Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Але, мусіць, і праўда — іншага не заставалася, як запрасіць Злотніка. Калі пайсьці ўсёй ячэйкай, можа, распавесьці пра прыклад Янкоўскага, з павагі да якога Злотнік ня можа адмовіцца. Што ён лепшы за старога бальшавіка, нядаўняга старшыню сельсавета? Вядома, гэта нядобра, што ў такой сітуацыі члены партыі змушаны прасіць беспартыйнага яўрэя, але што рабіць? Ня першы і, вельмі магчыма, не апошні раз. Такое жыцьцё і такая палітыка.
— Так! Пайшлі…
Рашуча ўстаўшы з-за стала, Анішчык надзеў вайсковую, з цвёрдым казырком фуражку. Лёгка ўскочыў з лавы каваль, падняўся брыгадзір. Але настаўнік заступіў ім шлях да дзьвярэй.
— Усё ж растлумачце, куды Злотніка?
— Не ў пачальнікі, супакойся, — раздражнёна сказаў Анішчык, ступаючы цераз парог.
Чарадой, адзін за адным яны кіравалі па вёсцы, прыціскаючыся да платоў, каб ня трапіць у частыя тут лужыны. На вуліцы было цёмна, цемрай навісла захмаранае неба. Толькі ў некаторых хатах цьмяна сьвяціліся вокны. Газа была ў дэфіцыце, людзі яе ашчаджалі, увечары раней клаліся спаць. Хіба школьнікам давалі пасядзець даўжэй, падрыхтаваць урокі — на чытаньне кніжак ужо не ставала часу. Праз гэты недахоп газы ў Анішчыка калісьці засталася недачытанай цікавая кніжка «Айвенга». Колькі пасьля ні шукаў, нідзе ня мог знайсьці — ні ў палкавой бібліятэцы, ні ў Доме сацкультуры. Так і засталося быццам бы няскончанае дзяцінства. Зрэшты, а ў каго яно добра скончылася?
Жыцьцё ўвесь час закручвалася ў нейкія колы-петлі, пачварна блытала складаныя камбінацыі адносінаў, часыдей за ўсё нядобрых, варожых. Во і да гэтага Злотніка ён ішоў ня першы раз. У дзяцінстве, калі Злотнікі жылі ў мястэчку, маці прыводзіла яго да швачкі Двойры, якая ў тутэйшых мясьцінах абшывала людзей. Яму тады шылі пінжачок з саматканай ваўнянкі. За працу, памятае, маці аддала швачцы два рублі грашыма і два дзясяткі яек. Той пінжачок ён насіў да апошняга сёмага класа, пасьля якога вучыцца ўжо не давялося. Быццам нядаўна было тое, і во ён зноў ідзе да Злотнікаў, але ўжо зусім па іншай справе. Усё ж, калі падумаць, па агіднай, нялюдскай справе…
Можа, упершыню ў яго затлумленай за дзень галаве быццам праясьнілася нешта, быццам з пахмелкі, ён зразумеў, выразна і пранізьліва, штосьці жахлівае. Але хутка адчуваньне таго і зьнікла — можа, па ўласнай волі, а можа, сагнанае нечаканым вокрыкам брыгадзіра:
— Тут правей, правей трымайцеся — лужына!
Хапаючыся рукамі за калы ў плоце, яны сьледам за брыгадзірам абмінулі ў цемрадзі лужыну; хутка трэба было паварочваць у неабгароджаны падворак бабыля Рудака. Тут Анішчыка дагнаў настаўнік, які, напэўна, пра штосьці дазнаўся ад Петрачкова. Стары бальшавік, вядома, з імі не пайшоў.
— Сакратар, дарма вы гэта, — гукнуў настаўнік.
— Што — дарма?
— Удумалі ўсё гэта. Пашкадуеце.
Ціха прамовіўшы тое, настаўнік адразу адстаў, а яны ўтрох зайшлі ў пусты двор. Два вокны ад вуліцы яшчэ слаба адсьвечвалі чырвоным водсьветам газьнічкі, чуўся прыглушаны пошчак машынкі. Няўпэўнена ўвайшлі ў цёмныя сені. Анішчык не адразу намацаў дзьверы, адчыніўшы якія, сьпярша ня ведаў, куды ступіць, бо амаль нічога ня бачыў у прыцемках хаты. За ім асьцярожна пералезьлі парог ягоныя партыйцы.
— Ой, ой! Хаім! — крыкнула жанчына, устаючы ад машынкі. Гэта была Двойра, Анішчык яе пазнаў, хаця даўно ўжо ня бачыў. Але Двойра, здаецца, мала зьмянілася за той час, па-ранейшаму застаючыся жвавай і мажнай жанчынай. — Хаім, да нас дарагія госьці!..
Яны стрымана павіталіся, трохі прайшлі наперад. Усе куткі, услоны і лаўкі тут былі заняты пад ложкі. Швачка рухава схавалася ў запеччы, было чуваць — будзіла соннага мужа.
— Хаім, Хаім, уставай!..
Нарэшце з прыцемку вынік гаспадар — з ускалмачанай кудлатай галавой, заспаны Злотнік. Хістаючыся, бы п’яны, ён няўпэўнена паўстаў перад партыйцамі ў расшпіленых на грудзях шматлікіх апратках.
— Выбачайце, што пабудзілі, — ветліва пачаў Анішчык. — Мы да вас па справе.
— Ну ведама ж, па справе. Нашто хадзіць бяз справы, — сонна прамармытаў Злотнік. — Дык, можа, сядзеце, таварышы? Толькі куды сесьці? А ну, Броха, Голда, кыш адсюль, — таварышы сядуць.
Дзьве дзяўчынкі, што трывожліва ўзіраліся ў іх з паўзмроку, разам ускочылі з палацяў і пабеглі ў запечча, можа, на цёплае бацькава месца. Анішчык з брыгадзірам асьцярожна прыселі на краёк услона. Каваль апусьціўся ля парога і адразу пачаў ладзіць закурку. Ляніва шкрэбаючы па грудзях, гаспадар стаяў насупроць — босы на сьцюдзёнай падлозе — і чакаў.
— Дык мы па справе, — паўтарыў сакратар. — Напэўна, вы ведаеце, што нядаўна арыштаваны таварыш Янкоўскі…
— Ай, ай, таварыш Янкоўскі, — зноў прамармытаў Злотнік, і было незразумела, ці ён ведаў пра тое раней, ці дазнаўся толькі цяпер.
— Вы ведаеце, таварыш Янкоўскі нас уратаваў, — з-за плячэй мужа ахвотна паведаміла Двойра. — Мы за яго будзем Бога маліць, дай Бог яму здароўя.
— Ладна, жонка, хай скажуць таварышы, — мякка перапыніў яе муж.
Анішчык тым часам асвойваўся ў паўзмроку жытла, стаў бачыць звыклыя прадметы быту — састарэлае начыньне ў парозе, катлы на чалесьніку, розныя транты, разьвешаныя на шастках ля печы. З кутка, ад печы і з ложка ў парозе — адусюль на гасьцей пазіралі дзіцячыя вочы. Колькі ж іх? — круцілася ў сакратаровай галаве пытаньне, але ён сказаў пра іншае:
— Дык вось, мы цябе хочам прызначыць…
— Куды?
— Ну. туды… Дзе Янкоўскі.
Злотнік з увагай выслухаў сакратара, пераступіў з нагі на нагу.
— Гэта пад арышт?
— Ну.
Відаць па ўсім, прапанова здалася Злотніку надта нечаканай, — зьбянтэжаны, той стаяў пасярод хаты, ня ведаючы, што сказаць. Двойра ззаду таксама маўчала. Чакаючы адказу, напружана сьціхлі тры партыйцы, толькі дзіцячыя вочы з куткоў цікаўна сачылі за тым, што адбываецца ў хаце.
— Часова, канешне, — пасьля паўзы дадаў сакратар. — Органы разьбяруцца і выпусьцяць. Ты ж ня вораг?
— Не, не, я ня вораг! Я, ці ведаеце, бедны яўрэй. Пажар панішчыў усё. Во людзі машыну выхапілі, а то б… Машына, ці ведаеце, жалезная…
Ён яўна пазьбягаў адказу. Анішчык адчуў тое. Тое ж, напэўна, зразумела і Двойра, якая выйшла наперад і заступіла мужа.
— Ведаеце, ён зусім пралетарскі чалавек. I бацька яго быў пралетар, на гарбарным заводзе рабіў. Ніколі не наймалі нікога, усё самі…
— Тым больш няма чаго хвалявацца. Ніхто яго не засудзіць…
— Цяпер такі час, — сказаў брыгадзір. — Усе будзем там. Хто раней, хто пазьней. Такая палітыка.
— I гэта… Раней сядзеш — раней выйдзеш, няма чаго бедаваць, — уставіў каваль. — Горш ня будзе, чым тут.
Відаць было, што Злотнік пакутліва разважаў, як паставіцца да просьбы партыйцаў, тым болей, што іхняя просьба мела адносіны да Янкоўскага. Ахоплены турботай, ён ступіў да парога, затым назад, азірнуўся на Двойру, быццам шукаў у яе адказу. Дымлівы агеньчык газьнічкі трывожна хістаўся, кідаючы на столь ягоны зламаны цень.
— Дык ня ведаю, ня ведаю…
З прыцемак запечча зноў выступіла Двойра ў шырокім сьветлым фартуху наперадзе.