ЖАНРЫ

Гронкi гневу (на белорусском языке)

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

– Маiх грахоў нiхто не ведае, нiхто, акрамя госпада бога. Вось ён ведае.

Том апусцiўся на каленi, памацаў у дзядзькi Джона лоб - гарачы, сухi. Джон нехлямяжа адштурхнуў яго руку.

– Хадзем, - угаворваў Том.
– Ну хадзем, дзядзька Джон.

– Я з вамi не паеду. Стамiўся, i ўсё. Я адпачну. Вось тут.

Том падсунуўся да яго шчыльна. Ён паднёс кулак да дзядзькавага падбародка, прымерыўся, двойчы замахнуўся для пэўнасцi i нарэшце, адвёўшы плячо назад, нанёс удар - нямоцны, але дакладны. Падбародак у Джона задраўся ўгору, i дзядзька павалiўся на спiну. Ён хацеў быў прыўзняцца, але Том, стоячы на каленях, нахiлiўся над iм i, калi Джон абапёрся на локаць, ударыў яшчэ раз. Дзядзька Джон зацiх.

Том устаў, падняў абмяклае цела i ўзвалiў, як мех, сабе на плечы. Ён iшоў, хiстаючыся пад гэтым мяккiм цяжарам. Рукi дзядзькi Джона матлялiся з боку ў бок i ляпалi Тома па спiне, ён часта дыхаў, марудна падымаючыся па насыпе. Праехала машына i асвятлiла фарамi яго i груз, якi ён нёс на плячах, на мiг збавiла скорасць i потым, равучы, памчалася прэч.

Том ледзь пераводзiў дух, калi iшоў да Гувервiля па грунтавой дарозе туды, дзе стаяў грузавiк Джоўдаў. Джон пачаў ачуньваць i слаба вырывацца з рук Тома. Той асцярожна апусцiў яго на зямлю каля машыны.

Да яго вяртання стаянка Джоўдаў была ўжо разабраная. Эл падаваў клункi на грузавiк. Брызент ляжаў побач напагатове - потым iм накрыюць паклажу.

Эл сказаў:

– Хутка ж ён набраўся.

Том прабачлiвым тонам сказаў:

– Давялося лёгенька стукнуць яго, небараку, а то не хацеў iсцi.

– Не нарабiў яму шкоды?
– захвалявалася мацi.

– Думаю, не. Вось ужо ачуньвае.

Дзядзьку Джона пачало нудзiць. Яго некалькi разоў званiтавала.

Мацi сказала:

– Твая бульба там у талерцы, Том.

Том хмыкнуў:

– Нешта не хочацца.

Бацька крыкнуў:

– Ну ўсё! Эл, прывязвай брызент!

Грузавiк стаяў, гатовы да ад'езду. Дзядзька Джон заснуў. Том з Элам паднялi яго i ўзвалiлi на самы верх. Схаваўшыся за грузавiк, Уiнфiлд прытварыўся, што яго ванiтуе, а Руцi, стоячы побач, зацiснула рот далонню, каб не вiскнуць ад смеху.

Гатова, - сказаў бацька.

Том запытаўся:

– Дзе Разашарна?

– Вунь яна, - адказала мацi.
– Iдзi сюды, Разашарна. Зараз паедзем.

Але тая сядзела моўчкi, апусцiўшы галаву на грудзi. Том падышоў да сястры.

– Пойдзем, - сказаў ён.

– Я не паеду.
– Ружа Сарона падняла галаву.

– Але ж трэба.

– Я хачу разам з Конi.

На дарогу, што вяла з лагера да шашы, выехалi тры машыны - старыя машыны, набiтыя людзьмi i ўсялякiм скарбам. Яны з бразгатам пакiравалi да шашы, асвятляючы цьмянымi фарамi дарогу.

Том сказаў:

– Конi нас знойдзе. Я папрасiў у краме, каб яму сказалi, куды мы паехалi. Ён нас знойдзе.

Мацi падышла i стала побач з iм.

– Хадзем, Разашарна. Хадзем, дачушка, - мякка сказала яна.

– Я пачакаю яго.

– Чакаць нам няма часу.
– Мацi нахiлiлася, узяла дачку пад локаць i памагла ёй падняцца.

– Ён нас знойдзе, - паўтарыў Том.
– Ты не хвалюйся. Конi знойдзе нас.
– Ён разам з мацi павялi Ружу Сарона пад рукi.

– Магчыма, ён кнiжкi пайшоў купляць, - выказала меркаванне Ружа Сарона. Можа, захацеў сюрпрыз нам зрабiць.

– Можа, i так, - сказала мацi.

Ружу Сарона падвялi да грузавiка, памаглi падняцца на самы верх, i, забраўшыся пад брызент, яна нырнула там у цёмны куток.

Барадаты чалавек з крытай травой халупкi нясмела падышоў да машыны. Ён моўчкi таптаўся каля яе, сашчапiўшы рукi за спiнай.

– У вас нiчога такога не засталося, што магло б нам згадзiцца?
– нарэшце запытаўся ён.

– Нават не ведаю, што вам сказаць. Не, пакiдаць нам няма чаго.

– А вы хiба не едзеце?
– пацiкавiўся Том.

Барадач доўга пазiраў на яго.

– Не, - нарэшце вымавiў ён.

– Дык жа яны тут усё спаляць.

Вочы, у якiх мiгцела нерашучасць, апусцiлiся долу.

– Ведаю. Такое ўжо з намi было.

– Дык якога ж лiха вы не едзеце?

Разгубленыя вочы адарвалiся ад зямлi, потым зноў апусцiлiся, i ў iх на мiг адлюстравалася чырвонае святло прыгаслага вогнiшча.

– Што мне сказаць? Вельмi ўжо доўга збiрацца.

– Калi спаляць, вы застаняцеся нi з чым.

– Яно так. У вас нiчога такога не будзе, што нам можа згадзiцца?

– Не, усё з сабой забiраем, дарэшты, - адказаў бацька. Барадач нерашуча пабрыў да сваёй халупкi.
– Што з iм такое?

– Фараоны розум з яго выбiлi, - адказаў Том.
– Мне тут адзiн казаў - ён звiхнуўся. Яго моцна бiлi па галаве.

Яшчэ некалькi машын караванам выехалi з лагера, паднялiся на шашу i рушылi наперад.

– Ну, та, давай паехалi. I вось што - ты i мы з Элам сядзем у кабiну. Ма няхай наверх забiраецца. Не, ты, ма, лепш садзiся памiж намi. Эл!
– Том засунуў руку пад сядзенне i выцягнуў адтуль цяжкi гаечны ключ.
– Эл, ты сядай ззаду. На, бяры. На ўсякi выпадак. Калi хто палезе - пачастуй яго не шкадуючы.

Том даў яму развадны ключ, Эл пералез цераз борт i сеў, падкурчыўшы пад сябе ногi i не выпускаючы ключа з рук. Том дастаў з-пад сядзення завадную ручку i паклаў побач з тармазной педаляй.

– Ну цяпер усё, - сказаў ён.
– Садзiся, ма, пасярэдзiне.

Бацька сказаў:

– А я з пустымi рукамi.

Калi што якое, возьмеш завадную ручку, - сказаў Том.
– Дасць бог, не спатрэбiцца.
– Ён нацiснуў на стартэр, махавiк ляснуў, зрабiў абарот, матор затарахцеў i замёр, потым зноў запрацаваў. Том уключыў фары i выехаў з лагера на першай скорасцi. Слабае святло фар нясмела абмацвала дарогу. Грузавiк выбраўся на шашу i павярнуў на поўдзень. Том сказаў:

– У жыццi чалавека бывае так, што ён раптам азлабляецца...

Мацi перапынiла яго:

– Том... ты ж мне сам казаў... ты абяцаў, што не дасi волi злосцi. Ты ж абяцаў.

– Я не забыўся, ма. Стараюся. Але гэтыя шэрыфавы памагатыя... Бачыў хто-небудзь каго з iх, каб ён быў не таўстазады? Вiхляюць тоўстымi азадкамi, смаляць з пiсталетаў куды папала. Каб яны ўсё рабiлi па закону, ма, што ж, мы б не супрацiўлялiся. Але ж тое, што яны ўчыняюць, незаконна. Яны стараюцца наш дух зламаць. Хочуць прымусiць нас поўзаць перад iмi, скурчыўшыся, як пабiтая сучка. Раздушыць нас хочуць. Далiбог, ма, да таго дайшло, што ёсць адзiн толькi спосаб застацца прыстойным чалавекам - добра ўляпiць катораму з гэтых фараонаў. Яны дамагаюцца таго, каб мы забылiся на сваю чалавечую годнасць.

Поделиться с друзьями: