ЖАНРЫ

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Гениюш Лариса Антоновна

Шрифт:

Пісаў Ластаўка вялікага ліста. Хварэў. Пісала П. Мядзёлка яшчэ большага ліста. Нарэшце, здаецца, яна мяне зразумела…

Вось сяджу, пішу і плачу, як бабёр… Не ведаю, калі прыедуць дзеці. Вельмі шкадую М. Танка, якому дзеля гэтых паклёпнікаў “мыюць” за мяне голаў… Найболей абурае тое, што так тэндэнцыйна, так неразумна, недальназорна топчацца праўда… Вось чаго не пераношу, з чым ніколі не згаджуся, каб пасеклі мяне на кускі, гэта з падобнымі метадамі насілля! І так, што будзе далей, не ведаю! Альбо памру, альбо мяне пасадзяць зноў, бо некаму выдзеру вочы!

Вось такі мой сянняшні ліст… Усё гэта даведалася 8 чэрвеня ад А.Н. Карпюка.

Цалую Вас і прашу прабачэння, калі хутка не напішу.

Ларыса Геніюш.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 3 ліпеня 1968 г.

Дарагія сябры!

Прашу прабачэння за спознены адказ. Я з пэўных прычын нікому гэты час не пісала. Я ніколі не спадзявалася такой трудной барацьбы супраць мяне ў Менску. Дырыгент гэтага хору ўсюды і заўсягды – адзін…

Цяпер крыху хварэю, прастыла. А.Н. Карпюк выклікаў мяне і ўсё мне расказаў. На жаль, у дабразычлівасць яго мне чамусці не верыцца. Няясны ён для мяне чалавек, няшчыры, з фокусамі. Пачаў, што, можа, мы і сапраўды ў вайну былі нямецкай арыентацыі і г.д. Як успомню цяпер, дык мяне трасе з абурэння. Як можна так не верыць людзям? Тыя, якія працавалі з немцамі, паўцякалі з імі, весела жывуць і працуюць сяння. А тут ужо душу атруцілі “дзеячы”, дзеці якіх не ведаюць роднай мовы! Якія знаюць толькі падазронасць і ўзаемную грызню.

З Быкавым мы пагутарылі зусім іначай – талкова, спакойна. А то я тэлефаную яму (Карпюку. – М.С.), а ён кажа мне, што Максім Танк – мой гаспадар. Проста несуразныя гутаркі ў чалавека. Вось і скасіла мяне гэта ўсё. Думаю, што прыйду ў сябе.

Падалі просьбу аб чэшскім грамадзянстве, бо падобныя выступленні Еўдакіі Лось і іншых, пад палачкай мудрага дырыгента, будуць тут трываць вечна. Якая дэструкцыя, якая дзікасць!

Аляксей Міхайлавіч, гэтага ліста перасылаю цераз Івана Шлыка – сваяка майго мужа. Хоча ён паступіць у Педінстытут. Каді ласка, парайце яму, паяснеце, дапамажэце крыху, калі гэта магчыма. У мерах магчымага, безумоўна. Хлапец ён не сапсаваны, крыху піша. Урэшце, Вам гэта будзе відней.

Карпюку аб маіх словах гаварыць не трэба. Яму гэта не паможа. Сапсуе толькі беларускія адносіны, а нас так мала… Маю вялікую надзею выехаць. Нялёгка мне гэта, замоцна кахаю свой Край, але на гэты раз кіруюся розумам, інтарэсамі майго мужа і цэлай нашай змучанай жыццём сям’і. Мне так крыўдна за ўсё, так крыўдна, што я фізічна не магу болей гэта ўсё пераносіць…

Там чалавек мае крыллі, адчувае свабоду, чалавечнасць, радасць з таго, што жыве. Пакуль была там дэмакрацыя, было там цудоўна, а яна цяпер будзе там зноў. Мы доўга жылі на Захадзе, і таму нам так немагчыма душна. Тут, пры найлепшым, можа быць толькі сытасць, але свабода – там!

Дык ласкава паручаю Вам нашага Івана. Шчыра цалую Вашых мілых дам, а Вас сардэчна вітаю.

Ваша Ларыса Геніюш.

P.S. Прашу прабачэння за такі невясёлы ліст, але не магу аб іншым Вам сяння пісаць. Вы занадта мне блізкія і дарагія людзі.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 6 жніўня 1968 г.

Дарагі Аляксей Міхайлавіч!

Атрымала я Вашага ліста і зусім згаджаюся з яго зместам. Не магла Вам у пару адказаць, бо ўвесь мой час, усю ўвагу, энергію, магчымасці і немагчымасці забіралі Міхаська і Алесік – мае ўнукі. 30 ліпеня я іх адвезла ў Гродна, але была ў мяне тэмпература (39), і я ледзь даехала дахаты.

Бачыла Аляксея Нікіфаравіча. Ён спалохаўся мяне, як чорта. Не мог дачакацца, калі пайду. Яму здавалася, што “засеклі” час, калі я да яго прыйшла, і нічога не робяць, толькі слядзяць за мною. Ён збялеў, цэлы дрыжэў, чуць не ўпаў. Болей яго бачыць не магу, мне ўстыдно за яго! Казаў, што Гродна ніколі не дазволіць мяне друкаваць і г.д. І гэта ўсё – на тэмпературу! Нічога не разумею, не магу паверыць, што гэта той чалавек, які быў калісьці зусім адважным…

Ваня едзе здаваць. Няхай паспрабуе. Абяцае вучыцца і добра працаваць. Усё залежыць ад яго. Сашы [Белакоза] не бачыла вельмі даўно. Патрабую яго бачыць, можа, заеду да іх. Цяпер чакаем Клімовічаў і гасцей з Львова. З хаты няма як ад’ехаць. Што са мною робяць – трудна мне зразумець. Друкуюць. Толькі гэтыя вершы ў іх былі… Да нас тут вельмі добрыя, амаль “салодкія” адносіны. Што гэта там у Гродне?

Аляксей Міхайлавіч, не гневайцеся, што Ваня не паслухаў Вашых радаў. Я яму чэсна дала прачытаць лісты. Ён верыць у сябе, хоча вучыцца, дык няхай здае. А можа, Вас няма ў Гродне? Гэта было б сумна. Гэта адзін з першых лістоў, які пішу пасля ад’езда дзяцей. Хвароба яшчэ адчуваецца.

Бывайце, я думаю, што ўсё будзе добра. Была б вельмі рада, калі б Вы да нас прыехалі. Будзьце здаровыя. Перадайце ад мяне сардэчнае прывітанне п. Марыі і дочцы.

Застаюся з пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.

P.S. Дзеці забралі мне палову здароўя і ўвесь спакой. Радавалі толькі ўнучкі. Харошыя і разумныя хлопчыкі.

Зосьцы Верас

Зэльва, 23 снежня 1968 г.

Дарагія!

Прашу не клапаціцца аб краватках! Сваячкі ўжо паехалі, так што паслаць іх покуль што нельга. Не трэба чапаць і нашу дарагую Юлю Бібіла. Абыдзецца неяк. Ніткі яна мае, паслала ёй Паўлінка М[ядзёлка] з Масквы, няхай сабе тчэ памаленьку, а трэба будзе, дык папросім.

Як гэта Вы ліста дасталі раней, чымсці бандэроль? А можа, Вы яе зусім не дасталі? Тады будзем рэкламаваць. Я ўжо да ўсяго прывыкла.

З А. Быкоўскім трэба звярнуцца ў Дзятлаўскі музей баявой славы. Так мне парадзілі з Гродна. Няхай гэта зробіць пісьменна сябра Лявон.

З нашымі экспанатамі на літоўскай этнаграфічнай выстаўцы да слёз балюча. Чытаць гэтага не магу… На Белакоза не гневайцеся, хопіць, што я яго “грызу”. Чалавек ён адумысловы, але мае трое дзяцей (для Беларусі, можа, найболей і патрэбныя нашыя дзеці!), мусяе дбаць крыху і аб іх. Яму нялёгка. Прыслаў нядаўна копію заявы ў Менск. Іх завуч, нейкая саратаўская мадам, загадала вывучаць у школе гісторыю па-расейску, бо выкладчык гісторыі, яе зямляк, за 20 гадоў, праведзеных у нас, не навучыўся мовы! Вось і бароніцца школа! Паслала я гэтую копію Паўлінцы М. у Маскву, але няма ні слыху ні дыху! Баюся, што, можа, захварэла. А можа, яны з Зосяй Шамардзіной, жонкай Язэпа Адамовіча, прыедуць, як збіраліся, на святкаванне 50-годдззя БССР. Ліста я ёй паслала заказным.

Дык яшчэ раз прашу Вас не думаць. Не клапаціцца аб краватках. Ведаеце, пашто яны мне былі патрэбныя? Вось аднойчы ў нядзелю нехта звоніць, бачу – стаяць на ганку два юнакі і дзяўчына. Аказалася, што гэта нашыя студэнты. Яны мелі многа прыкрасці, бо нейк спантанна, само сабой, не ведаю, колькі там соцень подпісаў сабралі ў інстытуце пад петыцыяй, каб усе дысцыпліны ў іх выкладаліся на роднай мове! І ўсяго! Збэсцілі іх, пакаралі, некаторых змусілі адрачыся ад подпісу. Нехта іх лаяў, нехта бараніў, дасталі, здаецца, выгавары. Я ўжо добра не памятаю. Бо не расслухала, была на кухні, каб хоць іх накарміць. Гарэлкі – ні ў рот! Выпілі пакрысе хатняга віна і адразу паехалі, бо спяшаліся на аўтобус, каб паспець на “Узлёт”, іх вечар паэзіі.

Поделиться с друзьями: