Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Доўгая дарога дадому

Быкаў Васіль

Шрифт:

Прыгнечаны, з сапсутым настроем Аляксей вярнуўся дадому, дзе яго чакаў лiст ад дзядзькi. Той пiсаў хiмiчным алоўкам на школьнай старонцы: «Дарагi пляменьнiк, цi ты там з глузду зьехаў у сваёй Гораднi, — якi я табе маршал i дзе я табе вазьму гэны мэдаль? Я i ў войску нi дня не служыў…».

Зь дзядзькам, канешне, адносiны ўлагодзiлiся, а прадстаў леньне на афiцэрскае званьне ў Карпюка ляснула. Карпюк быў у недаўменьнi: падумаеш, напiсаў! Я ж маршала не аблаяў. Дык праз тое да пяцiдзесяцi год хадзiць радавым? А гэтыя, што ў вайну нi разу па жывым немцу ня стрэлiлi, ужо маёры запасу. Вунь як той Гаўрушка, што самагон на хутары для камбрыга гнаў. Цяпер ён член бюро гаркаму, — абураўся Карпюк. Тады ён яшчэ не прадбачыў, што прыйдзе час, i гэты брыгадны самагоншчык дасца Карпюку ў знакi…

Я прыехаў зь Менску, куды езьдзiў па справах сваёй кнiжкi. Рэч у тым, што некалькi год выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» валынiла з выданьнем маiх дзьвюх аповесьцяў, нават не ўключала iх у плян. Калi я сказаў пра тое загадчыку адззелу Алесю Бажко, той нявiнным позiркам уставiўся на мяне: «А дзе рукапiс? Рукапiсу ж няма». Гады тры таму я асабiста прывёз рукапiс у выдавецтва i ў гэтым жа кабiнэце аддаў сакратарцы. Тая паставiла папку ў шафу, мэханiчна зiрнуўшы на якую, я ўбачыў за шклом свой рукапiс. Дык во ж, рукапiс! Бажко шчыра зьдзiвiўся: а мы так шукалi, шукалi… Рукапiс такiм чынам быў знойдзены, але кнiга ўсё роўна выйшла няхутка…

Дома, на Кашавога, яшчэ было ня позна, блiскаў тэлевiзар, i раптам — удар у вакно, шыбiна — у друз, на падлозе кавалак цаглiны. Я выбег на вулiцу — нiдзе нiкога. Назаўтра пасьля невясёлага роздуму пайшоў у мiлiцыю, напiсаў заяву. Пасьля змусiлi перапiсаць, сказалi, будуць расьсьледаваць. Нейкi час чакаў вынiку, пасьля перастаў чакаць. Пачаў чакаць iншых вынiкаў, якiя i пасьледавалi. На той час Карпюк дамогся ад абласнога начальства, каб пiсьменьнiкам паставiлi нарэшце тэлефоны, i тое было зроблена. Стала зручна куды пазванiць, ня трэба было бегчы на пошту цi да аўтаматаў, якiя нiколi не былi спраўныя. Але пачалося iншае лiха, прынамсi для мяне. Пачалi званiць — з Гораднi, Менску, Масквы цi чорт ведае адкуль, — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кiмсьцi арганiзаваны. Але вядома, кiм. У любы час дня i ночы трашчэў телефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложку i чуў першае пытаньне: «Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?». Або: «Многа вам заплацiла ЦРУ за паклёп на партыю i Чырвоную армiю?». Удзень нярэдка званiў Дубавiнкiн — ветлiва пра штось пытаўся, штось удакладняў i ненавязьлiва выхоўваў. Чытаў мараль. Тую ж мараль некалькi разоў чытаў палкоўнiк з палiтупраў леньня БВА, якi прадставiўся кандыдатам навук (праўда, не ўдакладнiў, якiх) i актыўным удзельнiкам ВАВ. Добра пастаўленым голасам ён з напорам даводзiў, што да тэмы вайны трэба падыходзiць вельмi ашчадна, каб не сказiць рэтраспэктыву. Сам ён мае надзвычай вялiкiя заслугi ў вайне, перажыў столькi, што, калi напiсаць, хапiла б на «Вайну i мiр». Але ён ня пiша, бо ня мае часу. Увесь яго час займае служба па выхаваньні савецкага салдата, патрыёта сваёй краiны. Я слухаў тую лухту i думаў, цi гэта сур’ёзна? Цi ня ёсьць гэтая размова самаапраўданьнем чалавека, якi дзесь саграшыў i цяпер папраўляецца? Як наш рэдакцыйны Яркiн. Ён любiў закласьцi, часам п’яны штосьцi мог натварыць, i з тае прычыны на чарговым партсходзе першы браў слова і палымяна выступаў з падтрымкай чарговай пастановы ЦК цi абкаму або гаркаму. Для яго не было важна каго — важна было, што з падтрымкай. Toe яму залiчвалася i ратавала да наступнага эксцэсу.

Маё жыцьцё ў Гораднi, да якой я прывязаўся, рабiлася, аднак, усё меней прывабным. Сьцяна адчужэньня мiж мной i рэдакцыйным калектывам расла ўсё болей. (Хаця, калi разважыць, магло быць i горш.) Пасада мая заставалася ранейшаю — лiтаратурны кансультант, але аплату для мяне зрабiлi зьдзельную, — пачалi плацiць толькi за адказы аўтарам. Набiралiся за месяц капейкi. Сяброў там у мяне не было, ня стала нават з кiм пагаварыць цi выпiць. Валянцiн Чэкiн, зь якiм я меў нейкае сяброўства, «завязаў», iншыя хоць i не завязвалi, але дужа асьцерагалiся таго. У газэце, частка тыражу якой выходзiла на беларускай мове, нельга было пачуць нi слова па-беларуску. Усе размаўлялi па-расейску. Апроч хiба аднаго лiтсупрацоўнiка Вячаслава Ката, якi ўпарта з усiмi, беларусамi i расейцамi, размаўляў толькi па-беларуску, што часьцяком выклiкала зьдзiўленьне. Але Вячаслаў цiкавiўся беларускай лiтаратурай, завочна вучыўся ў БДУ, дзе слухаў лекцыi прафэсара Навуменкi. Пасьля, вярнуўшыся дадому, заходзiў да мяне ў кабiнэт i загадкава, бы са спачуваньнем пазiраў на мяне. Я здагадваўся, у чым справа, але нi пра што не распытваў. Часам у рэдакцыю заходзiў былы камандзiр батарэi Iван Ушчапоўскi, зь якiм у нас усталявалася добрае ўзаемаразуменьне. Перажыўшы не адно ваеннае лiха i маючы добрую памяць, ён праўдзiва апiсаў малавясёлую старонку вайны — пагiбель некалькiх нашых армiй пад Вязьмай i Ржэвам, што афiцыйная гiсторыя вайны старанна замоўчвала.

На жаль, аўтару не хапала лiтаратурнай пiсьменнасьцi, i я, шкадуючы матэрыял, зрабiў лiтаратурны запiс, на што патрацiў зiму. Пасьля стараўся прыладзiць яго ў якое-небудзь выдавецтва, ды марна, — нi ў Маскве, нi ў Менску рукапiс не прынялi. Так тыя рэдкiя паводле крывавай праўды вайны старонкi i засталiся ненадрукаваныя, аб чым шчыра дагэтуль шкадую.

Мала хто з маiх знаёмых распавядаў пра сваю вайну шчыра, не становячыся на прапагандовыя хадулi. Запомнiў ся, аднак, фельчар Хандобкiн зь ягоным самаiранiчным расповедам, як яго з Цэнтральнага штабу партызанскага руху паслалi ў партызаны — высьпяткам выкiнулi з самал ёту, i ён ледзьве жывы ад страху прызямлiўся ў «логаве зьвера». Некалi штосьцi падобнае распавядаў паэт Анатоль Астрэйка, якi на пачатку вайны разам зь некаторымi iншымi беларускiмi паэтамi жыў у гатэлi «Масква», дзе яны выдавалi газэту «Раздавiм фашысцкую гадзiну». Астрэйка, аднак, там ня ўседзеў, бо быў беспартыйны, а там атабарылiся паэты-камунiсты, якiя i даседзелi да канца вайны. За сваю гераiчную працу па натхненьні беларускага народу на барацьбу з захопнiкамi яны былi ўзнагароджаны ардэнамi баявога Чырвонага сьцягу, Астрэйка ж, што перажыў не адну партызанскую блякаду, атрымаў мэдаль. Сапраўды, Бог няроўна дзелiць. Тым болей начальства — нават адносна жыцьця або сьмерцi.

На партыйных i гаспадарчых мерапрыемствах у вобласьцi з зайздроснай увагай i смакам абмяркоўвалiся «iдэалягiчныя дывэрсii» гродзенскiх лiтаратараў. Нават патрабавалi адказу ў сакратара абкаму па iдэалёгii А. Ульяновiча, якi ня ведаў, як апраўдацца, але абяцаў «спусьцiць штаны» з Карпюка i Быкава. Адна надта кiраўнiчая дама, мусiць, хацела апраўдаць Быкава гэткiм аргумэнтам: чаго ж вы хочаце ад чалавека, якi нават ня скончыў ВПШ, бо ня член партыi? Да таго ж п’е. На тое ёй пярэчылi: але ж Карпюк скончыў iнстытут, нават Вышэйшыя лiткурсы i ня п’е. Дык куды ж глядзiць абкам КПБ?

Што да выпiваньня, дык тая дама мела некаторую рацыю — за мной быў такi грэх. Асаблiва падчас паездак на розныя пiсьменьнiцкiя мерапрыемствы. Аднойчы, памятаю, на пленуме ў Маскве праседзелi з адным маiм сябрам увесь дзень у буфэце, дзе, вядома ж, пiлi. Але ня толькi пiлi, а i вельмi актыўна дыскутавалi з двума ўкраiнскiмi артадоксамi з поваду перасьледу Вiктара Някрасава.

Спрэчка перайшла ў злосную сварку, i мы сварылiся (i пiлi) аж да сканчэньня мерапрыемства. Так i не зайшоўшы ў залю.

Тое ж няраз здаралася ў Менску, i Карпюк нават езьдзiў да маiх сяброў сварыцца, што яны спойваюць Быкава. Зь мяне памалу ствараўся вобраз пуставатага абiбока i п’янтоса. Я не бурыў той вобраз, я яго падтрымлiваў у якасьцi пэўнай абароны ад таго, што магло спасьцiгнуць адказнага, разважлiвага i цьвярозага. I спасьцiгла не аднаго. Мяне ж абышло неяк.

У цэнтральных газэтах паявiўся артыкул (цi прамова) начальнiка ГЛАВПУРА Савецкай армii генэрала армii Епiшава, у якiм ён сярод iншых расейскiх аўтараў (Еўтушэнка, Вазнясенскi, Аксёнаў) бэсьцiў i Быкава. На чарговым партыйным мерапрыемстве ў Доме афiцэраў, куды запрасiлi Карпюка, той сказаў са злосьцю: «Калi Епiшаў — генэрал, дык хай камандуе войскам, а ня лезе ў лiтаратуру». Тая ягоная рэплiка выклiкала панiку сярод партыйнага кiраўнiцтва Гораднi. Як Аляксей у чарговы раз пайшоў у абкам, яго туды не пусьцiлi. Насьпявала штось не зусiм звычайнае.

У гэткай атмасфэры надышоў 100-гадовы юбiлей Ленiна, да якога рыхтавалiся, бы да аканчальнай перамогi камунiзму. Па гарадах i вёсках iшлi сходы, пленумы, ленiнскiя сiмпозiумы. У Саюзе пiсьменьнiкаў з гэтай нагоды наладзiлi ўрачысты пленум, прыехалi i мы з Карпюком. Я пасядзеў крыху i пайшоў — беспартыйныя сябры запрашалi на пачостку. Карпюк запiсаўся ў выступоўцы. Толькi што перад тым па краiне прайшоў ленiнскi суботнiк, рэпартажы зь якога друкавалiся ва ўсiх газэтах, i Карпюк зрабiў тое тэмай свайго выступленьня. У канцы ён сказаў: «Мы ведаем, як у суботнiку ўдзельнiчаў Уладзiмiр Iльлiч, з кiм ён насiў бярвеньне. Але з кiм насiў бярвеньне Леанiд Iльлiч, таго нам „Правда“ не паведамiла. Цi, можа, Брэжнеў ня ўдзельнiчаў у ленiнскiм суботнiку, — хай нам адкажуць». Марцалеў, якi сядзеў у прэзыдыуме, аж скалануўся ад тых слоў i ў канцы пленуму сказаў, нiбы мiж iншым: «Што да выступленьня Карпюка, дык гэты чалавек пачынае хадзiць па галовах».

Празь нейкi час той жа Марцалеў i ягоны памочнiк Гнiламёдаў прыехалi ў Горадню наводзiць парадак у мясцовым аддзяленьнi пiсьменьнiкаў. Пасьля грунтоўнай гутаркi ў абкаме пачалi па адным выклiкаць нас у Дом Ажэшкi. Першай паклiкалi Дануту, якая няхутка выйшла адтуль з заплаканым тварам. Нават не схацела гаварыць, што ў яе пыталiся. Наступным быў я. Размова была звычайная — пыталiся пра прычыны канфлiкту зь мясцовымi ўладамi i чыталi мараль. Як я распавёў пра прошукi КДБ, Марцалеў аж спалохаўся: «А вы ўжо ўсiм расказалi?». Ня ўсiм, кажу, але некаторым расказаў. У тым лiку i карэспандэнтам з Масквы i Варшавы. У Карпюка дапытвалiся пра прычыны ягоных адносiнаў з абкамам, на што Аляксей сказаў: «Як яны да нас, так i мы да iх. Юбiлейным ленiнскiм мэдалём за штучнае асемяненьне кароў Ульяновiча ўзнагародзiлi, а нас з Быкавым за вайну — і не падумалi».

У канцы школьнага навучальнага году здарыўся канфлiктны выпадак з маiм малодшым сынам. Патэлефанавала дырэктарка школы, дужа прынцыповая дама з адметным прозьвiшчам Сукачова i тэрмiнова запатрабавала мяне ў школу. Я не пайшоў, сьпярша папытаўся ў свайго Васiля, што ён натварыў? Ён, натуральна, аднекваўся, маўляў, нiчога. Але спакваля стала вядома. На ленiнскiм уроку ў 4 клясе, калi гаворка iшла пра Iльлiча, мой сын сам сабе буркнуў у рыфму: Iльiч — стары хрыч. Toe ўчула яго пiльная суседка i тут жа падняла руку, каб абвясьцiць тое настаўнiцы. Настаўнiца з жахам падняла сына, якi, вядома, не прызнаўся. Справа дайшла да дырэктара, далажылi ў гаркам i яшчэ куды. Разьдзьмулi палiтычны скандал, у мяне запатрабавалi пiсьмовага тлумачэньня. Шкадуючы сына, якому пагражала выключэньне, я нешта пiсаў, апраўдваўся сам i апраўдваў яго. Увогуле тое было брыдка i ганебна.

Поделиться с друзьями: