Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Шрифт:
Але каго ўламаць на ахвяраваньне, хто пагодзіцца? Вядома, Анішчык мог бы аформіць арышт кожнага, ведаў, што цяпер гэта робіцца проста. Але ён хацеў заставацца сумленным бальшавіком і не парушаць прынцыпу дэмакратычнага цэнтралізму. Хацеў па-добраму. Бо павінна ж быць зразумела кожнаму, што, калі заўпарцяцца, вельмі хутка могуць загрымець усе разам. Ячэйкаю ў поўным складзе. Усімі ста працэнтамі.
Ужо сьцямнелася, калі ён зьехаў з бальшака на вясковую вуліцу і павярнуў на сельсавецкі падворак.
Вокны ў пярэдняй палове хаты слаба сьвяціліся, значыць, сельсаветаўская вартаўніца Аўдоцьця яшчэ не пайшла ў сваю бакоўку, чакала яго. Анішчык з парога загадаў ёй бегчы зьбіраць партыйцаў, а сам узяўся распрагаць каня. Аўдоцьця з відавочнай неахвотай абвязала галаву цёплай хусткай, як заўжды, штосьці мармычучы сама сабе, — звычайна ёй ня надта падабалася ўсё, што рабілі партыйцы. Янкоўскі дык зьбіраўся яе звольніць, узяць каго маладзейшага, але ў яго не дайшлі да Аўдоцьці рукі. З Анішчыкам яна наогул мала лічылася, добра яшчэ, што прыбірала ў сельсавеце і даглядала каня.
У пустой і сьцюдзёнай сельсаветаўскай хаце Анішчык выкруціў ярчэй кнот лямпы, што вісела пад бэлькай, зірнуў на ўзровень газы ў шкляным магазіне — газы было малавата, засядаць доўга не прыйдзецца. Грубка ў куце, як заўжды, была ледзьве цёплая. Не распранаючыся, толькі распусьціўшы на грудзях аплікі шыняля, залез за стол на сваё сакратарскае месца. Чакаў, калі прыйдуць партыйцы, курыў і думаў. Вядома, ён ня надта спадзяваўся на іхнюю сьвядомасьць, з практыкі ведаў, што ў такой галаваломнай справе прыйдзецца націснуць, як гэта рабілася, калі штосьці вымагалася ад каго-небудзь. Ніхто не хацеў у чымсьці вылучацца — у горшы ці ў лепшы бок усё роўна. Як усе — было звычайным правілам вяскоўцаў; не далёка адышліся ад іх і партыйцы-бальшавікі. Праз якія паўгадзіны ў сенцах стукнулі дзьверы, Анішчык варухнуўся за сталом, у бляшанцы ад гуталіну скамячыў недакурак. Ён адчуваў, што хутка давядзецца пахвалявацца ад непрыемнасьцяў, якія ён выклікаў на сваю галаву. Але інакш было нельга. Інакш зусім магло стацца кепска.
У сельсавет увайшла Аўдоцьця, ад парога паведаміла: — Абышла ўсіх. Ідуць. Вучыцеля аднаго не засьпела — сышоў кудысь. Можа, перададуць.
— Кепска. Вучыцель патрэбны.
— Патрэбны! Дзеля патрэбы дня ў вас няма? — прабурчэла Аўдоцьця, паварочваючыся, каб пайсьці. Сакратар грубавата перапытаў:
— Што ты сказала?
— А нічога, — азвалася Аўдоцьця ўжо з дзьвярэй, дзе яна спаткалася з кімсьці, хто лез з сенцаў. — Во яшчэ адзін начлежнік…
Цераз парог няўклюдна пералазіў аднаногі інвалід Петрачкоў, апрануты ў цёплы кажух, у зімовай аблавушцы на галаве. Гэты заўжды быў самы акуратны наконт нарады ці паседжаньня, яго не абмінала ніводная сходка ў калгасе. Пятнаццаць гадоў лічыўся актывістам і не пераставаў абвяшчаць пры кожным здатным выпадку, што ён удзельнік штурму Зімняга, патрабуючы з таго адпаведных адносінаў да сябе. Да яго і адносіліся адпаведна — перасталі ўжо зьвяртаць увагу на ягоныя аповеды, што ўвогуле нярэдка злавала старога бальшавіка.
— Што — сход? — запытаўся Петрачкоў, зручна ўладкаваўшыся ля дзьвярэй са сваёй драўлянай кульбай.
— Ня сход. Але важнае пытаньне, — стрымана адказаў Анішчык. З Петрачковым належала трымацца асьцярожна.
— Цяперака ўсе пытаньні важныя. Пра ўрагоў?
— Угадаў.
— А што ўгадваць! Разаблачаць трэба і ўсё.
Такі пачатак размовы ня дужа падабаўся Анішчыку, але сам-пасам з Петрачковым ён не хацеў разьвіваць гэтую тэму. Ён чакаў, калі прыйдуць астатнія, і задуменна круціў у руках злашчасную трубку з подпісамі. Колькі дзён тая без патрэбы валялася на стале, ніхто ёй не цікавіўся. А ён тыдзень хадзіў па хатах, на ток, на апрацоўку льну. Людзі падпісваліся, хаця ня ўсе адразу і ахвотна, шмат хто са страхам, каб не нашкодзіць сабе. Але Петрачкоў свайго подпісу тут не паставіў, гэты, як заўжды, быў разумнейшы за іншых. Сказаў: нічога ня выйдзе. I нічога не выйшла. Як у ваду глядзеў.
Спакваля ў хату ўлезлі яшчэ два — брыгадзір Сярмяга і калгасны каваль Кляшчоў, якога ў калгасе клікалі проста Клешч. Гэтыя не маглі скопчыць, відаць, пачатую па дарозе гаворку пра гаспадарчыя няўвязкі. Брыгадзір, гарачыўся, надта блізка прымаючы розныя нелады ў калгасе.
— Я ж казаў: нельга было яго пад лесам сеяць. Там ён ніколі не радзіў. Там суглінак. Чарта ты яго з суглінку выдзераш.
Гэтыя — таксама пра лён, зразумеў Анішчык. Лён цяпер стаў самай вялікай праблемай калгаса, раёна і нават рэспублікі. Колькі праз гэты лён зляцела з плячэй разумных і дурных галоў! I яшчэ, відаць, нямала зьляціць, сумна разважаў сакратар.
— А дзе ж яго сеяць? — слаба пярэчыў каваль. — Усюды адна халера — пяродзіць. Ня тая зямля.
Ля парога заёрзаў Петрачкоў.
— Ды хопіць пра лён. Пра палітыку трэба.
— А лён — не палітыка? — з папрокам азваўся брыгадзір.
— Палітыка, палітыка, — нядбайна пагадзіўся Петрачкоў, які, мабыць, ня мог дачакацца, калі пачнецца гаворка пра іншае. — Ну што там у раёне? Можа, Янкоўскага выпусьцілі?
— Ня выпусьцілі, — сказаў Анішчык. — НКВД патрабуе і яшчэ пасадзіць.
Усе насьцярожана змоўклі, зьнерухомелі на лаўках, і Анішчык падумаў, што настаў самы момант падступіць да галоўнага.
— Такая справа, таварышы. Трэба прызначыць аднаго чалавека. Партыйца, — сказаў ён і змоўк, ня ведаючы, як прадоўжыць думку. — Інакш загрыміць уся ячэйка. На сто працэнтаў.
Брыгадзір роспачна ляснуў сябе даланёй па калене і ціха вылаяўся. Каваль, раптам азмрачнеўшы, адкінуўся шырокімі плячмі да чорных бёрнаў сьцяны. Адзін Петрачкоў быццам ніяк ня выказаў свайго стаўленьня да сказанага сакратаром. Толькі счакаўшы, горача загаманіў:
— Я ж казаў! Я казаў: нельга ўхіляцца ад класавай барацьбы. Усе разаблачаюць, трэба і нам разаблачаць. А як жа? Во і дачакаліся!
— Што ты кажаш? Каго разаблачаць? — зазлаваў брыгадзір. — Каго? Цябе хіба?
— А чаму мяне? Гэта ты…
— А што я. Дзе я супраць савецкай улады? Я — батрак. I мой бацька ўсю жызьнь батрачыў…
«Ну во, — падумаў Анішчык, — яшчэ нічога ня вырашылі, а ўжо і сварка. Хаця яно і зразумела: каму хочацца ў турму! Але — трэба!»
— Ня лайцеся, — сказаў ён прымірэнча. — Тут трэба ра— шыць па-добраму. Самі разумееце: з ворганамі не жартуюць.
— А і ворганы ні пры чым: у іх тожа план, — сказаў Петрачкоў.
— Скуль ты ведаеш? Ты што — там рабіў? — ня мог супакоіцца брыгадзір.
— Не рабіў. А ведаю.
— Чаму ж тады газеты ня пішуць? Што план?
— Бо сакрэт.
— Ах, сакрэт…
Настала гнятлівая цішыня, усе чацьвёра моўчкі замерлі на сваіх месцах. Тады Петрачкоў адкашляўся і пачаў нязграбна ўставаць з услона, грукаючы па падлозе сваёй драўлянай нагой.
— Хачу выступіць.
— Ды можна седзячы, — дазволіў Анішчык.
— Э, не, тут трэба стаяком. Гэта па калгасных справах можна седзячы, а па нартыйных я звыклы стоячы. Дык вось што я хачу сказаць… Нашы слаўныя ворганы вядуць барацьбу з трацкісцка-зіноўеўскімі бандамі, белапольскімі шпіёнамі, нацдэмамі, міравой буржуазіяй і гэтак далей. Усіх — пад корань. Я прапаную як стары бальшавік паддзяржаць цаліком і поўнасьцю…
— А калі канкрэтна? — грубавата перапыніў яго сакратар. Ён ужо ведаў, што гэтаму старому бальшавіку толькі дай слова, як ён гатовы гаварыць да ранку. Толькі яго і слухай.
— Магу і канкрэтна, — не сумеўся Петрачкоў. — Я падтрымліваю і адабраю мудрае ўказаньне НКВД, яго трэба спалняць. Адзін чалавек для пабеды рэвалюцыі — гэта няшмат. Мы, калі ішлі на сьмяротны штурм Зімняга палаца…
— Ну а сам ты гатовы выканаць патрабаваньне ворганаў? — рашуча папытаўся Анішчык.
— А чаму я? Я заклікаю! Як стары бальшавік, зноў жа інвалід, страціў здароўе…