Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Ён усё пазіраў з лаўкі на той бок пляцу і на рог аўтавакзалу, як побач паявілася Валька — дачасу растаўсьцелая жанчына ў сінім халаце, з вядром у руках. Гэтую, у адрозьненьне ад Валькі-малой, клікалі Валька-тоўстая. Яна кіравала да бункера, і Гаворка зразумеў, што раней не прыбрала, будзе прыбіраць зараз, перад прыходам аўтобуса.
— Не магла ўчора! — стрымана папракнуў ён.
— Не магла, — са сьцішанай злосьцю адказала тоўстая Валя, не паварочваючы да яго галавы. Зімой яна прасілася на гэтае яго месца зборшчыка за карыстаньне, але начальнік райкамунгасу тую справу даверыў яму. Усё ж ён ветэран і ардэнаносец, а не які прыбіральшчык, як Валька-таўстая.
— Аўтобус жа во…
— Ну й хер з ім, — з абыякавым выглядам буркнула тая. Якраз у той момант з вулічнай павароткі на пляцоўку ўкаціўся вялізны жоўта-чырвоны «Ікарус», трохі збочыў да будыніны аўтавакзалу, чыхнуў і стаў. Гаворка ўскочыў з лаўкі і ціха вылаяўся — Валька-тоўстая пляжыла яму ўсю справу збору і карыстаньня. Але рабіць не было чаго — з пярэдніх дзьвярэй аўтобуса ўжо вылазілі пасажыры, цягнучы з сабой свае клумкі. Адны паволі ішлі за вугал да дзьвярэй у вакзал іншыя пачыналі засяроджана азірацца па баках. Гаворка разумеў іхні клопат і пасьпяшаўся да бункера. Валя-тоўстая, вядома, яшчэ поркалася там, ды людзям не цярпелася са сваёй справай — як было змушаць іх чакаць?
Заняўшы зручную пазіцыю ля самых прыступкаў, Гаворка дастаў з кішэні квітанцыйную кніжачку і трымаў яе ў руках, каб кожнаму было бачна, што ён тут стаіць не выпадкова, а выконвае абавязкі. Алоўка у яго не было, ды ён і ня меў у ім патрэбы. Зрэшты, і квітанцыяў у яго звычайна ня бралі, а калі якая цётка і возьме, дык наводдаль кіне пад колы аўтобуса. Пасьля гэтыя квіткі разам са сьмецьцем зьдзімае з пляцу вецер. Таму Гаворка ня надта іх і навязваў.
Першым да бункера рашуча скіраваў плячысты дзяцюк з высока падстрыжанай патыліцай і скураной валізкай на адным плячы. Гаворка заступіў яму шлях.
— Пяць з вас.
— Чаго — пяць? — вылупіў вочы дзяцюк.
— Пяць тысячаў за карыстаньне.
— Пайшоў ты!..
Крута павярнуўшыся, дзяцюк скіраваў па той бок бункеру, дзе, амаль не хаваючыся, зрабіў сваю справу і вярнуўся ўжо іншым шляхам, нават не зірнуўшы ў яго бок. Канешне, то быў непарадак, але Гаворка нічога ня мог зрабіць, а міліцыянера ў такіх выпадках ніколі не бывае блізка. Ад аўтобусу тым часам ужо клыбаў высокі стары ў пінжаку і з кульбай, яўна кіруючы да бункеру. Гаворка трохі ступіў наперад, каб загадзя спаткаць яго, ды сустрэў нейкі нямогла-спакутваны погляд старога і адступіўся. Спаганяць з гэтага грошы ў зборшчыка чамусьці не хапіла адвагі, і той, няспынены, паклыпаў па прыступках уніз.
Нарэшце, управіўшыся прыбіраць, адтуль выйшла тоўстая Валя, якая з затоенай пагрозай мовіла:
— Па блату пушчаеш? Ну-ну…
— Не тваё дзела, — буркнуў ён.
Сапраўды, то было ягонае, а не яе дзела, тут Гаворка быў пэўны. Кепска хіба тое, што Тоўстая магла накапаць на яго я камхоз, як накапала на тым тыдні, калі ён правароніў транзіт з Менску. Тады ён атрымаў вымову і апошняе папярэджаньне. Як бы цяпер не атрымаць самае апошняе..
Стары з кульбай яшчэ ня выйшаў з бункера, як з-за аўтобусу выбегла кабеціна з дзьвюма дзяўчынкамі-дашкольніцамі. Першая з іх, белавалосенькая і порсткая, згледзеўшы бункер, адразу пабегла да яго цераз пляц, і кабеціна яшчэ здалёк запрасілася:
— Вы ўжо пусьціце яе, малую, бясплатна, а то грошай няма, во на бялет сабрала, каб у горад да маці адвезьці з дзярэўні…
— Ладна, — з прыхаванай прыкрасьцю ціха кінуў Гаворка, падумаўшы, што сёньня яму не шанцуе. Малая паскакала па прыступках уніз, але за ёй сунулася і кабета разам са старэйшаю, што ўжо выклікала абурэньне Гаворкі.
Было, аднак, позна — ужо яны там, унізе, расчынялі скрыпучыя, на спружыне дзьверы. Во і паслухай гэтых баб, думаў Гаворка, — пусьціш адну, а ўлезе тры запар. I ўсё бясплатна. Як яны неўзабаве выйшлі, кабета здалёку дзякавала, але ён не хацеў яе і слухаць. Аўтобус меўся хутка пайсьці, а ў ягонай кішэні не зьявілася ніводнага «зайца». Усе — на халяву.
Сапраўды ля расчыненых дзьвярэй «Ікаруса» пачалі тоўпіцца новыя пасажыры з білетамі, а таксама тыя, што тут выходзілі пакурыць — усе рыхтаваліся заняць месцы. Ужо з другога боку ў высокую кабіну караскаўся шафёр. I тады з-за рогу вакзалу шпаркай хадой выскачылі два салдаты, мабыць, пасьпяшаўшыся з буфету. Але замест аўтобусу яны скіравалі ў гэты бок — ведама ж, па якой патрэбе. Гаворка ступіў напярэймы, але тут жа адступіўся — маладыя, бялявыя, бы рахманыя парсючкі, са счырванелымі тварамі хлопцы дужа сьпяшаліся — як было патрабаваць з іх плату? Сам колісь быў салдатам і ведаў, якія ў салдата грошы. Тыя, аднак, не зважаючы на яго, з надта заклапочаным выглядам скаціліся па крутаватых прыступках і неўзабаве выскачылі, сігаючы адразу цераз дзьве прыступкі. Ужо мінаючы яго, адзін кінуў другому:
— Жабруе дзядок…
— Халяўшчык, — дадаў зводдаль другі.
Пачутае крыху абразіла Гаворку — усё ж ён не халяўшчык, яму тую працу даручыла ўлада. А калі ён гэткі вахлак, што пушчае бяз грошай, дык гэтак яму і трэба. Пусьціў па дабрыні сваёй, за што во і атрымаў…
Аўтобус пакаціў на вуліцу, аўтавакзальны пляц апусьцеў. Наступны меўся быць няхутка, але зборшчыку за карыстаньне не было куды ісьці. Ды і не было якое патрэбы, апроч як закурыць. Ды дзе закурыш? З усяго аўтобусу ня ўзяў ніводнага «зайчыка», і хто б паверыў? Не, так не гадзіцца. Мабыць, трэба мяняць падыходы, як кажа ягоны прыяцель Пухлякоў.
Ён абышоў аўтавакзал і з другога боку зайшоў у буфет. Якраз у гэтую пару тут было пуста, буфетчыца Валя-малая перабірала якіясь паперы на падаконьніку, і ён паўзіраўся ў вітрыну. Там у куце за бутэрбродамі з скрылёчкамі ссохлага сыру стаяла некалькі пачак «Мальбара» з ашалелымі цэнамі, і Гаворка спытаў:
— А «Прымы» няма?
— Няма, — буркнула Валя-малая, прыгожымі, у пярсьцёнках пальцамі перабіраючы накладныя.
— Гора! — выдыхнуў Гаворка.
— Бяры во загранічныя, — не паварочваючыся ад папераў, сказала буфетчыца. — Ці грошай няма?
— А няма, — сказаў ён.
— Так ужо і няма? Толькі ж аўтобус быў.
— А грошай няма, — сказаў ён і ціха папытаўся: — Можа, пачачак напавер?
— Не. Напавер не, — адрэзала Валя. Перапрошваць Гаворка ня стаў, ведаў — у гэтай ня выпрасіш. Гэтая, бы сталь, — калі сказала, дык ужо хоць разьбіся. Хоць на пуза ляж. Але дзе ж закурыць?
У цесным вакзальным пакойчыку сядзела над клумкам кабета, ляніва жавала выняты адтуль батон. За акном, бачна было, спыніліся, сустрэўшыся, дзьве жанчыны — удава міліцэйскага начальніка Казлова і настаўніца тутэйшай школы. Гэтыя таксама былі яму без карысьці, і Гаворка вярнуўся на пустую пляцоўку. Крыху счакаўшы, сышоў да дзьвярэй туалета і замкнуў іх, каб хто ня ўздумаў пакарыстацца ім без яго. А сам павалокся на вуліцу да гастраному — ужо там ён знойдзе, у каго закурыць.
Далёка, аднак, не адышоўся, як згледзеў Пухлякова. Гэты высокі і мажны ветэран якраз кіраваў у бок аўтавакзалу.
— Ты куды? — спаткаўшыся, спытаў Пухлякоў.
— Ды во — закурыць.
— Абязгрошаў, ці што?
Пухлякоў нетаропка дастаў з кішэні свайго заўжды ладнага шэрага пінжака пачак «Беламору», яны закурылі. Гаворка з палёгкай зацягнуўся знаёмым дымам.
— Дык пойдзем, — сказаў ён. — Калі да мяне.
— Што ж ісьці да цябе? Ты ж бяз грошай…
— Ды знаеш, з тым абласным не павязло.