Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экземпляр тэстаменту й папрасіў, каб гадзіннік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы развіталіся.
Калі назаўтра я пайшла ў больніцу, дзядзька Васіль ужо памёр. Мне апалі рукі, каля мяне дзеяліся незразумелыя рэчы. Я атрымала загадкавага ліста ад нейкае Энгельгарт, якая загадала мне прыйсці ўвечары на вуліцу Філіпа дэ Монтэ, грозячы, калі не прыйду. (Была гэта, як пасля высветлілася, аферыстка.) Падыходзілі да мяне нейкія людзі на вуліцы, усё было несамавіта. Мне трэба было вытрымаць усё й толькі як след пахаваць дзядзьку. Назаўтра я ўсё, што магла, аформіла ў паграбальным урадзе. Чэхі ў вынятковай ласкавасці далі дзядзьку металёвы гроб, чаго вайною нікому не рабілі. Мне думалася, што некалі мы пазбіраем усіх сваіх жывых і мёртвых і прывязем у свой беларускі дом, які будзе народным, бацькавым, любым домам для нас. Некалі, некалі... А тым часам то я раўла, то ізноў гатавалася да пахавання. Быў бы хоць Яначка, а то сама, як палец.
Назаўтра прыехалі Мікола Абрамчык і Стась Грынкевіч [94] з Берліна, прыйшла пані Крэчэўская, і мне стала лягчэй. Стася я ведала з лістоў. Пісаў ён мне з нямецкага лагеру ваеннапалонных польскай арміі, дзе быў разам з мужавым сваяком, якому мы пісалі, пасылалі кніжкі, часам пасылку. Быў гэта добры беларус, афіцэр польскай арміі, недакончаны лекар. Яго патрыятызм, інтэлігенцыя й выхаванне ды нейкая чэснасць беларуская прытым мне падабаліся. Вызначылі час пахавання. На Альшанскія могілкі ў праваслаўную капліцу перавезлі цела памершага. Хоць дадаткова было заплачана за галенне нябожчыка, на жаль, і тут мяне ашукалі. Людзей на пахаванне сабралася вельмі многа. Было шмат вянкоў. Я трымалася вельмі добра. Юрачку вяла пані Ядзя, адна мая знаёмая. Ён, здавалася, разумеў усю важнасць гэтай хвіліны, быў спакойны, задуманы. Хораша адпраўляў набажэнства айцец Ісакій [95] , расеец, вельмі харошы чалавек і святар. Калі ён пачаў гаварыць апошняе слова па дзядзьку, ды такое — аб долі Беларусі, аб долі памершага, як бы сам быў з нашага народу. Вось тады я не вытрымала, абмякла, падкасіліся ногі. Мяне вывелі. Бог няхай будзе літасцівы й вечна міласэрны да таго харошага святара. Вельмі многа зрабілі здымкаў з пахавання, а калі ўжо ўсе разышліся, Стась Грынкевіч пабег яшчэ па фатографа, і ўжо фатаграфавалі мяне ля магілаў. Дзядзьку Васіля палажылі ля ягонае жонкі Паліны з Ляўтаў, бо магіла загадзя была закупленай і разлічанай на дваіх. Стаяў там і помнік з вырытым знакам Пагоні. На помнік толькі прырабілі пасля мрамарную дошку з імем дзядзькі. Яго звання напісаць было нельга. Не прызнавалі й тады незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гітлер і яго генералы й не генералы будавалі т.зв. Новую Еўропу, тысячалетні нямецкі «райх», дзе беларусам у рэшце рэшт адводзілася месца нявольнікаў, як і ўсім славянам. Прымаючы словы спагадання ад чэхаў і розных нацыянальнасцяў эмігрантаў, я адчувала, што адышоў наш вялікі чалавек, які як умеў, так чэсна адносна свайго народу рэпрэзентаваў нашую Айчыну за межамі. Цёплае слова сказаў і Гайда, гэта быў чэх, пасол у Ліцьве за часу прабывання там БНР, які застаўся заўсёды верным сябрам беларусаў і асабіста дзядзькі. Многа пазней падчас неймаверна шалёнай пургі на Інце падышла да мяне адна эстонка й пачала вельмі хваліць дзядзьку Васіля Захарку. Яна яго ведала. Яе родная цётка-эстонка была жонкай консула чэшскага Гайды. Сем’і з сабою дружылі, і гэтая маладая жанчына не раз гасціла з імі ў дзядзькі Васіля, калі бывала ў Празе.
94
Грынкевіч Станіслаў (1902–1945) — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, літаратар.
95
Айцец Ісакій (Вінаградаў; 1895–1981) — архімандрыт, былы афіцэр. Вывучаў багаслоўе ў Пецярбургу і Парыжы, служыў у пражскім саборы св. Мікалая, які наведвала Л. Геніюш. У 1945 г. арыштаваны і вывезены ў СССР, дзе адбыў у зняволенні 2 гады. Потым служыў у Сярэдняй Азіі.
І так 14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка [96] . На яго месца засталіся мы. Я, такая простая й амаль вясковая, якой адзінаю зброяй была невысказана вялікая любоў да Беларусі, чэснасць жыццёвая й мой талент. Мікола ведаў мовы, добра арыентаваўся ў палітыцы, меў ужо практыку ў змаганні за Беларусь. Усе надта хацелі ведаць, хто ж на месца дзядзькі Васіля? Мы пакуль маўчалі. Мароз мне па скуры хадзіў, калі я думала пра Ермачэнку, ды не толькі ён... На вечар па дзядзьку Васілю ўсе нейк пайшлі, сабраліся па групках. Да нас пайшлі толькі мы: пані Крэчэўская, Мікола, Стась і я. Было нам нейк сумна і ўсё ж добра ў цеснай, сваёй беларускай сямейцы. Мы дык ужо сабе давяралі. Пані Крэчэўская перадала тады Міколу пашпарт беларускі Пятра Антонавіча Крэчэўскага й стары вялікі артыкул з амерыканскай газеты (не памятаю назовы) аб прагалошанні 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.
96
14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка…– у газеце «Новая дарога» (Беласток) за 14 сакавіка 1943 г. быў змешчаны наступны некралог: «З вялікім жалем паведамляем усіх прыяцеляў і знаёмых аб тым, што 14.03.1943 г. памёр у больніцы на Булёвцэ на 66 годзе жыцця Старшыня Беларускай Рады ў Празе, ахвярны і даўгалетні грамадскі дзеяч і сябра беларускіх арганізацыяў Васіль Захарка. Пахаванне адбудзецца ў пятніцу 19.03.43 г. на Альшанскіх могілках. Сваячка Ларыса Геніюш і Беларуская Калонія ў Празе».
Назаўтра мы ўсе разам паехалі ў Моджаны, дзе перабіралі, сартавалі й адбіралі, што трэба было неадкладна вывезці з беларускага архіву дзядзькі Васіля. Рэчы яго скромныя мы, пасля дэзінфекцыі, аддалі ўсе Стасю Грынкевічу. Ён павёз іх тым беларусам, якія былі на працы ў Нямеччыне й не мелі дастаткова адзення. Так я дамовілася з дзядзькам. Сартаваць архіў нам ніхто не перашкаджаў. Нікога з немцаў не было на пахаванні, і здавалася, яны нічога не ведаюць. Адкідаючы непатрэбнае, Мікола проста адсунуў пудэлачка ад запалак. Я падняла яго, і ў ім знайшлі мы цудоўныя беларускія значкі яшчэ з 1918 года з Пагоняю. «Благаславенна ўсё, да чаго ты дакранешся»,— сказаў мне Мікола й дзіўна нейк на мяне паглядзеў. Была вайна, і не было рэчаў, адзення, абутку, а ў дзядзькі былі харошыя, новыя чаравікі як на Міколу, дык кажу яму: «Вазьмі ты сабе па дзядзьку хоць чаравікі, хоць нешта, твае ж падзёртыя». — «А чым я ад цябе горшы, Ларыса Геніюш, я ж не бачу, каб ты сабе што-кольвечы брала». Так адказаў мне Мікола, і гэта напоўніла мяне нейкім даверам да яго й спакоем за ход нашых спраў. Усё, што было найболей вартасным, мы спакавалі й перавезлі да нас. Там перапакоўвалі, каб адвезці далей. У гэты час да нас прыйшоў Забэйда-Суміцкі. Яго не ўпусціць мы не маглі. Я далей стаяла на каленях і пакавала. Узяўшы ў рукі дзяржаўную пячаць, я пацалавала яе спачатку. Цікава, што гэты выпадак сказаў мне на следстве следавацель. А можа, сам Мікола, калі гаварыў аб гэтым...
І так сябры паехалі, павезлі з сабою часць архіву, бо мы вельмі баяліся, і не без падставы, што немцы будуць мець на яго зуб. А пакуль што я хадзіла як учадзеўшы, усё думала: што ж будзе далей? Не давала гэта нам нейкае ўлады, але мы мелі шчасце захаваць мінулае, факт і традыцыю прагалошання незалежнасці нашай, што для кожнага народу святая, вялікая рэч. Розна складаецца лёс народаў. Ёсць самастойнасць дзяржаўная, ёсць федэрацыі, але як бы ні было, маючы такі факт за сабою, мы адчувалі, што мы народ! Нельга адбіраць, ануляваць, заціраць вялікага ў жыцці людзей і народаў, нельга абядняць нацыі, забіраючы ім іх дасягненні. Не, я не аддам мінулага!
Час ішоў, дзядзьку Васіля прыпамінала ўсё: кожны сустрэчаны эмігрант, кожная справа, якая датычыла Беларусі. Цяпер толькі адчувалася, як гэты ціхі й скромны змагар высока трымаў імя Беларусі. Не было да каго паехаць, не было з кім парадзіцца — толькі на ягоную магілу. Не было болей людзей у Празе, для якіх беларуская справа была б важнейшай за асабістую. Дзядзька наскроз іх бачыў і ведаў, што ў разе чаго ад’ютанты яны, не камандзіры, і спалягаць на іх нельга. Часам думалася: не тых выслаў Браніслаў Тарашкевіч, якія ахвярна прынясуць здабытыя знанні й жыццё Радзіме. Перспектывы асабістага спакою й дабрабыту даўно ўжо ў іх заглушылі тое лепшае, што яшчэ, можа, адчувалі яны ў юнасці. Некалі-такі, казалі, надзейны Астапкевіч, ажаніўшыся з чэшкаю, думаў цяпер толькі іхнімі катэгорыямі, таксама Клаўсуць, таксама дакторка Сідарук, якая, каб не паехаць на ўсход, сімулявала хваробу пазваночніка. Гэта якраз нічога, але бабка зусім забылася, скуль яна й на якую стыпендыю атрымала асвету.
Найболей мне не падабаўся мастак Салавей. Ён быў членам Камітэту, як і ўсе, але як жа неахвотна гутарыў па-беларуску, як жа адмежаваўся ад вестак нават з Бацькаўшчыны. Як за кару прыехала да яго пасля родная сястра з Беларусі са сваім мужам і сыночкам. Ён і яго чэшская жонка не зразумелі няшчасных харошых людзей нават тады, калі памёр у Празе на менінгіт іх адзіны сынок і лёс іх далей пагнаў у няведамае на чужыну.
Вельмі нейк інтэрнацыянальна адносіўся да беларускае справы й Забэйда-Суміцкі, які не раз падтыкаў нам, што адзіны мастак Беларусі, яе слава, не мае нават свае машыны, аж пакуль Мікола не сказаў яму некалькі слоў аб тым, як трэба разумець змаганне за Айчыну, ды яшчэ ў час вайны. Жылося яму няблага, а што мы болей, нявольныя, маглі яму даць? Вузкі ў сваіх асабістых зацікаўленнях, запалоханы й недалёкі палітычна быў і мой муж. Жук быў нам абсалютна варожы, але ад нашага сяброўства й сякой-такой спагады не адмаўляўся. Сяння думаю, што такое было тады яго заданне. Вялы й недалёкі быў Буська й неразгаданы нейкі, няшчыры інж. Юрка Бурак. Кажуць, што ўсе лепшыя пражскія беларусы памерлі ад сухотаў ці паехалі ў Менск, дзе таксама доўга не пажылі.
Актыўны быў толькі Ермачэнка, болей нават, чымсьці належала, але яго актыўная дзейнасць была выразна — не на наш млын вада. Бакача нейк нагла й рашуча адправілі ў Нямеччыну на работу. Яго верная Марыя пасылала яму, што магла. Яе любоў выклікала пашану, яе ахвярнасць і чысціня, і шчырасць пачуццяў мяне здзіўлялі. Такога друга Бог дае людзям не часта, і жаль толькі, што, карыстаючыся з сяброўства жанчыны, Бакач ёй не адплачваў тым жа.
Часам паказваўся ў Прагу Вітушка [97] , які беларускасці не адрокся, але не ў галаве яму было мяняць высокі матэрыяльны ўзровень жыцця на крыжовую дарогу шчырага змагання за Беларусь. Вось больш-менш гэта было тое, што ў Празе. На фоне іх ціхі, абсалютна чужы нам яўрэй Вольфсан, які дасканала ведаў, што перажыць вайну і ўсе няшчасці таго часу трэба і яму, і яго дзецям, і нам усім. Прыходзіў ён часам да нас, маўчаў. Малады інж. Калоша, худы й вымучаны некалі беспрацоўнасцю й такі можна сказаць голадам, тым цяжкім голадам, калі ўсё ёсць і толькі няма граша, каб пад’есці, цяпер ажаніўся з Ольгай Вяршынінай і быў недзе на нейкай рабоце. Не памятаю, можа, нат выехаў недзе. На вочы нейк не пападаўся.
97
Вітушка Міхась (1907—2006) — палітычны і вайсковы дзеяч, адзін з лідэраў Беларускай незалежніцкай партыі, маёр Беларускай краёвай самааховы ў гады Другой сусветнай вайны, пасля 1945 г. арганізатар антысавецкай партызанкі ў Беларусі; пазней жыў у Заходняй Нямеччыне.
Ольга Вяршыніна была дачкою нейкага вельмі для мяне загадачнага чалавека, беларуса, безумоўна, але я яго ў жывых не застала. Жанаты ён быў з чэшкаю, якая разам з ім вельмі памагала ў свой час новапрыбыўшым беларускім студэнтам у Празе. Яны радзілі ім, як умелі, падкармлівалі, калі трэба, і для многіх былі як бацькі. Казалі, што Вяршынін — гэта было не яго ўласнае прозвішча. Пасля Калошу чэхі выдалі саветам разам з намі. Не ведаю, на сколькі быў ён засуджаны й дзе яго выслалі. Ведаю толькі, што нарэшце ён вярнуўся ў Прагу, але Олі свае ўжо не застаў, яна з труднасці пакончыла самагубствам. У каго былі дзеці, не ведаю.
Даволі паважнай фігурай сярод пражскіх беларусоў быў Васіль Русак, слуцкі паўстанец. Гэта быў энергічны дзеяч, вельмі шчыры беларус, але, паводле мяне, недалёкага маштабу. Ён па жонцы меў краму, дзе таргаваў і зарабляў няблага, меў харошую вілу за Прагаю й не меў дзяцей. Часам ён фінансаваў «Іскры Скарыны» ці нешта іншае, што пераважна афармляў да друку доктар Грыб. Русак вельмі любіў усюды быць першым, што яму не заўсёды ўдавалася. Гаварыў, дык на нейкім славянскім эсперанта. Многа каму крыху памагаў, але казалі, што кожную дапамогу землякам заносіў у спецыяльную кнігу, так мовячы, для парадку. Дзядзька ён быў не благі й не дурны, але крыху арыгінал. Не мог зразумець, як гэта такому скромнаму Геніюшу, які ў свае гады не дабіўся нават капіталу, можна мець усе забэйдаўскія кружэлкі. Мала яшчэ тыя кружэлкі, але яшчэ такую беларускую жонку? Пасля ад’езду Яначкі ён явіўся да нас з падаркамі, з прадуктамі, лепш кажучы. Прынёс усяго пакрысе й вельмі быў уражаны тым, што я яму за ўсё заплаціла й забараніла болей нешта для нас прыносіць. Ён розна мудраваў, як гэта дапамагчы мне. Выдумаў, што яму трэба схаваць у мяне прадукты, бо немцы могуць зрабіць рэвізію ў краме. «Не, не,— кажу,— сябра, нічога мне вашага не трэба». Разыходзілася яму аб тое, каб я менавіта напісала аб ім паэму й пры гэтым аб слуцкім паўстанні. Не мела я тады часу нават выслухаць гэтых спраў, чаго вельмі шкадую сяння. Русак меў добры голас і ахвотна спяваў у аматарскай групе оперных чэшскіх артыстаў у Празе. Яго выдалі чэхі недзе ў 1945 годзе, і ў лагеры, кажуць, забілі яго. Аднойчы ў лагеры на Інце я загледзелася на адну жанчыну, вельмі да яго падобную. Яна была са Слуцка і, як аказалася пасля, яго родная пляменніца Каця Русак...
Недалёка за Прагаю жыў у пана й даіў кароў Мікола Суддзёў. Быў гэта харошы просты хлапец з арміі Балаховіча [98] . Жыў з чэшкаю Мажанкаю, вельмі працавітай жанчынаю. Дзяцей у іх не было. Суддзёў ахвотна прыязджаў да нас, галасіўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асвечаных ідэалістаў. Мяне ён вельмі любіў. Пасля вайны ўзяў савецкае грамадзянства й прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем зацеміў: «Вы будзеце вялікай па смерці». Паводле яго практычных разлікаў, такое не аплачвалася... Кожнаму сваё.
98
Балаховіч-Булак Станіслаў (1883–1940) — ваенны і палітычны дзеяч, генерал-маёр (з 1919). У студзені 1920 г. са сваім войскам перайшоў у распараджэнне ўрада БНР.