ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

Як кабеты выйшлі з буфета, Пухлякоў лёгка піхнуў прыяцеля — ну, давай! Той падаў трохі пакамечаную ў кішэні паперку буфетчыцы. Тая, перш чым яе ўзяць, акінула строгім поглядам аднаго, затым другога кліента, зірнула ў акно на падворак.

— Што?

— Ды каб памяняць, — нясьмела патлумачыў Гаворка. Валя-малая тады ўзяла паперку і зьнікла ў завешанай няновым прасьцірадлам падсобцы. Гаворка зірнуў на прыяцеля, які стаяў крыху зводдаль, але пільна сачыў за ім. Буфетчыца, аднак, задоўжылася ў падсобцы, яны абодва чакалі, і Гаворка ўжо пачаў непакоіцца: ці не выклікае яна міліцыю? Тым болей, што ў буфет ускочыў знаёмы шафёр з сельгастэхнікі, штось гукнуў, ня згледзеўшы гаспадыні, і Пухлякоў яму адказаў:

— Няма, няма цыгарэт. Самі чакаем.

Хлопец мацюкнуўся і выскачыў на падворак, і тады з падсобкі паявілася Валя-малая. Яе строгі, дагледжаны тварык стаўся і яшчэ болей строгім. Нічога ня кажучы, яна ціха пасунула па прылаўку ладны пакунак з рудой паперы, які дрыготкімі рукамі прыняў Гаворка.

— Па якім курсе? — строга папытаў Пухлякоў.

— Як у банку. Адзін к ста пяцідзесяці, — насьцярожылася буфетчыца.

— Чаму гэта к ста пяцідзесяці? Мы ж ня ў банку. Давай к ста шасьцідзесяці, — сказаў Пухлякоў.

Валя-малая трохі разважыла, не мяняючы выразу свайго твару, і зноў моўчкі схавалася ў падсобцы. На гэты раз, аднак, хутка вярнулася і паклала на прылавак яшчэ некалькі паперак «зайцоў».

— Бяры, — кіўнуў Пухлякоў і сярдзіта дадаў, адвярнуўшыся: — А то к ста пяцідзесяці…

Яны выйшлі з буфета і прыпыніліся. У вакзале і паблізу не было ні гарэлкі, ні піва, пад вокнамі стаялі толькі пустыя скрынкі ад кока-колы; па гарэлку трэба было ісьці ў цэнтр да гастраному. Не згаворваючыся, яны і скіравалі туды — наперадзе нетаропкі, акуратна апрануты ў шэры гарнітур Пухлякоў, за ім па шчарбатым ходніку шкандыбаў у кірзавых ботах Гаворка. На ягоных грудзях у такт з крокамі целяпалася белая зорка ордэна Славы трэцяй ступені, якая сёньня гэтак нечакана паслужыла яму. Ён думаў, што цяпер, мабыць, купіць сабе новыя штаны, бо ў старых хутка вылезуць голыя калені. Кіцель, падораны пляменьнікам, яшчэ нічога, а штаны… I можа, яшчэ застанецца заплаціць за электрычнасьць, якую даўно пагражалі адключыць за няўплату. Хаця цьвёрдае пэўнасьці ў сваёй плацежаздольнасьці Гаворка ня меў. Толькі спадзяваўся…

У вялікай барачнага тыпу стадоле са старадаўнім пад дахам надпісам «Товары повседневного спроса» харчу, як і заўжды, было дужа няшмат. Масла ды малака не было зусім, затое паперкі цэнаў стракацелі шматлікімі нулямі, якіх усё прыбаўлялася. У пярэднім ад увахода кутку тоўпілася гаманкая мужчынская грамада — у вінным аддзеле выкінулі гарэлку. Якраз у той дзень на торфабрыкетным заводзе за рэчкай выдалі зарплату — за тры месяцы адразу, — і мужыкі зранку ад заводскай касы рынуліся ў гастраном.

Гаворка з нечаканай прыкрасьцю спыніўся каля дзьвярэй, Пухлякоў жа рашуча прапіхнуўся бліжэй да прылаўка.

— Парадак трэба саблюдаць, таварышы! — прагучэў адтуль яго памяркоўны начальніцкі голас. — Ветэранам ВАВ — без чаргі. Тут ёсьць ветэраны? — паўзіраўся ён праз мужчынскія галовы і нібы незнарок згледзеў за ўсімі адзінокага ветэрана.

— Праходзьце без чаргі, таварыш Гаворка!

Натоўп стрымана глуха загуў, гатовы абурыцца. Але, мусідь, з тае нагоды, што ветэранаў набралася няшмат, трохі расступіўся і прапусьціў зьніякавелага Гаворку. Пухлякоў спаважна адступіўся ўбок. Пажылая прадаўшчыца паслужліва паставіла перад ім бутэльку гарэлкі.

— Дзьве бяры, — ціха гукнуў збоч Пухлякоў.

— Мне — дзьве, — таропка сказаў Гаворка, вымаючы з кішэні туга загорнуты пакунак з грашмі.

Пакуль ён адлічваў «зайцоў», лаючы ў душы Вальку-малую за яе драбязу, побач і ззаду нецярпліва наракалі:

— Во, грошай колькі!

— Багата жыве Гаворка.

— Што значыць — ветэран!

— Дык ён жа там… У бункеры зарабляе.

Гаворка ўсё стрываў моўчкі, згроб ў адну руку абедзьве бутэлькі і вылез з натоўпу на вальнейшае месца. Пухлякоў, які тым часам разглядваў харчовыя вітрыны, кіўнуў яму зводдаль.

— Вазьмі во селядца ў бапцы. Праны пасол. I во кілбаса — сервілат…

Гаворка хацеў запярэчыць, што сервілат надта дарагі, ён ня спытваў яго ад часоў савецкай улады, ды змоўчаў. Тое яго маўчаньне Пухлякоў зразумеў як згоду і працягваў выбіраць закусь. Яны купілі яшчэ слоік марынаванага перцу, белы бохан і нейкую рыбіну гарачага вэнджаньня. Як Гаворка заплаціў за ўсё, ягоны пакунак патанеў напалову, і ён выкінуў пад ногі непатрэбную рудую паперыну.

— Ну, а куды пойдзем? — спытаў ён, як яны выйшлі з гастранома. На дварэ зачынаўся дожджык, пакуль яшчэ драбнаваты, але хто ведае, ці не пабольшае хутка. На небе цераз вуліцу сунуліся хмары.

— А во — у садок! — зразумеў іхні клопат хтось ззаду.

Гаворка з непрыемнасьцю азірнуўся — то быў Скакун, тутэйшы хлопец-афганец, які тыдні два таму наліваў Гаворку ў Ашота. Як было цяпер яго не паклікаць з сабой? Хаця і клікаць не давялося — Скакун ужо ішоў побач і паказваў шлях у дзіцячы садок, — цераз штыкетнік да альтанкі.

Яны па чарзе пералезьлі цераз нізкі штакетнік і таропка ўбеглі пад дах дзіцячай альтанкі, што месьцілася побач з пясочніцай. Дожджык ужо сыпаў як мае быць, хаця гэта быў не сьцюдзёны, вясновы дожджык, які мілагучна шапацеў у набрынялай лістоце каштанаў. Мужыкі паклалі на лаўкі закусь. У Валодзі Скакуна якраз апынуўся ў кішэні здатны ножык, якім ён адразу ўзяўся кроіць каўбасу. Але не пасьпеў Гаворка адкаркаваць бутэльку, як з дзьвярэй садка выскачыла гняўлівая загадчыца Масальская.

— Знайшлі месца, ага? Дзеткам прыклад паказваеце, яшчэ ветэраны называюцца… Я ў міліцыю пазваню!

Скакун зьніякавеў з каўбасой у руках, на ягоным смуглявым твары з чорнымі вусікамі адбілася пакута. Гаворка хацеў быў адказаць сварлівай жанчыне, але Пухлякоў нетаропка падняўся.

— Ладна. Ну яе к дранай матары. Пайшлі адсюль…

— Куды? — не зразумеў Гаворка.

— А во да яго, — Пухлякоў кіўнуў на Скакуна. — Ён жа побач.

Скакун, відаць было, ня надта ўзрадаваўся, але і не запярэчыў прапанове старэйшага, тым болей што былая райкамаўская пяціпавярхоўка сапраўды блізка вытыркалася дахам з-за вулічных таполяў. Як воін-афганец тры гады таму Скакун атрымаў там кватэру з усімі выгодамі — на зайздрасьць тутэйшым ветэранам усіх войнаў.

Яны таропка расьпіхалі ўжо раскладзеную на лаўках закусь. Гаворка запіхаў у кішэні штаноў абедзьве бутэлькі, якія ён ня мог даверыць нікому. Тыя здорава целяпаліся ў штанах, цягнучы іх уніз, але пра штаны Гаворка ўжо не турбаваўся. Наперадзе з заціснутым пад пахай слоікам перцу дыбаў Пухлякоў. Скакун жа чамусь без ранейшага энтузіязму валокся апошні. Хоць дарога была і не даўгая, але ўсе трохі намоклі, асабліва прыкметна — Пухлякоў у яго сьветлым гарнітуры. Падняліся на чацьвёрты паверх, прапусьцілі наперад Скакуна, які ня надта хутка адамкнуў дзьверы. Мабыць, ён штось прадчуваў, бо, адчыніўшы іх, не сьпяшаўся запрашаць гасьцей, а сьпярша пачаў нейкія перамовы з жонкай. Неўзабаве ў дзьвярах зьявіўся яе надта ж счырванелы, яўна раззлаваны твар. Згледзеўшы на пляцоўцы мужчынаў з пакулкамі, яна залілася лямантам.

— Зноў, зноў! Калі гэта скончыцца? Ходзюць, ходзюць і ўдзень, і ўначы, ніколі ад іх спакою няма, п’янчугі праклятыя. Не пушчу, не пушчу, прэч адсюль з мае кватэры! — крычала яна, пульхнымі грудзямі выпіхваючы з кватэры мізэрнага мужа-афганца. Той, відаць было, ня надта і супраціўляўся, усё болей падаючыся задам цераз парог. Неўзабаве дзьверы перад яго носам з лязгам зашчоўкнуліся, і Скакун з вінаватым выглядам апынуўся на пляцоўцы.

— Не пушчае…

— Панятна, — мовіў Пухлякоў. — I ня пусьціць. Калі прасіцца будзеш.

Поделиться с друзьями: