Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

I раптам Санька штурхнуў мяне ў бок:

— Глянь сюды!

Я паглядзеў. Непадалёку, абапёршыся на рыдлёўку, стаіць наш сусед, дзед Мірон. Мы не любім дзеда. Гэта сквапны чалавек. Сквапны і злосны. Ён спіць і ў сне мяркуе, як бы нас з Санькам крапівой адсцёбаць. А сустрэне на вуліцы, кожны раз пальцам трасе і глядзіць з-пад калматых броваў, як з-пад страхі, наскрозь праймае. I ўсё з-за грушы-спасаўкі, да якой мы сваімі локцямі і каленямі праклалі па яго бульбе цэлую дарогу.

— Чаго ён тут? — хмура спытаў я ў Санькі.

— Чаго? Можа, здабычу якую шукае...

— Давай падгледзім.

Дзед Мірон стаіць, стаіць доўга, нерухома, быццам акамянеў. Зношаная, зашмальцаваная шапка вісіць пад рукамі на цаўі рыдлёўкі, і на сонцы блішчыць спацелая лысіна.

Калі глядзець на дзеда знізу, уткнуўшыся падбародкам у пясок, ён здаецца вялікім-вялікім. За яго спіной на гары відаць царква, але галава старога большая за царкоўную макаўку і намнога вышэй яе. Мы разуме­ем — гэта таму, што царква далека, а стары блізка. На-рэшце, ён паківаў лысай галавой, нацягнуў на самыя вушы сваю шапку, ускінуў на плячо рыдлёўку і пайшоў проста па яшту далей, у поле. Мы з Санькам кінуліся да дарогі: што ён там рабіў — цікава.

Перад намі курганок свежай зямлі. На курганку кас­ка з чырвонай зоркай і вінтоўка без затвора. Нам не трэба тлумачыць, што гэта такое. Пад курганном ляжыць баец. Наш баец. Нам чамусьці стала сорамна. Гор­ка і цяжка на душы.

— Здагадзька! — упікнуў я Саньку.— Здабы-ы-чу. Санька ўздыхнуў і сказаў:

— Не будзем больш трэсці дзедаву грушу...

— I Рудзьку надаём, калі палезе, — дадаў я.

— Надаём! — падтрымаў мяне Санька. Гэта прагучала як клятва.

Цэлы дзень мы поўзалі па акопах, па канавах уздоўж дарог, па жыту, але наганаў не знайшлі. Не трапіліся гранаты і кулямёты. Мабыць, позна хапіліся, і ўсё гэта пабралі ўжо іншыя.

— Нам трэба было яшчэ болей дома сядзець,— бурчыць увесь час Санька. Быццам я ў гэтым адзін вінаваты, быццам не сам ён прыдумаў перанесці дамоў школьный кніжкі. Цяпер вось і будзем сядзець без наганаў.

I раптам нас напаткала удача. Ля самага калгаснага двара, калі мы ішлі, апусціўшы галовы, дахаты, у прыдарожным дзядоўніку Санька заўважыў зялёную жалезную скрынку. Адчынілі, а там патроны! Запраўленыя ў кулямётную стужку, яны пабліскваюць на сонцы. Дзюбачкі куль пафарбаваны ў розны колер. Цэленькія, некранутыя капсулі.

На душы ў нас стала весялей. Цяпер можна жыць.

Няхай сабе пакуль што ў нас няма ні наганаў, ні вінтовак, затое на першы вынадак ёсць боепрыпасы. Нам застаецца занесці іх дахаты і схаваць у саломе або закапаць на агародзе. Праўда, зрабіць гэта не так проста — па вуліцах ходзяць немцы. Не станем жа мы ўзбройвацца ў іх на вачах.

I тут у мяне ўзнікла добрая думка. Я сцягнуў з сябе кашулю, зашпіліў гузікі і завязаў рукавы. Атрымалася нядрэнная торба. Мы напхалі туды крыху травы, потым паклалі скрынку з патронамі, а зверху зноў прыкрылі травой. Няхай цяпер здагадаюцца фашысты, што мы нясём. Яны падумаюць, што гэта корм для Санькавай казы.

Ношка аказалася не такая і лёгкая. Для мяне яшчэ дык нічога, а Санька, калі падыходзіць яго чарга несці, гнецца ў тры пагібелі. Трава, якой абкладзена скрынка, растрэслася, і з кашулі выпірае востры рог. Тым не менш, мы спакойна прайшлі міма сельмага, дзе сноўдаліся два немцы. Падумалі яны пра Санькаву казу ці не, але нас не кранулі.

Праз двор нам таксама ўдалося праскочыць непрыкметна. Цётка Марфешка штосьці шыла і на нас нават не зірнула.

На агародзе мы зноў адчынілі скрынку і доўга любаваліся патронамі, пералічвалі іх, мацалі рукамі, а потым закапалі на бульбянішчы і накідалі зверху сухога бульбоўніку. Дамовіўшыся потым патроны падзяліць, мы разышліся па хатах.

Сонца садзіцца за калгасным полем. На школьных таполях, уладкоўваючыся на начлег, бесклапотна гамоняць вераб'і. А за сялом на гары стаіць чалавек, стомлена абапёршыся на рыдлёўку, стаіць як акамянелы. Гэта дзед Мірон. Ён хавае нашых байцоў. Мы ніколі не бу­дзем трэсці яго грушу.

13. ДЗЕД МІРОН НА НАС СПАДЗЯЕЦЦА

Наш агарод з аднаго боку Міронавага саду, а Санькаў — з другога. На Санькавым агародзе непралазны гушчар маку-самасею. Цётка Марфешка, полючы грады, заўсёды шкадуе яго рваць. Вясной маку не відаць, але потым, набраўшыся сілы, ён глушыць агуркі, памідоры, бульбу і капусту. У час цвіцення на нашай вуліцы няма прыгажэйшага агароду, чым Санькаў. Ён гарыць чырвоным полымем.

Калі мак паспявае, яго галоўкі шамацяць на ветры, і з акенцаў, што ўтвараюцца пад шапачкамі макавак, рассяваюцца па зямлі дробныя чорныя зярняткі. Ма­быць, з-за гэтага маку ў Санькі і прозвішча такое — Макавей.

Іншы год цётка Марфешка збірае маку амаль цэлы пуд. Але заўсёды мы выходзім на збор ураджаю раней за яе. Мы з Санькам не чакаем, пакуль макаўкі высахнуць і пачнуць шамацець, а рвём, калі яны крыху пажаўцеюць. Адкруціш адну галоўку, абкалупаеш зверху брыжкі, і церушы сабе чырванаватыя зярняты на далонь. Калі хапае цярпення, іх можна назбіраць цэлую жменю. А тады ўжо ўсе адразу ў рот. Лепшага смаку і не знойдзеш!

Санькавай маці нашы вылазкі ў агарод не вельмі падабаюцца. Звычайна, прагнаўшы нас старым дзеркачом, яна доўга крычыць услед, што мы — саранча, што ад нас махалам не адмахаешся, што Санька дулю цяпер з'есць, а не корж з макам.

Праз некаторы час, калі мы вяртаемся ў двор, яна пачынае нам расказваць розныя жахі. 3 яе слоў выходзіць, што мак — самая небяспечная рэч на свеце. Калі яго наесціся багата, можна заснуць і не прачнуцца. Як Санька быў малы, дык крычаў дзень і ноч. Думалі, на­дарвецца, давалі макавы адвар, каб заснуў. Але колькі давалі? Адну кропельку. Мы з Санькам слухаем ды хмыкаем самі сабе. Дай нам зараз маку па цэламу рэшату, дык мы не то што не заснём, а нават не задрэмлем.

На другі дзень пасля паходу ў поле мы вырашылі наглядзець, ці не ўкраў хто нашы боепрыпасы. Ішлі агародам і непрыкметна для саміх сябе пачалі есці мак. Спачатку Санька сарваў адну макаўку, а потым і я. Аднак вельмі параскашавацца нам не ўдалося. Рыпнулі варотцы, і на агарод выйшла цётка Марфешка. Пачуць нас яна пачула, а вось убачыць не ўдалося: мы шмыганулі ў бульбу, а там паўзком дабраліся да Міронавага плота і прыселі ў бур'яне. Цётка доўга падазрона аглядала агарод, бурчала нешта сабе пад нос, потым падвязала фартух і пачала збіраць агуркі-насеннікі. А гэ­та значыць — надоўга.

Мы ляжым у траве і ціха перашэптваемся. Калі б прыйшлі партызаны, мы першыя паказалі б ім, дзе жыве Няўмыка. Ён цяпер стаў важнай птушкай, начапіў на рукаў павязку і ходзіць па вёсцы з нямецкай вінтоўкай. На ім новы, з іголачкі касцюм, хромавыя боты, у руцэ гумавая палка. Ляпае ён той палкай па халяве і смяецца з людзей:

— Хопіць з вас, нажыліся пры бальшавіках. Дайце цяпер і мне пажыць.

Сустракаючы старых мужчын, Няўмыка крычыць на іх, каб здымалі шапкі, а на жанчын, каб нізка кланяліся:

Поделиться с друзьями: