Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мы з Санькам у тыле ворага

Сяркоу Иван

Шрифт:

Свішча пад стрэхамі вецер, шуршыць аб сцены сухім, калючым снегам. Грукае ў сенцах цётка Марфешка, валачэ ў хату ступу. Вось ляпнулі дзверы, і неўзабаве ў хаце пачалося:

— Гук-гук, гук-гук...

Аж вядро, што вісіць на сцяне ў сенцах, бразджыць. Значыць, узялася за проса. Цяпер і нам можна смялей.

— Давай праверым мяшкі з сухарамі,— кажа Сань­ка. Ён доўга корпаецца ў саломе, чхае ад пылу і ніяк не можа іх знайсці.

— Можа не тут паклаў? — стаю я над душой.

— Ды тут! — злуецца Санька.

Раптам ён заверашчаў не сваім голасам і з круглымі ад перапалоху вачыма адскочыў убок. Я і сам ад нечаканасці ледзь не зляцеў у сенцы на падлогу.

— Што там?

А Санька аж калоціцца:

— Штосьці жы-жыв-жывое...

Мяне ахапіла злосць.

— Ну і партызан! — I па прыкладу Міцькі Малаха цыркнуў слінай скрозь зубы. Праўда, атрымалася не вельмі ўдала, сліна павісла на падбародку, але я выцер непрыкметна яе рукавом і сам рашуча палез у хованку.

Санька стаіць убаку, а я асцярожна мацаю ў саломе. Вось пад руку трапілася супонька, пацягнуў за яе, і з саломы выскачыла шэрая, тлустая мыш. Яна глянула на мяне чорнымі бліскучымі пацеркамі, спалохана то­нула і хуценька шмыгнула зноў у салому.

На нашы торбы было горка глядзець. Дзірка на дзірцы. Ад сухароў засталася адна толькі пацяруха, перамешаная з мышыным памётам. Папера, у якую былі запакаваны бінты, таксама прыйшлася мышам да смаку. А ў Санькавым мяшку яны ўхітрыліся нават звіць сабе кубло. Толькі бутэлечкі з ёдам і засталіся цэлыя.

I тут нам на вочы трапіўся кот. Ён сядзеў за комінам, натапырыўшы ад холаду густую шэрую поўсць, і соладка драмаў. Кот быў стары, лянівы і глухі, як пень.

План помсты ўзнік сам сабой. Мы толькі паглядзелі адзін на аднаго і ўсё зразумелі без слоў. Вось мы зараз пакажам мышам. Яны будуць доўга памятаць нашы партызанскія сухары.

Санька сігануў за комін, але зачапіўся за рэзгіны і загрукатаў старымі дзіравымі чыгункамі, якія хавала тут яго маці, спадзеючыся калі-небудзь іх паладзіць. Кот неахвотна пацягнуўся і ляніва падаўся ад Санькі ў другі бок. Добра, што я тут стаяў. Я і схапіў яго за мяккі, тлусты каршэнь.

Прыцягнуты на месца мышынага злачынства, кот нічога не хоча разумець, а толькі лыпае сваімі бессаромнымі вачыма ды глядзіць, як бы задаць лататы. Мы яго і носам у салому тыцкаем, і торбу з мышыным кублом даём панюхаць — хоць бы што.

— А, дык ты яшчэ драпацца, паразіт! — разышоўся Санька і даў кату добрага кухталя. А я дабавіў, і кот залямантаваў, як рэзаны.

Мы так раззлаваліся на ката, што і не заўважылі, калі ўзлезла на гарышча цётка Марфешка. Узнялі вочы — стаіць над намі з дзеркачом у руках. Выхапіла яна ката ў Санькі ды гэтым катом яму па галаве. У нас і языкі адняліся. Кот нарэшце вырваўся ў цёткі з рук і загрукатаў па лесвіцы ў сенцы, як нячыстая сіла.

А Санькава маці схапіла торбу з мышыным кублом ды зноў — Саньку па вачах.

Я думаў, што мне гэта пройдзе сном. Не прайшло. Абодвух яна прывалакла ў хату за вушы.

— Дык вось дзе Малашыхін чартакож! — здагадалася ўрэшце яна і кінула на швейную машыну нашы армейскія мяшкі.— Паглядзі, што яны вырабляюць...

I вось мы цэлую гадзіну стаім перад ёй, як ёлупні, апусціўшы ўніз вочы. На нашы галовы, як з мяшка, сыплюцца розныя праклёны і пагрозы.

Цётка Марфешка ніяк не можа супакоіцца. Звычайна яна размаўляе па-нашаму, па-падлюбскаму, а калі раззлуецца, тут ужо рэжа па-свойму.

— А такэ дурнэ, а такэ ж лядашчэ,— гаворыць яна пра Саньку.

I я таксама «дурнэ» і «лядашчэ»...

— Каб вы сказылыся, хай вам грэц!

Мы нічога супраць гэтага не маем, абы да вяроўкі не дайшло. Санька вінавата шморгае носам. Я разглядваю свае буркі. На адным з іх са свежай дзіркі тырчыць клок рыжай ваты. Трэба неяк запхаць яе пад матэрыю, а то будуць мне дома ад бабулі добрыя партызаны...

А за акном на двары крадзецца да сініцы стары Санькаў кот. Сініца жвавая, спрытная: скок-скок — і на вішню. Кот толькі аблізнуўся. Так табе і трэба, лайдак.

— Гэць відсюля під тры чарты, скажэпы! — пужнула нас з хаты цётка Марфешка, і мы выпырхнулі за парог.

20. А МАЁЙ МАЦІ УЖО НЕ ХОЛАДНА

У хаце ў нас пахне лякарствамі. Матчына сястра, цётка Марына, цяпер прыходзіць да нас кожны вечар. Сядзе яна на ўслончыку супраць ложка і ціха плача:

— А мая ж ты дзеўка, а мая ж ты сястрыца...

Нас з Глыжкам быццам і няма ў хаце: ходзім на дыбачках, не смяёмся, не гуляем — сланяемся з кутка ў куток, прытулку не знойдзем.

У той вечар маці наклікала нас да сябе.

— Нахіліся,— папрасіла яна мяне і, пагладзіўшы маю галаву гарачай рукой, зашаптала: — Горкія вы мае...

Буйная слязіна скацілася па апухлай шчацэ і павісла на мочцы вуха, як пацерка.

— Будзьце харошыя... Прыйдзе бацька... Шкадуй браціка...

Глыжка стаіць побач, насуніўся. Ён не зусім добра разумея, што адбываецца, і таму нясмела пытае:

— Мам, а ты куды?..

Мы спалі на печы, і ноччу мне здалося, што за каўпер зваліўся вялікі прусак. Я адчуў, як ён бегае па плячах, і са страху падхапіўся, заграбаў за каўняром ру­камі, стараючыся скінуць гэтую дрэнь.

Потым прыгледзеўся і зразумеў, што здарылася. Цётка галосіць над пасцеллю, а ў матчыных руках свечкса. Бабуля разгублена бегае па хаце, і па сценах спалохана мітусяцца яе цені: адзін ад свечкі, а другі ад ка­ганца.

Я саскочыў з печы, падбег да ложка. Маці ляжыць строгая, на яе васковым твары застыў урачысты спакой. Мне не верыцца, не хочацца верыць. Можа, ёй проста стала лягчэй і яна заснула. Але свечка... I гэты цётчын голас. Ад яго мароз па спіне...

Раніцой я хаджу, як у цяжкім, страшным сне. Маці ляжыць на лаве, прыбраная ў новую кофту і спадніцу. На лбе, як павязка, нейкая жоўтая паперка. На ёй штосьці намалявана, штосьці напісана. А ў руках, складзеных пад грудзьмі, усё тая свечка. Свечкамі прапахла уся хата, я чую іх мядовы, прытарны пах нават на двары.

На куце, уткнуўшы нос у тоўстую кнігу, гугнявіць нейкія незразумелыя словы Чмыхава Маўра, пажылая жанчына з сытым тварам, як намазаным здорам. Яе ўсе завуць у нас манашкай. Папа ў нашай вёсцы даўно няма, вось Маўра і зарабляе сабе хлеб на нябожчыках.

На кончыку яе мясістага носа старыя, трэснутыя акуляры. Здаецца, яны вось-вось зваляцца на падлогу і разаб'юцца зусім. І тады ўсё скончыцца. Скончыцца гэтае гугнявае спяванне, гэтае бясконцае «госпадзі, памілуй; госпадзі, памілуй; госпадзі, памі-і-і-луй»...

Поделиться с друзьями: