Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Бацька i дзядзька Джон, не адыходзячы ад палаткi, назiралi, як мацi абiрае бульбу i наразае яе тонкiмi скрылiкамi над патэльняй, густа змазанай топленым салам. Бацька сказаў:
– Чаго гэта прапаведнiк так зрабiў?
Руцi i Ўiнфiлд падкралiся зусiм блiзка да iх i прыпалi да зямлi, каб паслухаць, пра што яны гавораць.
Дзядзька Джон праводзiў у зямлi глыбокiя барозны доўгiм iржавым цвiком.
– Ён разумее, што такое грэх. Я пытаўся ў яго пра гэта, i ён мне ўсё растлумачыў. Толькi не ведаю, цi мае ён рацыю. Кажа: чалавек грашыць, калi думае, што ён саграшыў.
– Вочы ў дзядзькi Джона былi поўныя стомы i тугi.
– Я заўсёды ад усiх таiўся. Я такое рабiў, пра што нiкому не расказваў.
Мацi падняла галаву ад вогнiшча i павярнулася да яго:
– I не расказвай, Джон. Раскажы ўсё богу. Не ўзвальвай цяжар сваiх грахоў на чужыя плечы. Гэта несумленна.
– Яны мне душу вярэдзяць, - сказаў Джон.
– Усё роўна другiм не расказвай. Пайдзi на рэчку, акунi галаву ў ваду i шэптам скажы ўсё плынi.
Бацька паволi кiваў галавой у такт словам мацi.
– Яна правiльна кажа, - прамовiў ён.
– Табе, канешне, палягчэе, калi падзелiшся з iншымi, але тады грэх твой пойдзе кругамi.
Дзядзька Джон паглядзеў на пазалочаныя сонцам горы, i золата iх адбiлася ў яго ў вачах.
– Я стараюся адолець сябе, - сказаў ён, - i не магу. Усё нутро выядае.
Ззаду яго Ружа Сарона, млявая, выйшла з палаткi.
– Дзе ж гэта Конi?
– з раздражненнем запыталася яна.
– Нешта даўно яго не бачу. Дзе ён прапаў?
– Ён мне на вочы не пападаўся, - адказала мацi.
– Убачу, пашлю да цябе.
– Мне нездаровiцца, - сказала Ружа Сарона, - а ён пакiнуў мяне адну.
Мацi паглядзела на апухлы твар дачкi.
– Ты плакала, - сказала яна.
Слёзы зноў нагарнулiся на вочы Ружы Сарона.
Мацi рашуча сказала:
– Вазьмi сябе ў рукi. Ты не адна - нас многа. Вазьмi сябе ў рукi. Iдзi сюды абяры бульбу. Няма чаго шкадаваць сябе.
Ружа Сарона адступiла назад пад брызент. Яна старалася ўнiкнуць строгага погляду матчыных вачэй, але ён прымусiў яе пабрысцi да вогнiшча.
– А чаго ён пайшоў?
– сказала яна, але слёз ужо не было.
– Вазьмiся за справу. А то сядзiш адна ў палатцы i шкадуеш сама сябе. Мне не было калi ўзяцца за цябе. Цяпер ужо вазьмуся. Вось табе нож i бярыся за бульбу.
Ружа Сарона паслухмяна апусцiлася на каленi каля вогнiшча. Са злосцю сказала:
– Няхай толькi прыйдзе. Я яму ўжо задам.
Губы ў мацi расцягнулiся ва ўсмешцы:
– Ён i набiць цябе можа. Сама на гэта напрошваешся - ныеш, песцiшся. Калi ён i ўваб'е ў цябе крыху розуму, я толькi дзякуй яму скажу.
Вочы ў Ружы Сарона ўспыхнулi абурэннем, але яна змоўчала.
Дзядзька Джон сваiм шырокiм вялiкiм пальцам загнаў iржавы цвiк глыбока ў зямлю.
– Я мушу ўсё расказаць, - прагаварыў ён.
Бацька сказаў:
– Ну i расказвай, каб цябе чэрцi! Каго ты забiў?
Дзядзька Джон запусцiў палец у кiшэньку для гадзiннiка на сваiх сiнiх джынсах i вывудзiў адтуль перагнутую папалам зашмальцаваную грашовую паперку. Расправiў яе i паказаў бацьку:
– Пяць даляраў.
– Украў?
– запытаўся бацька.
– Не, яны мае. Утаiў.
– Яны ж твае, дык што?
– А тое, што я не меў права iх утойваць.
– Я тут нешта нiякага грэху не бачу, - умяшалася мацi.
– Яны ж твае.
Дзядзька Джон паволi загаварыў:
– Не ў тым справа, што я iх утаiў. Я ўтаiў iх, каб напiцца. Я ведаў, што прыйдзе час, калi мяне пацягне выпiць, так засмылiць нутро, што адно выйсце напiцца. Думаў, яшчэ не пара, а тут... прапаведнiк узяў i аддаўся палiцыi, каб выратаваць Тома.
Бацька зноў пакiваў галавой, потым нахiлiў яе набок, каб лепш чуць. Руцi падабралася на локцях яшчэ блiжэй, паўзком, як шчаня, Уiнфiлд - за ёю. Ружа Сарона кончыкам нажа выкалупнула глыбокае вочка з бульбiны. Вячэрняе сутонне згусцiлася i стала яшчэ сiнейшым.
Мацi рэзка, суха сказала:
– Не разумею, чаму гэта табе абавязкова трэба напiвацца праз тое, што прапаведнiк выручыў Тома.
Джон сумна адказаў:
– Сам не ўцямлю. Вельмi ўжо цяжка на душы. Ён так проста на гэта пайшоў. Ступiў наперад i кажа: "Гэта я зрабiў". I яго забралi i павезлi. А я пайду нап'юся.
Бацька ўсё пакручваў галавой:
– Ну навошта ўсё гэта гаварыць. На тваiм месцы я проста пайшоў бы i напiўся, калi так ужо табе закарцела.
– Я даўно ўжо мог бы зняць грэх з душы, - тужлiва сказаў дзядзька Джон. Але ўпусцiў выпадак. Не ўхапiўся за яго... прамаргаў. Паслухай! У цябе ёсць грошы, дай мне два даляры.
Бацька без ахвоты палез у кiшэню i выцягнуў скураны мяшэчак.
– Каб напiцца, сямi даляраў мнагавата. Ты што, шампанскую вадзiцу жлукцiць будзеш?
Дзядзька Джон падаў яму сваю пяцiдаляравую паперку.
– Вось вазьмi, а мне два даляры дай. Я i з двух сп'янею. Не хачу браць яшчэ адзiн грэх на душу - марнатраўства. Што ёсць, тое i патрачу. Заўсёды так раблю.
Бацька ўзяў брудную паперку i даў яму два сярэбраныя даляры.
– На, бяры. Раз чалавеку трэба, значыць, трэба. Нi ў кога няма столькi розуму, каб вучыць другога.
Дзядзька Джон узяў абедзве манеты.
– Ты не зазлуеш? Ты разумееш, што мне гэта трэба?
– Ну што ты, далiбог, - сказаў бацька.
– Ты сам ведаеш, што табе трэба рабiць.
– Iначай я нiяк не перабуду ночы, - сказаў дзядзька Джон i павярнуўся да мацi.
– Ты не пакрыўдзiшся на мяне?
Мацi не падняла галавы.
– Не, - мякка адказала яна.
– Не. Iдзi ж.
Дзядзька Джон падняўся на ногi i як сам не свой пайшоў ад палаткi i знiк у прыцемку. Ён падняўся на шашу i перайшоў яе каля бакалейнай крамы. Перад сеткаватымi дзвярамi ён зняў з галавы капялюш, шпурнуў яго ў пыл i прытаптаў абцасам у знак самаасуджэння. Так i пакiнуўшы скамечаны, брудны капялюш на зямлi, ён увайшоў у краму i адразу пакiраваў да палiц, на якiх за драцяной сеткай стаялi бутэлькi вiскi.
Бацька, мацi i дзецi глядзелi ўслед дзядзьку Джону, пакуль ён не знiк з вачэй. Ружа Сарона ў знак абурэння не падымала вачэй ад бульбы.
– Небарака Джон, - сказала мацi.
– Можа, лепш было... ды не... думаю, што не. Нiколi не бачыла, каб чалавек так гараваў.
Руцi перавалiлася на бок, блiжэй да Ўiнфiлда, прыцягнула яго да сябе за вуха i прашаптала:
– Я зараз буду п'яная.
Уiнфiлд пырхнуў i зацiснуў рот далонню. Стрымлiваючы дыханне, каб не рагатнуць, дзецi хуценька адпаўзлi з пабарвавелымi ад натугi тварамi. Апынуўшыся за палаткай, яны ўскочылi i з вiскам пусцiлiся да вербаў. Схаваўшыся там, яны зайшлiся ад смеху. Руцi скасiла вочы, расслабiла цела, высунула язык i пачала пахаджаць, пахiстваючыся з боку на бок i аступаючыся.