ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

На “Узлёт” не паспелі. А начальства пранюхала, што былі ў Зэльве, і было не задаволенае, што мяне прывяло ў лютую ярасць! Абяцалі мне вучыцца на выдатна і пакуль што вучыцца і толькі вучыцца! Вось хацелася мне вельмі даць ім па краватцы. Аднаму дала, праўда, а вось Алесю Р[азанаву] не дасталося, бо не было. А пасля папрасіў краваткаў і сын. Аб тым, што “смаркуны” мелі непрыемнасці, пісаў мне Прашковіч, бо я, ведаючы, як мяне “любяць”, папрасіла іх не пісаць мне… Цяжка да болю, да адчаю. Найболей шкадую, што за кухняю і не пагутарыла з імі як належыць, нічога так і не спытала.

Зноў той А[ляксей] К[арпюк]. Я іх вельмі паважаю, але нічога няма ў нас асабістага, чаго б не павінныя мы былі б аддаць у любы час народу: ці то весткі, ці іншыя інфармацыі, успаміны і г.д. Бог з імі, але не люблю, калі нехта з мяне робіць дурня, а ён раз зрабіў! Піша мне год таму назад, што Забэйда памірае і г.д. “Я ведаю, што Вы не любіце яго, але ратуйце, бо хоча памерці на роднай зямлі” і г.д.

Я, дурань, узбурыла цэлы Менск! Аказалася – усё няпраўда, Забэйдзе і не снілася сюды ехаць, а “органы” такое прыдумалі на Забэйду, калі Вера Вярба пайшла прасіць за яго. Каб ведаў пра гэта Забэйда, сапраўды захварэў бы. Пашто і чаму гэта было патрэбна? Другі раз так мяне падвёў Карпюк, праўда, не з Забэйдаю. Я цяпер баюся хітрых людзей і губляюся ўжо, хто паганы, а хто добры.

Пісалі мне Паўлінка і Дануся Бічэль аб М[аксіму] [Танку]. Ён крыўдаваў на мяне, што яго не слухаю. Я яго вельмі паважаю і буду зноў мірыцца (хоць ніколі не сварыліся), і калі змагу, буду рабіць, як ён пажадае. Прыкра мне, што я яго злую, а ён, як піша Данута Б., хоча мне дабра. Я зноў баюся сваёю выбуховай натурай нашкодзіць яму. Я ж, напрыклад, не магу маўчаць, калі ідзе гутарка аб нашай мове. Вось такія праблемы ў мяне.

А[ляксею] К[арпюку] аб маіх настроях адносна яго персоны не ўспамінайце! Аб краватках, яшчэ раз прашу, не думайце. Як здаровячко? Каб хоць памаглі Вам тыя лякарствы! Калі што яшчэ Вам трэба будзе, то дам Вам адрас Юры, калі захочаце, дык, можа, зноў што прышле праз каго. Хлопец на гэта ён харошы.

Яшчэ раз жадаю Вам усяго добрага ў Новым годзе! Вітайце ад нас Л. Луцкевіча і ўсіх знаёмых. Усяго Вам добрага. Прывітанні ўсім хатнім.

Ваша Ларыса Геніюш.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 24 студзеня 1969 г.

Дарагі Аляксей Міхайлавіч!

Што з Марыяй? Ці сапраўды – нічога небяспечнага? Ці раней яна на страўнік не хварэла? Вось і мне няважна са сздароўем. Збіраюся таксама ў Гродна. Дануся Вам пазвоніць, калі я прыеду. Марыі Міхайлаўне перадайце ласкава ад нас самыя шчырыя прывітанні і пажаданні выдатнага здароўя.

Я ўжо тут счарнела ад попелу і торфу і ад рознай хатняй працы. Уварваліся тут да нас на дзянёк Прашковіч з Панізнікам, і то не было мне як гаспадыні часу з імі пагутарыць, ды і людзей набілася ў хату – патрэбных і непатрэбных.

І так – снег мяне завеяў, адгарадзіў ад усяго свету (акрамя эфіру…), і я зусім вярнулася да першабытнага існавання нашых продкаў. З аднаго боку – гэта і здорава, і люба! Муж амаль тыдзень ляжаў. Можна сказаць, што першы раз ад нашага прыезду сюды. Старасць, і сілы здаюць. Так як з яго пенсіяй справа нецікавая, дык пастанавілі ўцякаць на старасць да сына. Бедны гэты наш хворы слупок, на які трэба абаперціся сяння ўсім малым і старым нашай сям’і. Ён на ўсё гатовы. А нам сяння важна бачыць унукаў, ды каб яны нам закрылі вочы. Сяння ў мужа была пяцімінутка, але ў больніцу ён зайсці па снезе не змог. Справы сумныя. Жыццё чалавека даканала, ды ўжо і час…

Што да Халянковай, дык некалі ў гутарцы яна мне падкрэсліла, што яна – полька. Пры яе сведамасці і інтэлігенцыі гэта гучала дзіўна. Калі гэта гаворыць мой цёмны сусед, дык я амаль дароўваю. Людзям жа сапраўды разумным трэба быць прыкладам для іншых задураных клірам і ворагамі наогул. Вось таму я Вам шчыра напісала, што думаю. Іначай я яе (Халянкову) лічу вельмі інтэлігентнай і цікавай жанчынай, а яе мужа нечаму паважаю яшчэ болей.

Смешна было на святкаванні 50-годдзя БССР у Зэльве. Заўсягды ад інтэлігенцыі выступала ў нас Халянкова. Цяпер жа выступала яе замясціцельніца ў школе-інтэрнаце – таксама завуч (прозвішча не ведаю). Яе спецыяльна знекуль выпісаў той Фогэльман ці як яго там, адным словам – дырэктар. Гутарыла яна вельмі няўпэўнена, і нават колькасць разоў паўторанага слова “партыя” не прыдала асаблівага бляску яе выступленню. На канец, каб нешта яшчэ сказаць і для беларусаў, яна закончыла: “Беларусь, красуйся і… расцвітайся!” Вось тады мы і прыгадалі Халянкову і яе выступленні.

Цяпер у Зэльве, калі хто каго віншуе, дык гавораць: “Красуйся і расцвітайся!” Хахочуць! Пра Сашу нічога не ведаю. Той мядзведзь недзе акапаўся ў Гудзевічах і нікуды носа не высоўвае. Нават не чутно, як яму цяпер дыхаецца. Магу толькі меркаваць па сабе – нялёгка…

Нядаўна атрымала ліста з Масквы – ад Паўліны Мядзёлкі. Яна выразіла думку абліць сябе бензінам і запаліць – у пратэст прыгнечання беларускай мовы на нашай зямлі! Я яе як магла пераканала ў нечасовасці гэтай ахвяры, але гэты чалавек рашучы, і хто ведае, што яшчэ яна нам вырабіць з неспадзеўкі! Цяпер яна, разам з другімі маімі сябрамі, занялася думкай зрабіць з мяне нашую грамадзянку. Вось не люблю, калі хто, не ведаючы майго жыцця, самохаць напраўляе яго куды хоча! Людзі часам не заўважаюць, што і ў мяне галава на плячах трымаецца для нейкага ўжытку! Мне колькі разоў адмовілі ў рэабілітацыі (а я ж ведаю сваю “віну”!), занішчаюць дзе могуць, а я маю кланяцца і дзякаваць за гэта і, безумоўна, – маўчаць.

Пішу гэта прафілактычна, каб пры сустрэчы і Вы не населі на мяне з гэтымі прапановамі! Вы мне, ведаю, даруеце гэтыя словы. І так, крыху пацяплее, і я прыеду да Вас, вось цешуся. Гэта – як з цямніцы па глыток паветра! Прыгатуйце для мяне ўсе цікавыя літаратурныя новасці і абавязкова – беларускія! Для ўсяго іншага – ці варта жыць?

Як Вы там даяце рады з Марынкай? Хто гаспадарыць? Вось і ўсё – муж адыходзіць, каб кінуць ліста. Бывайце! Прывітанні ўсім сапраўдным сябрам у Гродне, самому гораду, Нёману, Каложы, замку, Азотна-тукаваму і г.д. Цалую мілую М[арыю] М[іхайлаўну]. Заставайцеся здаровы!

Ларыса Геніюш.

Міколу Прашковічу

2 лютага 1969 г.

Сябра Мікола!

Гэта мой трэці ліст у адказ на Ваш апошні. У чацвер (30 студзеня) я была ў Гродне. Чаму яны хацелі мяне бачыць – сама не разумею. Пісалі недзе дзеля “красного словца”. Перадусім яны ўсе хворыя. Быкаў ляжыць, і з сынамі, у Пяткевіча ў больніцы жонка, у Данусі пахварэлі дзеці. Карпюка ж я не бачыла, прызнаюся, і не хацела бачыць. Яны ў цэлым, як я і раней пісала, – харошыя людзі. Малайцы! Быкаў ляжаў і чытаў Грынблата. Пытаўся, ці я бачыла такую кніжку.

Учора зноў прыехала з Менску Ніна Л[ойка], казала, што і ў Вас усе хворыя. Нават наш Багіна ляжыць недзе, але яна не мела часу яго адведаць. Хворая і Паўліна М[ядзёлка] ў Маскве. Ледзь-ледзь напісала пару слоў з просьбай не пакідаць яе… Заўсёды шкада мне, калі розум, памяць і пачуцці яшчэ жывуць, здольныя да жыцця, да творчасці, а арганізм знішчаецца, і час адыходзіць. Так нешта і з ёю адчуваецца, а яна нервуецца і нейк неадчэпіста трымае другіх у атмасферы гэтых сваіх непазбежных спраў.

Што да грамадзянства (між намі), дык браць яго і не думаю. Як можна, калі ў Гродне нельга аказацца па-беларуску, каб не пачуць ад прадаўцоў грубасці! Як толькі Дануся гэта перажыла, нешта купляючы ў кіёску! Няхай я – пясчынка, можа, бяссільная, але на такое я не хачу глядзець. Не для гэтага ў нас загінуў кожны чацьверты і мае родныя браты ў тым ліку! Каму не сорамна, няхай той пасецца на гэтай ніўцы мяшчанскай ды чужой! Я з дзеда-прадзеда – беларуска, гэта ў крыві маёй, у душы, і я не гад, якія мяняе скуру!

Поделиться с друзьями: