Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
Маўрын голас, як чад. Ад яго ў мяне баліць галава, ад яго няма ратунку ні на печы, ні ў парозе, ні за дзвярыма.
3 самай раніцы ў нас поўная хата жанчын. Яны заходзяць ціха, у парозе неяк баязліва, паспешліва хрысцяцца і выцягваюць шыі, заглядваюць цераз галовы пярэдніх, а потым шэптам робяць свае заўвагі:
— Адмучылася, бедная...
— Вось сірат толькі пакінула...
— Глядзі ты, як жывая...
— Дык маладая ж яшчэ зусім. I сарака няма...
— Эх, такі бабскі век...
— А большы, глядзі-тка, не плача...
— У бацьку пайшоў, цвердакаменны...
— А меншаму гэта ж колькі? Ай-я-яй, мабыць, і помніць маці не будзе...
— Будзе. Я сваю помню, хоць і малая засталася...
— Ну, цяпер цёці-Моці дастанецца...
А я і сапраўды не плачу. I хацеў бы, ды няма чым. Чамусьці мне ўспомнілася, як даўно, калі я не хадзіў і ў школу, да нас прыехала хуткая дапамога. Хата гарэла ясным полымем. Нада мной схіліўся нейкі дзядзька ў белым і штосьці такое сказаў. Тады я пачуў, як загаласіла маці. Яна галасіла, нібы па нябожчыку, ірвала валасы на галаве, падала на канапу і білася галавой аб сцяну. Белы дзядзька не ведаў, каго ратаваць — мяне ці яе.
А потым шыбы ў бальнічным акне. Кожны дзень раніцой я хукаў на іх, каб сышла намаразь, і ў маленькую, як гузік, адтуліну выглядваў на вуліцу. Пад акном стаяла яна, мая маці, і радасна ўсміхалася.
Суседская дзяўчынка Валька, якую не аддалі ў бальніцу, памерла, яе задушыла шкарлятына, а мяне бацька прывёз дамоў на санях жывога.
Зараз маці ляжыць на лаве.
Мне здаецца, што я — гэта зусім і не я, а хтосьці іншы, пабочны. У печы ярка гараць дровы, аж агонь скача ў комін. Кіпяць чыгуны. Вялікія чыгуны. Свіныя. А ў іх вараць сёння боршч і кашу. Каля печы круцяцца чужыя цёткі. I чаго яны тут круцяцца?
Па двары ходзяць чужыя дзядзькі. Вось Скок выцягнуў з дрывотні дошку, паклаў яе на ўтаптаны снег і прайшоўся рубанкам. Ружовыя, кучаравыя стружкі ўюцца клубкамі, падаюць на снег. Скрыгае аб сухі смальты сучок лязо. Не хоча стругацца сучок.
Нейкія мужчыны топчуцца з ламамі і рыдлёўкамі, смаляць цыгаркі.
— Не ў час памерла,— уздыхаюць,— зямля будзе, як камень.
Дзед Мікалай туляецца па двары, зазірае ў хлеў, пад павець. Вось ён цягне абярэмак сена. Куды гэта сена? Карове? А навошта карове сена?
У руках у Скока любімая бацькава сякера. З-пад яе адлятаюць буйныя трэскі. Іх збірае Скачыха ў прыпол: у печы пампушкі не запякаюцца.
— Мабыць, велікаватая? — пытаецца хтосьці з мужчин пра дамавіну.
— 3 вялікага не вываліцца...
Хто не вываліцца? Ага, мая маці не вываліцца.
Яе ўкрылі толькі адной марляй. Марля наскрозь свіціцца. А на вуліцы мароз. Мароз і мяцеліца. Чаму яны не ўкрыюць яе коўдрай? Навошта яны абулі яе ў чуні з палатна? А самі ж у бурках, у світках, у кажухах...
Падаюць белыя сняжынкі, кружацца, прыліпаюць да маіх шчок і скочваюцца расой. А на матчыным твары не растаюць, не растаюць на губах. Паляжаць, паляжаць, пакуль не здзьме іх вецер, і падаюць новыя.
Глыжка цягнецца побач са мной. Ён не скардзіцца на глыбокі снег. Ён нічога ў мяне не пытае, а проста са здзіўленнем глядзіць на ўсё, што робіцца навокал, і маўчыць. Спачатку Глыжка не хацеў ісці, а хацеў ехаць разам з маткай на санях. Дзед не дазволіў — замерзне, прастудзіцца.
...Усе моўчкі сядзяць за сталом. Скачыха і баба Гапа носяць міскі з гарачым баршчом. А на куце спалохана мігае лампадка, іскрыцца пазалота багамацеры, вастраносай, худой, з вялікімі сумнымі вачыма.
Глуха стукнуў кавалак хлеба аб стол, як мёрзлы камяк зямлі аб века дамавіны. Гэта дзед Мікалай, наразаючы лусты, незнарок упусціў акраец. I вось заскрабалі па місках лыжкі...
— Паспытайце, дзеткі, канону. Паспытайце,— просіць нас Чмышыха. А сама ўжо пхае за абедзве шчакі. Канон — гэта хлеб, накрышаны ў ваду, падсалоджаную мёдам. Канон пахне свечкай, якую маці трымала ў руках, і ён мне не лезе ў горла. Але для прыліку трэба ж хоць лыжку памачыць.
А Глыжку канон снадабаўся: салодкі. Калі ўсе сваякі і суседзі яго паспрабавалі, Глыжка падцягнуў да сябе міску і пачаў скрабаць па дну.
— Дзіцё. Што яму? — уздыхнула баба Гана і ражком хусткі выцерла вочы.
— Бог даў, бог і ўзяў,— адгукнулася на гэта Маўра, са смакам абгрызаючы костку.
— Выпіце яшчэ па адной! — просіць Скачыха, наліваючы з запацелай бутэлькі мутную самагонку,— няхай ёй зямля пухам будзе.
Ад выпітай гарэлкі, ад гарачага баршчу ўсе разамлелі, у многіх пачалі заплятацца языкі. Расчырванеліся жанчыны. Ім стала вельмі шкада нас з Глыжкам.
— Ёй цяпер што? — чуецца з аднаго боку.— Вось гэтым дастанецца...
— Пакуль баба жывая, не памруць,— абнадзейвае хтось з другога боку.
— А колькі той бабы засталося?
— Слухайце, дзеткі, бабу. Слухайце,— са слязьмі ў голасе просіць цётка Марына. За апошнія дні яна асунулася, схуднела, вочы чырвоныя, наплаканыя, і яе цудоўны, звонкі голас стаў хрыплы: сарвала галасіўшы.
— Э-э, каб бацька быў,— уздыхае нехта.
— Калі бацька памрэ, дзеці пры матцы, а калі маці памрэ — дзеці сіраты! — адрэзала манашка, жуючы пампушку.
— Што праўда, то праўда,— згадзілася Скачыха.— Прыйдзе, мачыху возьме, бабу выганіць...
Тут дзед Мікалай не вытрымаў, памацаў свае вусы і буркнуў:
— Добра з хрэнам, добра і так. Пра дзікае вы журыцеся, а яно абрасце — і ў вырай. Няхай спачатку прыйдзе...
Я быў удзячны дзеду. Чаго яны прычапіліся? Лепш бы грызлі свае косткі ды сёрбалі боршч.
Спалохана мігае перад багародзіцай лампада. За вокнамі цёмна і страшна. Усе даўно разышліся, толькі суседка і цётка Марына дапамагаюць бабулі прыбраць са стала. Яны грукаюць лыжкамі, міскамі, чыгункамі, і я чую, як Скачыха дае парады:
— Ты памыі злівай у ражку — кабанчык паесць...
— А няхай ён выпрастаецца,— кляне яго ў адчаі бабуля.
Мы з Глыжкам ляжым на печы. Брат спалохана прыціснуўся да мяне, збіраецца плакаць. «Шкадуй браціка»,— сказала маці. I я заплакаў першы. Няхай толькі хто яго пальцам кране — у зубы дам.
Ласкава прыгравае спадыспаду чарэнь, шамаціць па сценах калючы снег, ды завывае ў коміне вецер. Холадна на вуліцы, холадна на могілках, холадна, відаць, і там, дзе зараз мой бацька. Возьме ён мачыху ці не возьме, а хутчэй бы прыйшоў.