Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дзікія кошкі Барсума

Аўласенка Генадзь

Шрифт:

Прытомнасць вярталася да Сарджэна няроўна, штуршкамі. Да таго ж моцна балела галава, яна літаральна разрывалася знутры ад невыноснай болі. Астатняга ж свайго цела Нікаля нават не адчуваў…

“Што са мной? – неяквяла і абыякава падумалася яму. – Я захварэў?”

З цяжкасцю расплюшчыўшы вочы, Саржэн убачыў, што знаходзіцца ў нейкім невялікім паўцёмным памяшканні, дакладней, у адным з куткоў гэтага памяшкання. Ён ляжаў прама на падлозе, праўда, штосьці даволі мяккае там было ўсё ж падаслана знізу… яшчэ ў памяшканні быў стол і, чамусьці, крэсла-качалка. А ў крэсле сядзела маладая прыгожая жанчына ў форме ахоўніка ФІРМЫ…і гэта была…

– Мэры! – прашаптаў дрыготкімі вуснамі Сарджэн, раптам успамінаючы ўсё, што з ім адбылося. – Мэры, я…

Ён паспрабаваў паварушыцца, і гэта яму ўдалося з трэцяй спробы. Потым Нікаля Сарджэн сеў, прычым галава закружылася так моцна, што ён вымушаны быў знясілена прыхіліцца спіной да халоднай бетоннай сцяны памяшкання. Увесь гэты час ён глядзеў на былую сваю жонку… яна таксама моўчкі на яго глядзела…

– Мэры, я… - паўтарыў Сарджэн і зноў змоўк, уважліва азіраючыся вакол. – Дзе мы, Мэры?

Адзін няўлоўны рух… і жанчына раптам апынулася зусім побач з ім. Не паспеўшы нават здзівіцца таму, як гэта ёй удалося, Сарджэн раптам адчуў, што шыю ягоную нібыта сціснулі сталёвымі абцугамі.Галава фермера аказалася закінутай назад так, што яшчэ крыху – і не вытрымаюць шыйныя пазванкі. Блакітныя вочы жанчыны глядзелі цяпер Сарджэну прама ў твар… чужыя бязлітасныя вочы…

– Мэры! – толькі і змог прахрыпець Сарджэн, амаль губляючы прытомнасць ад дзікай нясцерпнай болі. – Не трэба, Мэры!

– Я не Мэры! – павольна, праз зубы працэдзіла жанчына. – Я – Маргана! Лепш будзе, калі ты гэта зразумееш! Для цябе лепш, я маю на ўвазе!

І, адкінуўшы былога мужа ўбок, жанчына зноў падыйшла да стала, апусцілася ў крэсла. Крэсла пачало павольна разгойдвацца, жанчына, заплюшчыўшы вочы, аб чымсьці напружана раздумвала. Аб чым былі яе думкі, гэтага Сарджэн не ведаў… але адно ён ведаў дакладна: яго ў гэтых думках не было…

Крыўдна было усведамляць гэта, вельмі крыўдна… тым больш, што ён усё яшчэ кахаў яе, зараз нават больш, чым раней.

І, адначасова, ён яе баяўся… і ўсведамленне гэтага было куды больш крыўдным, абразлівым нават для свабоднага грамадзяніна Аграполіса. Бо, як бы моцна не быў прывязаны малады фермер да сваёй рабочай жонкі, як бы ён не кахаў яе – падсвядома Сарджэн заўсёды ведаў, што гаспадар – менавіта, ён, ну, а жанчына, яна…

Яна была рабочай жонкай… так было заўсёды, і іншых адносін паміж мужчынамі і жанчынамі на Аграполісе проста не існавала…

А вось зараз іх ролі нечакана памяняліся.

Сарджэну ўспомніліся раптам словы Холіна аб незайздосным становішчы мужчын на Барсуме. Цікава, у якой якасці ўспрымае зараз Мэры, яна ж, Маргана, свайго былога гаспадара? У якасці слугі? А можа, у якасці, так званага,“рабочага” мужа? І што гэта: своеасаблівая помства за былое, ці тут няма нічога асабістага… і “дзікія кошкі” проста не могуць успрымаць мужчын, як асобін роўных сабе?

І, як бы ў адказ на гэты невясёлы ягоны роздум, жанчына ў крэсле расплюшчыла вочы і, паглядзеўшы на Сарджэна, прагаварыла нягучна і, тым не менш, вельмі ўладарна:

– Там, на кухні, прадукты і, наогул, усё неабходнае для падрыхтоўкі вячэры. Праз некалькі гадзін я вярнуся…лічу, што гэтага часу табе павінна хапіць.

Затым яна ўстала з крэсла і, не зірнуўшы нават у бок былога мужа, выйшла з памяшкання. І адразу ж з таго боку дзвярэй пачуўся характэрны бразгат засоўкі…

Праўда, калі праз нейкі час Сарджэн падыйшоў да дзвярэй, то ўбачыў, што засоўка гэтая гэтак жа лёгка адчыняецца знутры, як і знадворку. Выходзіць, Мэры і не думала зачыняць яго тут, хутчэй за ўсё, яна проста ўпэўнена ў тым, што ён самне зробіць аніякай спробы пакінуць месца свайго зняволення.

А ўрэшце рэшт, якое ж яно тады зняволенне, хацелася б ведаць! І ці захочацца яму сапраўды яго пакінуць?

Што ж, на ўсялякі выпадак, някепска было б аглядзецца вакол…

Уздыхнуўшы, Нікаля Сарджэн адсунуў засоўку. Потым, крыху павагаўшыся, рашучарасчыніў дзверы і… застыў у невысокім іх праёме нібы аслупянелы.

Вакол быў лес. Вялізны трапічны лес, самыя сапраўдныя джунглі…

Глава 8

Планету Аграполіс адкрывалі двойчы.

Першы раз гэта было зроблена гадоў трыста таму, і атрымалася яно зусім нават выпадкова. Невялікі транспартны карабль, СМ-320, збіўшыся з курсу і спрабуючы зноў на яго выйсці,натрапіў раптам на гэтую, нікому тады не вядомую яшчэ планету, планету зямнога тыпу. Планета мела багатую і разнастайную флору і фауну, і, што галоўнае, усё неабходнае для паспяховай яе каланізацыі. Экіпаж СМ-320, трэба аддаць яму належнае, максімальна зблізіўся з планетай і нават правёў на каляпланетнай арбіце некалькі мясцовых сутак. Вядома ж, на караблях такога тыпу не бывае нінавуковых работнікаў, ні больш менш кваліфіцыраваных спецыялістаў па каланізацыі планет… але СМ-320 у гэтым сэнсе пашанцавала –груз, які вёз траспартнік, прадназначаўся менавіта для каланізацыі адной з нядаўна адкрытых планет, і груз гэты суправаджала некалькі навуковых работнікаў… мелася ў іх і належная апаратура для самых разнастайных даследванняў. Таму вучоныя з дапамогай экіпажа змаглі даволі дэталёва апісаць невядомую гэтую планету, а потым зрабіць падрабязную справаздачу аб гэтым сваім адкрыцці.

Але здарылася так, што іх справаздача не выклікала аніякай зацікаўленасці ў тых, каго на самой справе павінна была ўсур’ёз зацікавіць. Прыкладна ў гэты ж час былі зроблены куды больш значныя адкрыцці яшчэ некалькіх, таксама прыдатных для жыцця планет, і планеты тыя знаходзіліся куды бліжэй да ажыўленых трансгалактычных трас, чым гэтая занядбаная планетка, на якой, да таго ж, амаль адсутнічалі залежы тых ці іншых каштоўных выкапняў.

І толькі праз сто дваццаць гадоў пасля першага одкрыцця планету (яна яшчэ не мела тады назвы Аграполіс) адкрылі паўторна. Тут высадзілася цэлая навуковая экспедыцыя і працавала гэтая экспедыцыя на планеце каля дзесяці гадоў.

Што шукалі тут вучоныя, і чаму яны, наогул, зацікавіліся Аграполісам, гэтага Сарджэн не ведаў. У інтарнаце, дзе ён выхоўваўся да шаснаццаці гадоў, гісторыю планеты вывучалі ўсяго адзін толькі семестр, і галоўную ўвагу пры гэтым засяроджвалі на тым моманце, калі планету Аграполіс набыла ФІРМА і даволі хутка зрабіла яе цалком фермерскай планетай, галоўным пастаўшчыком харчовых прадуктаў для некалькі дзесяткаў суседніх планет, якія, альбо ў той ці іншай ступені залежылі ад ФІРМЫ, альбо проста цалклмналежылі ёй…

Веды па геаграфіі Аграполіса будучым фермерам таксама давалі самыя што ні на ёсць павярхоўныя. Сарджэн ведаў, што на планеце маецца адзіны вялізны мацярык, які размяшчаўся, у асноўным, у паўночным паўшар’і і два акіяны, паміж сабой ніяк не звязаныя, таму што паміж імі і размяшчаўся адзіны гэты мацярык, маючы форму шырокага кальца. Невялікі Паўночны акіян, які і акіянам называць неяк няёмка, быў добра вядомы фермерам. На ўсім, бадай што, ягоным узбярэжжы фермеры займаліся марскім промыслам, там жа былі размешчаны шматлікія санаторыі і дамы адпачынку. А вось пра велічэзны Паўднёвы акіян у падручніку геаграфіібыло сказана ўсяго толькі некалькі радкоў. Фермеры не асабліва цікавіліся паўднёвым паўшар’ем сваёй планеты, бо ўся без выключэння паўднёвая палова мацерыка была пакрыта непраходным трапічным лясамі і, практычна, не даследавана (калі не лічыць той навуковай экспедыцыі, але аб выніках яе тагачаснага даследвання ніхто з мясцовых жыхароў амаль нічога не ведаў). Так што, у Паўднёвы акіян можна было трапіць толькі паветраным шляхам, і шлях гэты ў некалькі тысяч кіламетраў пралягаў над дзікімі і суцэльнымі ляснымі масівамі.

Поделиться с друзьями: