Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

Але больш за ўсё мяне ўразілі вочы. У іх не было страху, а толькі смутак і нямы папрок. Многія пад яго позіркам апускалі галовы, быццам у чым вінаватыя.

I раптам веска зашумела. 3 натоўпу выбегла жанчына, без хусткі, з доўгімі, растрапанымі валасамі. Яна адштурхнула немца з аўтаматам і павісла на шыі Максіма.

— Ой, галубок ты мой ненаглядны! Ой, саколік мой ясны... А твае ж дзетачкі драбней маку...

Немец разгубіўся, але не разгубіўся Няўмыка. Ён узнік быццам з-пад зямлі, размахнуўся і ўдарыў Здорыху па галаве прыкладам. Нават гэхнуў, як гэта робяць дрывасекі.

Жанчына ціха спаўзла пад ногі. Максім памкнуўся быў да Няўмыкі, але да яго падбегла яшчэ некалькі немцаў.

Іх выводзілі па аднаму. Дзесяць чалавек. Дзевяць нашых і адзін у чырвонаармейскім адзенні, незнаемы.

— Перадайце ў Залужжа Нятылькінай Хадоры. Не дайшоў я...— крыкнуў ён.

За маёй спіной нейкая бабуля ціха спытала:

— I як гэта бог церпіць?

Але ёй ніхто нічога не адказаў.

Непадалёку ад царквы, на краі цвінтара, стаяў надмагільны помнік. Гэта быў вялізны граніт, адпаліраваны з аднаго боку. На гладкай бліскучай паверхні выбіты літары: «Раб божий Павел 1853—1910». 3 расказаў бабулі я ведаў, што раб божы Павел — бацька айца Платона, а айцец Платон — апошні поп нашай вёскі.

Граніт урос у зямлю, вакол яго густыя зараснікі палыну, а зверху цяжкі чыгунны крыж. На гэтым камені пад крыжам немцы паставілі кулямёт. Адзін з іх зараз дзелавіта запраўляе стужку з патронам:, а другі ботамі прымінае да зямлі сухое бадыллё, каб не перашкаджала цэліцца.

Апалчэнцаў, фельчара і палоннага чырвонаармейца паставілі на краі старой, зарослай палыном сіласнай ямы. Халодны вецер развявае шматкі падранай Максімавай кашулі. Фельчар чамусьці зняў акуляры і хукае на шкельцы. Спіна сагнута крукам, вострая сівая бародка клінам тырчыць наперад.

Іх дзесяць. Дзевяць мужчын і адна дзяўчына — камсамолка Каця Бароўская — маленькая, худзенькая. Дзяўчына бездапаможна азіралася навокал, сцепалася ад холаду. Але раптам яна выпрасталася, павярнула га­лаву да людзей і крыкнула:

— Бывай, мама! Бывайце, людзі...

Каска схілілася да кулямёта, і звонкі дзявочы голас абарваўся. Кулямёт прашыў насцярожаную цішыню кароткай чаргой і захліпнуўся. Зазвінела ў вушах, закружылася над таполямі ўстрывожанае вараннё.

— А-а-а! — павіс над натоўпам надрыўны жаночы стогн.

— У-ух! — уздыхнула вёска сотнямі грудзей.

Я расплюшчыў вочы. Іх засталося двое. Максім Здор не хоча падаць. Стараючыся ўтрымаць раўнавагу, ён робіць крок назад, а потым нахіляецца наперад і ідзе, быццам супраць моцнага ветру. Цімафей Іванавіч стаіць па каленях і вобмацкам шукае ў пакрытай інеем траве свае акуляры. Нарэшце акуляры знайшліся. Стары зноў хукае на шкельцы...

Зноў закрычалі вароны. Зноў вострым болем паласнула па сэрцу працяжнае, пякучае:

— А-а-а!

Немцы не дазволілі забраць забітых дамоў. Сіплы перакладчык растлумачыў, што яны будуць ляжаць непахаванымі тут некалькі дзён, каб усе маглі іх бачыць.

Яны ляжаць у сухім бадыллі. Вакол валяюцца ржавыя бляшанкі з-пад кансерваў, абрэзкі ліставога жалеза, бітае шкло, кавалкі калючага дроту — у гэтую яму раней ссыпалі смецце. Толькі Максім застаўся наверсе. Ён распластаўся на сырой сцяжынцы ва ўвесь рост — вялікі, дужы. Хтосьці чыстай хусцінкай прыкрыў яго твар, I калі вецер падняў край хусцінкі, Максім зірнуў на мя­не шкляным вокам. У гэтым позірку не было ні страху, ні здзіўлення, ні болю.

— Мая ты ясачка, мая ты красачка,— убівалася над Кацяй старая маці.

Дамоў ішлі моўчкі. Толькі Скок, ужо развітваючыся з намі, асуджальна паківаў галавой і кінуў адно-адзінае слова:

— Дасядзеліся...

На гэта дзед Мікалай зазначыў:

— Ім цяпер усё роўна, а мы яшчэ запяём Лазара... Ужо вечарам дома, кладучыся спаць, я ўспомніў гэтыя дзедавы словы і спытаў у бабулі:

— А як гэта пяюць Лазара?

Бабуля, расчэсваючы рэдкія валасы, уздыхнула:

— Пажывеш — убачыш...

А потым адклала ўбок грэбень і заснявала цягучым, старэчым голасам:

Ян быў у нас Лазар.

I я яго знаў...

Меў скарыпку хлеба,

Й тую хтось украў...

Цьмяна хліпае кволы агеньчык каганца. Бабуля, содзячы на краі чарэпі, у такт словам ківаецца ўсім тулагам, і вастраносы цень паўтарае яе рухі на сцяне.

— Баб, паглядзі,— смяецца Глыжка.

Стогне на ложку хворая маці.

Стогне ў коміне вецер.

18. РАДАСНЫ ВЫСПЯТАК

Зіма лягла дружна. 3 вечара клаліся спаць — на дварэ была чорная, мерзлая зямля, чорныя стрэхі, го­лыя, панурыя вербы, а раніцой усталі — нават у хаце святлей, чым заўсёды. Ноччу выпаў снег.

Мы з Глыжкам устыкнулі на босую нагу буркі і без шапак і світак выбеглі на вуліцу. Ну і прыгажосць жа навокал! Белым абрусам пакрыты двары, вуліцы і агароды, кудлатымі лапамі абвіслі пад цяжарам снегу галіны вербаў. А паветра, як морс,— так і піў бы бясконца. Мы былі вельмі рады снегу. Глыжка нават з'еў яго трошкі. Шкада, што не салодкі.

Пачатак зімы — заўсёды радасны для нас, хлапчукоў, час. Хоць ідзе вайна, а пакатацца на санках з гары чочацца. I мы цэлымі днямі стынем цяпер на вуліцы, цягаем на гару санкі.

Тут пачуеш розныя хланчукоўскія навіны. Вось стаіць Міцька Малах, паспускаў доўгія рукавы зашмальцаванай, дзіравай матчынай ватоўкі і ківае галавой нам з Санькам. Мы цягнем на гару Глыжку, які ў бабулінай хустцы, завязанай па самыя вочы, рассеўся на санках, нібы капа. Старый, стаптаныя буркі яму ледзь не па по­яс — ног не сагнеш.

— Дайце з'ехаць пяць разоў,— просіць Міцька,— штосьці скажу.

— Нічога ты не скажаш, Мангол,— сумняваецца Санька і прыўзнімае чырвонай, як гусіная лапа, рукой бацькаву шапку з вачэй.

Міцька божыцца страшэннай бажбой і, азірнуўшыся чамусьці па баках, паўшэптам паведамляе:

— У Стараселлі партызаны былі...

— Брэшаш! — не паверылі мы з Санькам.

— Каб я праваліўся,— клянецца Міцька.— Мая маці туды ўчора хадзіла да цёткі. Ёй цётка расказвала. Ноччу прыйшлі, старасту забралі і ўсіх паліцэйскіх. Толькі адзін уцёк. Ну і расстралялі іх...

Поделиться с друзьями: