ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Раней вы, можа, не заўважалi, - сказаў адмiнiстратар.

– Магчыма, i так. Вельмi хочацца тут астацца.

Маленькi адмiнiстратар сцiснуў скронi далонямi.

– Па-мойму, сёння ноччу ў нас тут будзе яшчэ адзiн нованароджаны, - сказаў ён.

– У нас у сям'i таксама неўзабаве чакаецца, - сказаў бацька.
– Лепш бы тут раджала. Тут было б лепш.

Том, Уiлi i метыс Джул сядзелi на краi танцавальнай пляцоўкi, пакалыхваючы нагамi.

– У мяне цэлы пачак добрага тытуню, - сказаў Джул.
– Пасмалiм?

– Я б з ахвотай, - сказаў Том.
– Чорт ведае калi я апошнi раз палiў.
– Ён акуратна скруцiў цыгарку, стараючыся не рассыпаць карычневых табачынак.

– Так, сэр, шкада, што вы ўжо едзеце, - сказаў Уiлi.
– Вы людзi добрыя.

Том запалiў папяроску.

– Я многа думаў - ехаць, не ехаць. Госпадзi, хутчэй бы ўжо асесцi дзе-небудзь.

Джул узяў у яго свой пачак.

– Нядобра нам жывецца, - сказаў ён.
– У мяне дачка маленькая. Думаў, прыеду ў Калiфорнiю, у школу яе пашлю. Ды дзе там! На адным месцы мы доўга не затрымлiваемся. Пажывеш дзе-небудзь трохi, i трэба цягнуцца далей.

– Хоць бы нам у гэтыя гувервiлi зноў трапляць не давялося, - сказаў Том. Я ў адным нацярпеўся страху.

– А што, шэрыфавы памагатыя ганялi?

– Баяўся, каб не забiць каго з iх, - адказаў Том.
– Мы i пабылi ў тым лагеры зусiм нядоўга, але я проста кiпеў увесь. Прыехаў палiсмен i забраў прыяцеля майго так, нiзашто - ён фараону гэтаму слова ўпоперак сказаў. Я ўвесь кiпеў, ледзь стрымаўся.

– А ты баставаў калi-небудзь?
– пацiкавiўся Ўiлi.

– Не, нiколi.

– Я ўсё думаю: чаму шэрыфскiя агенты не пранiкаюць у наш лагер, не арудуюць тут? Думаеш, гэты маленькi з канторы iм перашкода? Не, сэр!

– Тады што ж?
– запытаўся Джул.

– Вось я табе i скажу: тое, што мы ўсе заадно. Калi палiсмен захоча каго-небудзь загрэбцi, ён павiнен перабраць увесь лагер. А на гэта ў яго духу не хопiць. Бо варта нам толькi раз крыкнуць, i ўмомант чалавек дзвесце прыбяжыць. Нядаўна адзiн арганiзатар выступаў у нас тут, каля дарогi. Гэтак паўсюль можна рабiць, кажа. Трымайцеся толькi гуртам. З дзвюма сотнямi людзей жарты дрэнныя. Шэрыфавы людзi толькi адзiночак вылоўлiваюць.

– Ну, а што, калi i будзе саюз?
– сказаў Джул.
– Трэба ж, каб у яго важакi былi. А схопяць важака, i куды дзеўся твой саюз?

– Што ж, - адказаў Уiлi, - калi-небудзь давядзецца над гэтым падумаць. Я тут цэлы ўжо год, а заработная плата ўсё падае i падае. Цяпер сям'ю нiяк не пракормiш сваёй працай, i з дня на дзень усё горш робiцца. Што ж нам, сядзець склаўшы рукi i з голаду памiраць? Проста не ведаю, што рабiць. Гаспадар коней кормiць, нават калi яны без работы стаяць, - як мiленькi. А вось калi на яго людзi працуюць, пляваць ён на iх хацеў. Выходзiць, конi яму куды даражэйшыя за людзей. Не разумею я гэтага.

– Мне ўжо i думаць абрыдла, - сказаў Джул.
– А думаць трэба. У мяне вось дачка маленькая. Самi ведаеце - прыгажуня. Ёй нават тут прыз за прыгажосць далi. А што з ёю далей будзе? На вачах худзее. Вынесцi гэтага не магу. Такая прыгожая... Я не вытрымаю, учыню што-небудзь.

– Што?
– запытаўся Ўiлi.
– Што ты ўчынiш? Пойдзеш красцi? У турму сядзеш. Заб'еш каго? На шыбенiцу пойдзеш.

– Не ведаю, - сказаў Джул.
– У галаве ўсё блытаецца, як падумаю. Проста ў галаве ўсё блытаецца.

– А мне запомняцца гэтыя танцы, - сказаў Том.
– Нiдзе яшчэ я такiх прыстойных не бачыў. Што ж, спаць ужо час класцiся. Ну, будзьце здаровы. Дзе-небудзь яшчэ, можа, стрэнемся.

– Абавязкова, - сказаў Джул.

– Ну, усяго добрага.
– Том пайшоў ад iх, i яго паглынула цемра.

У палатцы Джоўдаў Руцi i Ўiнфiлд ляжалi ў цемры на адным матрацы, побач з мацi. Руцi прашаптала:

– Ма!

– Што табе? Ты не спiш?

– Ма... а там... ну куды мы едзем, кракет будзе?

– Адкуль я ведаю. Спi. Заўтра рана ад'язджаем.

– Лепш застанемся, тут ёсць кракет, а там?

– Ш-шш!..

– Ма, Уiнфiлд вечарам набiў аднаго хлопчыка.

– Дрэнна зрабiў.

– Ага, дрэнна. Я яму так i сказала. Ён яго па носе ляснуў. Кроў так i хлынула, а божа мой!

– Не трэба так гаварыць. Так гаварыць нядобра.

Уiнфiлд павярнуўся тварам да iх.

– Ён абазваў нас Окi!
– з абурэннем сказаў ён.
– А пра сябе кажа: я не Окi, я з Арэгона, а вы паганыя Окi. Ну я яму i даў.

– Ш-шш... Дрэнна зрабiў. Ад яго мянушак табе шкоды нiякай.

– А я не хачу, каб ён абзываў нас, - са злосцю сказаў Уiнфiлд.

– Ш-ш... Спiце.

Руцi сказала:

– Ты бачыла б - кроў як хлыне, усю кашулю яму залiла.

Мацi высунула руку з-пад коўдры i лёгенька ўдарыла Руцi пальцам па шчацэ. Дзяўчынка замерла на мiг, потым зашмыгала носам i цiха заплакала.

У санiтарным блоку, у дзвюх суседнiх кабiнках, сядзелi бацька i дзядзька Джон.

– Хоць напаследак добра пасядзiм, - сказаў бацька.
– Добрая прыбiральня. Памятаеш, як малыя напалохалiся, калi першы раз ваду спусцiлi?

– Я i сам адчуваў сябе нiякавата, - сказаў дзядзька Джон. Ён акуратна падцягнуў штаны да каленяў.
– Кепска мне. Адчуваю, што хутка зноў саграшу.

– Не саграшыш. Ты ж зусiм без грошай. Мацуйся. Грэх абыдзецца даляры ў два, не менш, а ў нас такiх грошай няма.

– Няма. Але ў мяне думкi грэшныя.

– Ну што ж. Думаць можна i бясплатна.

– Усё роўна грэх.

– Затое куды танней.

– Ты з грэхам не жартуй.

– Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носiшся са сваiмi грахамi, якраз калi чорт ведае што робiцца.

– Гэта праўда, - сказаў дзядзька Джон.
– Са мной заўсёды так. Але вы i паловы маiх грахоў не ведаеце.

– Ну i трымай iх пры сабе.

– Вось i з гэтымi ўнiтазамi так - сяджу, а сам адчуваю - грэх.

– Тады iдзi ў кусты. Ну, падцягвай штаны, i пойдзем хоць трохi паспiм. Бацька надзеў на плечы шлейкi камбiнезона i зашпiлiў спражку. Потым спусцiў ваду i доўга стаяў, задуменна пазiраючы, як яна бурлiць у ракавiне.

Было яшчэ цёмна, калi мацi разбудзiла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санiтарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседнiх палатак даносiлiся разнастайныя гукi пахрапвання.

– Падымайцеся, вылазьце з палаткi, - сказала мацi.
– Час ужо ехаць. Хутка развiднее.
– Яна падняла скрыпучы шчыток лiхтара i запалiла кнот.
– Уставайце ўсе, уставайце!

Поделиться с друзьями: