Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
Помсту, як асноўную мэту дыверсіі, Холін адкінуў адразу ж, яшчэ тады, пасля першага паведамлення аб нападзе. Ну, забіла яна тут сямнаццаць чалавек (з небаракам Скрайфам – нават восемнаццаць)… і што? Яна нават інфармацыйныя сістэмы не вывела са строю, не кажучы ўжо аб гіпнакамерах. А нават калі б і вывела? Для ФІРМЫ ў цэлым гэта нават не камарыны ўкус, а нешта значна меншае…
Але гэтая Мэры (ці Маргана), гэтая “дзікая кошка” ўсё ж зрабіла рызыкоўны напад, і, відавочна, нейкая мэта ў яе ўсё ж была!
Ведаць бы, што гэта за мэта?
А, можа, і праўда адзінай толькі мэтай нападу Мэры на офіс быў яе былы муж, Нікаля Сарджэн, які спатрэбіўся “дзікай кошцы” для правядзення свайго жудаснага і крывавагаабраду ачышчэння?Такое магчыма, тым больш, што псіхіка гэтых касмічных амазонак адрозніваецца ад псіхікі, скажам так, сярэднестатыстычнага чалавека ў цэлым, і, прытым, адрозніваецца значна...каму, як не Холіну ведаць гэта…
Але Холін разумеў, унутранным пачуццём нейкім адчуваў, што былы муж “дзікай кошкі” тут ні пры чым.Так, ён знік разам з жонкай, але гэта ні аб чым не гаворыць. Каб выкрасці гэтага няўклюду“дзікай кошцы” зусім не трэба было штурмаваць офіс, забіваючы направа і налева. Мэта нападу, асноўная мэта нападу была зусім іншай…
Якой?
А, можа, гэта был усяго толькі хітры манёўр,адцягненне ўвагі ад касмапорта, каб даць магчымасць двум яе сяброўкам, прарваць кальцо блакады? Калі гэта так, то манёўр не дасягнуў поспеха… тады, выходзіць, што напад гэты - яўная няўдача “дзікай кошкі”… пракол…
Але ці магчымы ў “дзікіх кошак” такія вось відавочныя праколы?
Рабочая жонка каля стала ледзь чутна ўздыхнула і паварушылася, і Холін, які, заняўшыся трывожнымі сваімі думкамі, ледзь не забыўся пра яе, павярнуўся ў бок жанчыны. Убачыўшы гэта, рабочая жонка зноў застыла нерухома.
– Можаш прыбіраць са стала, - як заўжды суха і спакойна сказаў Холін, устаючы са свайго месца. – Потым прынясеш мне каву ў кабінет.
Холін ужо выходзіў са сталовай, як раптам яму прыйшла ў галаву нечаканая думка, што ягоная рабочая жонка – адзіны жывы сведка незразумелага гэтага нападу. Бо яна ж таксама была ў офісе ў той момант…
І яна адна з усіх засталася там у жывых…
– Скажы… - Холін зноў сеў на ранейшае месца каля стала, строга і патрабавальна зірнуў на жонку. – Толькі, перш чым казаць, пастарайся ўсё ўспомніць! Усё да самай апошняй падрабязнасці! Зразумела?
Рабочая жонка паслухмяна кіўнула. Выраз яе твару па-ранейшаму нічога не выражаў, яна проста працягвала стаяць і моўчкі чакаць пытанняў мужа.
– Ты бачыла гэтую… - Холін змоўк на імгненне, падбіраючы слова, але так нічога і не змог падабраць. – Карацей, ты бачыла жанчыну, якая напала на офіс? Бачыла ці не?
– Так, мой гаспадар! – без усялякага выразу прагаварыла рабочая жонка. – Я бачыла яе, і яна нават размаўляла са мной.
– Што? – ад нечаканасці Холін нават прыўстаў, але адразу ж зноў апусціўся ў крэсла. – Яна размаўляла з табой?
– Так, мой гаспадар, - усё гэтак жа безвыразна і абыякава паўтарыла рабочая жонка. – Яна задавала мне розныя пытанні.
Рабочая жонка змоўкла, у чаканні далейшых дзеянняў мужа, але Холін таксама маўчаў. Маўчаў, і моўчкі глядзеў на сваю рабочую жонку, на яе прыгожы твар, на вялікія, блакітныя вочы…
Пустыя, без усялякага выразу,вочы рабочай жонкі…
“Цікава, кім яна была раней? – нечакана мільганула ў галаве Холіна зусім недарэчная думка. – І якім чынам трапіла сюды, на Аграполіс?”
Але пытацца аб гэтым у самой жанчыны было не толькі марнай справай… такія пытанні былі катэгарычна забаронены і парушэнне гэтай забароны каралася вельмі строга.
Але ў Холіна да рабочай жонкі былі і іншыя пытанні, якія проста неабходна быловысветліць.
– Яна задавала табе пытанні? – паўтарыў Холін і жонка сцвярджальна кіўнула. – І што ж такога яна хацела ў цябе даведацца?
– Спачатку яна спытала, ці не хачу я пайсці разам з ёй?
– Што?! – На гэты раз Холін усё ж ускочыў з крэсла, моцна ўхапіў жонку за руку . – Што ты ёй адказала?
І адразу ж зразумеў, што гарачыцца не варта. Рабочая жонка тут ні пры чым, яна проста паслухмяна адказвае на пытанні.
– Ну, дык што ж ты ёй адказала? – спытаў Холін, адпускаючы руку жонкі. – Што ты сказала ёй, калі яна прапанавала табе пайсці з ёй?
Адказ на гэтае пытанне быў відавочным, і, можа, таму рабочая жонка прамаўчала. Ды Холіну адказ на гэтае пытанне і не патрабаваўся.
– Яна яшчэ што-небудзь у цябе пыталася? – зноў звярнуўся ён да жонкі. – Акрамя гэтага пытання, яна яшчэ якія-небудзь пытанні табе задавала??
– Задавала, мой гаспадар! – усё гэтак жа спакойна і нават абыякава адказала жонка. – Яна хацела даведацца код сейфа ў кабінеце загадчыка.
– Код сейфа? – Холін задумаўся. – Але ж ты і сама яго не ведаеш, гэты код?
– Чаму не ведаю! – крыху нават здзіўлена сказала рабочая жонка. – Ведаю! Ты сам паказваў мне ўчора, як гэта робіцца…
– І што?
Рабочая жонка нічога не адказала. Можа таму, што пытанне было неканкрэтным.
– Што было далей?! – выкрыкнуў Холін, страчваючы самыя апошнія рэшткі цярпення. – Ты што, паказала ёй код?
Рабочая жонка кіўнула сцвярджальна.
– Ах ты… - Сціснуўшы кулакі, Холін зрабіў крок у бок жонкі, але адразу ж спыніўся. – Яна ведала гіпнасловы, так?
Жонка зноў кіўнула сцвярджальна.
– Адкуль?! – Пытанне было зусім не па адрасу, і таму Холін адразу ж запытаўся аб іншым. – Што ёй трэба было ў сейфе? Што яна ўзяла з яго?
Холін з нецярпеннем чакаў адказа, але адказа не было. Жанчына маўчала, нібы акамянелая.
– Ну?!
– Я не памятаю, - ціха і неяк вінавата сказала жанчына. – Прабач, мой гаспадар!
– Адказвай! – павольна і неяк асабліва ўнушальна прагаварыў Холін. – Я загадваю табе!
Было бачна, што рабочая жонка і рада была б выканаць гэты загад мужа, але штосьці ёй усё ж перашкаджае. Зразумеўшы прычыну гэтага, Холін сам назваў патрэбнае гіпнаслова.
– Што яна ўзяла з сейфа? – паўтарыў ён пасля гэтага. – Адказвай!
Рабочая жонка зноў задумалася на імгненне, як бы ўспамінаючы штосьці.
– Ёй патрэбны былі ўсе матэрыялы, якія датычацца той даўняй навуковай экспедыцыі, - нарэшце прагаварыла яна… і голас жанчыны гучаў у гэты момант неяк зусім аўтаматычна, яна як бы і не ўспрымала тое, аб чым гаварыла. – Яна іх уважліва праглядзела, тое сёе ўзяла з сабой… астатняе знішчыла…