ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Анішчык нічога не сказаў, астатнія, зацятыя ва ўласным клопаце, таксама маўчалі. Мабыць, адчуўшы напружаньне, настаўнік моўчкі сеў ля каваля.

— Во настаўнік самы здатны, — пасьля сказаў Петрачкоў. — Малады, граматны…

— Тожа ярунду скажаш, — зірнуў у столь брыгадзір. — А хто дзяцей вучыць будзе?

Гэта зразумела, падумаў Апішчык. У брыгадзіра чацьвёра вучацца ў школе, калі яе зачыняць, хто іх будзе вучыць?

— Настаўнікаў хапае. Прышлюць іншага.

— Дзе ж хапае? Дзе хапае? — загаманіў брыгадзір. — На чатыры класы адзін настаўнік — гэта правільна?

— Было два. Ня трэба было Апрышкінай лезці ў палітыку, — махнуў рукой Петрачкоў.

— Яна і ня лезла.

— Лезла, ня лезла — ня наша справа. Мы цяпер пра іншае, — сказаў Анішчык.

Настаўнік круціў галавой ад аднаго да другога, намагаючыся зразумець сутнасьць спрэчкі, але, мабыць, тое было няпроста. Надта незвычайным выдаўся прадмет спрэчкі, каб яго можна было адразу сьцяміць.

— Пра што гаворка, таварышы?

Яму ніхто не адказаў, нібыта размова ішла пра штосьці саромнае або таемнае. Анішчык міжволі перакладваў на стале злашчасную трубку з подпісамі. Ён нічога з гэтай размовы не запісваў, думаў, што наўрад ці варта ў такім выпадку запісваць. Партыйцы, мяркуючы па ўсім, яго разумелі, і нават вялікі фармаліст Петрачкоў не пярэчыў. Ды во размову пачало хіліць кудысьці ўбок ад галоўнай праблемы, трэба было яе скіраваць у патрэбнае рэчышча. Але сёньня сакратар баяўся перагнуць і тым самым сапсаваць усю справу, асабліва ў прысутнасьці маўклівага настаўніка.

Гэта быў яшчэ малады чалавек, які прыехаў улетку з горада і першы год працаваў у школе. На пачатку восені ў школе іх было два, але настаўніцу Ганну Іванаўну рэпрэсавалі за пацдэмаўшчыну, і настаўнік застаўся адзін. Мабыць, не зразумеўшы, у чым справа, ён кінуўся яе абараняць, нават езьдзіў у Менск, пакуль сам ня трапіў у пастку. Анішчык атрымаў указаньне выключыць яго з кандыдатаў, але пасьля выключэньне замянілі на строгую вымову. Настаўнік прыціх, зьніякавеў неяк, перастаў выступаць на сходах і ўвогуле паводзіў сябе палахліва. Анішчык думаў, што яго павінны арыштаваць, але ў райкаме сказалі, што ў таго нейкая падтрымка з наркамата асьветы, і сакратар перастаў разумець, як да таго належыць ставіцца.

— Выбіраем ворага народа, — нарэшце адказаў настаўніку Петрачкоў.

— Як — ворага народа?

Зьдзіўленае пытаньне настаўніка засталося без адказу, не схацеў нічога тлумачыць і Анішчык. Ён ужо разумеў, што для арышту настаўнік не падыдзе, бо, калі ўжо пабыў у руках ворганаў, дык чымсьці ім згадзіўся. Або, можа, сапраўды высокая падтрымка, можа, з таго ж НКВД? Вельмі нават магчыма, што яго адмыслова пакінулі для сакрэтнай працы на месцы.

Але што ж тады рабіць, халера на яго? На самой справе, хоць ты сам сьвядома ідзі ў ворагі народа? Хаця тое было б, напэўна, самай натуральнай контррэвалюцыяй — сьвядомым падрывам палітыкі партыі на вёсцы. Такога сакратар ячэйкі дапусьціць ня мог.

Пакуль яны гаварылі-спрачаліся, у сені ўлезьлі два недарослыя ахламоны — Красноў і Дзяленя, расчынілі ў сельсавет дзьверы і з парога пачалі цьвяліць партыйцаў.

— Таварышы партыйныя! Да вас з вялікаю просьбай: вазьміце з сабой…

— Куды вас узяць?

— Ды ў камунізм. А то ўсё няцерпіцца…

— Счакайце. Сьпярша паразумнець трэба, — сказаў Петрачкоў.

— Дык разумнейце ж хутчэй! — ашчэрылі зубы ахламоны.

— Зачыніце дзьверы! З таго боку! — раўнуў на іх брыгадзір, і яго паслухаліся, — дзьверы зачыніліся. З падворку, праўда, яшчэ даносіўся нецьвярозы голас:

— Засядаюць, шчасьця нам куюць, а людзям не даюць…

Гэта вясковая пара ахламонаў не ўпершыню выскалялася, але так налаўчылася, што не пераступала парог, за якім палягала крамола. Яўны зьдзек у іх заўжды маскаваўся, фармальна прыдрацца да іх было амаль немагчыма.

А Ганна Іванаўна, якая калісьці вучыла і яго, Анішчыка, пагарэла на тым, што не заклеіла ў падручніках партрэты нядаўна рэпрэсаваных беларускіх нацдэмаў. За папярэднія гады ўсе былі заклееныя або закрэсьленыя, а за апошні год не пасьпела. Як пасьля тлумачыла яна на ячэйцы, — чакала ўказаньня з райана, якія менавіта партрэты належала заклеіць, а ўказаньня не было. А яго і не магло быць — амаль усе работнікі райана былі арыштаваныя, паслаць указаньне не было каму. Газет жа Ганна Іванаўна не выпісвала, казала, што палітыка ёй абрыдла. I зусім не ў палітыку яна лезла, настаўніца цуралася яе. Тут, як звычайна, Петрачкоў наблытаў, што, аднак, ня шкодзіла яму лічыцца ці ня самым сьвядомым бальшавіком у калгасе.

Пасьля пядоўгае паўзы Анішчык заклапочана ўздыхнуў.

— Дык што ж нам рабіць?

Каваль на лаве рашуча папнуўся наперад.

— Паслухайце, у мяне ёсьць прапанова. А калі Злотніка?

— Злотніка?

— Ну. А што? Ціхі, спакойны. Ня п’е. Чысты пралетар.

— А й праўда, — памяркоўна сказаў брыгадзір. — Усё роўна ў калгасе ад яго нуль аддачы.

Анішчык адкінуўся плячмі да сьцяны — ён думаў. Злотнік у калгасе жыў другую восень, пасьля таго, як у мястэчку на яўрэйскае сьвята пурым згарэла ягоная хата. Вялікая сям’я Злотніка засталася без прытулку, і старшыня Янкоўскі ўладкаваў пагарэльцаў да сухотнага бабыля Рудака. Часова, вядома. Праўда, часовасьць тая задоўжылася на другі год, але Злотнікава сям’я была ўдзячная старшыні.

Кавалёва прапанова, можа б, і сталася дарэчы, але штосьці не давала пагадзіцца з ёю. Усё ж было неяк нядобра на такую справу прызначаць нетутэйшага, па сутнасьці, чужога чалавека, нядаўняга пагарэльца. Зноў жа, яўрэя. У адносінах да яўрэяў палітыка ўлады здавалася дужа няпэўнай і зьменлівай. То іх лаялі за сувязь з трацкізмам ды сіянізмам, то каралі іншых за яўны ці выдуманы антысемітызм. Нядаўна газета пісала пра суд над адным пакупніком з мястэчка, які абазваў жыдам прадаўца гаспадарчай лаўкі. Пакупніку далі два гады прымуспрацы. А тут прапануюць Хаіма Злотніка прызначыць у ворагі народа! Як на тое паглядзіць таварыш Дзьвярной?

— Пойдзе, пойдзе, — горача пераконваў каваль. — У аўторак быў у мяне ў кузьні, казаў, што гатовы зьехаць, куды вочы глядзяць. Во якраз і паедзе. Бясплатна, — хіхікнуў каваль.

— Паедзе… Але дзяцей куча, — сумняваўся Анішчык.

— А ў каго іх не куча? Зноў жа, ня ён іх корміць — жонка корміць. Шые штоноч і корміць. I свайго Хаіма разам.

Можа, і так, думаў Анішчык, сям’ю корміць швачка Двойра, можа, дзеці і не памруць з голаду. I ўсё ж… Гаворка не пра жонку — гаворка пра мужа.

— Зноў жа — яўрэй, — ня мог наважыцца сакратар.

— Ну і што? А ў нас раўнапраўе, — цьвёрда мовіў Петрачкоў.

Можа, менавіта гэтыя словы Петрачкова ўсё і вырашылі. Калі Петрачкоў згодны, дык вельмі магчыма, што яны надумаліся правільна — скаргі ў райкам ня будзе. Увогуле ў гэтага партыйца нюх на палітыку меўся адмысловы.

— Усё ж трэба падумаць, — сказаў Анішчык.

— Што думаць, сакратар? Выклікай Хаіма і парадак. Хай пакуе чаймадан, — хіхікнуў каваль. Ягоны сусед брыгадзір, аднак, гэтым разам маўчаў.

З лавы падняўся і чамусьці зноў сеў настаўнік, ён прыкметна хваляваўся — невядома чаму.

— Штось я не разумею, аб што рэч? Што адбываецца? Куды мы выбіраем? У органы ўлады, ці што?

— Ня трэба спазьняцца, — папракнуў Петрачкоў.

— Я спазьніўся, бо была прычына. Хадзіў у Судзілкі да хворага вучня. Пяты дзень няма ў школе, — аказалася, дыфтэрыя. А тут — пра што вы?

— Ладна, пасьля растлумачу, — махнуў на яго Анішчык. Ён ня ведаў, куды можа павярнуць размову настаўнік, і баяўся страціць няпэўнае яшчэ выйсьце.

Поделиться с друзьями: