Гронкi гневу (на белорусском языке)
Шрифт:
Мацi сказала:
– Ты абяцаў, Том. З нашым Красунчыкам Флойдам такое ўжо было. Я ведала яго мацi. Яго ледзь не пакалечылi.
– Я стараюся стрымацца, ма, бог сведка. Ты ж не хацела б, каб я поўзаў перад iмi брухам па зямлi, як пабiтая сучка, га?
– Я малю бога за цябе. Старанiся iх, Том. Сям'я наша i так распадаецца. Абыходзь iх бокам, так трэба.
– Пастараюся, ма. Толькi цяжка мне будзе стрымацца, калi прычэпiцца якi-небудзь таўстазады. Каб усё па закону, справа iншая. А палiць лагер такога закону няма.
Машына iшла па шашы, падрыгваючы кузавам. Наперадзе ланцужок чырвоных лiхтароў перагарадзiў дарогу.
"Пэўна, аб'езд", - падумаў Том. Ён збавiў хуткасць i спынiўся, i ў тое ж iмгненне машыну абкружыў натоўп людзей. Яны былi ўзброены хто кiркамi, хто драбавiкамi. На iх былi каскi, на некаторых - фуражкi Амерыканскага легiёна. Адзiн зазiрнуў у кабiну, дыхнуўшы на Тома спiртным перагарам.
– Куды накiравалiся?
– Чырвоны твар падсунуўся амаль да самага твару Тома.
Том замёр. Далонь яго слiзганула пад ногi i намацала завадную ручку. Мацi моцна сцiснула яму локаць. Том сказаў:
– А вось...
– i раптам у голасе яго пачулiся ўгодлiвыя ноткi: - Мы не тутэйшыя. Нам сказалi, што можна на працу ўладкавацца ў акрузе - як яе... Туларэ.
– Дык ты ж, чарцяка, не ў той бок едзеш. Гораду нашаму ўсякiя Окi не патрэбны.
Рукi i плечы ў Тома быццам скамянелi, па целе прабеглi дрыжыкi. Мацi ўчапiлася ў яго локаць. Нос машыны абступiлi ўзброеныя людзi. Некаторыя з iх, строячы з сябе ваенных, былi ў фрэнчах з афiцэрскай партупеяй.
Том жаласна запытаўся:
– А ў якi ж бок нам ехаць, мiстэр?
– Разварочвайся кругом i трымай на поўнач. А сюды не паказвайся да збору бавоўны.
Тома ўсяго скаланула.
– Ёсць, сэр, - сказаў ён, даў заднi ход, развярнуўся i паехаў назад. Мацi адпусцiла яго локаць i лёгенька паляпала па руцэ. А Том ледзь стрымлiваў слёзы.
– Не бяры да сэрца, - сказала мацi.
– Не бяры да сэрца.
Том высмаркаўся праз акенца i выцер вочы рукавом.
– Сволачы...
– Ты зрабiў усё правiльна, - ласкава сказала мацi.
– Усё правiльна зрабiў.
Том збочыў на палявую дарогу, праехаў ярдаў сто i выключыў матор i фары. Потым выйшаў з машыны з завадной ручкай.
– Куды ты?
– занепакоiлася мацi.
– Пайду пагляджу. Мы на поўнач усё роўна не паедзем.
Чырвоныя лiхтары пасунулiся па шашы. Том бачыў, як яны мiнулi паварот на палявую дарогу i рушылi далей. Неўзабаве з таго боку, дзе быў Гувервiль, пачулiся крыкi i лямант i ў неба шуганула яркае польмя. Яно падымалася ўсё вышэй i вышэй, i да слыху Тома данёсся сухi трэск. Ён вярнуўся да грузавiка, сеў за руль, развярнуў машыну i без агнёў праехаў па палявой дарозе назад да шашы. Там скiраваў на поўдзень i запалiў фары. Мацi нясмела запыталася:
– Куды мы едзем, Том?
– На поўдзень. Мы не дазволiм рознай поскудзi камандаваць намi. Не дазволiм. Паспрабую аб'ехаць горад ускраiнай.
– Ну, а далей куды?
– Бацька загаварыў першы раз пасля выезду з лагера. Вось што я хачу ведаць.
– Пашукаем гэты ўрадавы лагер, - адказаў Том.
– Кажуць, там шэрыфавым памагатым вароты зачыненыя. Ма... мне трэба ад iх далей трымацца. Баюся, яшчэ заб'ю каго з iх.
– Супакойся, Том, - мякка прамовiла мацi.
– Супакойся, Томi. Адзiн раз ты ўжо добранька зрабiў. Не дай бог, яшчэ раз так зробiш.
– Але ж так можна перастаць паважаць сябе.
– Астынь. Набярыся цярпення. Мы ж, Том... народ будзе жыць, калi ад гэтых людзей i следу не застанецца. Мы народ, Том, ён жыве. Нас не знiшчыш. Мы народ - мы жывём i жывём.
– Нас увесь час б'юць.
– Яно так, - цiха засмяялася мацi.
– Можа, таму мы такiя крэпкiя. Багацеi пажывуць трохi i памiраюць, i дзецi ў iх нiкудышныя, нежывучыя. А нас, Том, усё прыбывае i прыбывае. Не бядуй. Надыдзе i iншая часiна.
– Адкуль табе гэта вядома?
– Сама не ведаю адкуль.
Яны ўехалi ў горад. Том павярнуў на бакавую вулiцу, каб аб'ехаць цэнтр. Пры святле вулiчных лiхтароў ён зiрнуў на мацi. Твар у яе быў спакойны, вочы глядзелi неяк па-новаму - быццам вечныя, непаддатныя часу вочы статуi. Том працягнуў правую руку i дакрануўся ёю да матчынага пляча. Ён не мог iначай. I адразу зноў узяўся за руль.
– Нiколi раней я не чуў, каб ты столькi гаварыла, - сказаў ён.
– Раней не было такой патрэбы, - адказала мацi.
Том праехаў некалькi завулкаў i, калi горад застаўся ззаду, павярнуў машыну ў процiлеглы бок. На скрыжаваннi стаяў слуп з лiчбай "99". Па гэтай шашы Том павёў грузавiк на поўдзень.
– А ўсё ж на поўнач яны нас не завярнулi, - сказаў ён.
– Куды нам трэба, туды i едзем, няхай нават i давялося падкурчыць дзеля гэтага хвост.
Цьмянае святло фар абмацвала чорную шашу перад машынай.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Людзi, што знялiся з месца ў пошуках прыстойнага жыцця, сталi цяпер вандроўнiкамi. Перад сем'ямi, якiя раней мелi невялiкiя ўчасткi зямлi, жылi i памiралi на сваiх сарака акрах, кармiлiся цi галадалi, беручы з гэтых акраў усё, што яны давалi, - перад гэтымi сем'ямi цяпер рассцiлаўся ўвесь Захад. I яны шнарылi ўсюды, шукаючы працы; патокi людзей хлынулi на шашэйныя дарогi, уздоўж прыдарожных канаў бясконцай чарадой цягнулiся людзi. Следам iшлi iншыя. Няспынная людская плынь захлiснула вялiкiя бетонныя дарогi. Раней на Сярэднiм Захадзе i на Паўднёвым Захадзе жыў просты люд - земляробы, i яны зусiм не перамянiлiся з прыходам iндустрыi, яны абраблялi зямлю без машын i не ведалi, якой грознай сiлай рабiлася машына ў руках прыватнiка. Яны жылi, не знаёмыя з парадоксамi iндустрыi. Яны не страцiлi здольнасцi востра адчуваць недарэчнасцi iндустрыяльнага веку.
I раптам машыны сагналi гэтых людзей з месца, i людзi павалiлi на дарогi. Вандроўнае жыццё перамянiла iх; шашэйныя дарогi, прыдарожныя лагеры, страх перад голадам i сам голад iх перамянiлi. Дзецi, якiх не было чым кармiць, перамянiлi iх, няспынны рух перамянiў iх. Яны былi вандроўнiкi. I людская варожасць перамянiла iх, спаяла, з'яднала - тая варожасць, што прымусiла жыхароў маленькiх гарадкоў збiрацца ў групы, брацца за зброю i сустракаць iх як захопнiкаў - атрады, узброеныя ручкамi ад кiрак, канторшчыкi i крамнiкi, узброеныя стрэльбамi, ахоўвалi свой свет ад свайго ж народа.
На Захадзе ўзнялася панiка, калi вандроўнiкi запаланiлi дарогi. Уласнiкi спалохалiся за сваю ўласнасць. Людзi, якiя нiколi не галадалi, убачылi вочы галодных. Людзi, якiя нiколi не ведалi моцных жаданняў, убачылi прагны бляск у вачах вандроўнiкаў. I жыхары гарадкоў, жыхары цiхiх навакольных мясцiн аб'ядналiся для самаабароны; яны пераканалi сябе, што самi яны добрыя грамадзяне, а захопнiкi гэтыя - дрэнныя. Яны гаварылi: гэтыя праклятыя Окi брудныя, цёмныя людзi. Яны дэгенераты, сексуальныя маньякi. Гэтыя праклятыя Окi - зладзеi. Яны крадуць усё, што трапiцца пад руку. У iх няма павагi да ўласнасцi.