Мы з Санькам у тыле ворага
Шрифт:
— Каго? Партызан? — не зразумеў Санька.
Міцька глянуў на яго з пагардай і нават цыркнуў слінай скрозь зубы.
— Дурань ты. Паліцэйскіх расстралялі...
— Можа і да нас прыйдуць? — спытаў я ў Міцькі. Чамусьці думалася, што ён і пра гэта ведае. Міцька пастаяў, падумаў, капнуў пятой пару разоў снег і ўпэўнена сказаў:
— Не. У нас горад пад бокам, а лес далека.
Пра партызан іншы раз можна пачуць і ад дарослых.
Да нас часта вечарамі прыходзяць жанчыны: Скачыха, баба Гапа, цётка Марына. Гэта каб маці весялей было. Сядуць яны каля яе ложка і пачынаюць ціха свае бясконцыя размовы.
— Такі кісель атрымліваецца з буракоў, такі кісель, што не трэба і твой цукар,— цмокае губамі ад задавальнення Скачыха.— Закваскі нанач у іх пакладзеш і ў печ, а раніцой...
Пагавораць пра кісель.
А потым цётка Марына пачынае скардзіцца:
— Мой зусім з глузду з'ехаў, здзяцініўся. Прыцягнуў дамоў нейкую скрыню і ў салому схаваў. Адчыніла я, а там — госпадзі, божа літасцівы — гэтыя во... як іх... ну, што хлопцу з пасёлка руку адарвала...
— Гранаты,— падказваю я з печы, але на мяне не звяртаюць увагі.
— Куды ты, кажу я яму, хваробу гэтую прынёс. Дзеці ж у хаце. А ён — не суй, кажа, носа не ў свае проса. Рыбу глушыць буду...
I тут баба Гапа ў размову ўвязваецца.
— А ці чулі вы, мае дзяўчаткі, што ў Чысталужжы было. Пайшоў мой брацельнік у лес ламачча якога назбіраць, бо паліць жа людзям нечага, а там сустракаюць яго двое з ружжамі. Ну, мой брацельнік ужо і богу памаліўся... А яны толькі спыталі, хто ёсць у сяле. Тытунь, праўда, забралі... Ды сказалі, каб язык прыкусіў...
— Ай-я-яй-я-яй,— уздыхае чамусьці Скачыха. Ці ёй шкада таго тытуню, ці так чаго — не ведаю.
Але ходзяць па сялу і іншыя чуткі: немцы Маскву забралі. Пра гэта Няўмыка на кожным рагу менціць:
— Усё цяпер. Амба. Масква цяпер наша. Толькі людзі гавораць рознае. Адны вераць, другія не вераць.
Дзед Мірон, калі мы з Санькам яму паведамілі пра Няўмыкавы прамовы, чамусьці на нас раззлаваўся. Глянуў з-пад броваў, як з-пад стрэх, усадзіў сякеру ў калодку, выцер спацелы лоб і спытаў:
— Вы што, хлопцы? У Няўмыкі памочнікамі? Сабака брэша, а вы па сялу разносіце. Не можа таго быць!
Дзядзька Захар ходзіць хмара хмарай. Паткнуліся мы да яго са сваімі роспытамі, а ён як гыркне:
— Адкуль я ведаю? Адчапіцеся, смаркачы! I паскакаў з вядром да калодзежа.
На шашы мы сустрэлі трох немцаў. Ідуць яны, цокаюць каванымі абцасамі па каменні і весела гергечуць. Тут Санька асмеліўся і здалёк крыкнуў:
— Пан, Масква капут?
Немцы спыніліся, змералі нас вачыма з ног да галавы і заржалі:
— Я-я! Москаў капут!
На другі дзень з самай раніцы ўвальваецца да нас у хату яшчэ адзін фашыст.
— Матка, яйкі. Москаў капут!
— Якія табе яйкі-хварабайкі зімой? — адказала яму бабуля.
Калі ён выйшаў з хаты, буркнула:
— Бач, чэрці, раскапуткаліся...
Мінуў тыдзень ці два. I вось аднойчы прыбягае да нас Санька, радасны, усхваляваны. Не паспеў дзверы зачыніць, як адразу пахваліўся:
— Мне немец выспятка даў!
Бабуля засмяялася.
— Во, шчасце табе, мой хлопец, падваліла. I як гэта табе толькі ўдалося?
Санька абмятае ад снегу ногі і расказвае з пятага на дзесятае:
— Яны ў нас жывуць пяты дзень. Кожны дзень я ў іх пытаў: пан, Масква капут? Капут, кажуць, капут... А сёння раніцой я зноў: пан, Масква... А ён мне выспятка як дасць! Аж я аб ступу лбом! Во! — I Санька, сцягнуўшы шапку з галавы, паказаў гуз. — Памацай! — сказаў ён.
Я памацаў, гуз быў вялікі і цвёрды.
— Дык чаму ж гэта ён, ірад? — здзівілася бабуля.
— Таму,— шматзначна адказаў Санька.
Цэлы тыдзень усім хваліўся мой сябар нямецкім выспяткам. А тым, хто не верыў, дазваляў памацаць гуз. Дарослыя смяяліся. Скок цяпер не гыркаў на нас, а доўга распытваў, як яно было, і потым пляснуў у далоні:
— А мой жа ты татка, во і пачалося... А яны думалі...
Пахваліўся Санька сваім гузам і дзеду Мірону. Дзед таксама смяяўся, аж слёзы на вачах з'явіліся.
— Мабыць, ім пад Масквой далі выспятка,— сказаў ён, уволю нарагатаўшыся.
— Немец, напэўна, падумаў, што я дражнюся,— радаваўся Санька сваей удачы.
19. ЯК НАС ПАДВЁЎ КОТ
Аднойчы Коля Бурэц пахваліўся, што ў яго ёсць дзве гранаты. Мы з Санькам і прычапіліся да яго, як сляпы да плота: або дай, або пра дай.
— А навошта в-в-вам? — хітра жмурыць Коля свае цыганскія вочы.
— Рыбу глушыць будзем,— выдумляю я.
— І-і-і я буду,— упіраецца Коля.
— Мы табе рагатку дадзім,— абяцае Санька.
Бурэц крыху падумаў, иаскроб патыліцу і адрэзаў:
— Н-не. Мне с-с-самому трэба.
Ну і хітры ж гэты Заяц: цягнуў з нас жылы, пакуль увесь процівагаз за адну гранату не выцыганіў. Давялося аддаць, хоць і шкада было. Але без процівагаза можна абысціся: газаў пакуль што не пускаюць. Ды і процівагаз не такі ўжо і ўвесь. Пару лямак на рагаткі мы ад яго адрэзалі.
Дык і граната была не бог ведае якая. Праўда, з рабрыстым кожухам, з ручкай, але без капсуля. Толькі, што ні кажы, граната ёсць граната. Боепрыпас.
Мы занеслі гранату на гарышча Санькавай хаты. Цяпер там захоўваецца ўсё наша снаражэнне. Патроны яшчэ восенню адкапалі і перахавалі ў салому.
Санькава маці, цётка Марфешка, не любіць, каб мы па гарышчы хадзілі, бо тады ў хаце рыпіць старая столь і ў шчыліны паміж дошак сыплецца кастрыца.
— Ціха! — шэпча Санька, прыкладаючы палец да губ, і першы бярэцца за лесвіцу. Ён лезе па ёй асцярожна, каб не стукнула, не грукнула. Вось зніклі за апошнім бервяном яго буркі, і тады пачынаю я: стану на адну перакладзіну, паслухаю і зноў.
На гарышчы цемнавата, салома прыцярушана дробным сняжком, а пад стрэхі дык цэлыя гурбы намяло. Ды усё ж тут не так, як на вуліцы,— больш зацішна. А ля коміна і зусім добра — можна пагрэць рукі, крыху пасядзець і пашаптацца без лішніх сведак.
Санька прывалок сюды скрынку з патронамі, і мы ў дзесяты можа раз любуемся імі і пералічваем, ці не ўбавілася. У партызаны мы пойдзем ужо хутка. Знойдзем толькі вінтоўкі. Спачатку заглянем у Стараселле да майго дзеда Цімоха, пераначуем, адпачнём, разведаем сёе-тое і далей. Калі дзед спытае, чаго мы прыйшлі, мы адкажам, што хацелі ведаць, як ён тут жыве.