Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Начальнік Дзьвярной, стоячы за сталом, размаўляў па тэлефопе. Ён быў у новай вайсковай гімнасьцёрцы, з партупеяй цераз плячо і наганам на баку. Побач на сьцяне вісеў ягоны шынель з двума кубікамі ў шырокіх сініх пятліцах, — значыцца, чэкістам выдалі форму, падумаў Анішчык. Ён нядоўга пастаяў ля дзьвярэй, услухоўваючыся ў тэлефонную размову, але зразумець нічога ня мог. Дзьвярной толькі скупа паўтараў «Да, да… Іменна так. Сёньня ж адпраўляю. Будзе ісполнена». Нарэшце, паклаўшы трубку, угледзеўся ў Анішчыка адразу пасуровелым позіркам.
— Што?
— Ды вось, таварыш началыйк, вы гаварылі на нарадзе, дык я прывёў…
— Каго? Сябе?
— Не. Злотніка.
— Дзе ён?
— Тут. Паклікаць?
Стоячы за сталом у хцівай, драпежнай паставе, Дзьвярной маўчаў, і Анішчык расчыніў дзьверы, у якія няўклюдна ўлез са сваім хатулём спакутаваны, апрануты ў стары лапсярдак Злотнік.
— Фамілія? — гаркнуў Дзьвярной.
— Злотнік, я ж кажу, — мякка адказаў за яго Анішчык.
— Яўрэй?
— Так. Але… — пачаў Анішчык і адразу сумеўся, згледзеўшы, як набрынялы твар начальніка пачаў налівацца бурачнаю чырваньню.
— I гэта ўсё? Ты што, нас дурачыш? Ці хочаш адкупіцца? Пакрыць шпіёнаў? Дыверсантаў? Шкоднікаў? Ня выйдзе…
Дзьвярной гучна і мацерна вылаяўся.
— Кулькоў! — крыкнуў ён у суседні кабінет, дзе сядзеў нябачны адсюль Кулькоў. — Выклікай канвой і рэгіструй!..
— Каторага? — прагучала з-за прыадчыненых дзьвярэй.
— Абодвух!
— Па якой стацьці?
Начальнік нядоўга падумаў.
— Аднаго як трацкіста…
— А другога?
— Другі — нацдэм! I антысеміт. Усё! — рашуча аб’явіў начальнік зьнямеламу Анішчыку, які гэтак нечакана сам стаў арыштантам і разгублена вымавіў:
— Як?..
— Не паняў? Там поймеш. Час будзе…
У суседнім кабінеце іх запісалі ў тоўстую бухгалтарскую кнігу. Той жа Кулькоў і яшчэ адзін — доўгі худы чэкіст, які за ўвесь час ня вымавіў ніводнага слова, — змусілі іх выкласьці ўсё з кішэняў. У Злотніка ў кішэнях нічога, апроч дзірак, не знайшлося. Анішчык жа паклаў на стол свій новенькі, ашчадна абгорнуты ў газетку партыйны білет, блакнот з алавіком, паўпачкі махоркі. У карабку заставаліся дзьве запалкі, і тыя адабралі. Ён ужо мала разумеў з таго, што з імі адбывалася, усё навакол бачыў расплывіста, у тумане. Быццам тое адбывалася ня з ім. Увесь час круцілася думка, што трэба да кагосьці зьвярнуцца, нешта сказаць, але ён ня мог даўмецца, да каго. Ім усё болей авалодвала пачуцьцё чагосьці незразумелага, нейкай душэўнай прамашкі, зробленай незнарок, па дурноце, якая вось-вось будзе зразумета і папраўлена. Пасьля таго, як… Але тое «як» заставалася невыразным, няўлоўным у яго сьвядомасьці. Анішчык усё глыбей падаў у страхавіты правал і, быццам аглушаны, не чуў і ня бачыў нічога навокал. Злотнік жа наадварот — нічым не зьмяніўся ў паводзінах, здаваўся нават спакойны і амаль не рэагаваў на тое, што з імі рабілі. Мабыць, ён ужо рэагаваў раней — учора ці ранкам, і цяпер ставіўся да таго, як да звычайнага, непазьбежнага, што іх напаткала і павінна было напаткаць.
Пасьля таго, як працэдура рэгістрацыі была скончана, высокі худы чэкіст выняў з шуфляды стала кароткі нож і узяўся зразаць чырвоныя пятліцы з Анішчыкавага шыняля. Але нож быў тупы, а суровыя ніткі, якімі Анішчык колісь прышыў пятліцы, трымалі моцна, і чэкіст нарэшце з трэскам паадрываў іх ад каўняра. Анішчык ледзьве стрываў, каб не заплакаць, выразна адчуваючы, што з пятліцамі назаўжды адразаецца і яго мінулае. Ён не сакратар болей. Не бальшавік. А можа, і не чалавек нават.
Чакаючы канвою, які чамусьці доўга не ішоў, яны сядзелі адзін ля аднаго ў канцы калідора. Злотнікаў хатулёк з харчамі яму пакінулі і, пасядзеўшы, ён разьвязаў яго, дастаў абкрышаны акрайчык хлеба, вялікую цыбуліну. Анішчык зьдзіўлена паглядзеў на сябра па няшчасьці, нечакана ўбачыўшы ў ім жывога трацкіста.
— Што гараваць, таварыш сакратар? Паямо трохі…
— Еш, я не хачу, — буркнуў Анішчык.
Ён сапраўды нічога не хацеў. Здаецца, не хацеў і жыць.
— Во хлеб. Двойра апошні аддала. Яна добрая…
— Праўда? — думаючы пра іншае, перапытаў Анішчык.
— Добрая, ага. Заплакала, як пайшоў… Кепска, дроў няма.
— Што — дроў?
Анішчык упершыню за гэты дзень успомніў пра маці, якая на мінулым тыдні таксама скардзілася, што няма дроў, і яму зрабілася дужа паныла. А ён нават не забег перад ад’ездам. Каб жа ведаў…
Але што чалавек можа ведаць?
Яны доўга яшчэ сядзелі ў канцы калідора — адзін у шэрым, без пятліц шынялі, другі ў чорным, паедзеным мольлю лапсярдаку, і іх пагорбленыя постаці ў восеньскім сутоньні рабіліся ўсё болей падобныя адна да адной…
Як і заўсёды ўвечары, Аўдоцьця выйшла ў хлявок па дровы і, вяртаючыся, убачыла ў варотах каня з фурманкай. Пярэдняе кола фурманкі зачапілася на павароце за слупок агароджы, і фурманка спынілася. Аўдоцьці здалося дзіўным, што у ёй нікога не было. Аднёсшы дровы, яна вярнулася на двор — конь нецярпліва затупаў нагамі, і жанчына пра ўсё здагадалася.
— Ну во — ад’езьдзіўся, — прабурчэла яна і, завёўшы фурманку ў двор, узялася распрагаць каня.
Дваццаць марак
Зранку на пасадачнай пляцоўцы за аўтавакзалам было ціха і пуста. Негарачае травеньскае сонца выкацілася з-за недалёкіх дахаў пяціпавярховак, але даўно ня мецены, пашчэрблены ад старасьці асфальт ляжаў яшчэ ў касабокім цені ад прыземістага сілікатнага будынка вакзала ды дзьвюх сукаватых таполяў на ягоным рагу. Заглыблены ў зямлю «бліндаж» вакзальнай прыбіральні на тым баку пляцоўкі яшчэ быў зачынены з начы — першы аўтобусны рэйс значыўся ў раскладзе а восьмай гадзіне раніцы. То быў аўтобус з абласнога цэнтру, тут ён спыняўся на дваццаць хвілінаў перад тым, як рушыць далей, і тое прычыняла першы на дні клопат Лявону Гаворку. За чвэрць гадзіны да восьмай Гаворка спускаўся па бетонных прыступках да зялёных дзьвярэй з вялікімі чорнымі літарамі, М і Ж, здымаў з прабоя стары, паіржавелы замок. Унутр Гаворка не заходзіў, то быў не яго абавязак — бункер па сумяшчальніцтве прыбірала тоўстая Валя, прыбіральшчыца аўтавакзалу. Гаворка ж ад новага года зьбіраў плату «за карыстаньне», як гэта рабілі цяпер у гарадах. Тое, што тутэйшы аўтавакзал абслугоўваў ня горад, а пасёлак гарадскога тыпу, справы не мяняла. Грошы патрэбны былі ўсім — гарадам і пасёлкам, вялікім і малым, і нават прыстаўленаму для таго «зборшчыку за карыстаньне», ветэрану ВАВ Лявону Гаворку.
Гадзіньніка Гаворка ня меў — хтось скраў на Вялікадня, як ён, трохі перабраўшы, задрамаў ля тутэйшай піўной з дзіўнаватай назвай «Эксклюзіў», прыватызаванай прыезджым гандляром Ашотам. Цяпер час ён вызначаў па тым, як запальвалася лямпачка у падсобцы буфета — буфетчыца Валя-малая заўсягды прыходзіла перад рэйсам абласнога і адчыняла сваю ўстанову. Неўзабаве і Ганорка меўся заняць сваю пазіцыю перад прыступкамі ў туалет. Пакуль што ў закратаваным акенцы падсобкі было змрочна, значыць, Гаворка меў час. Каб марна не тырчэць пры бліндажы, ён адышоўся воддаль і сеў на лаўку пад прахалоднай з начы сьцяной аўтавакзалу. Як заўжды ўранку, хацелася курыць, але закурыць не было чаго — учора дакурыў апошнюю «прыму» і выкінуў пачак. Няблага было б таксама паправіць галоўку, у якой штосьці хістка віхляла з боку ў бок, хоць учора і выпіў, здаецца, няшмат — шмат выпіць Гаворка ўжо асьцерагаўся. Грамаў сто пяцьдзесят з Дземідзёнкам, якому быў вінаваты за пачастунак на тым тыдні. Пасьля, праўда, яшчэ дадалі пару бутэлек піва. Але пачуваўся ўчора няблага, нават пастаяў у чарзе па білет для старой Мачуліхі з Падбярэзьзя. Тая ўжо так састарэла, што не магла доўга стаяць.
Валі-малой усё не было ў падсобцы — заспала ці што? Але калі і прыйдзе, ці дасьць бяз грошай пачак «Прымы», — купіць цыгарэтаў Гаворка ня меў за што. Учора ўвесь ягоны «збор за карыстаньне» выграб старэйшы Вакулёнак, нахабны дэсантнік, афганец і рэкецір, як яго клікалі ў мястэчку гарадскога тыпу. Надвячоркам Гаворка сядзеў з мужыкамі на гэтай во лаўцы, як падышоў Вакулёнак з сваёй кампаніяй ды прычапіўся: аддавай доўг! Быццам у нядзелю пазычыў у яго ў «Эксклюзіве» чатырыста тысяч. Гаворка напружыў памяць: так, быў у піўной, пілі піва, ды каб у каго што пазычаць — таго не памятаў. Можа, памяць стала ня тая, што была некалі. Каб адчапіцца ад нахабніка, аддаў, што было ў кішэні, што назьбіраў з трох аўтобусаў, і застаўся без капейчыны. Але з Вакулёнкам лепей было ня зьвязвацца. Апроч Афгану, той пасьпеў наведаць калонію і мог пырануць нажом, асабліва калі залье вочы гарэлкай. Гаворка памацаў дзіравыя кішэні зашмальцаванага вайсковага кіцеля, у картовых штанах была пакамячаная кніжачка квітанцыяў — і ўсё. Тады зьняў з лысаватай галавы вайсковую з цьвёрдым казырком шапку, ды й там пад дранай падкладкаю не знайшлося нічога — ні «зайца», ні абкурка. Што ж, прыйдзецца пачакаць, думаў Гаворка, тым болей, што ўвогуле чакаць засталося няшмат. Калі толькі абласны ня спозьніцца, як учора — аж на сорак хвілін. Казалі, не было бензіну. Цяпер у гэтых аўтобусьнікаў часьцяком не хапае то бензіну, то саляркі, то яшчэ якое халеры. Усе праблемы ад недахопу. Зрэшты, як і ўсюды.
Гаворка азіраў пляцоўку, чакаў, можа, хто прыйдзе ці хоць бы пройдзе паблізу. Ды як на злосьць, нідзе не было нікога. Адно зводдаль на падворку за вакзалам, відаць было, сядзела пад плотам бабуля з унучкай, мабыць, таксама чакала аўтобус. Але да жанчынаў з якімі патрэбамі Гаворка ня меў звычаю зьвяртацца, хіба каб папіць вады, калі сасьмягне. I калі дадуць. А могуць і ня даць, не зважаючы на яго заслужаны ветэранскі выгляд — у вайсковым кіцелі, з ордэнскімі планкамі на грудзях. Менавіта дзеля людской павагі Гаворка нядаўна начапіў яшчэ і два свае ордэны — Чырвонай Зоркі на правы бок грудзей і ордэн Славы трэцяй ступені — на левы. Так было прыгажэй. Некаторыя казалі, што планкі з ордэнамі ня носяць, але хай, думаў Гаворка. Чужыя ці што? Ці скрадзеныя? На вайне заробленыя потам ды крывёю, запісаныя ў дакументах — чаму не насіць?