Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
Юнак усхвалявана кіўнуў. Свенсан скоса зірнуў у бок Холіна, як ён, не ўсміхаецца? Холін не ўсміхаўся.
– Ведаеш што, - сказаў ён неяк заклапочана, - спусцімся спачатку ў ізалятар. Хачу паказаць табе штосьці…
* * *
– Вось! – сказаў Холін, калі яны зайшлі ў адну з камер ізалятара. – Палюбуйся! Нікаля Сарджэн, фермер! Муж адной з “дзікіх кошак”, дакладней, былы муж…А яшчэ - злачынец, які парушыў адразу некалькі артыкулаў крымінальнага кодексу Аграполіса.
Нікаля Сарджэн быў не падобным, ні на фермера, ні, тым больш, на злачынца. Скурчыўшыся, ён сядзеў зараз у самым кутку металаплыстыкавай камеры, трымаючы ў руках акуляры з трэснутымі шкельцамі. На словы Холіна ён адрагаваў толькі тым, што на нейкую хвіліну ўскінуў галаву і, блізарука прыжмурыўшыся, паглядзеў на ўвайшоўшых. Потым ён зноў нізка апусціў галаву.
– Ягоную жонку забілі? – спытаў Свенсан Холіна.
Той адмоўна матлянуў галавой.
– Яна збегла!
– Збегла? – Свенсан уважліва паглядзеў у твар Холіну. – Як гэта адбылося?
– Ну… - Холін паціснуў плячамі. – Пасля таго, як стала вядома, што тая, першая жанчына - з “дзікіх кошак”, было вырашана забіць усіх астатніх… - не дагаварыўшы, Холін змоўк, скоса зірнуў на Свенсана. – Я і забыўся, што ты яшчэ шмат чаго не ведаеш! Усяго іх было пяць, былых “дзікіх кошак”…
– Як “дзікія кошкі” маглі стаць уласнасцю ФІРМЫ? – перабіў Холіна Свенсан.
– Не ведаю! – нечакана рэзка адказаў Холін. – І, наогул, гэта не наша справа!
Нейкі час яны моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы, потым Свенсан уздыхнуў і перавёў погляд на фермера, які па-ранейшаму сядзеў нерухома, нізка апусціўшы галаву.
– Выбачайце, што перапыніў! – сказаў ён. – Дык што было далей?
Холін усміхнуўся і па-сяброўскі паляпаў Свенсана па плячы.
– Не трэба на “вы”, - сказаў ён. – Я гэтага не люблю.
– Я таксама, - сказаў Свенсан. – Дык што было далей?
– Далей? – Холін уважліва паглядзеў на нерухомага Нікаля Сарджэна ля сцяны, потым перавёў погляд на Свенсана. – Разумееш, пакуль мы вырашалі, што ж нам рабіць, першая жанчына ўжо паспела вызваліць адну са сваіх сябровак…
– Забіўшы, пры гэтым яе мужа, так? – спытаў Свенсан.
Холін моўчкі кіўнуў галавой.
– Такім чынам іх стала ўжо дзве?
Холін зноў кіўнуў сцвярджальна.
– Дзве “дзікія кошкі”, уяўляеш?
– Уяўляю, - сказаў Свенсан. – А іх і сапраўды дзве? Зараз, я маю на ўвазе.
Твар Холіна перакасіла нейкая, ці то ўсмешка, ці то грымаса.
– А ты хутка схопліваеш сітуацыю! – сказаў ён з незразумелай нейкай інтанацыяй у голасе. – Дык вось, мы паспелі ліквідаваць толькі двух. Двух з пяці…
– Значыцца, іх трое?
– Іх – дзве і адна, - паправіў Холін і, заўважыўшы недаўменне на твары свайго намесніка, растлумачыў: - Жонка гэтага недамерка пакуль яшчэ не з імі. Яна дзесьці хаваецца, асобна… а ён… - змоўкнуўшы, Холін кінуў хуткі погляд у бок фермера. – ён не жадае сказаць нам, дзе яна зараз знаходзіцца!
Свенсан паспеў заўважыць, як міжволі ўздрыгнуў малады фермер пры гэтых словах Холіна.
– Магчыма, ён сам не ведае, дзе зараз ягоная былая жонка. – сказаў ён. – Дарэчы, а ў чым, канкрэтна, яго абвінавачваюць?
Холін зноў акінуў непрыязным позіркам скурчаную фігурку фермера.
– Ён абвінавачваецца ў непадпарадкаванні прадстаўнікам ФІРМЫ пры выкананні імі службовых абавязкаў. І, не проста ў непадпарадкаванні… у аказанні ўзброеннага супраціўлення, у выніку якога ўся брыгада ў складзе пяці чалавек была знішчана.
Свенсану здалося, што ён штосьці недачуў.
– Яго абвінавачваюць у забойстве пяці чалавек? – недаверліва перапытаў ён. – Пяці ахоўнікаў ФІРМЫ?
Холін усміхнуўся, аднымі вуснамі, праўда… вочы ягоныя па-ранейшаму заставаліся недаверліва-калючымі і халоднымі, нібы лёд.
– Ён нанёс толькі адзін удар… нажом, - сказаў ён, - але гэтага аказалася дастаткова, каб блакіроўка рабочай жонкі не вытрымала, і яна сама пачала іх забіваць, аднаго за другім. Так што… - Холін змоўк на імгненне, развёў рукамі, - сам бачыш, што гэта за тып!
Свенсан зноў, на гэты раз куды больш уважліва паглядзеў на фермера. Абвінавачванне было сур’ёзным, фермеру пагражала турэмнае зняволенне на даволі працяглы тэрмін.
– Скажы, а як усё гэта стала вядома? – спытаў ён у Холіна. – Жывых сведкаў, я так разумею, не засталося… рабочая жонка знікла… Ён што, сам расказаў вам аб усім гэтым?
– Ну так, сам! – Холін сцвярджальна кіўнуў, потым памаўчаў крыху і дадаў: – З дапамогай гіпнакрэсла…
– З дапамогай гіпнакрэсла? – перапытаў Свенсан. – Але ж гэта незаконна, і ён можа…
Холін жэстам загадаў яму не працягваць, і Свенсан змоўк, не дагаварыўшы.
– Нічога ён не можа! – сказаў Холін, зняважліва гледзячы на Сарджэна. – Гэты слімак можа толькі пускаць соплі і хныкаць аб сваёй любімай жоначцы, якая яго ледзь не забіла!
– Яна хацела забіць яго? – з цікаўнасцю спытаўся Свенсан.
Холін абыякава паціснуў плячамі.
– Не ведаю! Мы знайшлі яго там ў непрытомным стане. Нельга было губляць ніводнайхвіліны, таму мы і прымянілі гіпнакрэсла, каб даведацца аб абставінах смерці ахоўнікаў. Мы і не падазравалі тады, што гэты тып…
– Не смейце называць мяне “гэтым тыпам”, а, тым больш, “слімаком”! – раптам спакойна і цвёрда сказаў фермер, ганарліва ўскінуўшы галаву. – Вы можаце падазраваць мяне, можаце абвінавачваць… але пакуль што я – свабодны і паўнапраўны грамадзянін Аграполіса і не дазволю абражаць мяне нікому, тым больш, нейкаму дробнаму чыноўнічку вашай занюханайФІРМЫ!
– Што?! – не прагаварыў, а неяк прашыпеў Холін, падскокваючы ўшчыльную да фермера, які, здаецца,нават не звярнуў на гэта аніякай увагі. – Што ты сказаў, шчанюк?!
“Атрымаў! – міжволі падумалася Свенсану, калі ён убачыў, як паступова змяняецца, наліваецца чырванню твар Холіна. – Малайчына, фермер!”
Але ўслых ён гэтага, зразумела ж, таксама не сказаў.
– Не ведаю, як доўга ты застанешся паўнапраўным грамадзянінам, - прагаварыў між тым Холін, паступова супакойваючыся і зноў адыходзячы ад Сарджэна, - але свабодным ты будзеш не хутка!Я ўжо аб гэтым паклапачуся, можаш мне паверыць!
– Я вам веру! – нечакана спакойна адказаў Сарджэн. – З чаго б мне сумнявацца ў шчырасці і сур’ёзнасці вашых намераў у адносінах да маёй сціплай персоны?