Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Ах, гэты Семашкевіч… Грэх адыходзіць не ў пару… Няхай лёгкаю яму будзе зямелька родная. Калі дастану хоць крыху кніжак, дык вышлю Вам. Здаецца, не будзе іх у Зэльве.
Пішэце мне хоць славечка. Хачу трохі акрэпнуць. Як смакаваў Вам глыток чабаровай настойкі? Прывітанні дарагім сябрам. Нельга забываць пра мяне.
Усіх траіх Вас цалую. Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 2 жніўня 1982 г.
Шчыра паважаны і дарагі Максім Танк!
Пасылаю Вам сваю маленькую кніжачку і ўсё, што ў ёй. Няхай гэта будзе маею гутаркай з Вамі. Часта думаю пра Вас, але нічога пра Вас не ведаю. Хацелася б пачуць Вашае жывое слова. Не пісала Вам, бо не адказалі Вы на мой ліст, і яшчэ таму не пісала, што зноў мне тут да жудасці, да агіды бывае дрэнна. Гэта на месцы, у Зэльве. Толькі што быў сусед лекар, каб баранілася крыху, бо ля маіх кветак ставяць сметнік, і ўсё пацячэ ў мой двор, які ляжыць ніжэй. “Развели цветы, а людям жить негде”, — такое і радобнае толькі і чую.
Не хочацца мне адыходзіць са сваёй хаты. Жыць засталося няшмат. Давялі да адчаю. Цяпер лечаць сэрца. Крыху лепей. Другі год не бачу сына і ўнукаў, а яны сюды аж рвуцца, бо і дапамагчы трэба хворай бабусі, і адведаць дзедаву магілку. Усё нейк сумна, і Вы мне даруйце, што нічым Вас не пацешыла.
Як маецеся Вы? Як Любоў Андрэеўна, дзеці і ўнукі? Тыя цукеркі былі найлепшымі, якія толькі хто мне падараваў! Дзякуй Вам не за іх, але што Вы пра мяне ўспомнілі. Калі гляджу тут навокал, дык хочацца... часам уцякаць, але так нельга нам, салаўям беларускай дубровы.
Дзякуй Вам за ўсё, Максім Танк.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 11 жніўня 1982 г.
Даражэнькія!
Увесь час – думкамі з Вамі. Вялікае Вам дзякуй за мілы, дарагі візіт, за той сяброўства і цеплыню, якую я адчула ад Вас. Дзякуй за кніжкі. Дануся не ўзяла за іх грошай. Разлічымся з Вамі пры першай нагодзе.
Усцешыў мяне, але болей узварушыў Ваш артыкул у “Гродненской правде” пра маю кніжку. Дзякуй Вам, што зразумелі мяне. Там сказана мала, але на болей не хапіла мне сілаў, мусіць, і таленту…
Бачыце, побач з сянняшнімі дасягненнямі ў галіне індустрыі і тэхнікі становяцца вельмі актуальнымі і глыбінна-культурныя якасці таго ці іншага народу. І для будучыні гэта, бадай, галоўнае. Мне так хацелася хоць крыху паказаць тыя якасці нашага народу, за якія ніколі і нідзе не ўстыдно. Гэта і працавітасць, і скромнасць, і чалавечнасць. Як у той паэмцы: “У нашага роду законы сваі, адважныя, строгія ўсе мы. Забіў бы цябе я ў адкрытым баі, ляжачага ж біць не смею…” Гэта факт! Усе пішуць пра гераізм, і гэта важна. Адно другому не перашкаджае. Але як жа хораша перамагчы сябе і не запляміць свайго сумлення.
Калі мы былі ў Чэхах, дык з колькасці беларусаў, якія там жылі, не было ніводнага нячэснага чалавека! Гэта – паводле даных з паліцыі. Тое самае казаў мне М. Нікан, які жыве ў Аўстраліі: і там дрэннага элементу сярод беларусаў – няма. Трэба, мусіць, добра прыгледзецца да іншых народаў, каб усебакова і належна ацаніць свой. Вось і захацелася мне сэрцам падкрэсліць чалавечыя, вартыя, высокаякасныя рысы свайго народу.
Якое шчасце, што мы не гультаі! Для беларуса кусочак зямлі – як прыладдзе для столяра, кувалда для каваля, кніжка для прафесара. Я заўважыла, што нашым людзям патрэбная гэтая беспасярэдняя гутарка са сваею зямлёю. І я люблю зямлю. Пры дотыку чалавечых рук яна творыць цуды! А я так люблю ўсё творчае. Вы крыху перахвалілі мяне…
Пасля Вашага ад’езду назаўтра было мне дрэнна. Адныя неслі кветкі, пераважна ружы, а другія… Аб гэтым усім – пры сустрэчы. Былі лекары, нават адна харошая лекарка з Гродна. Агледзела мяне, пакінула лекі. Прыязджала сюды да сваёй маці.
Як Вам заехалася? Ці вытрымала калясо? Як чуюцца нашы мілыя дамы, Марынка і дарагі малы Аляксей? Хораша, міла прайшла перадача, якую тут рыхтаваў Юрка Голуб. Мяне гэта ўзварушыла. Кветак у мяне – яшчэ ўсё поўна. Учора пад вечар Анна Іванаўна прынесла цудоўныя гладыёлусы. Сяння раніцай атрымала ружы. Заўчора – два букеты таксама. Я ўдзячная добрым людзям. Горай тое, што нельга выклікаць сваіх з Польшчы.
Зноў вярнуся да сваёй кніжачкі. Правільна пісаў некалі С. Экзюперы, што ўсе мы са свайго дзяцінства. Нечаму з тых часоў запомнілася ўсё найлепшае. Столькі было тады светлага! Народ быў бедны, ізаляваны ад чужых культур і так бязмерна багаты сваею, народнаю. Былі розныя людзі, але былі і такія, якіх я не сустрэла нават у высокааадукаваным асяроддзі. Праўдзівыя, добрыя гаспадары са спагадаю і дапамогаю людзям. Цяпер моцна змяніліся людзі, але яшчэ не зусім.
Яшчэ раз вялікае Вам дзякуй, што ў гэтай скромнай, малой кніжачцы расшыфравалі любоў маю да нашай зямлі, да сялянскіх вытокаў, да ўсіх Вас. Я, можа, не заслужыла на такое, але пастараюся апраўдаць Вашыя словы, калі крыху ўгамоніцца сэрца.
Усіх Вас сардэчна цалую. Дарагіх Мельнікавых шчыра вітаю.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 14 верасня 1982 г.
Добры дзень, сябра Міхась!
Рада, што магу напісаць Вам сяння. Я моцна хварэла. “Чабарок” не ўсім прыйшоўся да смаку... Ужо хаджу і думаю, што ачуняю. Дрэнна з сэрцам было, ратавалі ўколамі, бо ціск упаў 100 на 60, а гэта ўжо вельмі небяспечна.
Дзякуй, што напісалі. Шчыра зычу Вам паступіць вучыцца ў Менск. Культура народа – гэта вялікая справа, і падтрымоўваць яе ды абагачаць – наш святы абавязак, каб не заняпала зусім. Вось і я пішу тое, што некалі ўвабрала ў душу з бацькавай хаты і з родных палёў. Там цяпер з гэтага ўсяго – толькі руіны, толькі магілы...
Сяброў Г. Каханоўскага і М. Ермаловіча ведаю. Шаную іх вельмі і рада, што Вы іх трымаецеся. Такія людзі – гэта сапраўдныя вартыя адзінкі. А мяне Вы пераацэньваеце крыху. Хоць я вельмі рада, што гутарка маіх радкоў знаходзіць такі харошы, жывы водгук у Вашым юным сэрцы. Падобныя словы, як Вы мне напісалі, я нядаўна пачула ад маладой яшчэ мастачкі, якая такою менавіта бачыць і любіць нашу Беларусь. Сяння да мяне завітаў рабочы і падзякаваў мне за тое, што некалі ў Нямеччыне, калі быў там ён у няволі, трапіў яму ў рукі мой зборнік “Ад родных ніў” і дапамог маральна шмат ператрываць. Насіў яго за пазухаю. Першы раз я бачыла гэтага чалавека, але выклікае давер. Шмат яшчэ цікавага распавядаў. Аб падобным мне гаварылі ўжо неаднойчы.
Я тут зусім адна. Малы Жук, прыблудны сабачка, мяне абараняе. Мой сын-лекар і ўнукі Міхась і Алесь – у Польшчы. Напішэце мне, ці ўдалося паступіць у інстытут. Я, здаецца, буду мець да Вас просьбу, але гэта пасля.
Зычу Вам усяго добрага. Са шчырасцю да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 14 верасня 1982 г.
Дарагі Максім Танк!
Яшчэ раз вітаю Вас з юбілеем. Жадаю перадусім выдатнага здароўя, здароўя і яшчэ раз здароўя! Яшчэ – натхнення творчага і добрага настрою, і ўсяго таго, чаго самі жадаеце сабе.