Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
У гэты час у хату забегла баба Гапа, трымаючы ў руках бутэльку самагонкі. Паліцаі правялі пачастунак вачыма, а дзед мне ў гэты момант непрыкметна вокам — плюсь, а сам выдумляе:
— Ды які там пастаялец? Ішоў салдат з палону, ну пераначаваць пусціў. Дык ці мала што? Чалавек жа.
— А мы паглядзім. — У голасе Няўмыкі пачулася нагроза. Ён кіўнуў рабому: — Заглянь пад падлогу.
Сам Няўмыка адчыніў скрыню і пачаў ператрасаць ручнікі, абрусы, дзедавы споднікі.
У гэты момант я цішком, цішком і — за дзверы. Памкнуўся быў з сенцаў на двор, а на прыгрэбніку поркаецца Ахонька. Ну куды мне! Заўважыць — верне назад. Тады ўсё загіне. У хаце нічога не знойдуць, дык могуць і на агарод пайсці. А Аляксандр Карпавіч там сядзіць і нічога не ведае.
Я хуценька ўскарабкаўся па лесвіцы на гарышча, там у франтоне былі дзверцы ў сад.
Мяккія прыцемкі ахуталі вёску. На чыстым, халодным небе заблішчаў шчарбаты маладзік. Мы выпаўзлі з бліндажа і прыслухаліся: дзесьці на краю вёскі брэшуць, заліваюцца сабакі ды шуміць вецер у пажоўклым ужо лісці яблынь.
Камісар надзеў на гімнасцёрку старую ватоўку, нацягнуў на бінты шапку і стаў падобны на звычайиага вясковага дзядзьку. 3 кішэні штаноў ён выцягнуў наган, паклаў за пазуху і сказаў:
— Пайшлі.
Стараючыся не шамацець, па густым бульбоўніку выпаўзлі на ржышча, там па-за копамі саломы прашмыгнулі да плота і заляглі ў малінніку на мяжы. Зноў прыслухаліся. Адсюль было чуваць, як ляпаюць у Мірона дзверы, гудуць мужчынскія галасы.
Я пераскочыў цераз плот хутка і бясшумна: не першы раз. А камісар не змог. Ён узяўся быў за жардзіну, паспрабанаў і, скрыгануўшы зубамі, асеў. Не зажылі яшчэ раны. Давялося адкручваць дрот, якім была прымацавана дошка.
Калі камісар схаваўся ў нас пад павеццю ў саломе, я пайшоў у хату разведаць, што там чуваць.
Такая перасцярога аказалася зусім не лішняя. У хаце была госця. Цётка Скачыха. У апошні час яна нярэдка прыходзіць вечарамі. Прыйдзе, сядзе на ўслоне, возьме на прыпол свайго самага меншага Скачка Юрку і бясконца балбоча. Ляжыш на печы, а яны з бабуляй:
— Ла-ла-ла-ла... Кажуць, Міхей прыйшоў дамоў... Бу-бу-бу-бу... Гэта ж трэба, гэта ж трэба — немцы за дзесяць рублёў адну марку даюць, а я, дурная, аблігацыі выкінула, можа і за іх што даваць будуць.
Адным словам, толькі слухай: і хто што казаў, і хто што чуў, і хто каго бачыў, і зато ажаніўся, і хто памёр, і ў каго што немцы забралі, і пачым на базары шклянка солі і шклянка табакі.
Больш суседка лапоча. Бабуля яе за вочы інакш і не называе, як памяло. Ёй на язык што трапіць, заўтра ўся веска ведаць будзе.
Не паспелі за мной зачыніцца дзверы, як бабуля рукам! пляснула.
— А божачка ж ты мой... Паглядзіце вы на яго.
Я сапраўды быў прыгожы: кашуля распаласавана, рука ў крыві. Аб той пракляты дрот разадраў, а штаны ўсе ў зямлі, у пыле, быццам мяне па раллі валаклі. Ды хіба гэта так важна?
Я бабулю і слухаць не стаў, а прама звярнуўся да Скачыхі:
— Там цябе, цётачка, дзядзька шукае. Аж з ног збіўся. Нехта да вас прыехаў.
— Прыехаў? — не паверыла Скачыха.
— Ну, можа прыйшоў. Не ведаю,— удакладніў я. Суседка крыху пабурчала, што, маўляў, і знаходзяць жа людзі час ездзіць, але загарнула свайго Юрку і пайшла, а бабуля, праводзіўшы яе за парог, узялася за мяне. На яе думку, у мяне выраслі рогі, ды іх няма каму спілаваць. Я, мабыць, спадзяюся, што бабуля пойдзе ў краму і купіць матэрыі, каб пашыць мне новую кашулю, быццам я не ведаю, што зараз за час. Апошнюю сваю спадніцу яна таксама не будзе перашываць мне на штаны.
— Мае дзіцятка, слухайся бабы,— просіць маці з ложка.
Цьмяна хліпае каганец на камінку. Па сценах бегае вялізны бабульчын цень. Цень то са смешным носам на паўсцяны, то нос маленькі, затое рукі даўжэзныя і галава агурком. Глыжка яшчэ не спіць.
— Баб, глядзі! — паказвае ён на сцяну і смяецца.
— Змоўкні хоць ты, сатанёнак! — злуецца бабуля і збірае на стол вячэру. Пры Глыжку я не магу расказваць пра камісара, які сядзіць пад павеццю ў саломе. Малое — дурное. Дзе-небудзь пахваліцца.
Мяне выратаваў дзед Мірон. Ён прыйшоў, калі добра сцямнела, паклікаў бабулю за парог, і яны там пра нешта нядоўга размаўлялі. Вярнулася бабуля ў хату спалоханая і разгубленая, неяк здзіўлена паглядзела на мяне і чамусьці прашаптала:
— Ідзі.
Я сяджу на вуліцы, прыслухоўваюся да таго, што робіцца навокал. Хоць яшчэ і не вельмі позна, а веска быццам вымерла: ні агеньчыка, ні чалавечага голасу. Толькі выбежыць хто з жанчын да калодзежа, бразне вядром і хуценька зноў у двор. Звычайна ў гэты час звінелі, шумелі гулянні: заліваўся гармонік, дзінькаў бубен, а галасістыя дзяўчаты спявалі на ўсю вёску пра чарнабровага мілёнка. Там-сям на прызбах вялі свае бясконцыя размовы жанчыны. А цяпер ціха. Усе пазашываліся ў хаты, пазавешвалі вокны, прытаіліся. Толькі сабакі брэшуць то ў адным баку, то ў другім.
У двары пад павеццю дзед Мірон доўга размаўляе з камісарам. Аб чым яны там? Можа, думаюць ісці ў партызаны, дык няхай і мяне возьмуць. Ну і Саньку, зразумела. Мы будзем у іх за разведчыкаў. Там, дзе дарослы не пройдзе, хлапчук заўсёды прашмыгне. Мы хітрыя. І смелыя.
Мне моўчкі падміргваюць зоркі на небе. Іх там насыпана, як бульбы на агародзе. Ні ў адзін кош не ўбярэш.
Нарэшце рыпнулі варотцы, і дзед Мірон прасунуў галаву:
— Ну як, ціха?
— Ціха,—адказаў я.
За дзедам выйшаў Аляксандр Карпавіч.
— Ну, бывай, бацька. Бывай, Мірон Захаравіч. Дзякуй табе за ўсё. Буду жывы — не забуду.
Яны паціснулі адзін другому рукі, абняліся.
— Ты адзін з вёскі не выйдзеш. Нарвешся,— папярэдзіў камісара дзед і звярнуўся да мяне:
— Выведзі да гарадзішча і пакажы дарогу на Ярылавічы.
I зноў да камісара:
— Калі зможаш, зайдзі да Гаўрылы Маслюка. Другая хата ад лесу. 3 трысценам. Ён кум мне. Чалавек добры. Ну, бывай...
I мы пайшлі. Горды аказаным мне давер'ем, я крочу паперадзе, увесь час шэптам папярэджваю свайго спадарожніка, дзе выбоіна, дзе ямка.
Вось і поплаў. Тут мне знаёма кожная купіна, кожны куст дзядоўніку, кожная калдобіна. Рэдкімі кудзелькамі пачаў клубіцца туман.
Мінуўшы поплаў, нячутнымі крокамі прайшлі цёмны, засаджаны вербамі правулак, а потым агародамі прабілі вялікі круг, каб абысці Ахонькаву хату. Далей, нізам, уздоўж канавы па тарфяному балоту, можна ісці спакойна.
За гарадзішчам на сцежцы, якая вядзе лугам аж да самай рэчкі, мы развіталіся. Аляксандр Карпавіч падняў мяне пад пахі і моцна прыціснуў да грудзей. Яго калючая барада апякла крапівой мой лоб і шчокі.