Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Друкавацца таксама не хачу і не буду. Няхай гэта будзе пакуль што толькі для Вас. Бачыце, калі мне браць нейкае грамадзянства, дык – грамадзянства народу, які нам ніколі не рабіў крыўды, які шануе сваю і чужую свабоду і які не прадаў бы мяне, як гэта зрабілі Чэхі ў 1948 годзе. Вы ведаеце, што я ніколі не галасавала ў ніводзін урад у маім жыцці? У Польшчы галасавалася позна, ад 21 г. жыцця. Калі я выйшла замуж, дык мы з мужам не галасавалі таксама, бо не было там як галасаваць – усе беларусы тыя выбары байкатавалі. У Чэхах я была чужынкай. За нямецкай акупацыяй я была “без грамадзянства”, як і сяння, бо сваё польскае грамадзянства згубілі мы з падзеннем Польшчы. Чэшскае грамадзянства ўзялі мы ў 1947 годзе. Не галасавалі, бо ў 1948 г., 5 сакавіка, нас ужо арыштавалі, а 13 жніўня таго ж году нас выдалі. Нейкім нелагічным чынам мы зноў аказаліся без грамадзянства. І так – ніякага галасавання на працягу 8, 5 гадоў зняволення. Ніякага і да сяння! Гэта нейкі унікум! Вось вынесла я беларускую святасць са сваёй зямлі, і гэта адзіны мой “паспарт”…
Вось з раніцы гаворыць у нас “радиоточка”, і яшчэ ні слова не пачула я па-беларуску – ні для старых, ні для моладзі, а ўжо 12 гадзін. Будуць заўтра крыху гаварыць, бо гэта працоўны дзень, і клас сялян і рабочых, які яшчэ карыстаецца роднай мовай, будзе слухаць перадачы, якія будуць падганяць да выканання і перавыканання нормаў працы. Нейкі надклас, не карыстаючыся роднай мовай, у гэты час будзе “начальстваваць”, а вечарам усе яны будуць слухаць нешта іншае – кожны сваё…
Гродна цяпер ціха радуецца, па нейкім канале яны ловяць Вільню і Польшчу. У Польшчы асабліва цікавая праграма замежных фільмаў. Вось і нашыя вучацца польскай мове, каб зразумець каўбойскія ці шпіянажныя, ці іншыя цікавыя фільмы. У шэрым жыцці чакаюць вечара, сядзяць да 3 г. уначы (у палякаў час на 2 гадзіны адстае ад нашага) і глядзяць “казкі”, з якіх прачынаюцца да рэчаістасці і чакаюць вечара, каб зноў іх пабачыць.
Вучні робяць з тэлевізара малаўдалыя фота “біталсаў”, але іх купляюць такія ж мальцы і носяць у ранцах сваіх заплечных мяшочкаў – гэта лічыцца вялікім шыкам. А вось Алесь [Разанаў] і Віктар [Ярац] выраслі, падняліся над узровень гэтага дэкадэнцтва, за што і маюць. Між іншым, Данута наша сказала: “Ну што ж, нічога страшнага, даўно ўжо пара, каб і мы паказалі свой твар”. Нейк гэтак, ну, крыху, можа, мацней. Цудоўная яна бабка! Яшчэ сыпаліся з яе вуснаў “перлачкі”, але гэта пры сустрэчы.
Як маецеся? Ніна Л[ойка] зноў на днях едзе ў Менск, можа, зойдзе да Вас. Адным словам, мая рука з Вашымі. Будзьце вельмі і вельмі разумнымі. Я чакаю Вашых лістоў. Муж па-ранейшаму чуецца блага. Сяння ляжыць. Бывайце, дружа! Прывітанні сябрам.
Л. Г.
Цяпер я занялася вышываннем ручнікоў, гэта бяспечней, як пісаць паэзію.
Зэльва, 7 лютага 1969 г.
Даражэнькія!
Атрымала абодва лісты. Была ў Гродне. Усе хварэюць на грыпу: і Васіль Б[ыкаў] з сынамі, і Данусі Бічэль дзеці, і прафесара Пяткевіча жонка ў больніцы. Ляжаць і стогнуць, і я ледзь уцякла. Усе яны харошыя людзі, і я цікава пагутарыла з імі. Так, як гутарыла б, напрыклад, з Вамі. Аб нас не думайце. Я магу жыць з найменшых грошай, я ўмею. Былі цяпер студэнты на канікулах, дык адведвалі нас. Быў у Зэльве і Рыгор С[емашкевіч]. Раз я сама бачыла, як прайшоў з сябрам пад вокнамі, увайшлі ў сені і – паўцякалі… Кажуць, падыходзілі пару разоў і баяліся мяне… Во, бачыце, які я “леў”? Адным словам, добра яны зрабілі, што не зайшлі да нас, бо гутарка была б адпаведная.
З Менску ніякіх вестак! “Кітаб І. Луцкевіча”, мусіць, таму, што ён гэты Кітаб знайшоў. Аўтар спасылаецца ў звязку з гэтым Кітабам на Я. Станкевіча: Stankevic S. Pr'ispevky k dejin'am belorusk'eho jazyka na z'aklade rukopisu “Al-Kitab”. “Slavia”, rocnik XII, Praha, 1933–1934, s. 375-390; Я. Станкевіч. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. “Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні”, 1933, стар. 111-141; Я. Станкевіч. Мова рукапісу “Аль-Кітаб” з Музею Івана Луцкевіча ў Вільні. Веда, Нью-Ёрк, 1952, стар. 21-31, 55-62, 84-95, 146-152, 236. Вось гэта ў звязку з тым Аль-Кітабам.
Нехта пісаў ці казаў мне, што п. Смоліч выбіраецца ў Менск, а так, як Надзежда Васілеўна Караткевіч гасціць у сястры ў Кіеве, то недзе абедзве паявяцца ў Менску. Я таксама люблю дом, люблю свята, як англічанін. 12 вёрст ад Гудзевіч быў хутар майго бацькі Жлобаўцы (дзе я і нарадзілася). Там лёгка лячыліся любыя раны, стуль тэмы ўсіх маіх вершаў і мая сіла, якую я маю. Я часам езджу глядзець на вялікі пусты дзядзінец. Пастаю на яшчэ не разрушаным фундаменце свае хаты (яе перавезлі ў Ваўкавыск), вярнуся ў сваю маладосць, паразмаўляю душою з бацькамі і ўсімі роднымі, абвяду вачамі неба і прачынаюся зноў да балючай і шэрай рэчаістасці. Альбо еду да нашых суседзяў і гляджу на пару дрэў нашай алеі, якіх яшчэ не зрубалі. Яны любяць успамінаць аб нашых, і я ў іх – як у сябе ў хаце. Бацькоў маіх яшчэ любяць і ўспамінаюць да сяння. Мама многа людзей лячыла і наагул спагадала і памагала людзям.
Зэльву я ўсё яшчэ не люблю, хоць да старой нашай хаты (Ваша – палац у параўнанні з ёю) прывыкла, асабліва да кветак, якія радуюць мяне болей за ўсё. Што за абляпіха? Гэта ягада? Я чула гэткае слова, а што гэта – не ведаю. Муж крыху паправіўся, лазіць з кіёчкам…
Да сына, да сына – а як падумаю, дык становіцца крыху нявесела… Нічога. Спачатку муж дастане тут пенсію, тады паедзем. Жыць з сынам не будзем. Нельга. У іх толькі два пакоі, ды, як я Вам ужо пісала, яны абое скупыя вельмі. Гэта не загана, а такі іх характар ужо, асабліва ў нявесткі. А ў нас няма дня, каб ніхто не быў на сняданні, абедзе ці вячэры, альбо і пару дзён. Аб хлапчанятах ужо не думаем – так, знача, трэба! А нам трэба іх бараніць! На дапамогу рэктару, я чула, прыслалі з Ленінграду нейкага зусім не педагога, самі разумееце… Адзін студэнт, кажуць, звярнуўся да яго па-беларуску, а той пачаў крычаць, каб болей не чуў ва ўніверсітэце “этого болгарского наречия”… Не ведаю, як там было на самой справе, так мне апавядалі ў Гродне.
Што не пісалі ў “ЛіМе” аб паяскох – няма дзіва. “ЛіМ” цяпер завецца ў Менску “Сінайскі лісток”. Далі там Бярозкіна і іншых. Там цяпер толькі Эдзі Агняцвет, Лось, Кучар і т.п. Кажуць – жах. Спяшаюся. Муж ідзе і кіне ліста.
Цалую Вас. Вітанні ад мужа.
Шчырая пашана ўсім хатнім.
Л.Г.
Зэльва, 12 лютага 1969 г.
Паважаны сябра!
На дварэ сяння – лютаўскі марозік, хораша! Ад нас паціху ўцякае грып, недзе назад у Ганконг. Крыху баліць галава – начыталася аб фашызме. Доўга бродзіла па хаце ноч, вымаючы з-за свае чорнае пазухі ўсё новыя і новыя свядоцтвы здзеку над нашым народам. Усё гэта адбівалася прывычным болем на маім адзіноцтве да раніцы.
Дзікія, каротказоркія планы немцаў дэнацыяналізаваць нас пасля вайны, вынішчыўшы ў першую чаргу інтэлігенцыю, безумоўна, паэтаў (асабліва тых, якія не хочуць дэнацыялізавацца ды ўстрымваюць ад гэтае нізасці іншых). Які жах – знішчыць, наступаючы, гарады і ўсе іншыя вартасці і “пачынаць” нашую культуру ад “тысячалетняга райху”, нагла зацершы сапраўдную тысячалетнасць нашых гарадоў, паселішчаў, замкаў, пісьменнасці, гісторыі, чалавечнасці нашага народу ўрэшце!
Знача – вынішчыць нашу інтэлігенцыю, а крывёй народу аздараўляць сваю падслепаватую расу, змешваючы “ласкава” з беларускай чысцінёй сваю “арыйскасць”. Яны, напэўна, адразу ўзяліся б нішчыць нашу мову і заводзіць свой Оrdnung, зусім не звяртаючы ўвагі на тое, што мы – жывы, стары, пакрыўджаны, харошы народ, які прагне жыць, дрыжыць за землю сваіх дзядоў, кахаючы яе як жывую!
Страшна гэта ўсё, як тое калясо, да якога мерылі халуі Чынгіс-хана нашых абаронцаў, забіваючы кожнага вышэйшага за калясо… Проста гэта, так па-азіяцку! І лёс Паўлюка Багрыма за царызмам, і Купалаў, і ўсяго народу… І азвярэлы і смешны ў сваёй тупасці т.зв. “гонар” палякаў, якія мову некалькімільённага народу, мову Скарыны дзіка, тупа, па-шляхецку тапталі, заганяючы яе ў хлявы, у поле, пад стрэхі…
Начамі да паэтаў прыходзяць тысячалетнія крыўды зямлі і робяць сэрца паэта крыкам страшэннай болі, адказнасці за наш лёс!
Зусім забылася – учора быў ліст ад Вас. Дзякую! Цешуся, што Ваш дарагі, найлепшы сябра ўжо ўдома. Як там тая кіслотнасць, ці ўсё ў парадку? Дарма Вы, даражэнькі, так праймаецеся гэтым друкаваннем! Мне ніколі не баліць тое, што датычыць мяне, часамі злуе толькі, але не баліць. Мне цяжка толькі, калі робіцца крыўда нашаму народу, і ў мяне, акрамя слоў, няма іншай рады, каб ратаваць яго, дапамагчы!
Мне шмат цяжэй было ад артыкула Васіля Еўціхеевіча (у лютаўскім нумары “Полымя”) – аб нецікавым лёсе нашай зямлі, якую чужымі, негаспадарлівымі, абыякавымі рукамі ўжо паспелі давясці да такіх эрозіяў!