ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Панятна, — сказаў сакратар. — А каго прапануеш?

— Ну, хто маладзейшы, дужэйшы. Вунь таварыш Кляшчоў, напрыклад. А што — здаровы, як бык.

Зрабілася дужа ціха, і ў той цішыні пачуўся зьвяглівы сабачы брэх, што даносіўся з другога канца вёскі.

— Цікава — Кляшчоў! А хто будзе інвентар да пасяўной рыхтаваць? Ды вываз рудстойкі. Вунь адных саней поўны двор перад кузьняй, — крыўдліва сказаў каваль.

Памочнік управіцца. Малады хлопец за зіму можа ўвесь калгас перакаваць, — стаяў на сваім Петрачкоў.

— Малады, а што ён умее? Малатком махаць? Каня не падкуе.

Анішчык сядзеў і думаў. Вядома, без каваля ў калгасе не абысьціся, тым болей зімой. Будзе няўпраўка з інвентаром — западуць усе іншыя справы. Клешч увогуле каваль умелы, замяніць яго няма кім.

— Во як! Сапраўды задачка! — бедаваў брыгадзір. ~ А можа, пакуль адкладзем. Хаця б на тыдзень. Каб з лёнам управіцца.

— I сані. Галоўнае — сані абладзіць, — дадаў каваль.

— Не. Трэба, каб заўтра зьявіўся. Гэтак загадана, — схлусіў Анішчык.

— Але і я не магу, — заклапочана сказаў брыгадзір. — Па-першае, на мне апрацоўка лёну. Бабы без мяне не ўправяцца, чым план будзе выконваць? А па-другое…

— А што па-другое? — спытаў і насьцярожыўся Анішчык.

— Ды баба ў мяне… Хворая.

— Ага, табе нельга, — падтрымаў суседа каваль. Анішчык толькі павёў у іхні бок позіркам, прыпамятаўшы, што брыгадзір з кавалём — радня, жаніліся з роднымі сёстрамі і заўжды падтрымлівалі адзін аднаго. Але што ж тады застаецца? Ён заклапочана думаў, узваліўшыся грудзямі на стол. У маўклівай засяроджанасьці курылі цыгарку за цыгаркай астатнія. Але во, шпурлянуўшы недакурак у парог, брыгадзір сказаў:

— А можа, дарма мы гэта? Калі трэба пасадзіць, хай самі садзяць.

Раптам з лавы пачаў Петрачкоў, відаць было, штосьці яго ўзрушыла.

— А я во што скажу, таварышы парцейцы. Калі ворганы патрабуюць, дык трэба падабраць добрую кандыдатуру. Во быў Янкоўскі, якога пасадзілі. А хто ягоны намесьнік? Сакратар у яго намесьнік, значыцца, ён лепей за ўсіх адпавядае. Правільна я кажу, таварышы? — сказаў ён, зьвяртаючыся да ўсіх адразу.

— А во і няправільна! — не стрымаўся Анішчык. — Што ж ты прапануеш — зусім агаліць сельсавет? I праваліць усе партыйна-савецкія кампаніі? Хто тады будзе адказваць?

Пытаньне аб адказнасьці заўжды было дарэчы, звычайна яно і ратавала ў пэўныя моманты. Петрачкоў спрабаваў запярэчыць, але закашляўся, нешта загаманіў ды змоўчаў. Анішчык адчуў, што ўласныя довады неабвержныя — актыўную партыйнасьць Петрачкова заўжды трэба было нейтралізаваць яшчэ большай партыйнай актыўнасьцю. Сапраўды, як можна — няма старшыні, дык пасылаць пад арышт сакратара? Нават калі загадваюць органы?

— Ворагі народа адкажуць, — не адразу і злосна сказаў Петрачкоў.

— На ворагаў ты не ківай, — усё спрабаваў асадзіць яго Анішчык.

— А ты іх зашчышчаеш? Таму што… Хто табе рэкамендацыю ў партыю даваў? Не Янкоўскі?

— Ну Янкоўскі, дык што?

— А то! — выгукнуў, бы забіў цьвік, Петрачкоў.

Але гэта было ўжо занадта, пачаў хвалявацца Анішчык. Гэта было ўжо падобна да звады. Год таму Петрачкова хацелі вылучыць на сакратара партячэйкі, але Янкоўскі вылучыў Анішчыка, і стары бальшавік затаіў крыўду. Таму ён і насядае з боку Янкоўскага. Але, калі разабрацца, дык і правільна: Анішчык быў правай рукой Янкоўскага і да апошняга часу ганарыўся тым. А цяпер во як бы не давялося апраўдвацца.

Са свайго месца ўстаў брыгадзір, кіруючы да дзьвярэй, і партыйцы насьцярожана павярнулі да яго галовы.

— Ты куды? — спытаў сакратар.

— Не ўцяку, ня бойцеся. Вады папіць…

I праўда, напіўшыся ў сенях, ён хутка вярнуўся на сваё месца і запытаўся:

— Сакратар, а што, абавязкова трэба партыйца? А калі проста талковага чалавека? Хаця і беспартыйнага?

— Ну, хіба талковага, — нерашуча сказаў Анішчык.

— А нягож! А то куды ні кінь, усюды нашага брата, члена партыі. На ўсё ці набярэшся?

— Не раўнуючы, як затычку да кожнай бочкі, — падтрымаў суседа каваль.

— А што ж — партыя авангард — жвава абвясьціў Петрачкоў. — А ў авангардзе авангарда хто? ЧК! Трэба панімаць…

Усе ненадоўга змоўклі, і брыгадзір пачаў тлумачыць нядаўна знойдзеную думку:

— Во я і кажу. НКВД павінны нас зразумець. Ячэйка малая, аслабленая. Нельга ж яе секчы пад корань. I так падсеклі. А тут і яшчэ. Трэба пагаварыць, сакратар, каб беспартыйнага.

— Як пагаворыш — часу не засталося. Быў бы тэлефон, а то тэлефонную сувязь абяцаюць толькі ў трэцяй пяцігодцы. Доўга чакаць.

Ён яшчэ падумаў і стомленым, амаль пакутлівым голасам запытаўся:

— А калі беспартыйнага, дык каго?

— Трэба падумаць, — ажывеў брыгадзір. Мабыць, гэткі варыянт сапраўды быў яму даспадобы.

— Толькі каб нармальнага чалавека. Не забулдыгу якога. Забулдыгі і там не патрэбныя.

— Ну ведама ж, не забулдыгу. Працавітага і няп’юшчага. Што ў нас гэткіх няма, ці што, — узрадавана загаварыў каваль. — Во ўзяць Міхасёва…

— Міхасёва? Івана Аляксеевіча?

— Ну.

— Ня пойдзе, — падумаўшы сказаў Анішчык. — Міхасёў ня пойдзе.

— Чаму?

— Ня ведаеш чаму? Радня Аляксандравічу.

Каваль вінавата плюнуў пад ногі.

— Я забыў. З галавы выскачыла. Ага, з начальствам лепей ня зьвязвацца. Тады Сямёна Карытнага. А што — неблагі мужык.

— Гэта — што пчолы, ага?

— Ага. Пчаляр.

Але тут, павярнуўшыся да каваля, нязгодна загаманіў брыгадзір:

— А пчолкі як жа? Хай прападаюць? I на лекі лыжку мёду ня будзе ў каго дастаць. Калі там дзіця захварэе, што, у аптэку ехаць? Падводу нараджаць?

Ну во, родзічы і не пагадзіліся, адзначыў у думках сакратар. Хаця, напэўна, і Карытны — не кандыдатура. Мужык ён някепскі, але — пчолы. Пяць калодаў на ўвесь калгас. Калі ў каго якая патрэба, беглі да Карытнага, і той памагаў. Прадаваў, пазычаў, проста даваў — каму як. Мёду ў яго трохі было.

У той час хтосьці далікатна застукаў у сенцах, і ў сельсавет увайшоў прыпазьнелы настаўнік. Ён з усімі павітаўся за руку, пачынаючы з Петрачкова, вінавата прамовіў:

— Спазьніўся. Прабачце… Затрымаўся.

Поделиться с друзьями: