ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

А можа, Вы абгаварылі б гэтую справу з кампетэнтнымі рэдактарамі “Звязды”? Добра было б, каб усё гэта расследаваць, але дакладна. Можа, і ў Сашы якія памылкі як у настаўніка, але яго так цэняць і вучні, і людзі, што не думаю, каб была ў чым яго віна. Проста ўсюды гіне ўсё беларускае, засталіся адзінкі, шануючыя мову бацькоў, няўжо і іх будуць выкарчоўваць? Як сумна, як жудасна! Да чаго дажылі мы, чаго дачакаліся? Няўжо і цяпер, калі ўсе людзі – быццам роўныя, ёсць яшчэ, яшчэ водзяцца “мужыцкія” і “панскія” мовы? Як давесці гэтым “курыным мазгам”, што гэта ёсць мова народу, разумееце, мова жывога, працоўнага, старога, слаўнага народу, свой голас, свой твар, свой агонь, свая ж маці!

Міколачка, ну што Вы на гэта? Няўжо Вы не прыдумаеце, як памагчы Сашы ды яго харошым дзеткам? А галоўнае – мове нашай, Радзіме нашай, так пакутнай заўсёды, так нішчанай, дзе так нядаўна быў камень на камені і магіла на магіле пасля вайны… Ну, думайце, прашу, думайце…

У нас усё па-ранейшаму. Доўга не піша Юра. Такі страх аб яго здароўі, аб хлопчыках, аб іх будучыні. Калі б зналі, якое гэта было здольнае, харошае дзіця, але ўсё светлае, усё харошае нішчыць тупая цемень і раўняе з сабой. Не магу аб гэтым, не магу… Амаль усіх “дабрадзеяў” памаленьку выжываю з хаты. Выдумваю, палохаю іх, чым магу. Стала спакайней крыху, ёсць хвіліна пачытаць, падумаць.

“Круглянскі мост” – гэта падзея! Даць такія прататыпы нашых дзён, паказаць з карэнняў сучасныя персанажы мог толькі Васіль [Быкаў]. Піша, што Брыль ці Шамякін напісалі б гэта ў іншым аспекце, яго ж гэтая тэма цікавіла найболей у аспекце маральна-этычным. Якраз сяння ўжо найвышшы час на такія аспекты! Паняцце перадавога чалавека сяння залежыць якраз абсалютна ад яго маральна-этычных вартасцяў. Ад гэтага залежыць і мір, і далейшае сужыццё народаў у наш лёгказнішчальны атамны век. Як Вы думаеце?

Разумныя, прадуманыя законы, прытым законы роўныя для ўсіх – вось што можа быць ратункам сяння і для нас, і для людскасці. Без прыгнятання, без насілля, без эксплуатацыі людзей, адзінак і народаў. Іначай пагінем усе, як рудыя мышы, калі пачнем даказваць зброяй, хто сільнейшы, хто лепшы ці каму належыць першынства. Усё гэта дурасці ў параўнанні з існаваннем людзей і зямлі. Думаю аб гэтым, бо адчуваю будучае жыццё маіх унукаў. Баюся за заўтрашні дзень зямлі…

Вітайце сяброў, пішэце мне, бывайце!

Ваша Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 29 сакавіка 1969 г.

Даражэнькія!

Ужо трэці дзень, як муж у Гродне, у камандзіроўцы. Адпачываю, чытаю. Таму вось і пішу Вам адразу, бо непакоілася, чаму доўга ад Вас не было ліста. А ў Вас ужо вясна – сееце памідоры. Я не сею, бо ў нас няма сонца ў кватэры, і яны – як нітачкі. Ды, прызнацца, я – гультай. Памідоры гэтыя ведаю, у іх мала зярнятаў, і яны мясістыя, смачныя, позна даспяваюць, баяцца туманаў. Я такое насенне паслала некалі да Чэхаў, і яны назвалі – беларускія памідоры.

У мяне цяпер мала зямлі (на шчасце, а то ногі баляць), і я купляю ў калгасе крыху скараспеек, крыху іншых, і хапае нам. Што да маёй “багатай гасціны”, то я згодная з п. Галінай. Не люблю мучыцца, ды і есці не люблю. У Празе мы часта падавалі прыгожыя канапкі, а да іх каву. А тут паспрабуйце мужавым сваякам, якія любяць выпіць і як след закусіць, нешта падобнае запрапанаваць! Пырхнуць смехам! Вось і прыстасоўваюся да абставінаў, успамінаючы бацькаў дом.

Саша Белакоз ужо крычаў на мяне за клопаты, але ж мужу трэба і санітаркам нешта занесці, і сёстрам (яны ж яго віншавалі!), ды яшчэ пару дзён клікаць пакрысе ўсіх, хто не змог прыйсці ў пару. У нас так: альбо ўцякай з хаты, альбо ўжо каб сталы былі з закускай! Дурасць гэта, а можа, і не. Успамінаю вайну, галодных людзей, і вось накрываем стол – усім, што ад сэрца, і цешымся, што людзі пад’елі, ды яшчэ завернем ім нешта з сабой. Ад таго часу ў мяне слабасць карміць людзей, яны багатшыя сто раз за нас, але гэта няважна.

На поўначы, у вязніцы, голад на працягу столькіх гадоў – вось і ў памяць тых гадоў люблю, каб стол быў як стол. Мы з мужам цяпер ямо вельмі мала, больш малочнае. Толькі гарэлкі многа я не люблю! Вось гэта ведаюць сябры. Прыехаў раз Прашковіч з Панізнікам, паслала я ім у далёкім пакоі, напаліўшы печ. Доўга мы сядзелі, “цадзілі” па кілішку нейкае пітво, а яны прывезлі мне бутэльку імпартнага рому на 65 градусаў! На другі дзень – ужо снеданне на стале, да ўсяго іншага дранікі са смятанаю, часу каля палудня, і я іду падымаць гасцей. Бачу – ай ліха, у бутэльцы – толькі на дне рому, а была зачыненай! Недзе я скрывілася, а яны ў хохат! Адлілі зумысне ў другую бутэльку той ром, каб мяне напалохаць! Вось ужо цешыліся пасля…

А ўсіх Вашых старых кавалераў трэба жаніць! Калі б ведалі, якія тут у нас харошыя дзяўчаты – маладыя настаўніцы, медычкі! Сяння, дарэчы, гаварыла мне адна: так ім цяжка па сёлах, так сумна, моладзі няма – уцякае з сёлаў, гады праходзяць. І вось яны знайшлі раду, тыя сялянскія галубкі – што думаеце? Кураць. Я не мела адвагі крычаць за гэта, так мне іх жаль. Што да П[аўліны] М[ядзёлкі] (між намі), то яна мае цяпер гора. Нейкі тып надрукаваў у “ЛіМе” аб тым, што не яна гуляла першую “Паўлінку”, а ставілі яе першы раз у Вільні! Вось бяда! Ужо трэці раз мне аб гэтым піша! Я надта баюся, калі яна даўжэй у нас пабудзе, дык такую характарыстыку маю намалюе, што патомкі мяне не пазнаюць. Яна ўсё благое прыкмеціць, проста жах! Маю я аб чым думаць.

Сваю “любоў” да мяне яна тлумачыць так: “Мабыць, я ўсё ж крыху псіх (а мо і не крыху). Яшчэ да арышту ў 30 г. на мяне нападаў страх, і я лячылася ў Сечанаўскім інстытуце ў Севастопалі ад фобіі, а пасля проста з вязніцы ў Казані трапіла ў псіхіятрычку. Вось і астаўся след ад гэтага – баюся цябе страціць”. Можаце сабе ўявіць, што і ў мяне хутка будзе фобія з гэтага ўсяго… Ну, будзем бачыць – Бог бацька!

Што да песенькі, то гэта, напэўна, будзе тая самая. Ах, каб Вы маглі яе ўсю ўспомніць! Вельмі прашу. Пашукайце, калі ласка, і тыя, з Сакольшчыны, гэта так цікава. Трэба Вам іх паслаць у “Ніву”. Зрабеце ласкава гэта. Юлечка Бібілачка – маладзец, з ею можна коні красці! А той бедны Панізнік сядзіць на нітках і марыць аб паясочках. Будзе рады, калі знойдзе тую цётачку Юлечку. Мой Алесік ужо быў у яе, дала ім па гальштучку. Вельмі шкадую, што не знаю яе асабіста.

Як там маюцца Клімовічы? Што ў іх новага, добрага? Харошыя яны людзі, гэта я толькі – паганая капрыза, да ўсяго чапляюся… Як крапіва, як той агонь, во даў Бог натуру! Сяння ў Зэльве слонімскі тэатар ставіць “Паўлінку”, пайду паглядзець. Каб хто ехаў, дык паслала б Вам хоць цяляціны, у пачцы, баюся, папсуецца. Што да сына і ўнукаў – Бог ведае, што ў іх будзе. Вось сын быў сапраўды вундэркінд, а што з яго жыццё (ці, праўдзівей, ворагі) зрабіла… Божа, дай мір на зямлі, дай сумленне чалавечае людзям і мудрасць нашым унукам! Як быў настрой у Арсеня? Я тут – як у мяшку, велькасвецкае жыццё праходзіць міма.

Маецца прыехаць (як вернецца з Масквы) Дануся Бічэль з Быкавым. Можа, муж прывязе якія навіны з Гродна. Учора быў мой дзень. Хадзіла ў кіно, забылася назву фільма. Адным словам, нешта па раману Жан Поля Сартра з Сафі Ларэн. Фільм мне не спадабаўся, у Сафі Ларэн расчаравалася, а тое, што хацеў выразіць Сартр, можна было сказаць болей даступна і не так драматычна! Вечарам глядзела тэлевізар (у суседзяў), хакей СССР – Чэхаславакія. 4:3 – на карысць чэхаў! Ноччу доўга не магла заснуць, адна баялася.

Поделиться с друзьями: