Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

— Збірайся,— прагугнявіў бабулі Ахонька. Бабуля ў плач, у слёзы:

— А куды ж гэта, мой ты галубок? А я ж старая, і ў мяне вунь у печы гарыць, кінуць нельга...

— Не скуголь, ведзьма! — рыкнуў Ахонька і да мя­не: — А ты чаго сядзіш, шчанюк!

Я злез з печы і стаў апранацца, думаючы, што б гэта магло азначаць.

— А ты чаго разляглася? — гыркае ўжо Ахонька на маці.

— Хворая яна, зусім хворая,— звярнулася чамусьці бабуля не да паліцэйскага, а да эсэсаўца, які каменнай глыбай стану у парозе.

— Гут,— кіўнуў каскай немец, і Ахонька адчапіўся. Ён узяў з міскі кіслы агурок і, чакаючы, пакуль мы збяромся, пачаў хрумстаць яго, нібы конь. Відаць, дзесьці з раніцы нажлукціўся, а закусіць не закусіў.

Вуліца ўжо гамоніць устрывожанымі жаночымі галасамі. Немцы і з іншых двароў выганяюць людзей.

— Шнэль! Шнэль! — штурхае фашыст у плечы дзеда Мірона.

— Ды не назаляй ты ім,— просіць яго і баба Гапа. 3 намі побач кульгае дзядзька Захар.

— Вось і дажыліся,— дудзіць ён сам сабе.— Спачатку курэй ды свіней, а потым і нас. А на што мы, уласна кажучы, спадзяваліся, мой татка?

— Куды гэта яны нас, дзядзька? — спытаў я.

— На кудыкіну гару,— горка ўсміхнуўся ён і заскакаў шпарчэй.— А мой ты татка, каб мне такія ногі, як у цябе, я даўно б...

А што даўно, ён не дагаварыў. На другім канцы вуліцы грымнуў стрэл. Ён пракаціўся рэхам па вёсцы, устрывожыў сабак у дварах, варон на школьных таполях.

Заўважыўшы, што я трымаюся бліжэй да платоў і часта азіраюся на мардатага немца, які цягнецца воддаль за намі, дзед Мікалай тузануў мяне за каўнер світкі.

— Ты глядзі,— буркнуў ён у свае сівыя вусы,— а то пакажуць табе пачым хунт ліха.

Ды яно і так уцякаць позна. Нас прыгналі да новай школы. А тут ужо амаль уся веска: жанчыны, дзяды, дзеці, мужчыны. У вачах людзей трывога: што задумалі гэтыя немцы?

Мардаты салдат, што прыгнаў нашу вуліцу, пады­шоў да афіцэра, які курыў каля чорнай легкавой машыны цыгарэткі, і штосьці прагаўкаў, прыклаўшы руку да каскі.

Афіцэр абыякава махнуў пальчаткай у бок школы, і нас далучылі да натоўпу.

Мая галава быццам на шрубе круціцца ва ўсе бакі. Усё хочацца ўбачыць, усё пачуць. Як скрозь туман даносяцца галасы.

— Усіх жа не будуць страляць,— супакойвае сябе хрыплы бас.

— У зубы табе паглядзяць,— злосна адказвае другі.

— Можа, паперу якую прачытаюць і адпусцяць,— спадзяецца трэці.

I тут жа той самы злосны адгукваецца:

— Можа — надвае варожа...

— Мам, а чаму мы не ідзём да бабы? — цікавіцца хлопчык год трох.

— Пойдзем, пойдзем,— абяцае маці.

— Кажуць, і фельчара забралі: кагосьці там хаваў...

— Цыц ты! Не мялі...

— Сядзелі б ціха — не было б ліха...

— Мам, хлеба,— хныкае хлапчанё.

Прыгналі яшчэ людзей. 3 Хутара. Мяне неяк адціснулі ўбок. Дзед Мікалай з бабуляй згубіліся, але затое знайшоўся Санька. Ён узрадавана спытаў:

— I ты тут?

I, не даўшы мне рота раскрыць, зашаптаў у самае вуха:

— Апалчэнцаў забралі... I фельчара. Ён зброю хаваў. Чырвонаармейца, якога ён лячыў, таксама... Максіма Здора катавалі.

Працуючы локцямі і галавой сярод цесна спрасаваных світак, кажухоў, дзе прыгінаючыся, дзе бокам, мы сталі прабівацца наперад.

— Угаманіцеся, гайдамакі! — зашыпела нейкая цётка.

А хутарскі дзядзька даў Саньку па патыліцы так, што шапка налезла на вочы. Але мы ўсё ж прабраліся, куды хацелі. Цяпер нам усё відаць.

Афіцэр ужо стаіць на ганку школы і ўсё смаліць свае цыгарэткі. Твар доўгі, што агурок. Высок і картуз сядлом робіць яго яшчэ больш выцягнутым.

За афіцэрам пераступае з нагі на нагу нейкі цывільны дзядзька ў шэрым суконным паліто з футравым каўняром. Калі на яго кідае позіркі афіцэр, дзядзька чамусьці ўсміхаецца, паказваючы шчарбатыя зубы.

— Яшчэ смяецца, падлюга,— заўважае Санька, свідруючы шчарбатага вачыма з-пад наехаўшай на лоб бацькавай шапкі.

I раптам афіцэр пстрыкнуў акурак чорнымі скуранымі пальцамі проста ў наш бок. Акурак упаў Саньку пад ногі і задыміў пасярод лужыны, пакрытай за ноч кволым лядком.

Афіцэрская прамова была кароткая. Ён, як раззлаваны гусак, штосьці крычаў, звяртаючыся да натоўпу, і яго высокае «ге-ге-ге» кацілася над усім цвінтарам. Затым выйшаў наперад шчарбаты:

— Пан афіцэр гаворыць,— засіпеў ён прастуджаным голасам,— што нямецкія ўлады высока цэняць і паважаюць тых, хто падтрымлівае спакой і парадак, хто выконвае...

Тут ён запнуўся, праглынуў, нібы гарачую бульбіну, нейкае незразумелае слова і доўга хапаў ротам паветра. Нарэшце яму ўдалося злавіць шчарбатымі зубамі канец наступнага сказа, і зноў у галовы людзей паляцелі цяжкія, як цагліны, словы:

— ...іх распараджэнні і загады...

— ...сурова карае тых, хто...

I пад канец бухнуў самы цяжкі камень:

— ...будуць расстраляны.

Мне здалося, што мы з Санькам тут стаім адны: уся веска стаіла дыхание. А шчарбаты выцягнуў паперу і пачаў чытаць прозвішчы. Пад сэрцам загуляў халадок: можа, і мы туды з Санькам трапілі?

— А божачка літасцівы,— не вытрымала нейкая жанчына.

Мам, хлеба,— заенчыла хлапчанё.

— Ціха, дзіцятка, ціха. Вунь верабейка скача...

— А на каго ж ты мяне па-кі-да-а-еш? — залямантавала прарэзлівым голасам нейкая жанчына.

I раптам па натоўпу прайшоўся гул:

— Вядуць...

На школьны ганак іх выводзілі па аднаму. Першым паказаўся Максім Здор — камуніст, калгасны брыгадзір. Казалі, што ён, калі адступалі нашы, кудысьці сышоў, ды чамусьці вярнуўся. Пры вобыску ў яго знайшлі на­ган і хацелі захапіць нейкія паперы, ды Максім паспеў іх сунуць у грубку. Застаўся адзін попел.

Убачыўшы Максіма, я спалохаўся і хацеў зноў схавацца за світкі і кажухі, але мае дзіравыя буркі нібы прымёрзлі да зямлі. Жах застыў у шырока расплюшчаных вачах Санькі. Камандзір апалчэнцаў быў у парванай сподняй кашулі. Адна штаніна разадрана да калена. Валасы на галаве зліпліся і спадаюць на лоб крывавым камяком. Шырокім пацёкам запяклася кроў на правай няголенай шчацэ.

Ён ступае босымі нагамі па замёрзлай зямлі, па тонкаму лёду лужын, і чорная, халодная вада б'е пырскамі са шчылін угару, расплываецца бруднымі плямамі.

Поделиться с друзьями: