ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Я! Ёсьць! — порстка ўскочыў з другога рада сакратар партарганізацыі льнозавода.

— Вось вы, таварыш Клепікаў, адкажыце: колькі ў вас членаў ВКП(б)?

— Дык гэта… Было васямнаццаць чалавек. Двух выключылі, адзін днямі памёр — інфаркт…

— Інфаркт. А колькі вы выкрылі як ворагаў народа?

— Дык гэта — двух, — спалохана адказаў сакратар і, здаецца, перастаў дыхаць.

— Ня двух — аднаго. Другі — нашых таварышоў заслуга. Дык вось, таварышы, — зьвярнуўся начальнік да прыціхлай залы. — Вынік наліцо. Ільнозавод заваліў ільноапрацоўку ў вобласьці, а вы самасупакоіліся і пакрываеце шкодніцтва!

Усё болей тулячыся, каб ня надта вытыркацца з шэрагу іншых, ілынозаводскі сакратар вінавата маўчаў. Анішчык, які сядзеў праз тры рады ад яго, нутром адчуў, што наступным начальнік падыме яго. I прадчуваньне яго не падманула. Зноў зазірнуўшы ў паперку, Дзьвярной скіраваў суровы погляд у залу.

— Во і яшчэ прыклад. Ня менш вапіюшчы. Калгас «Другая пяцігодка». Хто там сакратар? Ёсьць тут сакратар?

Зала з паўсотняй згорбленых плячэй, стол і сакратар таварыш Князеў за ім — усё паплыло перад вачыма Анішчыка, які, аднак, з роспачнай рашучасьцю ўстаў і назваў сябе.

— А, гэта ты — чырвонаармеец! — пазнаў яго начальнік і быццам нават квола ўсьміхнуўся. — Колькі вы выкрылі ў сваім калгасе?

Можа, ад міжвольнай усьмешкі начальніка Анішчык раптам адчуў сябе спакайней і нягучна мовіў:

— Ніколькі…

— Вы чулі? — амаль жахнуўся чэкіст, сагнаўшы з твару падабенства да ўсьмешкі. — Ніколькі! Ён чакае, калі за яго тое зробіць дзядзька. А пакуль у яго поўны ажур. План выкананы, ніякага шкодніцтва! Так? Які ў яго працэнт ільназдачы? — павярнуўся ён да змрочнага Князева побач. Той пачаў шукаць патрэбную паперку, і Анішчык раней за яго адказаў:

— На трыццаць сем і пяць дзясятых працэнта.

— Бачыце? Трыццаць сем працэнтаў! — з націскам паўтарыў Дзьвярной у залу. — Да-а… Відаць, прыйдзецца мне вамі заняцца. Лічна!

Пастаяўшы яшчэ трохі, Анішчык асьцярожна сеў і засланіўся ад трыбуны нейчай лысай патыліцай.

Ня хутка яшчэ начальнік НКВД скончыў лупцоўку нядбайных сакратароў, якія ўхіліліся ад выкананьня найпершага свайго абавязку — выкрываць шпіёнаў і шкоднікаў. Шмат каму ў залі давялося ўспацець і пахвалявацца ў часе гэтага публічнага допыту. Наўрад ці хто з тых, каго ён узьнімаў з месцаў, ведаў напэўна, што сёньня вернецца дадому. Шмат хто памятаў, як месяц таму з суседыяга кабінета ўзялі старшыню райза Янкоўскага. Таксама ў часе чарговай нарады, дзе ён сядзеў у прэзідыуме і нават меўся выступіць з дакладам. Тады ў кабінет зазірнуў дзяжурны, кіўнуў Янкоўскаму, — той устаў, выйшаў, і болей ніхто яго ў раёне ня бачыў. Праўда, гэтым разам быццам абышлося, нікога не ўзялі, ды людзі адчувалі, што пашэнціла ненадоўга, увечары могуць і ўзяць. Як толькі нарада скончылася, Анішчык кінуўся на двор да свае фурманкі і паехаў дадому.

Ён амаль пэўна ведаў, што Дзьвярной на яго не забудзецца, што наступная з ім сустрэча можа стаць апошняй. Калі той наедзе са сваёй камандай у вёску, можа загрымець ня толькі сакратар Анішчык, але і ўся ячэйка. Як нядаўна ў Сямёнавічах, дзе за адну ноч узялі шасьцярых — старшыню калгаса, ягонага намесьніка, дырэктара сямігодкі, загадчыка хаты-чытальні ды двух калгасьнікаў. Выкрылі згуртаваную групу шкоднікаў і дыверсантаў, як напісала пасьля газета. Невядома толькі, калі згуртавалася тая група? Дырэктара школы зусім нядаўна перавялі з іншага раёна, з загадчыкам хаты-чытальні Анішчык вучыўся ў адным класе… Мабыць, самае правільнае ў гэткай сітуацыі было — апярэдзіць. Кагосьці аддаць органам, каб уратаваць астатніх. У тым ліку, вядома, і сябе…

Конь, які застаяўся за дзень на падворку, рупна бег па роўнай дарозе — сьпяшаўся дадому ў сваё звыклае стойла з сенам. Хіба па гразі Анішчык трохі падганяў яго, ляскаў па азадку лейцамі. Пугу ў яго хтосьці ўкраў на тым тыдні, калі езьдзіў у НКВД, каб аддаць подпісы, сабраныя ў абарону Янкоўскага. Як пасьля зразумеў, дарма стараўся. Але тады меў жаданьне абараніць. Усё ж Янкоўскі быў родам з ягонае вёскі, дзе нямала гадоў працаваў старшынёй сельсавета. I, мабыць, працаваў бы і дасюль, калі б не пайшоў на павышэньне і не перабраўся ў раён. Але каб жа ведаць, дзе павалішся… I глядзі ты — пазнаў, падумаў Анішчык, прыпамятаўшы сёньняшнюю размову з Дзьвярным. Што значыць учэпістая чэкісцкая памяць! Хаця да таго яны бачыліся ўсяго аднойчы і то ня болей як дзесяць хвілін — пасьля таго, як Анішчык паўдня пратырчэў у калідоры доўгага барачнага будынка НКВД. Зранку там тоўпілася нямала народу, у асноўным хадакі з вёсак са сваімі скаргамі на няправільныя арышты, суды і вобыскі. Усім трэба быў менавіта начальнік, які дзесьці прапаў у той дзень, і людзі таўкліся ў калідоры, уздыхалі, жаліліся, некаторыя жанкі плакалі. Анішчыку дык хоць пашэнціла — толькі ён выйшаў перакурыць на ганак, як у двор укаціла брычка, з якой якраз саскочыў Дзьвярной. Анішчык не разгубіўся і, як колісь на вайсковай службе, спрытна аддаў начальніку чэсьць: той нават згодна кіўнуў у адказ. У кабінет яны ўжо ўваходзілі разам, і Анішчык трохі блытана вымаўляў сваю патрэбу наконт Янкоўскага, які…

— Невінаваты — так хочаш сказаць? — нецярпліва абрэзаў яго Дзьвярной, распранаючыся і вешаючы плашч на сьцяну.

Анішчык аддаў яму згорнутыя ў трубачку подпісы аднавяскоўцаў, якія начальнік толькі разгарнуў і, не чытаючы, шпурлянуў на стол.

— Во грамадзяне падпісаліся, каб…

— Каб яго аслабадзілі? — упёрся Дзьвярной пагрозьлівым позіркам у зьнякавелага Анішчыка.

— Ну.

— Кулькоў, пазвані Цярэшчанку! — крыкнуў начальнік у прыадчыненыя ў суседні кабінет дзьверы. — Хай зойдзе. Аслабаніць! Усіх трэба аслабаніць! Калі паслухаць вас, дык усе невінаватыя. Але дзеля чаго я сюды прысланы? У бірулькі з вамі гуляць?

Анішчык разгублена маўчаў, яшчэ чагосьці чакаючы. Ды, мабыць, дарма. Тым часам усеўшыся за сталом, Дзьвярной закурыў «Беламор» і пусьціў перад сабой воблака дыму.

— Ніякага аслабаджэньня! Пасадзілі і будзе сядзець. А гэта, — кіўнуў ён на стол, дзе ляжалі ягоныя подпісы, — забяры. I не паказвай нікому. Паняў?

Так, Анішчык, здаецца, усё зразумеў: ягоны намер пляжыўся, Янкоўскага не ўратаваць. Апанураны, ён выйшаў з кабінета, прапіхнуўся праз шчыльны натоўп у калідоры і паехаў дадому.

Сёньня ён сьпяшаўся адолець дваццаць кіламетраў шляху да ягонай вёскі. Дарога пагоршала, раскісла ад нядаўніх дажджоў, у каляінах стаяла вада. Па лугавой лагчыне разліліся шырокія лужыны, у якія боязна ступаў конь. Надвячоркам пасьцюдзенела, насустрач дзьмуў золкі парывісты вецер, і Анішчык падняў каўнер шыняля, адвярнуўся ўбок.

Усім лепшым у жыцьці ён абавязаны Янкоўскаму, які летась прыняў яго ў партыю, вылучыў сакратаром сельсавета, а пасьля і дамогся, каб выбралі сакратаром калгаснай пярвічкі. Хто ён быў яшчэ два гады таму, калі вярнуўся з войска на бядняцкую гаспадарку маці? Скончыўшы толькі сем класаў, ня маючы ні радні, ні знаёмых у горадзе, чаго ён мог дамагчыся на трох дзесяцінах неўрадлівай зямлі? Дзякуй бальшавіку, чырвонаму партызану Янкоўскаму, які прыкмеціў яго, наблізіў да агульнае справы, можна сказаць, — вывеў у людзі. Яны разам арганізоўвалі калгасы, сноўдалі па вёсках і хутарах, раскулачвалі і ссылалі — тыя патрабавалі, і яны стараліся. Янкоўскі быў верным працаўніком партыйнай справы і ня ведаў сумневу ў тым, што рабіў.

I во яго ўзялі на новай раённай пасадзе. Ноччу чэкісты прыехалі ў вёску, дзе заставалася сям’я, ператрэсьлі хату. Раніцой у сельсавет прыбегла заплаканая жонка — памажыце, уратуйце… Цяпер, падобна, той лёс набліжаўся і да самога Анішчыка, — што было рабіць?

Сьпярша, як пачаліся гэтыя пасадкі, шмат хто ламаў галаву: каго і завошта? Можна было зразумець, калі бралі ў горадзе, сярод начальства, вайскоўцаў ці буйных гаспадарнікаў, якія праводзілі няправільную палітыку ці, магчыма, шкодзілі на вытворчасьці. Але тут, на вёсцы, сярод нізавых кіраўнікоў, настаўнікаў і нават шараговых калгасьнікаў якія маглі быць шпіёны? Якія шкоднікі? Не знаходзячы якога-небудзь адказу на тое пытаньне, Анішчык наогул перастаў яго шукаць, думаў, што не ягоная гэта справа. Правільна ці няправільна, калі так робіць партыя, значыць, так трэба.

I ўсё ж шкада было Янкоўскага, шкада ні ў чым не вінаватых іншых. Боязна было за сябе таксама…

Ён адчуваў, што трэба як мага хутчэй нешта зрабіць, кагосьці пасадзіць. Калі б знайшоўся чалавек, згодны ахвяраваць сабой дзеля іншых, гэта было б лепей за ўсё. Тады б на пытаньне таго ж Дзьвярнога, колькі чалавек ён выкрыў, можна было б сумленна адказаць: дваццаць працэнтаў. I тое не было б хлуснёй — у іх пярвічцы кожны значыў роўна дваццаць працэнтаў. Простая і выразная арыфметыка. Няўжо тое не задаволіла б органы?

Поделиться с друзьями: