Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Прыслала мне Ніна Мацяш свой “Поўны келіх”. Прачытала з цікавасцю. Мы з ёю – розныя жанры, і гэта добра. Цешуся, што Табе спакойна працуецца. Толькі такая праца ёсць плённая. Многа думаю пра нездароўе Эрыка. Можа, яму палепшае на вясну, і тады ўсе разам мяне адведаеце. За Наважылава я рада. Калі Ты ўспамінаеш Надзю Быкаву, дык мароз мне ідзе па скуры. […] Не будзем судзіць Васіля. Яму ўласнае сумленне не дасць спакою. Прыпомняць гэта некалі і сыны.
Ай[цу] В[асілю] ўжо знялі гіпс. Кульгае, але служыць з насалодаю, нервуецца дзеля царкоўнага дома. Справа аперлася аж аб пракуратуру, мінскую, гродзенскую, зэльвенскую… І што гэта баба тут з людзьмі вырабляе? Наша пракуратура, відно, не супраць, каб дагадзіць па справядлівасці людзям, бо гэта і лагічна і разумна, але і яна, відно, аглядаецца на магчымасці “ўсясільнай” аферысткі. Ай[цец] В[асіль], відавочна, тут не затрымаецца. Шкада будзе, бо цікавы ён і вельмі добры чалавек.
На днях быў сябра Саўчук з Баранавіч. Зрабіў парадкі, якіх не дакончылі мае суседзі. Працаваў з натхненнем, але прымаючы “кроплі”. Цвярдзіў, што яны яго натхняюць, менавіта. А тыя “кроплі” сяння куды даражэй за мяса… Але ў мяне яны былі ў запасе, на шчасце. Яшчэ пры ім прыехала Эльза [Максімава] – супрацоўніца музея Церашч[атавай]. Усе яны мне дапамагалі, але я стамілася страшна. Так і цягнула ў ложак. Трашчала галава. Сяння мне лепей.
Паправілі мне зубы. Такая працэдура каштуе здароўя, хоць былі ўсе вельмі мілыя да мяне і стараліся ўсё зрабіць мне як найлепей. Зубы – жалезныя, моцныя, і я ўжо амаль прывыкла да іх. Рада, што крыху вярнуліся сілы, і я змагу хоць нешта пасадзіць ля хаты.
З Польшчы зноў няма вестак. Тады я непакоюся. Пісаў Язэп [Найдзюк], што выйшла там кніжка пра беларускіх пісьменнікаў Беласточчыны. Напісала яе нейкая валійка па-ангельску. Сын Сакрата Яновіча Яраслаў пераклаў яе на беларускую мову. Пішуць там і пра нашага Юрку. Чыталі яе ў Англіі на канферэнцыях. Многія вельмі цікавяцца нашай Бацькаўшчынай. Язэп піша, што галадаюць крыху, але Юрка дык болей зарадны.
11 красавіка. Учора сядала пісаць Табе ліст разоў з пяць. Усё нехта прыходзіў – добры, суседскі, ласкавы. Канчаю сяння. Дрэнна спалася. Сніліся нейкія паперы з каўбоямі і інш. Ноччу разбудзіў пах, хутчэй смурод, нейкага леку па хаце… Перайшла спаць на другое месца…
Прыходзіла ўжо “добрая душа” мяне ўкалоць, але шпрыцы, якія прынесла, пераварыла, не выйшла.
На стале маім – вербачка з белай стужачкаю. Зараз убачу безліч цудоўных хустачак на пахіленых галоўках нашых жанчын, і іх сцішаныя, скромныя, добрыя тварыкі, спрацаваныя рукі. Дні лятуць, годы – яшчэ хутчэй, і я адчуваю вельмі, што гасціна мая тут канчаецца. Не баюся! Застанецеся Вы!
Цалую усіх Вас і абнімаю.
Ваша Ларыса Геніюш.
І што будзеце рабіць з Валерыкам? “В попа, ксендза или в аптекаря?” – як некалі казалі. Хачу ведаць Вашую пастанову. Цалую Вас усіх.
Зэльва, 29 красавіка 1982 г.
Даражэнькія!
Атрымала раней пару слоў ад Белакоза. Відно, што ў іх нейкая бяда ці непрыемнасці. Ці не ведаеце Вы, што там з імі? На днях запрасілі мяне на 1 мая на вяселле свайго сына. Паехаць туды не змагу, хоць з сэрцам ужо крыху лепей. Напэўна, Вы там будзеце, дык вітайце іх і ад мяне.
Што добрага ў маёй сястронкі Ніны? Я пісала ім, але адказу не атрымала. Ці хоць здаровыя? Напішэце мне хоць пару слоў. Была карэктура маёй кніжкі. Увайшло не ўсё лепшае, але добрае ўражанне. Не такая, як у другіх, будзе тая “Настоеная на чабары”.
Дзеці пішуць, але ці прыедуць да мяне сёлета – гэта яшчэ пытанне. Яны – як на другой планеце ад нас. Было са мною сапраўды дрэнна. Здало і сэрца, і нервы. Богу дзякаваць, што крыху мяне падлячылі. Падкінулі лекаў сябры. Хаты маёй пакуль што не зносяць. Бяруць толькі гарод і кусок хлява з нашага панадворка. Будуць строіць “общежитие” на 150 месцаў! Во, будзе “весела” па суседзтве… Хоць ты не жыві… Пакуль што яшчэ спакой.
Зараз будуць цвісці туліпаны. Як Вашае здароўе? Як мілы ўнук і Марыначка? Цалуйце іх шчыра ад мяне і вітайце. Перад святамі моцна стамілася. Святамі – яшчэ болей, бо праз чатыры дні ўсё былі харошыя госці, і надта хацелася як найлепей іх прыняць. Цяпер крыху працую ў гародчыку, выкідаю кветкі – саджу цыбульку на шчыпяры.
Цалую Вас усіх і мілую Клаўдзію Міхайлаўну.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 29 траўня 1982 г.
Дарагая Людвіка Антонаўна!
Атрымала толькі што “ЛіМ” і ўбачыла там Ваш партрэцік, дарагі мой новы член С[аюза] П[ісьменнікаў] С[авецкай] Б[еларусі]! Віншую і зычу радасці і поспеху ў Вашым жыцці! Нядаўна пісала Вам. Даруйце за цяжкі мой ліст. Пішу, Вам асабліва, заўсёды так, як ёсць. Сяння настрой у мяне не лепшы, але не хочацца закранаць рэчаістасць.
Як Вашае здароўе? Як расце і цвіце ўсё ля Вашай сядзібы? У мяне столькі было туліпанаў, як ніколі! Півоняў будзе не менш. Гляджу на кветкі, і сумна мне, што Міхасёк мой не бачыць такога квітнення. Нават лістоў ад іх няма зноў. Непакоюся. Наагул, лістоў апошні час атрымоўваю мала. Пасля шматлікіх уколаў мне крыху лепей, але цяжкага не магу ні рабіць, ні падымаць. Стамляюся хутка. Наагул, нейк слабею. Ніколі не думала, што такімі цяжкімі будуць на Беларусі апошнія гады майго жыцця. Праследаваць і здзекавацца над паэтам-жанчынай у 72 гады яе жыцця можа толькі… Што ж, і гэта трэба стрываць. Толькі за ўсё з часам прыходзіць расплата. За здзекі – таксама. Я ўпэўнена!
Баюся, што і сёлета не пусцяць сюды маіх унукаў і сына. Як я гэта перажыву? Так хочацца верыць, што яны такія, як іх дзед, як уся нашая сям’я. Сяння ў людзях, асабліва ў моладзі, нейкі дэфіцыт чалавечнасці, абсалютная чэрствасць душы і нейкі тупы эгаізм. Глядзіш – і толькі дзіва бярэ. Людзей цікавяць толькі матэрыяльныя вартасці, болей нічога. А трэба ж ведаць і мінулае свайго народу, і сучаснае, і трэба ўмець любіць не толькі сябе. Ведаю толькі, што ўнукі мае вельмі любяць зямлю. Маюць дзялку 30 сотак і ахвотна на ёй працуюць.
Яшчэ раз віншую Вас. Усіх вітаю. Вас сардэчна цалую.
Ваша Ларыса.
Зэльва, 29 чэрвеня 1982 г.
Дарагая Людвіка Антонаўна!
Крыху прыхварэла ад вечных дажджоў і ветру. Прастыла недзе ля магілкі с. п. Мужа ў нядзельку, на Дзень медыка. Дрэнна мне, але пісаць магу. Вы вельмі добра зрабілі, уступіўшы ў Саюз пісьменнікаў. Гэта – гонар для Саюзу, і з гэтага будзе карысць.
Не магу пагадзіцца з пісанінаю А. Лойкі. Пашто вышукваць “плямы на сонцы”? Пашто апаганьваць мінулае, труднае, калі было нас так мала? Аб Купалу можа пісаць толькі нехта на ўзроўні ягонага таленту. Нельга ля ягонай асобы распінаць падобнае мяшчанства і сплетні, закранаць брудным і няўдзячным словам стваральнікаў “Нашай нівы”. Пісаў сын, што нядаўна перадаў праз яго мне лекі. Я іх покуль што не атрымала. А. Лойка быў у Беластоку на святкаванні Купалаўскіх дзён… Калі выступаў там так, як у гэтым сваім “творы”, дык малая была карысць для беларускасці тым людзям.
Яшчэ ўсё нельга падаваць на вызаў сваім. Яны пішуць часамі. Вельмі хочуць сюды прыехаць. Ці прыязджаюць людзі з Польшчы ў Літву? Непакоюся, бо дрэнна ў мяне са здароўем.
Прыслалі мне канчатковы разлік за кніжку, а пра саму кніжку – нічога не чутно! Можа, дачакаюся яе бачыць? Чакаю на прыезд менчан з навінамі. Пэўна, яны будуць што ведаць. Вельмі дрэнна з Данусіным мужам. Штораз горай. Дачка яе нядаўна выйшла замуж. Ціха распісаліся са сваім калегаю, мастаком з Магілёўшчыны. Думаю, што ў гэтым выпадку так і патрэба.