Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
– Не трэба! – закрычаў хударлявы, нервова махаючы перад носам таўстуна доўгім вузлаватым пальцам. – Не трэба перадзёргваць карты! Я стаяў за поўнае і неадкладнае знішчэння ангара з усімі, хто там знаходзіцца, а зусім не за гэты ідыёцкі штурм! Але ж там былі твае патэнцыяльныя пакупнікі… вось чаму ты мяне і не падтрымаў з самага пачатку! І што ў выніку?! Дзе яны зараз, гэтыя твае пакупнікі?
– Там, дзе і твае! – агрызнуўся таўстун.
– Панове, панове, супакойцеся! – прымірэнча прашаптаў маленькі. – Крыкам справе не дапаможаш!
– Гэтай справе нічым не дапаможаш! – усё ніяк не жадаў супакоіцца хударлявы. – Мы селі ў лужыну ды яшчэ якую!
Ён зноў пачаў вымяраць таропкімі крокамі пакойі раптам, нечакана змяніўшыся ў твары, застыў на месцы, нібы аслупянелы. Маленькі прадстаўнік ФІРМЫ таксама паспешліва ўзняўся з месца, за ім, не менш паспешліва, ускочылі таўстун і Том Ліўскі, пры гэтым яны сутыкнуліся, з грукатам паваліўшы на бок цяжкае крэсла. Але на гэтае крэсла ніхто не звярнуў нават увагі, усе выцягнуліся, нібы салдаты на парадзе, расправіўшы па магчымасці плечы і максімальна ўцягнуўшы жываты. У таўстуна, праўда, апошняе атрымалася не вельмі…
Холін, які ўвесь гэты час сціпла і нерухома сядзеў каля чорнай матавай сцяны(што пры жаданні магла рабіцца велізарным экранам),з цікаўнасцю ўслухоўваючыся ў лаянку высокага кіраўніцтва, спачатку не ўцяміў нават, у чым тут справа. Потым азірнуўся на дзверы і таксама таропка ўскочыў з месца.
У дзвярным праходзе стаяў яшчэ адзін прадстаўнік ФІРМЫ… і Холін не адразу нават зразумеў, што гэта РАДЖА. Зразумеў гэта ён не па адзенню таго, хто стаяў зараз каля дзвярэй, бо апрануты РАДЖА быў вельмі проста, нават сціпла… вызначыць ягоны ранг дапамагла Холіну тая пачцівасць і нават рабалепства, з якой усе прысутныя глядзелі навысокага госця.
Тытул “РАДЖА” мелі толькі найбольш значныя і ўплывовыя кіраўнікі ФІРМЫ. Калі верыць чуткам (а не верыць ім не было аніякіх пастаў), такі тытул насілі адначасова ўсяго толькі калядвух дзесяткаў чалавек, ну, можа, крыху больш… Прадстаўнік ФІРМЫ такога рангу яшчэ ніколі не наведваў Аграполіс, і Холін адчуў раптам нейкае ўнутраннае хваляванне. Хоць… яму чаго хвалявацца, дробнай сошцы? Няхай хвалюецца кіраўніцтва… ды яно і сапраўды хвалюецца, яшчэ як хвалюецца…
А РАДЖА, абвёўшы усіх прысутных халодным позіркам блакітных вачэй, павольна падыйшоў да стала, сам узняў крэсла, якое незадоўга да гэтага павалілі Ліўскі і таўстун, нетаропка ў яго апусціўся.
– Ну! – прагаварыў РАДЖА, і голас ягоны прагучаў неякляніва, абыякава нават. – Што тут у вас?
– Я… мы… - хударлявы, нібыта ў чаканні дапамогі, паглядзеў на таўстуна, але той у ягоны бок нават не глядзеў, не зводзячы адданых вачэй з РАДЖЫ. – Я зараз усё растлумачу…Справа ў тым, што я… што мы…
– Справа ў тым, што вы не справіліся з заданнем! – рэзка перабіў яго РАДЖА. – І тлумачыць вы будзеце не мне, а… - ён змоўк і, узняўшы ўверх ненатуральна доўгі палец з пазалочаным пазногцем, дадаў. – Там вы ўсё гэта будзеце тлумачыць!
Ён змоўк, не апускаючы пальца, і ўсе таксама стаялі моўчкі і нерухома, і не зводзілі трывожных позіркаў з гэтага тонкага пальца, нібыта перад імі быў сам “перст лёсу”, а не звычайны чалавечы палец…
– Там вы паспрабуеце ўсё растлумачыць! – паўтарыў РАДЖА, з нейкім нават задавальненнем пазіраючы на спалоханныя фізіяноміі сваіх падначаленых. – Калі зможаце, вядома… - Пасля гэтых слоў ён памаўчаў крыху, пазяхнуў і дадаў: - Уладай, якая дадзена мне ФІРМАЙ, я адхіляю вас ад пасад. Пакуль што, часова. Шлюбка стартуе да зоркалёта праз… - РАДЖА паглядзеў на гадзіннік, памаўчаў крыху… - праз паўгадзіны. За гэты час вы паспееце сабрацца, ці не так?
Гэта было пытанне дзеля пытання, адказу на яго нават не патрабавалася, і таму ніхто нічога не адказаў.
– Усё, я вас больш не затрымліваю! – ранейшым лянівым і абыякавым голасам прагаварыў РАДЖА, потым ён зірнуў на спахмурнелага Тома Ліўскі і дадаў рэзка: - Цябе, Ліўскі, гэта таксама датычыцца!
– Мяне? – Ліўскінедаўменна азірнуўся вакол. – А як жа Аграполіс?
– А вось гэта цябе ўжо не датычыцца!
Ён змоўк, нібыта даючы зразумець, што размова скончана. І, зразумеўшы гэта, спачатку прадстаўнікі ФІРМЫ, а за імі і Ліўскі, ціхенька выйшлі з пакою. Холін таксама рушыў было да выхаду ўслед за ўсімі, але тут здарылася нечаканае.
– Вас я папрашу затрымацца, - нечакана ветліва прагаварыў РАДЖА.
Холін азірнуўся, не адразу зразумеўшы, што гэтыя словы адносяцца менавіта да яго.
– Прашу! – шырокім жэстам РАДЖА паказаў на крэсла насуперак сябе. – Сядайце, Максіміліян… так, здаецца, ваша імя?
Холін кіўнуў галавой і, стараючыся нічым не выдаць сваё хваляванне, моўчкі апусціўся ў мяккае зручнае крэсла, чакаючы працягу размовы.
– Здзіўлены? – спытаў РАДЖА, адкідваючыся на спінку крэсла. – Можаце не адказваць, і так бачу! А між тым, я хачу прапанаваць вам пасаду рэзідэнта на Аграполісе. Што вы на гэта скажаце?
Не ведаючы, што і адказаць, Холін толькі моўчкі чакаў працягу. І не памыліўся.
– Бачу, што згодны, - РАДЖА ўсміхнуўся, паказваючы бездакорныя, асляпляльна белыя зубы, занадта белыя, каб быць сапраўднымі… - Але гэта яшчэ не ўсё з таго, што я хацеў вам сказаць…
Ён змоўк, але і Холін таксама працягваў сядзець моўчкі.
– З сённяшняга дня вы надзяляецеся надзвычайнымі паўнамоцтвамі! – неяк асабліва ўрачыста прамовіў РАДЖА, і Холін міжволі ўскочыў з месца, выцягнуўся. – Сядайце! Ды сядайце ж вы!
Пачакаўшы, калі Холін зноў апусціцца ў крэсла, РАДЖА сам устаў, павольна прайшоўся па пакою…
– Сітуацыя надзвычайная, - прагаварыў ён, спыняючыся насуперак Холіна. – Спадзяюся, вы падзяляеце гэтае маё меркаванне?
– Так, падзяляю! – Холін зноў паспрабаваў устаць, і зноў быў вернуты назад уладарным жэстам РАДЖЫ.
І зноў нейкі час РАДЖА толькі моўчкі мераў пакой таропкімі крокамі, а Холін гэтак жа моўчкі назіраў за гэтымі ягонымі перамяшчэннямі.
– Тое, што тут у вас адбылося, - зноў загаварыў РАДЖА, паварочваючыся да стала, - гэта ўжо не ёсць пытанне тольківашай планеты. Гэта пытанне ўсёй ФІРМЫ, яе будучыні… самога нават яе існавання…
Голас РАДЖЫ прагучаў так злавесна, што Холін нават уздрыгнуў, сам таго не жадаючы.
– Гэтыя жанчыны не павінны пакінуць планету! Ні ў якім выпадку!
– Тады трэба закрыць касмапорт, - прапанаваў Холін. – І вывесці на арбіту ўсе касмічныя апараты, якія тут знаходзяцца…
– Гэта ўжо зроблена, - сказаў РАДЖА з цікаўнасцю пазіраючы на Холіна. – Засталася толькі мая шлюбка пад аховай дзесяці космадэсантнікаў…
– Мала! – міжволі вырвалася ў Холіна. – Дзесяці недастаткова!
– Вы так лічыце?