Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

21. МОЙ КАЖУШОК I ГЕРМАНІЯ

На дварэ зіма, а мне трызніцца спякотная, сонечная Афрыка. Я начытаўся пра яе ў кніжках, што нацягаў са школы. У Афрыцы душна і страшна і навокал ні кропелькі вады. Я прабіраюся праз непралазныя джунглі, галіны дзівосных дрэў б'юць мяне па твары гарачым лісцем.

— Вады! Вады! — крычу я.

А за маёй спіной трашчыць буралом. Гляджу — тыгр! Вялізны тыгр падрыхтаваўся да скачка. У маіх руках вінтоўка і побач скрынка патронаў, якія мы знайшлі з Санькам, але ў вінтоўкі не адкрываецца затвор... Цэлюся, а тыгр шэпча:

— Госпадзі, божа мой, і за што такая напасць...

А потым кідаецца на мяне і абдымае гарачымі, ласкавымі лапамі.

— Не раскрывайся,— просіць ён.

Тыгр пахне кажухом.

Затым у нейкім ружовым тумане ўзнікае баба Гапа. Яна водзіць перад маім тварам гарачым вугальком, плюе ў розныя бакі і шэптам загадвае, каб хтосьці з мяне выйшаў, ды на чыстае поле, ды на сухі лес...

А потым загарэлася наша хата. Я кідаюся па печы, хачу выскачыць з полымя і куды ні ткнуся — сцяна.

— Пакладзіце яму на лоб мокрую анучу,— замест таго каб тушыць пажар, раіць Гапа. I ўсё сціхае.

А раніцой мне стала дзіўна: хата цэлая, і знаходжуся я не ў афрыканскіх джунглях, а на печы. Побач сядзіць мурзаты Глыжка і спалоханымі, круглымі вачанятамі глядзіць на мяне. На вокнах снежныя лахматыя кажухі. Шыпяць і страляюць у печы сырыя дровы, грукае ў парозе качарга. Па хаце ходзіць певень з чорным, абмарожаным грэбнем.

— Баб, снедаць, — папрасіў я і сам не пазнаў свайго голасу: нібы сляпое кацяня прапішчала.

Бабуля жвава ўскарабкалася на прыпечак, і мне стала аж смешна: нос вымазаны ў сажу, з-пад хусткі, якую яна сабе зрабіла са старой байкавай коўдры, звісае на лоб рэдкая пасмачка валасоў.

— Ну, значыць, выкараскаўся, — узрадавалася яна.— Гэта ж трэба, паўзімы праваляўся.

Зашорхала па драчцы бульба, загрымела перад печчу патэльня, і вось ужо дымяцца ў місцы гарачыя драчонікі з ружовай скарыначкай. Для такога выпадку ста­рая дзесьці раздабыла нават скварку здору. Я яго ўжо сто гадоў, мабыць, не еў.

Сядзіць бабуля побач са мной на краі чарэні і глядзіць мне ў рот.

— Еш, унук, еш. Бачыш, як Грыша ўмінае...

Добрая ўсё ж у нас бабуля, хоць іншы раз і сварыцца, хоць ёй часта і здаецца, што ў нас растуць рогі, што мы нячысцікі і ідалы... А вось сёння ласкавая, спагадлівая. Шкада толькі, што і яна збіраецца паміраць. Пра гэта бабуля часта гаворыць, асабліва, калі мы з Глыж­кам не слухаемся.

— Вось будзеце такімі неслухамі,—пагражае яна,— вазьму і памру. Будзе вам тады воля, хоць галовы паскручвайце.

На печы, на гладкай бярозавай жэрдачцы, побач з цыбуляй вісіць вялікі чорны клунак. Вісіць ён даўно, мабыць, з таго часу як і печ зрабілі. Што ў гэтым клунку, бабуля хваліцца не любіць. Хіба што вельмі назаляць станеш. Тады яна адмахнецца, нібы ад надакучлівай мухі, і скажа:

— Адчапіся, смала. Пасаг мой там вісіць. Як да бога на суд пайду — прыбрацца трэба будзе.

Сама бабуля ўсё жыццё ходзіць у чыіх-небудзь неданосках, а свой пасаг не чапае нават у вялікае свята. Асабіста я лічу, што гэта няправільна, і часта даю па­рады:

— Ды знасі ты, баб. Новае купім.

Калі пры такіх размовах дома былі дарослыя,— бацька, маці або гасцявала цётка Марына — бабуля крадком паглядвала на іх і папракала нас з Глыжкам:

— Вы, унукі, купіце... Ад вас дачакаешся. Выпхнеце потым у рыззі...

Бацька тады браўся за цыгарку, а цётцы Марыне раптам трэба было некуды ісці.

Аднойчы бабуля пераглядала свой клунак, ці не па­ела яго моль, і я падгледзеў, што ў ім было. Там ляжалі чорная сацінавая спадніца, расшытая па падоле вузенькай зялёнай стужкай, белыя брызентавыя спартыўныя тапачкі з гумавай падэшвай, сподняя кашуля з тонкага льнянога палатна, сіняя паркалёвая кофта ў гарошыну і самая прыгожая рэч — гарусавая хустка. Хустка, відаць, і бабулі падабалася больш за ўсё. Пераклаўшы, ператросшы іншую адзежу, яна доўга, асцярожна гладзіла яе на каленях сваімі каравымі, кашчавымі рукамі. Пры гэтым бабуля схіляла галаву то ў адзін бок, то ў другі. Яна не магла налюбавацца.

А хустка сапраўды была прыгожая: уся ў буйных ружовых кветках, рассыпаных па зялёным полі. Сцяблінкі і лісточкі руж былі такія яркія, як траўка вясной.

Калі бабуля крадком накінула хустку на галаву, я не вытырмаў:

— Баб, а ты прыгожая!

Яна сапраўды быццам памаладзела, упалыя шчокі паружавелі, радаснымі іскрынкамі засвяціліся вочы. Пачуўшы мой голас, бабуля чамусьці спалохалася, хуценька сцягнула гаруску з га лавы і няветліва адгукнулася:

— Прыбяры і пень, дык прыгожы стане.

Так і вісіць з той пары чорны клунак побач з цыбуляй.

Сёння бабуля ў добрым настроі. Яна хутка выпаліла ў печы, зачыніла комін, каб дарма не грэць неба, падмяла ў хаце, загнала пад печ курэй, а потым немаведама з якога свята дала нам з Глыжкам па жмені гарбузовых семак. Астатнія зноў кудысьці схавала. Гэта на насенне.

Глыжка не ўмее лузгаць семкі. Ён іх есць з шалупінамі. Вось бабуля і калупае яму старымі чорнымі пазногцямі: абшчыпле беражкі, спрытна расшчэпіць белыя створкі і пакладзе семку на падушку.

— Гусачка,— гаворыць яна.

Семкі сапраўды падобныя на маленькіх гусянятак, зялёненькія, доўгенькія і з дзюбачкай. Глыжка бярэ гэтых гусачак з падушкі і ў рот. Добра, што ў бабулі няма зубоў,— сама ніводнай не з'есць.

Застукалі ў сенцах боты, рыпнулі дзверы, і па хаце пракацілася белае воблачка марознага паветра. Няўмыка паляпаў рукавіцамі, пацёр імі пунсовыя вушы і сказаў:

— Эх і мароз. Пячэ...

— Пячэ,— адгукнулася бабуля, жвава злазячы з печы.— Пячэ, аж з носа цячэ.

У парозе за Няўмыкам таўкуцца два немцы. Яны згорбіліся, пасінелі, у аднаго з іх сапраўды з носа цячэ. Пастукаўшы крыху абцасамі, немцы падышлі да печы і растапырылі рукі перад засланкай.

— Холёд,— сказаў бабулі той, у якога з носа цячэ, калі яна выйшла насустрач.

Бабуля ім растлумачыла, чаму так:

— Гэта ж вам не пятроўка. У пятроўку — голадна, а ў піліпаўку — холадна.

— Ну, хопіць,— груба перабіў яе Няўмыка.

Ён ходзіць па хаце ў добрых валенках, у доўгім дубленым кажуху, на плячы вінтоўка ўгару прыкладам. Пад яго цяжкімі крокамі рыпаюць масніцы.

Поделиться с друзьями: