Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

— Ну, Іван, геройскі ты хлопец,— сказаў ён.— Будзь такі заўсёды і цвёрда вер — наша возьме. I Сань­ка твой малайчына. Да пабачэння, таварышы камандзіры. Мы яшчэ сустрэнемся.

Я доўга стаяў і глядзеў яму ўслед, пакуль яго высо­кая постаць не знікла ў начной цемры. Шчаслівай дарогі, таварыш камісар!

16. Пі, ФАШЫСЦКАЯ МОРДА!

Санька вельмі шкадаваў, што ён не праводзіў камісара.

— Не мог паклікаць,— злаваўся ён на мяне. Адно толькі суцешыла хлопца — камісаравы словы, што Санька — малайчына.

Скачыха таксама была мной нездаволена. Неяк прыйшла да нас на бульбянішча, дзе мы капаліся з бабуляй, пагаманіла пра нейкіх курэй ды пра тое, што яе кабанчык, каб ён апух,— смактун нялюдны, а потым да мяне прычапілася:

— А ты, хлопец, брахлівы. Дзядзька з ног збіўся... Навошта збрахаў? Не сорамна?

Я моўчкі ўскінуў мяшок на плечы і нанёс у хату. За­раз жа прызнаюся. А як жа!

Пакапалі людзі бульбу на агародах, пазграбалі бульбоўнік, пазацягвалі ў сухое месца. Зіма ўсё падбярэ. Мы з бабуляй таксама ўправіліся. Цяпер стала вальней, і я часта бегаю да Санькі. Зашыўшыся ў дрывотнік, мы што-небудзь майструем. Сёння раніцой, напрыклад, пачалі рабіць жалезныя швайкі. Знайшлі кавалак тоўстага дроту, усадзілі сякеру ў калодку і куём ды плешчам.

Гэта будзе грозная зброя. Швайкамі можна непрыкметна праколваць шыны фашысцкіх аўтамашын.

Мы не пападзёмся. Мы хітрыя. Санька будзе назіраць, ці не ідзе хто, а я падкрадуся і — раз! Паглядзім, ці далека яны тады заедуць на сваіх тупарылых грузавіках. Для гэтага трэба толькі добра навастрыць швайкі. Таму мы старанна куём ды плешчам, шорхаем па цагліне дротам.

К абеду зброя была гатова, але ў вёсцы, як на тое ліха, не аказалася машын, а калі яны і праходзілі па шашы, то не спыняліся, быццам фашысты здагадваліся, чаго стаяць каля дарогі гэтыя два хлапчукі: адзін бялявы, з аблупленым носам, а другі чарнявы, з доўгай шыяй.

Пад вечар супраць старой школы адзін грузавік усё ж спыніўся. З-пад брызенту выскачыла некалькі салдат, яны пачалі пахаджваць, размінаць ногі. А потым разбрыліся хто куды. Шафер таксама пайшоў да калодзежа па ваду. Вось ён, самы зручны момант!

— Назірай! — загадаў я Саньку, а сам падаўся да машыны. Спачатку іду з такім выглядам, быццам машына мяне і не цікавіць. Проста чалавеку трэба прайсці міма — і ўсё. А сэрца, як злоўлены верабей. Рукі ў кішэнях, а ў спацелай далоні — швайка.

Калі засталося некалькі крокаў, з-пад брызенту высунулася нямецкая каска.

— Цурык! — гаўкнула яна.

А калі немец крычыць цурык — гэта ён не ў госці кліча. Тут варон не лаві, а ўцякай, пакуль цэлы. Ад нечаканасці я аж прысеў, а потым ірвануў з месца і пабег даганяць Саньку.

Адным словам, наша першая дыверсія не ўдалася.

— Каб не гэты пад брызентам,— уздыхнуў я.

— Шчога. Другім разам,— суцешыў мяне Санька, і мы пацягнуліся да Міцькі Малаха. Справы ў нас асаблівай да яго не было. Проста даўно бачыліся.

Аднак да Малаха не дайшлі. У правулку пад вербамі стаялі дзве вайсковыя пафарбаваныя ў зялёны колер фурманкі. Міма іх не пройдзеш — трэба паглядзець, чым нагружаны, тым больш, што і салдат не відаць, і коні выпражаны.

Падышлі. Паглядзелі. На фурманках нейкія доўгія жалезныя скрынкі. На скрынках незразумелыя надпісы.

— Снарады,— сказаў Санька.

Немцы былі ў двары, і нам ніхто не перашкодзіў гэтыя скрынкі памацаць і нават панюхаць. Пахла не то фарбай, не то нейкім мазутам — не разбярэш. I тут Санька прыдумаў добры план.

— Давай мы загваздкі павыцягваем. Дарогай колы пазвальваюцца — во немцы пакрэкчуць!

Аднак з нямецкай фурманкі не выцягнеш загваздкі. Іх там і няма зусім, а ёсць гайкі. Голымі рукамі не адкруціш.

Мы поўзаем пад фурманкамі, абмацваем гайкі, можа якая не вельмі туга закручана. Але нічога не выйшла, толькі ў каламазь запэцкаліся па самыя вушы.

Мы вылезлі з-пад фурманак, сталі воддаль і абмяркоўваем правал чарговай дыверсіі, праклінаем каламазь, як раптам:

— Ком гэр!

Гэта з двара выйшаў салдат. У адной руцэ ён трымае вядро, а другой за повад вядзе каня.

Мы стаім і прыкідваем: уцякаць ці ісці? Бачыў ён, што мы рабілі, ці не?

Біцюг загрукаў капытамі аб парог варотцаў і высунуўся на вуліцу. Гатовыя ў любы момант кінуцца наўцёкі, мы ўсё ж падышлі.

— Васэр, васэр,— паказаў фашыст на калодзеж і сунуў мне ў рукі вядро, а Саньку повад.

Да чаго мы дажыліся! Замест таго каб змагацца супраць фашыстаў, вымушаны паіць іхніх коней. Рыпіць журавель, звонка падаюць у калодзеж кроплі сцюдзёнай вады, а мяне разбірае на Саньку злосць.

— Вось дык герой. Не паспеў яго гэты бугай паклікаць, як ён рад старацца.

— А ты чаго не ўцякаў? — агрызаецца Санька.— Ты смелы, ну і ўцёк бы.

— А можа, я цябе выручыць хацеў?..

Фашыст знік за варотамі. Біцюг фыркае, аж пырскі ляцяць ва ўсе бакі, і так матае галавой, што повада не ўтрымаць. Тут Санька паглядзеў навокал ды як дасць біцюгу кулаком па храпе:

— Стой, Гітлер няшчасны!

Біцюг задраў галаву, падаўся назад, ледзь з рук не вырваўся і, толькі ўбачыўшы ваду, супакоіўся і пацягнуўся да вядра. Санькаў прыклад натхніў і мяне.

— Пі, фашысцкая морда! I вядром біцюгу ў зубы.

Конь зноў задраў галаву, а потым пастаяў, паклацаў зубамі, быццам набраў у рот камення, і другі раз пацягнуўся да вядра. А я яму яшчэ раз:

— Пі, фашысцкая морда!

Праўда, цяпер атрымалася не вельмі ўдала — паў-вядра вады плюхнулася Саньку на галаву. Цяпер фыркаюць двое — фашысцкі конь і мой таварыш. Санька да ўсяго яшчэ і лаецца:

— Ты ж глядзі, куды льеш, чорт сухарукі.

Затое, калі немец прывёў другога біцюга, першы ўжо і глядзець не хацеў на ваду. Ён пужліва адварочваўся ад вядра і, ідучы задам, цягнуў за повад Саньку.

Другога мы напаілі такім жа чынам і далажылі фурманшчыку:

— Гатова, пан! Не хоча болей.

— Гут, гут — пахваліў нас немец, і мы пабеглі ад калодзежа здаволеныя. Будзем мы іх коней паіць. Знайшлі дурняў.

17. КУЛЯМЁТ ПАД КРЫЖАМ

Я з Глыжкам яшчэ ляжу на печы, чакаю снедання, а бабуля падаіла ўжо карову, бразгае даёнкай па ўслону, цэдзіць у гладышы малако. У печы дрэнна разгараюцца дровы. Яны шыпяць на розныя лады і гучна страляюць. Бабуля праклінае іх страшнымі праклёнамі і ўсё здзіўляецца, чаму гэта ў багатага поўная печ дроў і ўсе гараць, а ў беднага адна палка і тая толькі куродыміць. У гэты момант рыпнулі дзверы, загрукалі ў парозе боты. Я выглянуў з-за коміна — Ахонька, а з ім мардаты немец у касцы. На касцы дзве літары «88».

Поделиться с друзьями: