Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Шчырапаважаны і дарагі Алесь Мікалаевіч!
Вельмі Вы мяне занепакоілі сваімі бедамі і няўдачамі, аб якіх пішаце. Я хачу болей ведаць пра гэта. Ці не датычаць яны Вашай дарагой сямейкі, асабліва мілага Міхася? Рэшта ўсё важнае, але не так.
Як Вашае здароўе? Мне тут ледзь прывялі больш-менш сэрца ў норму. Таксама былі розныя беды. Адна з іх, бадай, найбольшая, гэта Польшча. Але атрымоўваю лісты. Сяння быў ад сына і другі – ад Алесіка. Вучыцца нядрэнна. Шафёрскія правы здаў на “5”. Абодва ўжо перараслі бацьку. Яны ў Супраслі, ля манастыра, некалі купілі 30 сотак зямлі. Цяпер за яе ўзяліся, каб не дурыць сабе галавы чым іншым і каб не галадаць. Пішуць, што Міхась галодны, як воўк, і худы, як пасвісцёл, у тым Ольштыне. Надта там слабыя абеды для студэнтаў. Якраз цяпер памагала ім. Цяпер нічога ад нас ім слаць нельга. Я бачу, што ўсе яны там добра прагаладаліся, бо надта сюды просяцца. Ім там абяцаюць па радыё і тэлебачанні візіты да нас, а тут пакуль што нельга падаваць на вызаў.
Мне тут аднойчы было так дрэнна, што я падумала найгоршае. Поўная адзінота – невясёлая рэч. На 8 Сакавіка прыехала адна сяброўка з Менску з дачкою – з Музея беларускага старажытнага мастацтва. Было цікава, але для мяне цяжкавата. Учора паехалі.
Наш айцец В[асіль] паламаў нагу, падаючы з гары. Моцна ўсе гэты факт перажываем. Часта ўспамінаем Вашу гасцінную хату і Гудзевічы. А тая старая хатачка, найцяплейшая маяму сэрцу, проста стаіць у вачах. Дзеля хваробы я не напісала Вам прывітанняў. Даруйце ласкава. Я цешуся, што ў Вас такія харошыя дзеці. Бог адудзячыў Вам хоць дзецьмі за ўсе труднасці Вашай высакароднай і ахвярнай працы для Бацькаўшчыны.
Аб сваёй кніжцы яшчэ нічога не ведаю. Задатак за яе мне прыслалі яшчэ ўвосень.
Я рада, што дайшоў да Вас мой ліст з апісаннем дывана. Думала – загінуў.
Сябры мне пішуць, часамі наведваюць. Нехта з маладых выпісаў мне “Маладосць”, “Полымя” і “Беларусь”. Мяне моцна крануў за сэрца такі харошы, высокакультурны і гуманны жэст. Люблю, калі ў моладзі праяўляецца чалавечнасць!
Абавязкова апішэце мне ўсе сваі беды, а то непакоюся вельмі за Вас. Мне тут даводзіцца бараніцца найболей ад подласці. Бывае агідна. Не забудзьцеся апісаць мне стан сваяго здароўя. Вясна ўжо на парозе, а мне ўсё ня верыцца, што я да яе дажыла…
Напэўна, чулі, што ў Празе Чэшскай памёр М. Забэйда-Суміцкі. Свой архіў, фартэпіяна, магнітафоны і інш. запісаў Беларускаму дзяржаўнаму музею. А яны адказалі на ўсё маўчаннем. Забіраюць кватэру ў Празе, і ўсё можа загінуць. Беларусы непакояцца. Гэты музей так робіць звычайна. Калі б Забэйда-Суміцкі апісаў усё Музею беларускага старажытнага мастацтва, была б карысць. Там недзе і урна з попелам мастака прагне вярнуцца ў свой родны край. Якая трагедыя… Няхай аддалі б ягоную урну з попелам Беларусі. Мёртвым у нас даволі спакойна. Жывым, безумоўна, горш. І той мір вісіць на валаску, і ўсё гэта моцна непакоіць. Безумоўна, усім у жыцці не дагодзіш, і шмат хто гневаецца на мяне за “капрызы”, як кажуць. А я ім хачу сказаць, што пабылі б яны на маім месцы, дык заспявалі б не так. Злуюцца на мяне нават за тое, што мне хапае (мусіць хапіць!) 33 руб. 75 кап. пенсіі, і я нічога не прашу болей, не кланяюся.
Я цяпер не ўнучка маяго дарагога дзеда, а сапраўдны пралетар! Змералі з усіх бакоў маю хату, але сёлета яе яшчэ зносіць не будуць. Возьмуць толькі кусок хлява ад гародаў.
Як маецца Верачка? Як ідзе вучоба Міхасіку? Вельмі чакаю ліста ад Вас. Буду старацца дажыць да сустрэчы з Вамі ўсімі. Міламу Міхасіку маі сардэчныя прывітанні і дзве паштоўкі, якія далучаю. Верачку цалую, Вам – шчыры паклон.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 24 сакавіка 1982 г.
Дарагі Аляксей Міхайлавіч!
Я добра не памятаю – быў гэта 1939 ці 1940 год. У мае рукі трапіла газета на беларускай мове – “Раніца”. Акрамя належнай дані таго часу (якое ніхто не чытаў) былі там весткі пра нашых палонных, іх лісты і шмат іншага, вартага ўвагі. Я паслала ім нейкі малы нарыс пра вясну, якая набліжалася. Спадзявалася, што і мне адкажуць, як іншым, але “Раніцы” прыходзілі, а мне – ні слова! Але аднойчы прыйшоў ліст з рэдакцыі. Мне пісалі, што прысланае мной яны могуць надрукаваць толькі на вялікае свята. Набліжаўся Вялікдзень, і той мой нарыс трапіў у велікодны нумар.
У мяне яшчэ папрасілі матэрыялаў. Я пачала слаць ім свае вершы. Першы, які надрукавалі, – “Калі цябе, мілы, краіна пакліча змагацца за родны парог”. Усё гэта я напісала без ведама майго мужа. Я яго задзівіла! Я вельмі сумавала па сваіх бацьках, па сваёй зямлі. Вершаў было многа, але не ўсе друкаваліся. Часць не пускала цэнзура, а рэшта – не надаваліся і ішлі ў рэдактарскі кош. Але імя маё рабілася вельмі папулярным сярод суродзічаў. Я не ўмела плакаць і ныць у вершах. Гледзячы на чэхаў, якія перадрукоўвалі сваю класіку і іншыя вартыя рэчы, я пачала прамаўляць да палонных беларускім сэрцам і сілаю духа. Мяне зразумелі.
З палітперакананняў я была дэмакратам, і фашызм для мяне і іншых быў не да прыняцця. У мяне за ўвесь час не было нават слова “немец” у вершах, а зарысоўвалася выразная, антыгітлераўская лінія. Пасля мяне амаль перасталі друкаваць. Я тут нічога ні адняць, ні дадаць не магу, бо verba volant, scripta manent (словы разлятаюцца, напісанае застаецца), і недзе ў архівах ёсць яшчэ тыя “Раніцы”.
Інакшага спосабу нешта сказаць суродзічам я не мела. За тое, што ў той цяжкі і змрочны час давялося сказаць ім, я не ўстыдаюся! Раней, за былой Польшчай, і таго было нельга. Беларусаў, наогул, не лічылі народам… І болей я нідзе не друкавалася. У кожным выпадку сваіх вершаў нікуды не пасылала. Іх часам з “Раніцы” перадрукоўвалі другія газеты, але рэдка. Мяне называлі салаўём беларускай эміграцыі, аднойчы сказалі – наша Жанна д’Арк… Гэта, безумоўна, завысокая ацэнка маёй душы, але так яно было ў тыя цяжкія часы.
Жыццё маё было цяжкім, вернасць маёй Беларусі – безгранічнай. Я нават не ведала яе літаратуры. У маіх жылах тады пульсавала толькі высокая, народная культура маёй зямлі, якую я вынесла са свайго асяроддзя, ад майго роду. З еўрапейскай культураю я сутыкнулася ў польскай гімназіі, але сваёй чалавечнасцю, мудрасцю, нейкім рамантызмам і сугучнасцю з найбольшымі ідэаламі людскасці нашая культура запаланіла мяне зусім! Тое ж паўтарылася і ў Сярэдняй Еўропе, у Празе Чэшскай, бо культура – гэта не танны бліскучы лоск, а стагоддзямі здабытая, высокая ўзнёсласць духа людскога і такая ж глыбокая яго гуманнасць!
Вельмі шкада мне Надзежды Быкавай. Гутарыць пра яе лёс мне балюча… Сяння я “скампраметавалася”. Ледзь пасля ўколаў прыйшла дамоў. Нейк моцна слабею. Злуюся з гэтай прычыны, бо шмат чаго трэба зрабіць. Хочацца ўбачыць унукаў. Мала знаёмая, але цудоўная беларусачка медсястра ахвяравалася рабіць мне ўколы ўдома, бясплатна… Я заплакала. Мянчане прыслалі ўколаў. Дастала тое-сёе і тут.
А як там у Вас? Ці ўжо настала – дамоў? Як мілы ўнук? Ад нашых лісты даходзяць. Адказваю Вам адразочку. Усіх, усіх сардэчна вітаю. Дзе пахавалі Надзю Быкаву і ці яе муж быў на пахаванні?
Ваша заўсёды Ларыса Геніюш.
Зэльва, 10 красавіка 1982 г.
Даражэнькая!
Дзівоснымі, вялікімі матылямі закружыўся за вокнамі снег. Злосць на яго! Сяння чуюся крыху лепей. Днямі – лепей, днямі – горай. Уколы робяць. Галоўнае, хачу табе напісаць, што прыслалі ўжо карэктуру. Вельмі хораша атрымалася Твая прадмова. Толькі Ты ў ёй пішаш пра “Баравікі”, а гэты верш выкінулі. Я ім звярнула на гэта ўвагу. Яўсееў прасіў хутчэй адаслаць зборнік. Я была моцна хворая і паправіла, што бачыла, збольшага. Маёй бабусі, Зосьцы Верас, Забелю і Кавалёнку вершаў няма. Зборнік, наагул, выглядае сімпатычна. Зямны, беларускі, скромны, баявы крыху, аптымістычны і пацыфістычны. Мне здаецца, што на сянняшнія напружаныя нервы людзей гэта і трэба. Ёсць паэтычнасць, крыху эстэтыкі.