Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
I ён падумаў, што лепей адкласьці ўсё да заўтра.
Спаць лёг на шырокую бакавую лаву, паклаўшы пад галаву тры цяжкія тамы «Рэзалюцый зьездаў ВКП (б)», якія з вясны валяліся ў шафе. Накрыўся шынялём, акуратна разраўняўшы яго на сабе, — каб не скамячыць, захаваць добры выгляд. Шынэлак каторы год служыў яму верную службу, — атуляў па сьцюжы, захінаў ад ветру і дажджоў, грэў пры начлегах — на падлозе, па кутках, на лаўках. Чырвоныя пятліцы на каўняры ён зьбярог пасьля дэмабілізацыі, і тыя цяпер былі на зайздрасьць ня толькі для вясковых падлеткаў. Ён прыкмячаў, як прыветна ўсьміхаліся яму сакратаркі ў райвыканкаме, калі ён прыязджаў на частыя там нарады; некаторыя бачылі ў ім міліцыянера або чырвонага камандзіра, і тое прыемна грэла яго маладую душу. Камандзірам ён, вядома, ня быў, служыў простым чырвонаармейцам у далёкаўсходнім гарнізоне Градэкава каля самай японскай мяжы, дзе, казалі, нарадзілася славутая «Далёкаўсходняя», якую сьпявала ўся Чырвоная Армія. «Дальневосточная, опора прочная — даешь отпор!» Нядаўні чырвонаармеец Анішчык заўжды быў гатовы даць адпор — хоць японскім самураям, хоць польскім панам. Хай толькі наркам Варашылаў дасьць каманду і павядзе ў бой… напэўна, з ворагамі народа таксама. Хаця з ворагамі народа горш, бо ворагі Янкоўскі, Злотнік… Тут ягоныя думкі блыталіся ў тумане, сплывалі кудысьці, і ён заснуў…
Прачнуўся раптоўна, як заўжды ў апошні час, ахоплены трывогай за справы новага дня. У вокнах зачынаўся ранак, пара была ўставаць. У двары, чутна было, ужо гаспадарыла Аўдоха — паша ля студні каня. Клопат пра сельсаветаўскага каня быў яе абавязкам, які яна няблага выконвала, ня тое што калі куды зьбягаць, каго паклікаць. Выконвала тое яна неахвотна. Абы як паліла і грубку, тут у яе заўжды была адчэпка: «Дроў нетуці». Дроў сапраўды не хапала, але дзе ён мог узяць дроў? Іх не хапала ўсюды — ад калгаснай канторы да райвыканкама. Трэба эканоміць, гаварылі начальнікі. Во Аўдоцьця і эканоміла, час ад часу напамінаючы: зарплата малая. I тое было праўда, зарплата сапраўды была мізэрная нават для сельсаветаўскай прыбіральшчыцы. Мабыць, у тым і палягала сапраўдная прычына таго, што грубка ня грэла. Але тут Анішчык памагчы ёй ня мог — зарплату прызначалі ў райфа.
Ранкам было б няблага пасьнедаць, але ня бегчы ж дзеля таго за два кіламетры дадому, думаў Анішчык. Ён не хацеў губляць час, тым болей, што чакаў Злотніка. Той і заявіўся, як дамаўляліся, на сьвітаньні і, не завітаўшы ў сельсавет, апусьціўся на ніжнюю прыступку ганка, паклаў побач хатуль. Згледзеўшы яго з акна, сакратар пастукаў у шыбіну:
— Зараз паедзем.
Мыўся ў сенцах сьцюдзёнай вадой з кварты. Пасьля таропка запрагаў каня. Каля хлява паявілася Аўдоцьця, як заўжды, незадаволена паківала галавой.
— Зноў ехаць? Ня еўшы. Глядзі, даезьдзішся…
— Што? — недачуў Анішчык.
— А нічога…
Апанураны Злотнік сядзеў на ганку, з выгляду выказваючы поўную пакорнасьць лёсу. Твар яго густа аброс чорнаю шчэцьцю, і Анішчык з прыкрасьцю падумаў: хаця б пагаліўся. Яму хацелася, каб Злотнік меў болей прыстойны выгляд і сваёй неахайнасьцю не адштурхнуў Дзьвярнога.
Пасьля яны ехалі на фурманцы, зьвесіўшы абапал ногі. Знаёмая дарога ні трохі ня высахла за ноч, месцамі наадварот — стала яшчэ больш гразкай, хаця дажджу быццам бы не было. Вецер яшчэ не падняўся, восеньскі дзень абяцаў быць не сьцюдзёным. З парослай хвойнікам горкі зьехалі ў лугавую нізінку, тут каню стала цяжэй, і Анішчык з лейцамі ў руках скочыў з воза. Злотнік таксама хацеў зьлезьці, але сакратар буркнуў: «Сядзі!», і той адразу сьціхамірыўся, паныла пазіраючы наўзбоч дарогі.
— Не гаруй, Злотнік, — падбадзёрыў яго Анішчык. — Янкоўскаму горш.
— I Янкоўскаму горш, і Злотніку горш, — глыбакадумна адказаў кандыдат на арышт і дадаў: — Злотнік паехаў, дочкі засталіся.
— Дык яны ж з маткай засталіся.
— З маткай засталіся, а хацелі паехаць.
— Куды?
— Калі б я ведаў, куды…
— Ну, а што матка?
— Двойра іх любіць. Ого!
— А цябе?
— А мяне за што ёй любіць? Трохі шкадуе і ўсё.
Анішчык змоўчаў. Чагосьці ён не разумеў у, мабыць, няпростых сямейных стасунках Злотніка, толькі падумаў, што клапаціліся яны цяпер пра розныя рэчы. Анішчык турбаваўся, як там атрымаецца ў НКВД, а Злотнік — пра пакінутых дома дачок.
— А сына ў цябе няма, Злотнік?
Злотнік наўпрыкмет уздыхнуў на возе.
— Ня даў Бог…
I таксама было не зусім зразумела — ну навошта цяпер яму сын? Чым бы ён дапамог арыштанту-бацьку? Сын-спадчыньнік? Але што б ён мог узяць у спадчыну ад гэткіх бацькоў-беднякоў? Хіба жыцьцё?.. I раптам падумалася: а што жыцьцё — малая спадчына? Напэўна, большай і не бывае. Для беднякоў тым болей.
I ў Анішчыка пакуль няма спадчыньнікаў — ні сына, ні дачкі. Можа, калі-небудзь і будуць, а можа, і не. Усё ж час нялёгкі, рознае можа здарыцца. Як здарылася з бацькам, забітым у шаснаццатым на імперыялістычнай вайне. Калі б забілі на грамадзянскай, як Аўдоцьцінага мужа, стаў бы гонарам для сына, а так чым ганарыцца? Загінуў за інтарэсы капіталістаў і памешчыкаў. Свой гонар і годнасьць сыну трэба было здабываць уласнымі рукамі. Во ў чым справа.
Дарога пайшла ранейшай мясьцінай, паабапал стыла на ветры голае поле. Яго трэба было даўно араць на зябліва, і ў іхнім калгасе таксама. Але ўсе сілы былі кінутыя на апрацоўку лёну — такая была стратэгічная задача калгасаў ды і партыі таксама. I яшчэ класавая барацьба, якой не было відно канца. Да зябліва не даходзілі рукі. Пасьля, вядома, спахопяцца, ды будзе позна. Зноў у некага адбяруць партбілет, некага пасадзяць, сашлюць… Зрэшты, ад гэтага лёсу цяпер не застрахаваны ніхто — ні старшыні калгасаў, ні сакратары сельсаветаў, паныла думаў Анішчык, брыдучы побач з фурманкай.
— Ладна, Злотнік, і там людзі жывуць, — ня дужа ўпэўнена суцешыў ён змрочнага седака ў возе ды і сябе таксама. Бо не павінны таго засудзіць дужа строга — усё ж ён не злачынца.
Аднак жа і Янкоўскі таксама не злачынца, ня вораг народа, а во ўзялі і кудысьці зьвезлі. Можа, і расстраляюць нават, — скажуць, шпіён, дыверсант, шкоднік… А раптам тое ж чакае і Злотніка? — падумаў Анішчык, і яму зрабілася млосна. Што ж ён тады нарабіў? Ён не хацеў так нават думаць, бо так не павінна быць. Усё павінна скончыцца добра. Анішчык хацеў быць аптымістам.
Ён лёгка ўскочыў на кінуты Аўдоцьцяй ахапак сена ў возе, паехаў хутчэй. Праклятае ўсё ж жыцьцё, якое змушае выбіраць з двух няшчасьцяў адно. Але тое, што засталося, можа стацца, яшчэ горшае — во і выбірай. Ламай галаву, як да таго паставіцца НКВД, ці зразумее яго? Можа, што-кольвечы ён зрабіў і не так, але ж ён стараўся. Для палітыкі партыі, для савецкай улады. Ці ягоная віна, што ў той палітыцы было столькі наблытана? Не, Дзьвярной павінен яго зразумець…
А раптам не зразумее? I ня возьме Злотніка? Ці абвінаваціць самога Анішчыка? Халера іх ведае, тых чэкістых, з іх мудрагелістымі правіламі, засакрэчаным планам. Калі ўзялі Янкоўскага, Анішчык кінуўся ў райкам партыі да таварыша Князева. Але той толькі разьвёў рукамі — моўчкі і выразна, — маўляў, нічым не магу памагчы, усё там, у НКВД.
Палітыку партыі Анішчык увогуле прымаў усёй душой, асабліва калі чытаў выступы таварыша Сталіна ці рэзалюцыі зьездаў і пленумаў. Але нярэдка трапляў у тупік, калі з тою палітыкай сустракаўся на практыцы, на месцах, у сваім раёне, дзе ўсё рабілася кепска і ня так. Старэйшыя таварышы (той жа Янкоўскі) казалі, што тое — прошукі ворагаў, шкоднікаў, якія пралезьлі ў партыю і скрыўляюць яе палітыку. Вядома, з ворагамі належала змагацца, толькі дзе яны канкрэтна, тыя ворагі? Як падазрона Анішчык ні ўзіраўся навокал, ворагаў ня бачыў нідзе. А НКВД бачыла крозь. Ён аж злаваўся калі на сябе, думаў, што, можа, надта слаба яшчэ падкаваны на марксізм, яшчэ не спасьцігнуў усяе ягонай мудрасьці. Але ён хацеў спасьцігнуць.
Не зважаючы на раньні час, на падворку НКВД была процьма народу — бы на кірмашы. Сноўдалі людзі ў вайсковай форме і ў цывільным, некаторыя сядзелі ў фурманках, што стаялі поруч з брычкамі начальства. Ці ня здарылася што? — трывожна падумаў Анішчык. На падворак немагчыма было заехаць, і ён спыніў фурманку ўзбоч вуліцы, накінуў лейцы па слупок агароджы. Усё ж яму трэба было туды, у доўгую, барачнага кшталту будыніну, і ён між вазоў пачаў прабірацца да ганка. Злотнік з хатульком у руках нясьмела валокся ззаду і сваёй нерашучасыдю аж злаваў Анішчыка. На ганку іх спыніў незнаёмы маладжавы міліцыянер, але Анішчык цьвёрда назваў начальніка, сказаў, што па выкліку. Міліцыянер гукнуў камусьці ў канцы калідора: «Да таварыша Дзьвярнога!» Анішчык унутрана пасьміхнуўся, — падобна, яго палічылі за канваіра. Што ж, неблагі пачатак, падумаў ён, які будзе канец? Сказаўшы Злотніку, каб пачакаў, зважліва пастукаў у знаёмыя дзьверы.