Доўгая дарога дадому
Шрифт:
Сталася так, што я ўжо мала з кiм таварышаваў у Гораднi. Усе знаёмыя былi занятыя асабiстымi справамi, а галоўнае — пабойвалiся занадта кантактаваць з апальнымi пiсьменьнiкамi. Часам сустракаўся з Барысам Клейнам, калi той ня быў заняты ў iнстытуце. Клейн меў даволi глыбокi аналiтычны розум, быў дасьведчаны ў палiтыцы. Ды i ў культуры таксама. (Распавядаў, як некалi вучыўся ў адной клясе з Раланам Быкавым, цяпер лёс зьвёў яго з другiм Быкавым.) Менш цiкавiўся беларускай лiтаратурай, але гэта — як каму наканавана.
Аднойчы ўвечары ён прыйшоў да мяне на кватэру, мы пасядзелi трохi, i я пайшоў яго праводзiць дадому. Самую важную частку размовы, вядома, прыпасалi да гэтага часу. Клейн жыў недалёка, у цэнтры гораду, каля турмы. Прайшлi ў адзiн канец, затым у другi. Было ўжо цёмна, людзей на вулiцы трапляла няшмат. Ля самага яго пад’езду раптам перад намi вынiклi трое, заступiлi дарогу. Сьпярша мы нават не зразумелi, чаму яны перагарадзiлi нам вузкi шлях, як тут жа атрымалi па удары ў твары — я i Барыс. У таго адразу ўпалi пад ногi акуляры, я здушана крыкнуў: «У чым справа?». I зноў атрымалi — другi раз. Тады мы закрычалi — на ўсю вулiцу. Адзiн таропка перайшоў на другi бок, дзе ўжо стаяў трэцi зь iх групы. Астатнi раптам наблiзiўся амаль ушчыльную, але замест таго, каб ударыць, цiха сказаў «Простите, ребята!» і пайшоў да тых двух.
Я памог Барысу адшукаць у цемры яго акуляры. Знэрваваныя, мы яшчэ пастаялi, гледзячы, як трое нетаропка пайшлi сабе ў бок турмы. Што было рабiць далей? Блiзка было ўпраўленьне мiлiцыi, насупроць ад яго ўпраўленьне КДБ. Але мы туды не пайшлi. Мы наогул нiкуды не пайшлi нi тады, нi назаўтра. Мы зразумелi, чыiх гэта рук справа i што скардзiцца — марна. Зноў жа ня так ужо яны нас i пабiлi — сiнякоў не засталося. Шкельцы ў акулярах Барыса замянiлi, а я наогул выйшаў бяз стратаў. Заставалася толькi дзякаваць Богу i чакаць новых прыгод.
Празь дзень я патэлефанаваў у Менск Матукоўскаму, распавёў, што ў нас адбываецца. Мiкалай Ягоравiч паўздыхаў у трубку i сказаў, што трэба мне перабiрацца ў Менск. У Гораднi цябе зьядуць. Цi заб’юць, што таксама ня лепей… Аднак у Менску, куды я неўзабаве зьезьдзiў, было ня лепш. Кiсьлiк з Тaрасам распавялi, як у Акадэмii [Навук] грамiлi групу нацыяналiста Прашковiча, за палiтыку выключылi з партыi i выгналi з газэты Вiнаградава, мужа пiсьменьнiцы Вакулоўскай. У Саюзе пiсьменьнiкаў, куды я забягаў, можна было перакiнуцца словам хiба з прыветлiвым Толем Вярцiнскiм, якi здаўна прыязна да мяне ставiўся.
Адамовiч жыў у Маскве, дзе вучыўся на сцэнарных курсах. (Патрэбны яму былi гэтыя курсы. Хiба каб уцячы зь Менску.) Ня шкодзiла б зайсьцi ў «Маладосьць», але тую рэдакцыю зь нейкага часу схавалi ў будынак ЦК ЛКСМБ зь яго строгiм прапускным рэжымам, якога я не трываў. Патэлефанаваў Нiлу Гiлевiчу. Гэтага чалавека i паэта я паважаў даўно найперш за яго цьвёрдую нацыянальную пазыцыю, якая, аднак, давалася яму ўсё трудней. Асаблiва пакуль ён нарэшце не ўступiў у партыю. Зь iм за чаркай на яго ўтульнай кухнi можна было адвесьцi душу, нагаварыцца на роднай мове. Што я i рабiў апошнiм часам, бываючы ў Менску.
Неяк напрадвесьнi ў Горадню завiтаў мой ушацкi зямляк Рыгор Барадулiн. Прыехаў з маладой жоначкай, усьмешыстай разумнiцай Валяй. У Гораднi жыла яго цешча, але з прычыны кватэрнай цеснаты ён спынiўся ў гатэлi «Нёман». Гатэль гэты i рэстаран пры iм здаўна быў для нас «нешанцоўны», не пашанцавала там i Рыгору, якi, вячэраючы, вядома ж, атруцiўся. Дзеля паратунку пазванiў мне. Адмысловых лекаў у мяне не аказалася, давялося лекаваць земляка прымiтыўнаю марганцоўкай. Калi з добрых рук, дык паможа, жартаваў Рыгорка, глытаючы чырвоную дрэнь. I праўда — памагло. Мы зь iм добра пагутарылi, а пасьля авансам i замачылi ягоную папраўку. Рыгор быў мастак наконт тае справы, i ягоны востры ад прыроды розум рабiўся тады i яшчэ вастрэйшы. Увогуле чуйны да людзей, ён у пэўныя моманты дасягаў у свае чуйнасцi нейкай падсьвядомай глыбiнi i пранiкнёнасьцi, бачыў кожнага сапраўды наскрозь. Ён даў вычарпальную характарыстыку шмат каму з маiх сяброў i ворагаў, i, слухаючы яго, я толькi зьдзiўляўся, як раней не заўважаў таго. Усё ж, мабыць, з тае прычыны, што жыў наводдаль, у правiнцыi, лiтаратурнае асяродзьдзе ведаў мала. А яно было, тое асяродзьдзе, i функцыянавала паводле ўласных, невiдочных для iншых правiлаў, не засвоiўшы якiя, немагчыма было дасягнуць нiчога. А я наiўна думаў, што справа толькi ў лiтаратуры, у вартасьцi таго цi iншага твору. Аказалася, яшчэ i ў асобе таго, хто гэты твор напiсаў, у ягоных сябрах-сабутэльнiках i асаблiва — у адносiнах з начальствам. Аднойчы на схіле рабочага дня ў рэдакцыi раздаўся тэлефонны званок, загадчык аддзелу Леанiд Дзянiсаў перадаў трубку мне. Хто? — Ня ведаю. Я назваў сябе, i пачуў глухаваты, разважлiвы голас: «Гаворыць Аляксандр Трыфанавiч». (Я аж спалохаўся, падумаўшы, што гэта Твардоўскi, але чаму ён у Гораднi?) Ды не, аказалася, то другi Аляксандр Трыфанавiч — новы сакратар ЦК КПБ па iдэалёгii Кузьмiн [АТК]. Ён хоча спаткацца са мной, але неафiцыйна, можа б, мы пагулялi ўвечары па вулiцах, пагутарылi? Было лета, надвор’е стаяла добрае. Дамовiлiся спаткацца.
То была мая першая сустрэча з гэтым чалавекам, якi парушыў у маёй сьвядомасьцi раней засвоеныя ўяўленьнi пра партыйных функцыянэраў усiх без выключэньня рангаў. Мы хадзiлi па цiхiх гарадзенскiх вулiчках паблiзу ад двух гiстарычных замкаў, i Аляксандр Трыфанавiч цiхiм голасам распавядаў пра сваю вайну, як быў на фроньце лётчыкам-штурманам бамбардзiроўшчыка, як даводзiлася лётаць, быць зьбiтым. Распавёў пра выпадкi з асабiстамi, якiя, як i ўсюды, шчыравалi i ў авiяцыi. Уцалеў ён з гэтай вайны толькi праз тое, што быў цяжка паранены i сьпiсаны. Iнвалiдам пачынаў цывiльнае жыцьцё, памалу пайшоў па партыйнай лiнii i вось дабрыў да ЦК. Цяпер ён кiруе iдэалёгiяй, у якой, аднак, нiчога не вырашае, бо ўсё ў ёй вырашана — даўно i назаўжды. Наконт асьвятленьня вайны ў маiх творах ён цалкам на маiм баку, але як партыйны функцыянэр, на жаль, ня можа агучыць тое публiчна. Я толькi пацiскаў плячыма — што ж, дзякуй i за такое прызнаньне.
Мне нiхто нiколi, нават сакратар рэдакцыйнай партарганiзацыi, не сказаў, што ён на маiм баку. Хоць таксама быў ветэран вайны, былы франтавiк. Некаторыя часам гаварылi ў вочы, што яны супраць маiх «пiсаньняў», бальшыня, праўда, мудра маўчала.
З тае сустрэчы ў мяне з АТК, як яго клiкалi за вочы, склалiся прыязныя, амаль таварыскiя адносiны. Чым мог, ён iмкнуўся памагчы мне, таксама як i Алесю Адамовiчу, што неўзабаве апынуўся бяз працы, выгнаны з Маскоўскага ўнiвэрсытэту. Ды i шмат каму зь iншых.
Над намi ў Гораднi штосьцi зьбiралася, згушчалася, набрыняла чаканьнем. Мы пэўна ня ведалi, што, але адчувалi — будзе нядобрае. Неяк на вулiцы я спаткаў трохi знаёмую настаўнiцу з Зэльвы. Як звычайна, папыталiся адно ў аднаго пра жыцьцё, я сказаў, што хвалiцца няма чым. I яна суцешыла: вясной стане лепей. Што лепей? Настаўнiца пасьмяялася: а можа, i горай. Хто сказаў? Мае карты гавораць…
Я хутка забыўся на тую размову, як аднойчы ў рэдакцыi пачуў: пасьля абеду — закрыты партсход. Закрытыя партсходы здаралiся нячаста, звычайна праводзiлi адкрытыя, на якiя я, канешне, не хадзiў. Карпюк змушаны быў хадзiць, ён быў на партулiку ў рэдакцыi. Прыйшоў i цяпер, зазiрнуў да мяне ў аддзел саўработы, дзе я сядзеў. Твар яго быў змрочны, i ён адразу сказаў: «Будуць выключаць». — «Каго?» — «Мяне…». Во гэта навiна, падумаў я. Завошта? Чаму? Што здарылася?
Але што здарылася, пра тое неўзабаве стала вядома. Прыйшоў прадстаўнiк з гаркаму, абвясьцiў цэлы стос палiтычных грахоў члена КПСС Аляксея Карпюка i вынес на абмеркаваньне прапанову гаркаму — выключыць. Карпюка ў рэдакцыi ведалi гадоў, можа, пятнаццаць, старэйшыя работнiкi некалi працавалi зь iм, i мала хто з разуменьнем паставiўся да тае прапановы гаркаму. Праўда, ведалi ягоны няўрымсьлiвы характар, але паважалi яго як героя вайны, вядомага на Гарадзеншчыне партызанскага камандзiра. Як пачалi галасаваць, толькi тры цi чатыры камунiсты (пераважна адстаўнiкi-вайскоўцы) прагаласавалi за выключэньне, астатнiя — за вымову. Прадстаўнiк гаркаму сваё заданьне ня выканаў i пайшоў незадаволены. Трэба было чакаць працягу.
I сапраўды, працяг не замарудзiў зьявiцца — праз тыдзень Карпюка выклiкалi на бюро гаркаму i выключылi аднагалосна.
На вулiцы ў абедзенны перапынак я спаткаў першага сакратара гаркаму Магiльнiцкага, якога трохi ведаў, i спытаў: за што так строга? Хiба Карпюк — злачынца? А ён мне адказвае: «Горш чым злачынца». I пайшоў, не разьвiтаўшыся. Разгублены, я пайшоў у другi бок i думаў. Колькi iх, гэткiх сакратароў, валадароў нашых лёсаў, прайшло панад намi? Над кожным пэўны час зьзяў валадарны нiмб сiлы i сьвятасьцi, здавалася, яны маглi ўсё. I яны рабiлi тое, чаго ад iх вымагалi iншыя, вышэйшыя, яшчэ з большым нiмбам. У тым яны бачылi цi не адзiны сэнс сваёй працы i чакалi, калi будуць аддзячаны кар’ерай i вышэйшасьцю.