Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
— Што, нікому не прысьпічыла? — пагардліва ўсьміхнуўся Пухлякоў. — Значыць, кепска працуеш…
Можа, і кепска, падумаў Гаворка. Гэты Пухлякоў, не зважаючы на тое, што быў маладзейшы за Гаворку, заўжды трымаў сябе з ім, нібы начальнік ці чалавек разумнейшы. Хаця ён і быў начальнік, а можа, і разумнейшы, бо шмат гадоў працаваў у райкаме. Колісь ваяваў партызанам, але таксама ў райкаме камсамолу, — сядзеў у лясной глушы і кіраваў антыфашыстоўскай агітацыяй сярод моладзі. Цяпер ордэнаў не насіў, а планак — шырокіх, роўненькіх і стракатых — было ў яго аж да пуза. Сабраў усе юбілейныя, над якімі вісеў на чырвонай калодачцы самы галоўны юбілейны медаль з выявай Леніна, што здалёк выдаваў бы Залатая Зорка Героя.
— А колькі часу? — папытаўся Гаворка.
Пухлякоў, памарудзіўшы, загарнуў рукаў пінжака.
— Без малога дзесяць.
— У адзінаццаць — транзітны з Гомлі. Ужо тады… Гаворка не даказаў думку, але Пухлякоў яго зразумеў і неяк з унутранай рашучасьцю выпрастаў сваю даўгаватую, перахлябістую постаць.
— Дык пайшлі!
Моўчкі і нетаропка яны шкандыбалі да аўтавакзалу, зайшлі па той яго бок — на пляцоўку. Гаворка ведаў, што трэба Пухлякову (тое ж, што і заўжды), і трохі злаваўся. Як ён, Гаворка, два гады шлындаўся бяз працы, жывучы адно на мізэрную пенсію, тады яго Пухлякоў і ня бачыў. А як прыдбаў сталы заробак, тады стаў патрэбны ўсім. Не мінала дня, каб да яго на аўтавакзал, да бункера, не завіталі дватры былыя дружбакі, — то закурыць, то пагаманіць, а то і пазычыць сотню. Ну і, само сабой — выпіць, бо ўсе сядзелі бяз грошай, а ў Гаворкі часам зьбіралася трохі. Каб жа, аднак, то былі ягоныя грошы, ня трэба было іх здаваць у камунгас, ну, канешне, не без таго, каб троху і скрасьці. Але ж ён краў не ў каго канкрэтна, а як бы ў самога сябе, і таму вялікага сораму не адчуваў.
Тым болей, што так рабілі ўсе. Кралі і не па сотні, — па тысячах і мільёнах — і не «зайцоў», а даляраў.
Пухлякоў моўчкі сеў пад сьцяну на лаўку, а Гаворка пашкандыбаў да бункера адамкнуць дзьверы. Ён яшчэ не дайшоў да іх, як на пляцоўку неяк паволі, бы асьцерагаючыся, укаціў чорны, блішчасты мікрааўтобусік накшталт колішняга «рафіка» з жоўтымі, яўна не тутэйшымі нумарамі. Зьдзіўлены Гаворка спыніўся. Тут жа з аўтобусу выбраліся адзін, другі, трэці пасажыры — усе лёгка, па-летняму апранутыя ў сьветлыя камізэлькі з кішэнькамі ды «маланкамі», стрымана штось пагукалі адзін да аднаго. Пагукалі, аднак, па-нямецку, тое адразу зразумеў Гаворка, падумаўшы, што трэба як найхутчэй адчыніць туалет. I ўсё ж ён спазьніўся. Пярэдні — высокі і худы немец з падкасанымі рукавамі сарочкі — зрабіў яму жэст спыніцца, і ён спыніўся.
— Морген, — быццам картавячы, сказаў немец. — Во іст петроль?
— Што?
— Бэнзын, бэнзын, — паправіў яго другі, чорны, з таксама голымі да локцяў, дужа валасатымі рукамі. — Аўто нужэн бэнзын.
— Дык няма тут бензіну…
— Нэма?
Немцы нібы разгублена зірнулі адзін на аднаго, пасьля ўсе ўтаропіліся ў яго.
— Тут аўтастанцыя! — сказаў Гаворка.
Той пажылы, што першым вылез з аўтобусу, падышоў да яго бліжэй.
— Рус партызан? — спытаў ён, азіраючы ягоныя грудзі.
— Не. Салдат.
— О, зольдатэн! — нібы ўзрадаваўся немец. — Іх ест зольдатэн…
Што ж, вельмі магчыма, падумаў Гаворка. Хоць з выгляду немец быў маладзейшы за змэнчанага жыцьцём Гаворку, але, мабыць, колісь ваяваў таксама. Гаворка ўсё чакаў, што яны папытаюцца пра туалет, але другі, чорны, а таксама малады таўстун моўчкі стаялі перад ім… Пасьля малады кінуўся ў аўтобус і выцяг адтуль вялікі чорны апарат — фота ці кіназдымачны — нацэліўся праз яго на Гаворку. Старэйшы немец зважліва пакратаў на ягоных грудзях ордэн Славы.
— Берлін?
— Не, за Варшаву, — здагадаўшыся, адказаў Гаворка.
— Я, я — Варшава, — панятліва паўтарыў немец.
Тым часам таўстун ужо здымаў яго, цікуючы праз апарат, які то ціхенька стракатаў, то спаважна сьціхаў. Мабыць, каб выйшла зручней, немец адскочыў на два крокі ўбок, прысеў на адно калена, беручы зьнізу. Гаворка міжволі разгарнуў плечы, прыўзьняў няголенае падбароддзе. Употай зірнуў на лаўку, дзе сядзеў Пухлякоў, і трошкі сумеўся, згледзеўшы змрочны, быццам незадаволены выгляд прыяцеля. Можа, Гаворка рабіў што ня так?
Можа, і ня так і ня тое. Пакуль здымаўся, кінуў некалькі позіркаў на аўтобус, праз цемнаватыя вокны якога заўважыў некалькі жаночых твараў, што пільна, нават з прыкметным спалохам сачылі за ім. Ці, можа, яму здалося…
Стрымана, напаўголаса мовячы між сабой, немцы зьнялі яго з аднаго боку і з другога, а таксама зусім зблізку ягоныя грудзі з ордэнамі і замусоленымі ордэнскімі плапкамі. За планкі яму стала трохі ніякавата, бо тыя тырчэлі дужа няроўна, ня тое што ў Пухлякова, які зрабіў іх у майстэрні Ваенгандлю — роўненькія, шырокія, дужа спрытныя. Але, мабыць, папраўляць цяпер было позна, немцы зьнялі ўсё, як было. Гаворка хацеў параіць ім зьняць яшчэ і прыяцеля, ды ня ведаў, як было пра тое сказаць, а гэты сыч Пухлякоў са змрочным выглядам працягваў нязрушна сядзець воддаль на лаўцы.
— Во пэтроль? Бэнзын? — зноў папытаўся чорны.
— Бензін? Дык на запраўцы. Гэта як выедзеце на вуліцу, пасьля налева, і ля царквы направа паваротка будзе, — ахвотна патлумачыў Гаворка. Здаецца, яго зразумелі, бо не пыталіся болей.
Як малады ўладкаваў у скураны куфар свой апарат, чорны падаў Гаворку руку, па-прыяцельску моцна сьцяўшы ягоную. Дужы, сабака, — паморшчыў зашчаціпены твар Гаворка. «Аўфідэрзэе, аўфідэрзэе, до сьвіданя», — прагергеталі немцы, ківаючы галовамі. А той першы, што назваўся салдатам, раптам выцяг з задняй кішэні свой кашалёк і, пакорпаўшыся ў ім, працягнуў яму паперку.
— Што гэта?
— Цванцык дойчмарк, — важна мовіў немец. — Прэзэнт!
Гаворка нерашуча ўзяў. Мабыць, сапраўды то было аж дваццаць нямецкіх марак. Але завошта? Ці трэба было даваць? Ды і браць таксама?..
Ён аж захваляваўся і нейкі час стаяў так, з паперкаю ў руках, пазіраючы, як немцы залазяць у аўтобус. Нехта адтуль яшчэ памахаў яму, ды Гаворка не адказаў — пачуваўся амаль ашаломленым. Гэткім ён і падышоў да Пухлякова, як аўтобусік выкаціў на вуліцу.
— Ну што — зьняўся, артыст? — няласкава сустрэў яго прыяцель. I за колькі прадаўся?
— Ды во, — разгублена сказаў Гаворка, паказваючы паперку, якую ўсё трымаў у руках. Сьпярша думаў схаваць яе, але зразумеў, што ня ўдасца — гэты ўсё бачыў.
— Дваццаць марак… Ладна, — падабрэў з паголенага твару Пухлякоў. — Пайшлі.
— Але ж — туалет…
— Ды плюнь ты на туалет, — абарваў яго прыяцель. — Замкнуў і ладна…
Яны пайшлі з пляцоўкі да вуліцы. Гаворку ўсё даймала хваляваньне — мусіць жа, дваццаць марак — ня дваццаць «зайцоў». То немалыя грошы. Немалых грошай Гаворка ня меў піколі, дзённы збор «за карыстаньне» рэдка калі перавышаў сотшо тысячаў — на пару бутэлек гарэлкі. Ды і тыя трэба было здаць у райкамгас, ну там трохі скраўшы для свае патрэбы. А тут дваццаць марак! Колькі гэта будзе «зайцоў», Гаворка ня ведаў. Кошты валюты кожны тыдзень расьлі, але зборшчык за карыстаньне мала цікавіўся валютай, якой яму яшчэ не плацілі. Можа, цяпер пачнуць…
— А дзе мяняць будзеш? — спытаў Пухлякоў. — Ня ў банк жа ісьці.
— Ня ведаго…
— Можна б да Ашота. Але там народу…
Вядома, Ашот мог усё, гэта быў прызнаны ў пасёлку дзялок. Але сапраўды ў Ашота цяпер, як, зрэшты, і заўжды, тоўпіліся півасосы. На іхніх вачах рабіць такую справу, мабыць, было б нягожа, пагадзіўся ў думках Гаворка.
— А зойдзем у буфет, — прапанаваў Пухлякоў.
Яны вярнуліся да аўтавакзалу, ад якога недалёка адышліся, і завіталі ў буфет. Тут дзьве жанчыны чакалі каля прылаўку, пакуль Валя-малая з дужа напарфумленым і надта суровым тварам нешта важыла ім у рудым кульку; доўгая стрэлка вагаў усе не хацела спыняцца на патрэбнай лічбе. Ветэраны чакалі. Мяняць валюту належала таемна, каб ніхто ня бачыў, інакш давялося б цягнуцца ў міліцыю ці — у лепшым выпадку — у банк, прад’яўляць пашпарт, запісваць адрас і прозьвішча. Мабыць, таго не падабаў Пухлякоў, Гаворку ж было ўсё роўна. Ён дагэтуль ня мог стрымаць нечаканага ўзрушэньня.