ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Я п'яная, - сказала яна.

– Глядзi!
– закрычаў Уiнфiлд.
– Глядзi на мяне, я дзядзька Джон!
– Ён замахаў рукамi, надзьмуў шчокi i вярцеўся ваўчком, пакуль у яго не закружылася галава.

– Не, - сказала Руцi.
– Вось як трэба. Вось як. Я - дзядзька Джон. Я зусiм сп'янела.

Эл з Томам цiха iшлi праз вербалоз у лагер i раптам убачылi дзяцей, якiя, вiхляючыся, насiлiся сярод кустоў як апантаныя. У згусцелым змроку Том, спынiўшыся, пачаў узiрацца.

– Цi не Руцi гэта з Уiнфiлдам? Што з iмi такое?

Браты падышлi блiжэй.

– Вы што, адурэлi?
– здзiўлена запытаўся Том.

Дзецi спынiлiся, захопленыя знянацку.

– Мы... гуляем, - адказала Руцi.

– Нейкая дурная гульня, - прабурчаў Эл.

Руцi дзёрзка выпалiла:

– Не дурнейшая за што iншае.

Калi браты пайшлi далей, Эл сказаў Тому:

– Руцi заробiць у мяне на арэхi. Яна даўно ўжо дабiваецца. Самая пара ёй усыпаць.

У яго за спiнай Руцi зрабiла грымасу, расцягнула рот пальцамi, высунула ўслед Элу слiнявы язык, здзекуючыся з яго ўсiмi вядомымi ёй спосабамi, але Эл не азiраўся. Яна павярнулася да Ўiнфiлда, позiркам запрашаючы зноў распачаць гульню, толькi ўсё ўжо было сапсавана, i яны абое ведалi гэта.

– Давай пойдзем на рэчку i акунёмся з галавой, - прапанаваў Уiнфiлд, i дзецi пайшлi праз кустоўе да берага, моцна злуючы на Эла.

А браты не спяшаючыся iшлi далей у змроку. Том сказаў:

– Дарэмна Кейсi так зрабiў. Але ад яго можна было гэтага чакаць. Усё гаварыў, што ад яго нам нiякай карысцi. Дзiўны ён нейкi, Эл. Адно толькi думае i думае.

– Гэта таму, што ён прапаведнiк. У iх ва ўсiх гармiдар у галаве.

– Як ты думаеш, куды Конi пайшоў?

– Вiдаць, да ветру.

– Нешта вельмi далёка падаўся.

Эл з Томам iшлi па лагеры, трымаючыся блiжэй да палатак. Каля Флойдавай палаткi iх спынiў нягучны воклiк. Яны павярнулi да ўвахода ў яе i прыселi на кукiшкi. Флойд крыху падняў брызентавую полку.

– Ну як, едзеце?

Том адказаў:

– Не ведаю. Думаеш, лепш паехаць?

Флойд кiсла ўсмiхнуўся:

Ты ж чуў, што гэты фараон сказаў. Не паедзеш - выпаляць агнём. Калi думаеш, што гэты малойчык хутка не з'явiцца сюды пасля мардабою, дык галава ў цябе проста качан. Яго грамiлы сёння ж ноччу наляцяць на лагер i ўсё пусцяць з агнём.

– I сапраўды, вiдаць, лепш выбiрацца адсюль, - пагадзiўся Том.
– Сам куды едзеш?

– Як i казаў - на поўнач.

– Паслухай, - сказаў Эл, - тут мне адзiн расказваў пра нейкi ўрадавы лагер. Дзе гэта?

– Напэўна, перапоўнены.

– А ўсё ж дзе ён?

– Кiруйце па дзевяноста дзевятай на поўдзень. Мiль дванаццаць чатырнаццаць праедзеце, звернеце на ўсход да Ўiдпэтча. А там ужо рукой падаць. Але, думаю, там паўным-поўна.

– Ён казаў, лагер добры.

– Вельмi добры, нiчога не скажаш. Абыходзяцца з табой як з чалавекам, а не як з сабакам. I фараонаў там няма. Толькi перапоўнены.

– Я аднаго не зразумею, - сказаў Том, - чаго палiсмен гэты так разышоўся? Ён быццам спецыяльна лез у сварку, знарок распаляў людзей.

Флойд сказаў:

– Не ведаю, як тут, а на поўначы я неяк раз пагаварыў з адным з гэтых шэрыфскiх памагатых, чалавекам прыстойным. I ён прызнаўся мне, што iм абавязкова трэба арыштоўваць людзей. На кожнага арыштанта шэрыф атрымлiвае семдзесят пяць цэнтаў у дзень, а на iх пракорм у яго iдзе толькi дваццаць пяць. Няма арыштантаў - няма i прыбытку. I яшчэ ён казаў, што ўжо цэлы тыдзень нiкога не браў, i шэрыф сказаў яму: або прыводзь арыштантаў, або значок здымай. А сённяшнi так i стараўся каго-небудзь згрэбцi.

– Трэба ехаць, - сказаў Том.
– Будзь здароў, Флойд.

– Будзь здароў. Можа, яшчэ стрэнемся. Спадзяюся, што так.

– Бывай, - сказаў Эл, i браты пайшлi па цёмна-шэрым лагеры да Джоўдавай палаткi.

Бульба на патэльнi шыпела i пырскала гарачым тукам. Мацi пераварочвала тоўстыя скрылiкi лыжкай. Бацька сядзеў каля вогнiшча, абхапiўшы каленi рукамi. Ружа Сарона была пад брызентам.

– Том iдзе!
– усклiкнула мацi.
– Дзякуй богу!

Падышоўшы, Том сказаў:

– Трэба адсюль выбiрацца.

– А што здарылася?

– Флойд кажа, ноччу лагер спаляць.

Гэта яшчэ чаму?
– здзiвiўся бацька.
– Мы ж нiчога такога не зрабiлi.

– Нiчога такога, толькi фараона збiлi, - адказаў Том.

– Мы яго не бiлi.

– Ён сам гразiўся, што нас пагоняць адсюль.

– Вы Конi нiдзе не сустрэлi?
– запыталася Ружа Сарона, выйшаўшы з палаткi.

– Сустрэлi, - адказаў Эл.
– Ён пашыбаваў берагам рэчкi, толькi яго i бачылi. На ўсход кiруе.

– Ён... ён зусiм пайшоў?

– Мы ў яго не пыталiся.

Мацi павярнулася да дачкi:

– Ты, Разашарна, раскажы ўсё толкам, а то цябе не зразумееш. Гаварыў табе Конi што-небудзь?

Ружа Сарона насупiлася:

– Гаварыў, што лепей было б яму дома застацца i на трактарыста вучыцца.

Усе прыцiхлi. Ружа Сарона пазiрала на агонь, i вочы яе паблiсквалi ў святле вогнiшча. Бульба на патэльнi гучна шыпела. Ружа Сарона шмыгнула носам i ўцерлася тыльным бокам далонi.

Бацька сказаў:

– Конi чалавек нiкчэмны. Я ўжо даўно гэта зразумеў. Занадта высока бярэ, а кiшка тонкая.

Ружа Сарона паднялася i вярнулася ў палатку. Лягла на матрац, перавярнулася на жывот i ўткнулася тварам у сплеценыя рукi.

– Яго i даганяць, бадай, не варта, - сказаў Эл.

Бацька сказаў:

– Не, калi ён такi нiкчэмнiк, нам яго не трэба.

Мацi зазiрнула ў палатку, дзе ляжала Ружа Сарона. Сказала бацьку:

– Ш-ш!.. Навошта так гаворыш.

– Але ж ён нiкчэмнiк, - не сунiмаўся той.
– Толькi i чулi ад яго - я тое зраблю, я гэтае. А сам лайдачыў. Пры iм не хацеў гаварыць. А цяпер, калi ён даў драла...

– Ш-ш!..
– прашаптала мацi.

– Што ты мне ўсё "ш-ш" ды "ш-ш"? Чаму я павiнен маўчаць? Ён уцёк, цi ж не так?

Мацi памяшала бульбу лыжкай, тук зашыпеў i пырснуў ва ўсе бакi. Яна падкiнула голля ў агонь, языкi полымя шуганулi ўгору i асвятлiлi палатку. Мацi сказала:

– У Разашарны народзiцца дзiця, i яно напалову яе, а напалову Конi. Нядобра з маленства i да сталасцi абзываць пры iм яго бацьку нiкчэмнiкам.

– Лепш, чым iлгаць, - буркнуў бацька.

– Не, не лепш, - запярэчыла мацi.
– А калi б ён памёр? Цi стаў бы ты гаварыць пра яго дрэнна, пра мёртвага?

Поделиться с друзьями: