Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– Штосьці тут не так! – паўтарыў Холін, а Свенсан раптам рашуча накіраваўся да ліфта. – Куды ты?
– Туды! – сказаў Свенсан, не азіраючыся. – У ангар.
Ён і сам не ведаў, чаму прыняў раптам такое рашэнне. Простая цікаўнасць, ці, можа, падсвядомае жаданне яшчэ раз, самы апошні, убачыць дзіўную гэтую жанчыну, з якой ён правёў калісьці такія непаўторныя два тыдні,і якая, нібыта ў падзяку за гэта, зусім нядаўна так вялікадушна падаравала яму жыццё.
Праўда, убачыць яе Свенсан мог зараз толькі мёртвай, бо нават думка аб тым, што “дзікая кошка” магла жывой здацца ў палон… нават сама думка аб гэтым здавалася яму не толькі немагчымай, але і абсурднай…
* * *
Першае, што адчуў Сарджэн, калі крыху ачуняў, гэта прыемную цеплыню аголенага жаночага цела, якое цесна прыціскалася да ягонага цела, таксама, здаецца, поўнасцю распранутага. Расплюшчыўшы затым вочы, ён, нягледзячы на густы паўзмрок вакол, зразумеў, што знаходзіцца ў адным з памяшканняў незразумелай гэтый будыніны сяродджунгляў, і ляжыць зараз у ложку пад цёплай коўдрай. І Мэры ляжыць побач з ім… і ўсё амаль як раней, калі вось так, разам, яны заўсёды прачыналіся раніцай...
Вось толькі раней яна ніколі не абдымала яго так моцна.
– Мэры! – пяшчотна прашаптаў Сарджэн. Ён паспрабаваў паварушыцца, але так і не змог гэтага зрабіць. –Каханая!
– Заткніся!
Голас Мэры адразу ж вярнуў Нікаля да рэальнасці. Так, Мэры, ягоная былая рабочая жонка, ляжала побач з ім у ложку і нават моцна яго абдымала, але аб фізічнай блізкасці тут нават і гаворкі не йшло.
Тут было штосьці іншае, і нават моцна абдымаючы былога мужа, жанчына была ў сваіх думках вельмі і вельмі далёка ад яго зараз.
І болю зусім не было чутна…
“Яна ж мяне лечыць! – дайшло нарэшце да Сарджэна. – Якраз у гэты самы час яна нейкім незразумелым чынам загойвае мае раны… яна гэта ўмее…”
Мэры і сапраўды ўмела загойваць раны, у гэтым Сарджэн змог упэўніцца яшчэ ў тым, мінулым сваім жыцці. Аднойчы, калі ён моцна параніў руку саломарэзкай і, забегшы ў дом, загадаў Мэры хуценька накласці на рану спецыяльны калоідны пластыр, яна ўпершыню асмелілася не выканаць загад мужа. Замест гэтага Мэры проста нахілілася над знявечанай рукой Нікаля і паклала на пашкоджанае месца сваю вузкую цёплую далонь. І, о, дзіва, адразу ж знік, прапаў кудысьцімоцны пякучы боль… і Сарджэн, замест таго, каб паўтарыць больш строгім голасам папярэдні загад, толькі моўчкі і са здзіўленнем паглядзеў на сваю рабочую жонку. І здзіўленне гэтае яшчэ больш узрасло, калі праз нейкія дзесяць хвілін Мэры адняла пальцы і Сарджэн не ўбачыў на руцэ вялікага ірванага парэзу. Больш таго, там не аказалася нават шкнару... і гэта было не толькі неверагодна, алеі вельмі падобна на цуд… ды гэта і было цудам…
– Як ты гэта зрабіла? – спытаў ён тады рабочую жонку.
– Не ведаю.
Яна не маніла яму, бо рабочыя жонкі не ўмеюць маніць. Яна і сапраўды не ведала на той момант, якмагла зрабіць такое… проста зрабіла і ўсё…
Зараз яна, здаецца, усёведала, проста пытаць аб гэтым Сарджэн чамусьці не асмеліўся. Ён проста працягваў ляжаць побач з Мэры (ці, можа, з Марганай) і чакаў, што ж будзе далей. Магчыма, яна ўсё ж прыкончыць яго потым, хоць незразумела тады, навошта было перад смерцю папярэдне залечваць раны будучай сваёй ахвяры…
– Чаму ты пабег у джунглі? – спыталася раптам Мэры з нейкай нават цікаўнасцю ў голасе. – Ты што, не разумеў, што праз джунглі адсюль немагчыма ўцячы?
Напэўна яе і сапраўды цікавіла гэтае пытанне, бо, расслабіўшы, нарэшце, рукі, жанчына адпусціла Нікаля і, крыху прыўзняўшыся на локці, ўважліва на яго паглядзела. Іх позіркі сустрэліся… штосьці было не так у тым, як яна глядзела… ды вось толькі Сарджэн ніяк не мог зразумець, што, менавіта, было тут не так…
А потым зразумеў. Нягледзячы на адсутнасць акуляраў, Нікаля выразна бачыў у паўзмроку пакоя твар Мэры і яе чароўныя грудзі…
І вочы, у якіх зараз былі холад і абыякавасць. І яшчэ пагарда.
– Ты што, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і выправіла мне зрок?
– Ты не адказаў на маё пытанне! – у роўным і таксама халодна-абыякавым голасе Мэры (а, хутчэй, Марганы) цікаўнасці было зусім крыху, а вось пагроза прысутнічала… незразумелая нейкая, і, тым не менш, даволі ўяўная пагроза. І яшчэ крыху пагарды прагучала ў абыякавым гэтым голасе, пагарды “дзікай кошкі” да баязліўца-мужчыны… – Няўжо ты так страціў розум ад страху, што бег куды вочы глядзяць?
– Калі б я хацеў уцячы, - прагаварыў Сарджэнз крыўдай, - то выбраў бы дэсантны кацер. Я бачыў яго там, каля сцяны, і ён, здаецца, у поўным парадку…
Нічога яму на гэта не адказаўшы, Мэры зноў апусцілася на падушку і нейкі час яны так і ляжалі побач. Мэры маўчала, думаючы аб нечым сваім… Нікаля таксама маўчаў, толькі думак у галаве ягонай не было аніякіх. Пустая была галава, зусім нават пустая…
– Як жа ты тады апынуўся ў джунглях? – прагаварыла Мэры нейкім ужо зусім іншым голасам. – Што ты там рабіў? Даследваў мясцовую фауну?
– Ды не, які з мяне даследчык… - Сарджэн раптам адчуў, што чырванее… добра, што ў паўзмроку пакоя гэта не так прыкметна. – Проста я… проста мне…
– Што, проста табе?
– Проста мне здалося, што з табой нешта здарылася! – адным духам выпаліў Нікаля. – Штосьці кепскае! Я пачуў жаночы крык… дакладней, крык гэты быў вельмі падобны на жаночы… і таму…
– І таму ты пабег мяне ратаваць?
У голасе жанчыны чулася зараз усмешка, уяўная такая ўсмешка, але пагарды там больш не было. Як, дарэчы, і пагрозы…
– Ты што, ідыёт?
Сарджэн нічога не адказаў, але ў думках быў цалком згодны з былой сваёй жонкай.
– Ты разумееш, што ледзь-ледзь не загінуў?
Сарджэн зноў нічога не адказаў, ды і што было адказваць…
– І калі б я не падаспела своечасова…
– Дзякуй! – шчыра і ад усяго сердца прагаварыў Сарджэн і, не стрымаўшыся, дадаў: - Скажы, а табе было б мяне шкада, калі б я загінуў?
– Што?!
Рэзка павярнуўшы галаву у бок Нікаля, Мэры нейкі час моўчкі глядзела яму ў вочы амаль ранейшым пагардлівым позіркам.
– Шкадаваць цябе?!
– Ну, хоць крыху… - прамармытаў Саржэн збянтэжана і неяк нават вінавата. – Хоць… я разумею…
– Нічога ты не разумееш!
Жанчына працягвала глядзець на свайго былога мужа, і ў поглядзе гэтым дзіўна перапляліся зараз самыя разнастайныя пачуцці.
– Што ж мне з табой рабіць? – нібыта разважаючы ўслых, прагаварыла Мэры. – Падкажы мне, што з табой рабіць?
– Забі! – прашаптаў Сарджэн, стомлена заплюшчваючы вочы. – Толькі сама. Прыняць смерць ад рукі жанчыны, якую кахаеш… ведаеш, гэта не самы горшы варыянт смерці…