Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

– Там, дзе полк. 3 палком пайшоў. Вось фашыстаў разаб'ём, ён і вернецца.

— А мой? — не ўтрымаўся Санька.— Яго прозвішча Макавей. Іванам завуць.

Санькавага бацьку, аказваецца, камісар таксама добра ведае. Ён служыць у тым жа палку, толькі падбіў не танк, а самалёт. Прыцэліўся і — бах з вінтоўкі проста ў бак з бензінам. Самалёт адразу ж і загарэўся. Мне дык аж крыху зайздросна стала. Але, падумаўшы, я супакоіўся. Танк падбіць таксама нядрэнна.

Натхнёныя подзвігамі сваіх бацькоў, мы паведамілі камісару:

— А мы ў партызаны пойдзем!

У нас, па сутнасці, ужо ўсё гатова: мяшкі з сухарамі ёсць, бінт і ёд таксама, патронаў цэлая скрынка. Толькі зручнага моманту чакаем.

Камісар быў першы чалавек, каму ні Санька, ні я не пабаяліся раскрыць тайну. Мы былі ўпэўнены, што ён нас падтрымае, а можа папросіцца і разам з намі. Такога можна ўзяць.

Мне здалося, што камісар чуць-чуць усміхнуўся. Але гэта, відаць, мне толькі здалося, таму што ён сур'ёзна спытаў:

— А зброя ў вас ёсць?

— Зброі ў нас няма,— сказаў я.— Толькі патроны. Гавораць, ёсць вінтоўка ў Колі Бурца, але той нізашто яе не аддасць. Ён нават не прызнаецца, дзе яе хавае. Можа ў вас ёсць лішні наган?

— Не, таварыпіы камандзіры, лішняга няма. А свой я не аддам — не пад'язджайце. I ў партызаны вам яшчэ рана ісці. Пагуляйце, падрасціце крыху.

Добра яму гаварыць — падрасціце. Пакуль будзем расці, усіх фашыстаў паб'юць. Што тады рабіць?

15. КАМІСАР ІДЗЕ НА ЎСХОД

Сёння раніцой мне ад дзеда Мікалая была добрая праборка. Прыйшоў ён да нас, каб паладзіць страху ў хляве, а бабуля яму і паскардзілася, маўляў, Іван ад рук адбіўся. I вось дзед сядзіць каля акна на ўслоне, раз-пораз мацае свае вусы і чытае мне пропаведзь:

— Дык што ж гэта ты, хлопец, га?

Я стаю насупраць і разглядаю свае парэзаныя ногі. На адным вялікім пальцы збіты пазногаць, а другі за­вязаны анучкай. Скокнуў учора са страхі на разбітую бутэльку.

— Што ж ты маўчыш? Ці размаўляць, можа, са мной не хочаш? — дапытваецца дзед.

Бабуля выцягвае з печы чыгун і падлівае масла ў агонь:

— Даўно палка хадзіла...

Вось тут і пайшло! Калі ён быў такі, як я, дык і ў полі араў, і каня пасвіў, і сеяў, і касіў, і малаціў, і чаго-чаго толькі не рабіў, а не гойсаў днямі чорт ведае дзе. Па-мойму, ён столькі працаваў, што дарослым і рабіць не было чаго. Яны, напэўна, цэлымі днямі білі лынды ды лушчылі гарбузікі.

— Ты чаго ўсміхаешся? — пакрыўдзіўся стары.— Ты забыў, што табе бацька казаў? Забыў?

— Не,— вымавіў я праз сілу.

— Ну дык глядзі ж. Вунь на тваёй шыі брат, маці хворая і баба старая. Хопіць дурніцу ганяць.

На тым і скончылася. Дзед вынес з сенцаў лесвіцу і палез на страху, а мы з бабуляй пайшлі на агарод капаць бульбу.

Я падкопваю віламі-трызубцамі калівы, а каравыя бабуліны пальцы дбайна пераграбаюць зямлю, кідаюць бульбіну за бульбінай у стары лазовы кош. Мая нага на вілах, а вочы то ў Міронавым садзе, то на вуліцы. 3 галавы не выходзяць думкі пра камісара, пра яго расказ аб нашых бацьках. Увесь час карціць расказачь пра бацьку і бабулі. Але яна пачне тады дапытвацца, адкуль гэта мне вядома.

Калі я ўжо занадта задумаюся або загледжуся і праміну каліва ці мелка падкапаю, бабуля зноў на мяне: каму мы робім? Сабе ці чорту лысаму?

Накапаную бульбу яна высыпае ў мяхі. У свой — два кашы, у мой — адзін.

— Ох, грэх мой цяжкі,— уздыхае бабуля кожны раз, ускідваючы мяшок на плечы, а я ўслед:

— Ох, мех мой цяжкі!

I валакуся за ёю ў хату. Там мы высыпаем бульбу пад падлогу і — зноў на агарод.

Непадалёку, па свежым бульбянішчы, корпаецца Глыжка: будуе ў зямлі розныя пячуркі, капае траншэі і акопы. Ён вымазаўся з галавы да ног — вачэй не відаць. Яму, зразумела, можна жыць на маёй шыі.

Бульба ўдалася добрая. Падымеш корч — паглядзець прыемна: буйная, чыстая. Бабуля ўвесь час радуецца:

— Слава богу, хоць драчонікі есці будзем.

А мне не да драчонікаў. Зусім выбіўся з сіл, ні рук, ні ног не чую. На думку бабулі, гэта ад вялікага пан­ства.

Мы працавалі да вечара. Пачало ўжо змяркацца. Доўгі день ад плота лёг на ўвесь агарод, на вербах загаманілі вераб'і. Пацягнула сырасцю.

У гэты час на нашай вуліцы і паказаліся паліцэйскія. Наперадзе важна крочыць Няўмыка. На ім ужо не цывільнае адзенне, а нямецкі мундзір, у руках тая ж гумавая палка. Вінтоўку павесіў на плячо ўгару прыкладам, быццам паляўнічы. За Няўмыкам валакуцца крывароты Ахонька і яшчэ адзін незнаемы, чужасельскі.

Чаго яны тут сноўдаюць? Раўчака нашага з жабамі не бачылі, ці што? А можа самагонкі шукаюць?

Калі Няўмыка стаў пераходзіць вуліцу, а Ахонька паказаў свайму прыяцелю рукой на Міронаву хату, страшная здагадка апякла мяне. Вынюхалі, сабакі. Па камісара ідуць.

Я кінуў мяшок на зямлю і, ледзь не збіўшы з ног ашаломленую бабулю, кінуўся па бульбянішчу ў Міронаў сад. Хутчэй! Хутчэй! Галоўнае — паспець раней, чым яны, галоўнае — папярэдзіць дзеда Мірона.

На маё шчасце, паліцэйскія затрымаліся каля раўчака. Няўмыка перамахнуў яго легка, а Ахонька скочыў у гразь. Цяпер ён абмывае запэцканыя боты, а яго спадарожнікі стаяць і рагочуць.

Рагачыце сабе, а я ўжо на плоце. Трохі разадраў ка­шулю, трохі насадзіў у жывот скабак, ды пакуль жаніцца — загаіцца.

У двары разляцеліся з-пад ног ашалелыя ад страху куры, шмыгнуў пад ганак кот, і вось я ўжо ў хаце лаўлю ротам паветра:

— Па-па-па-ліцэйскія...

А выскачыць не паспеў. Загрукалі на ганку боты, бразнула клямка, і парог пераступіў Няўмыка. За ім праціснуўся чужасельскі. Ахонька застаўся на двары.

— Добры дзень, Мірон,— прывітаўся Няўмыка і хуткім, зладзейскім позіркам агледзеў хату. Чужасельскі нічога не сказаў. Прымёрз у парозе і паглядае спадылба. Мяне вельмі здзівіў яго твар, быццам на ім чэрці гарох малацілі: яміна на яміне.

— Што, не чакалі гасцей? — здаволена хмыліцца Няўмыка, ляпаючы гумавай палкай па халяве.

«Во,— думаю,— руды сабака. Яшчэ ў госці набіваецца».

Дзед Мірон, які пры маім з'яўленні жвава злез з печы, цяпер хворы-хворы. За паясніцу трымаецца абедзвюма рукамі, дыбае да стала і стогне:

— А якія цяпер госці? Во скруціла ў барановы рог, хоць гвалт крычы. Ды вы сядайце, сядайце...

Няўмыка крыва ўсміхнуўся.

— А мы чулі, што вы прымаеце тут, корміце, поіце, на дарогу даяце... Дзе ваш пастаялец?

Поделиться с друзьями: