказаў:

– Быццам толькi ўчора тут быў. Вось i дарога, па якой мы той ноччу ехалi.

– Спадзяюся, з намi нiчога такога ўжо нiколi не здарыцца, - сказала мацi.
– Жахлiвая была ноч.

– Ага, нядобрая.

Справа ад iх узыходзiла сонца, i вялiкi цень ад грузавiка бег збоку па дарозе, скачучы па штыкетнiку. Яны ехалi паўз адбудаваны нанава Гувервiль.

– Гляньце, - сказаў Том.
– Тут зноў жывуць. Быццам нiчога i не здарылася.

Кепскi настрой памалу пакiнуў Эла.

– Мне адзiн расказваў, што ў некаторых лагерах пятнаццаць ужо цi дваццаць разоў усё дашчэнту спальвалi. Людзi адседзяцца ў лазняку i зноў робяць сабе якую-небудзь буду з пустазелля. Як суслiкi. Так ужо прывыклi да гэтага, быццам i гора iм мала. Iм гэта як непагадзь.

– Ага, мне тая ноч таксама як непагодлiвая была, - сказаў Том. Яны ехалi ўсё далей i далей па шырокай шашы. Ад цеплаватых сонечных промняў па крыху астылым целе прабягалi дрыжыкi.
– А ранiцамi пачынае ўжо пашчыпваць. Хутка ўжо зiма. Хоць бы трохi грошай зарабiць да халадоў. Зiмой у палатцы не пасядзiш.

Мацi ўздыхнула, падняла галаву.

– Том, - сказала яна, - зiмой трэба жыць у доме. Разумееш? Руцi яшчэ нiчога, а Ўiнфiлд зусiм стаў слабенькi. Да прыходу дажджоў у нас павiнен быць дом. У гэтых краях, кажуць, як з вядра лье.

– Знойдзем домiк, ма. Ты не хвалюйся. Будзе табе дом.

– Абы дах над галавой быў i падлога пад нагамi, каб дзеткi не на голай зямлi спалi.

– Пастараемся, ма.

– Больш я даймаць цябе не буду.

– Зробiм, ма.

– Мне проста iншы раз страшна робiцца. Усю храбрасць сваю губляю.

– Нешта не бачыў я, каб ты яе калi-небудзь згубiла.

– Начамi бывае.

Недзе наперадзе пачулася рэзкае шыпенне. Том моцна абхапiў рукамi абаранак руля i да канца нацiснуў на тормаз. Грузавiк здрыгануўся i стаў.

Поделиться с друзьями: