Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
У нас усё добра. Муж стогне, сястра ўжо спіць, а мне яшчэ трэба напісаць многа лістоў.
У беластачан няважная мова, і няма многа “святога агню”, але нешта яны ўсё ж робяць, і лепш мець каляндар, чымсці яго не мець… Падзякуйце свайму сыну за ўсе клопаты, звязаныя змаёю асобаю.
Бывайце здаровыя. Цалую Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 11 студзеня 1968 г.
Дарагі Саша!
Атрымала Вашага ліста. Вельмі абураная паводзінамі Вашага адзічэлага загадчыка райана. Ул. Караткевіч учора ад’ехаў, яго выклікалі ў Менск тэлеграмай (фільм). Засталася ў нас яго харошая маці, якую я буду на наступны тыдзень адвозіць у Менск. Максім Танк і Алесь Бажко прывіталі мяне з выхадам сігнальнага экземпляра “Невадам з Нёмана”, які прывёз мне Ул. Караткевіч. Кніга хораша аформленая, ды і змест не паганы. За пару нядзель будзе ў нас у продажы! Ніл Гілевіч да нас не заязджаў, на вялікі жаль, бо вельмі мне хацелася з ім пазнаёміцца. Муж ужо трэці дзень ездзіць у Гродна, здае адчоты. Ці атрымалі майго папярэдняга ліста з адрасам Л. А. Войцік (Зоські Верас)? Нервы мае напружаныя да крайнасці, ёсць на гэта прычына. Можа быць, загляну да Вас пасля свайго падарожжа ў Менск. Жаль вельмі, што Вы да нас не прыехалі. Прашу прабачэння за дурныя тэлеграмы, якія супраць мае волі выслаў Вам Караткевіч. Яму, бачыце, надта весела… Мы з ім выступалі на настаўніцкай канферэнцыі, але толькі перад выкладчыкамі беларускай мовы. Выступленне прайшло, здаецца, удачна. Муж фізічна вельмі пагана чуецца, ледзь ходзіць на працу. Баюся проста: як ён вернецца з Гродна? Вельмі хацелася б, каб на настаўніцкую канферэнцыю паслалі Вас! Буду гэтага дамагацца ў М[аксіма] [Танка]. Жаль мне Аляксея Карпюка, як ён мусіў перажываць і нервавацца! Ён жа змагаўся за гэтую зямлю, і сяння так над ім здзекуюцца! Кніжкі сваёй я яшчэ добра не разгледзела, але спадзяюся, што яна спадабаецца Вам, хоць форма маіх вершаў не мадэрная… Дзіўлюся, чаму не прыехаў да нас Н. Гілевіч? Дзе А. Карпюк яго бачыў? Як маюцца малыя? Хочацца вельмі пабачыць Міхасіка. У дзяцей нашых – няважна. Моцна хварэе, а яшчэ мацней выпівае Юрка. Шкада здольнага і харошага чалавека. З Ул. Караткевічам няма аб чым гутарыць. Усё раскажу пры сустрэчы. І жах, і жаль… Марціноўскі ляжыць у больніцы ў Зэльве – радзікуліт.
Цалуйце ад мяне сваю жонку Веру і малых!
Застаюся са шчырай пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 14 студзеня 1968 г.
Даражэнькія!
Атрымала Вашага другога ліста, спяшу адказаць на яго. Дзякую Вам за святочныя прывітанні і пажаданні.
Нашыя госці прыехалі ў пятніцу, 5 студзеня, так што ўсе мы чуліся добра і па-святочнаму. Уладзімір захапіў сігнальны экземпляр маёй кніжкі. Аформлена яна вельмі хораша. Белы палатняны пераплёт з чырвонай кветачкай, супервокладка каляровая, прыгожая. Кніжку прыемна ўзяць у рукі. Тыраж зменшаны да 3250 экз.
9 студзеня Валодзя паехаў, яго выклікалі тэлеграмаю ў сувязі з фільмам. Надзежда Васільеўна ў нас. За пару дзён хоча ехаць у Менск, і я яе буду адвозіць. Плануем, што будзем рабіць у Менску. Цяпер седзімо ў хаце і даволі лёгка пераносім маразы, бо ў хаце цёпла. Я ў нас спаўняю ролю сябра Тоніка: нашу торф, ваду, палю ў печах і г.д. Нашыя госці былі прыемна здзіўленыя Тузікам, які чуецца ў нас ужо добра, хораша брэша, мяне вітае піскам і радасным танцам. Ён крыху падобны на Тарзана, і мы яго ўжо палюбілі. Не абышлося і без чаркі, пасля якой Валодзя вельмі хораша пяяў. У яго прыгожы барытон, хоць пяяў і тэнарам. Пяяў надзвычайна хораша і харошыя бел. песні. З сябрамі Лёняй, Косцяй і Юрай яны смела маглі б зрабіць бел. эстраду на высокім узроўні! Мне найболей запомнілася песня “Ад панядзелка да панядзелка добра п’ецца нам гарэлка!” Ды пра каня, які будзе “ў зямлю капытамі біць, а я пайду гарэлачку піць” і др. Я пашкадавала, што не было ў нас магнітафону, каб запісаць Валодзін голас.
У нас – халады-маразы, але ўсё не страшна. Ёлачка яшчэ стаіць, уся срэбная, зграбная. Усё ўспамінаю сястру, якая так нечакана хутка ад’ехала. Хацелася, каб яна была з намі… Ну, што ж зробіш?
У Менску маюся сустрэцца з сябрамі, але мой настрой няважны, ёсць на гэта прычыны… Муж крышачку акрэп, але страшэнна худы і есць вельмі пагана. Сяння пабег у кіно, а мы былі ўдома, адпачывалі, гутарылі. Пані Смоліч прыслала нам свае пажаданні і святочныя прывітанні. Прыехаць да нас яна не магла. Аўтобусам дарога цяжкая. Надзежда Васільеўна гаворыць пра п. Смоліч вельмі хораша, з вялікай пашанай і любоўю.
Мы з Валодзем выступалі на настаўніцкай канфэрэнцыі, але толькі для выкладчыкаў бел. мовы. Прымалі нашыя выступленні вельмі хораша. Валодзя чытаў нам новы цыкл сваіх вершаў “Таўрыда”, які прывёз з падарожжа ў Крым. Харошы вельмі верш аб магіле М. Багдановіча ў Ялце.
Вы пішаце, што ў Вас цяпло, але Вы столькі часу прабываеце на кухні, а там халадно. Глядзеце, каб не перастылі! Няхай сябра Тонік таксама болей аб сабе думае і цяплей апранаецца!
Наш сын цяпер знаходзіцца ў санаторыі, нам ён нічога не піша. Сынавая толькі павіншавала нас і коратка паведаміла, што яны ўсе здаровыя. Сястра ім завезла і мае маленькія падаркі на святы. Аб прычыне майго цяжкага настрою я сяння паведаміла сябру Адольфу К[лімовічу]. Паслала Шышэям пару кніг, не ведаю нават, ці яны іх атрымалі…
Сяння – Новы год па-старому. Доўга і хораша цягнуцца сёлета святы, можа, таму, што мы не адны. Ужо вечар. Я пішу Вам сяння, бо перад ад’ездам буду мець многа розных спраў і пасля таксама, а Вы будзеце чакаць майго ліста і непакоіцца.
З прыемнасцю разглядаю фатаграфіі ад Вас, з найбольшай прыемнасцю – Вашыя. Вельмі харошыя і каты. Калі ўспамінаю аб іх, дык смяюся, як яны на пліце важна сядзелі! Шкада, што не прачытала Вашых успамінаў, але я была нейкая нервовая, неспакойная з дарогі. У аўтобусе крыху перамерзла, і балела мне горла. Спадзяюся, што летам Вы выберацеся да нас са Славікам, і мы разам паедзем у Гародню.
Надзежда Васільеўна гаварыла мне, што яе знаёмыя былі абураныя паводзінамі Бядуліхі. Буду ў Менску, дык папытаюся ў М. Танка, як гэта ўсё было, і што ён сказаў ёй…
Вельмі шкадую, што не пабачылася з п. Шнаркевічыхай. Перадайце ёй пры сустрэчы мае найлешыя пажаданні і шчырыя прывітанні. Мы з Валодзем збіраліся прыехаць у Вільню да Клімовічаў, бо сябра Адольф прасіў мяне аб гэтым, ды і другія сябры таксама, але яму трэба было ехаць. Можа, заедзем калі другім разам.
Думаю, што дзеці з Гудзевіч Вам хутка напішуць. Гудзевічы знаходзяцца за 12 вёрст ад мястэчка Лунна, недзе за 15 ад Індуры. Гэта каля шляхецкіх аколіц: Есмантаў, Семянякаў, Нацавічаў, Ціневічаў. Вёскі там: Кулёўшчына, Ляткі, Піліпкі, Струга і інш.
Глядзеце, каб не перастылі! Цалую Вас моцненька. Муж і Надзежда Васільеўна Вам кланяюцца.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 29 студзеня 1968 г.
Дарагі і паважаны Юльян Сяргеевіч!
Дазвольце мне хоць лістоўна падзякаваць Вам за тую працу, якую з такой любоўю і ўменнем улажылі Вы ў склад майго зборніка. Даруйце ласкава, што не падзякавала Вам за гэта асабіста, будучы ў Менску, але я была, да пэўнай меры, нявольнікам гасцінных сваіх гаспадароў Караткевічаў, ад якіх і залежалі мае візіты. Было халадно, я пагана арыентуюся ў Менску, і таму Надзежда Васільеўна не асабліва давярала мне адной вандроўкі па ім.
Што да прадмовы, то яна, самі ведаеце, якая – цудоўная, але ёсць недакладнасці, і будзе добра, калі іх не заўважаць. Шкада, што мы з Вамі не сустрэліся ў свой час, гэта было б карысна. Што да зборніка, то паганая ў ім фатаграфія, зробленая з копіі. У мяне ёсць арыгінал на глянцавітай паперы, і сябры аб гэтым добра ведалі. Аднак, у параўнанні са зборнікам, гэта дэталь. Зборнік харошы. Ведаю, што львіная часць маёй удзячнасці за яго належыць Максіму Танку.
Думаю цяпер, як прымуць гэтую кнігу нашы людзі, ці дойдзе яна да іх? Жывыя некалі сцежачкі адвечнай беларускасці пазаносіла ўжо чужым і новым… Я гэтага не адграбаю, бо ўсё гэта жыве ў маёй душы, – а людзі? Я пішу аб гэтым, бо гэта ёсць вялікія вартасці, якія гінуць і якія мне да болі шкада. Хачу пісаць крыху прозаю, бо вельмі многа мне трэба сказаць.
Дзякуй Вам яшчэ раз за Вашу мудрую павагу і да мае творчасці, і да тых вялікіх нашых вартасцяў, якія я, так яшчэ не дасканала, намагаюся перадаць нашаму народу.
З бязмернай павагай да асобы Вашай – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 2 лютага 1968 г.
Даражэнькія!
Дзякую за ліста. Я яго вельмі чакала. У Менску я была ўсяго тыдзень. Ля Слоніма ледзь не вывернуўся аўтобус, але нас выцягнулі машынамі з рову, і я шчасліва давязла маю мілую госцю дамоў.
У іх кватэры нейкі мастацтвавед спраўляў свой дзень народзінаў! Калі даведаўся, што я Л.Г., дык стаў з чаркаю п’яны на калені і меркаваў, каб абняць. Тады я кажу яму, што я не Л.Г., каб адчапіўся, дык ён са злосці, што яго абманулі, тыцнуў мне дзве фігі… Так вось пачалося маё прабыванне ў Менску. Пілося там без канца. Госці і ў нас, і мы ў госці!
Прыехала да Караткевічаў і Алеся Ігнатаўна [Смоліч]. Яна вельмі мілая, вясёлая і харошая жанчына. Мы з ёю і спалі разам! Назаўтра ездзілі ў крамы, а пасля да п. Алеся Траяноўскага, рэдактара са “Звязды”, і да Грынчыкаў (ён працуе ў АН старшым навуковым супрацоўнікам). Алесяй Ігнатаўнай на гэты раз заапекаваўся вышэйупамянуты мастацтвазнаўца, толькі на гэты раз ён быў болей цвярозы…