Дзікія кошкі Барсума
Шрифт:
Холін кіўнуў сцвярджальна.
– Шкада, што мне трэба вяртацца, - сказаў раптам РАДЖА. – Цікава было б з вамі папрацаваць… Да таго ж…
Не закончыўшы фразы, ён зноў падыйшоў да стала, сеў на ранейшае месца.
– А зараз раскажыце мне ўсё, што ведаеце!
Холін здзіўлена на яго паглядзеў.
– Не зразумеў!
– Я маю на ўвазе напад “дзікай кошкі” на атдзяленне ФІРМЫ, - растлумачыў РАДЖА. – Знікненне картаў, артэфактаў… У вас жа маецца нейкае сваё меркаванне ўсяму гэтаму, ці не так?
– Так, маецца… - Холін памаўчаў крыху і дадаў. – Не меркаванне нават, а так, гіпотеза…
– Ну вось і падзяліцеся са мной гэтай сваёй гіпотэзай… - сказаў РАДЖА, стомлена адкідваючыся на спінку крэсла і заплюшчваючы вочы. – Толькі як мага карацей, у мяне не так шмат часу…
Глава 10
Прайшло яшчэ некалькі дзён, на працягу якіх Нікаля Сарджэн на дзіва хутка змог прыстасавацца да новага свайго становішча. Кожную раніцу Мэры (яна ж, Маргана) накіроўвалася кудысьці ў непралазныя гэтыя джунглі, адкуль вярталася толькі позна вечарам, стомленая і заўсёды чымсьці незадаволеная. Дзе яна была, чым канкрэтна займалася ў небяспечным гэтым гушчары… аб гэтым Мэры (Маргана) ніколі нічога не расказвала, сам жа Нікаля таксама не рашаўся ў яе хоць штосьці выпытваць. Тым больш, не рызыкаваў ён спрабаваць яе там адшукаць… адной-адзінай спробы гэта зрабіць хапіла Сарджэну надоўга…
Увайшоўшы, Мэры адразу ж скідвала з сябе мокры, запэцканы камбінізон… услед за ім на падлогу ляцела і ўсё астатняе яе адзенне. Нават не зірнуўшы на Сарджэна, які заўсёды пры гэтым знаходзіўся побач з ёй, Мэры накіроўвалася ў ванную, дзе прымала душ. Таропка падабраўшы раскіданае гэтае адзенне, Нікаля кідаў яго ў вялікі металічны чан, заліваў чан да краёў кіпнем і спяшаўся на кухню сервіраваць стол для вячэры. Пры гэтым ён чуйна прыслухоўваўся да ўсплёскаў вады, якія прыглушана даносіліся нават сюды, каб, ні прывядзі бог, не прапусціць той адказны момант, калі Мэры пакліча ягода сябе ў ванную. З усіх “хатніх” абавязкаў Сарджэна гэты быў, бадай што, самым прыемным, калі не лічыць ночы…
Потым яны вячэрылі, і Мэры была ўжо ў добрым настроі і нават жартавала над ягонымі кулінарнымі здольнасцямі. А яшчэ потым яны разам клаліся ў ложак...
А раніцай Мэры зноў накіроўвалася немаведама куды, і Нікаля заўсёды з трывогай і нейкай шчымлівай пяшчотай глядзеў ёй услед. І зноў пачынаўся для яго чарговы дзень, доўгі і нудны, як і ўсе папярэднія...
Ніякіх асаблівых спраў, акрамя прыгатавання ежы і мыцця забруджанага адзення жонкі, у Нікаля не было. Мыццё, наогул, і справай нельга было назваць – усё рабіла пральная машына-аўтамат, якая была ўманціравана прама ў сцяну ваннай. Прыгатавання ежы займала, праўда, пэўны час, тым больш, што Сарджэн стараўся уносіць нейкую разнастайнасць у іх з Мэры харчавання. Дзічыну іўсялякія ядомыя плады з джунгляў увечары прыносіла Мэры, Сарджэну заставалася толькі правільна іх прыгатаваць. Для гэтага на кухні мелася не толькіэлектрычная пліта, але і невялікая мікрахвалёвая печка. Тут жа стаяла халадзільная ўстаноўка ўнушальных памераў… і ўсё гэта, як не дзіўна, было ў ідэальным рабочым стане…
Хто жыў тут да іх, і чаму пакінуў тут усе гэтыя так неабходныя ім рэчы, ды яшчэ і ў такім выдатным стане – аб гэтым Нікаля Сарджэн не меў ніякага нават уяўлення, як і аб тым, адкуль у памяшканнях бярэцца электрычны ток. Магчыма, аб усім гэтым ведала альбо здагадвалася Мэры, але калі аднойчы ноччу Сарджэн асмеліўся задаць ёй такое пытанне, Мэры толькі засмяялася і паклала тонкія свае пальцы на крыху засмяглыя ад працяглых пацалункаў вусны мужа.
– Не будзь такім цікаўным, - прашапталі прама ў вуха Сарджэну яе ўласныя вусны. – Хто менш ведае – даўжэй жыве!
Гэта прагучала даволі двухсэнсоўна, але амаль адразу ж услед за гэтым Мэры пяшчотна абняла мужа і вусны іх зліліся ў палкім пацалунку… а яшчэ потым ім стала ўжо зусім не да пытанняў, тым больш,не да адказаў на іх…
Але, як бы тое не было, а пытанне гэтае існавала, і Сарджэн задаваў яго штодзённа (самому сабе, праўда), і штодзённа ж, хоць і безвынікова, шукаў на яго адказ. Магчыма, адказ хаваўся ў калідорах, бясконца доўгіх, звілістых каменных калідорах… і Сарджэн, зразумела ж, пачаў даследваць гэтыя калідоры, амаль адразу ж пасля таго, як толькі даведаўся аб іх існаванні.
Але і калідоры гэтыя мала чым яму дапамаглі. Як бы доўга яны не цягнуліся, але заканчваліся заўсёды аднолькава: масіўнымі металічнымі дзвярыма, адчыніць якія ў Сарджэна не было аніякай магчымасці. А, можа, і не дзверы гэта былі, а суцэльныя металічныя перагародкі, тым больш, што ні ручак, ні хоць нейкіхшрыфт-кодаў на перагародках гэтых не было зусім… нічога, акрамя таго ці іншага малюнка, выціснутага на металічнай перагародцы... нават не малюнка, а своеасаблівага іерогліфа …
І ўсё ж, пакутваючы хутчэй ад бяздзейнасці і цікаўнасці, чым ад сапраўднага навуковага азарту, Нікаля Сарджэн старанна, дзень за днём працягваў даследваць дзіўныя гэтыя,калідоры. А яны і сапраўды былі нейкімі дзіўнымі: з мноствам бакавых атгалінаванняў, алебез адзінага нават бакавога памяшкання, вузкія (два чалавекі ледзь-ледзь размінуцца)… і, што самае дзіўнае - з зусімнезразумелым асвятленнем, бо ні свяцільнікаў, ні хоць чаго-небудзь падобнага на іх, у калідорах гэтых проста не існавала, сцены самі па сабе таксама ніяк не свяціліся, і, тым не менш, у калідорахзаўсёды было дастаткова святла…
Дарэчы, у тыхпамяшканнях, якія Мэры выбрала для іх сумеснага пражывання (кухня, ванная, спальня і той вялікі пакой, які Сарджэн пра сябе называў залай), асвятленне было самым звычайным. На сценах былі размешчаны розных памераў і формаў свяцільнікі, меліся тут таксама і пульты для уключэння і адключэння гэтых самых свяцільнікаў. І свяцільнікі, і душ, і ўсе кухонныя прылады і прыстасаванні былі зроблены рукамі чалавека, у Сарджэна нават сумнення ў гэтым не ўзнікала. А вось што датычыцца дзіўных тых калідораў…
Было ў іх штосьці чужароднае, штосьці такое, чаго Сарджэн не мог растлумачыць нават сабе самому, і гэтае “штосьці” заўсёды выклікала ў яго нейкае незразумелае пачуццё: ці то жах, ці то агіду, ці то ўсё гэта разам……І, выходзячы назадз чарговага калідора, Сарджэн заўсёды адчуваў пэўную палёгку ў душы, нейкі ўнутраны голас падказваў яму, што трэба заканчваць гэтыя дылетанскія даследванні, бо аднойчы яны скончацца для яго вельмі і вельмі кепска…
Такое і сапраўды магло стацца, бо заблукаць у бясконцых гэтых калідорах было прасцей простага. Хоць усе яны пачыналіся з аднаго вялікага і амаль ідэальна акруглага памяшкання, якое Сарджэн зусім выпадкова “адкрыў” побач са сваім“жытлом”, але затым калідоры гэтыя раптам пачыналі шматразова разгаліноўвацца і нават пераплятацца, звіваючыся, нібы сапраўдныя змеі. Больш таго,Сарджэн заўважыўнеяк, што і сама колькасць уваходаў у калідоры з боку акруглага памяшкання непастаянная. Адзін дзень Нікаля налічыў там дваццаць два уваходы, а калі прыйшоў туды на наступны дзень – іх колькасць скарацілася да пятнаццаці. А яшчэ на наступны дзень іх было ўжо аж дваццаць чатыры…
Было яшчэ адно пытанне, якое ніяк не давала спакою Нікаля: ведае ці не ведае аб гэтых калідорах Мэры? І, калі ведае – што яна аб іх думае?
Адказ на гэтае пытанне, вядома ж, магла даць толькі сама Мэры, а ёй – і Сарджэн уяўна гэта адчуваў – было зараз зусім не да гэтага. Штосьці яна рабіла (ці шукала) ў сваіх джунглях, і штосьці ў яе пакуль што не атрымлівалася так, як трэба. Дні Мэры былі напоўненымі да адказу, іх нават не хапала на ўсё… Сарджэн жа знемагаў ад тугі і адзіноты,і нават штодзённыя бадзянні па таямнічых гэтых калідорахамаль не дапамагалі іх развеяць...
Быў у Нікаля яшчэ адзін штодзённы, дакладней, штовечаровы клопат: цярплівае чаканне жонкі на каменных прыступках будыніны, бясконцая трывога за жыццё Мэры ў небяспечных джунглях… асабліва, калі чаканне гэтае раптам зацягвалася… і потым - уяўная палёгка ісалодкае прадчуванне чарговай чароўнай ночы ў яе пяшчотных абдоймах…
Дзіўна, але нават зрабіўшыся зноў “дзікай кошкай”, па начах Мэры вяла сябе амаль як раней, цалком аддаючыся палкім ласкам Сарджэна. А ён, амаль губляючы розум ад кахання, стараўся ўсялякі раз не думаць аб тым, што за ноччу зноў надыйдзе такая непазбежная раніца. І што зноў ягоная Мэры, такая пяшчотная і такая паслухмяная ноччу Мэры, ператворыцца раніцай ў “дзікую кошку” Маргану, якая, не звяртаючы аніякай увагі на Сарджэна, устане з ложка і з пахмурным выглядам пачне рыхтавацца да чарговага свайго рабочага дню…