Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Шрифт:
Я крыху ачуняла. Выглядаю страшна, але ўжо ўстала, хаджу. Тая «забудова» не дазволіла паставіць і высечы яблыньку. Паставілі яе ў маім малінніку ў канцы двара. Спадзяюся, што мой ліст дайшоў да Вас разам з копіямі маіх заяваў. Божа мой, даруйце мне, што падобным дурыла Вам голаў у такія для Вас слаўныя дні.
Што датычыць нашага святара, то кажуць, што яго трэба выжыць з Зэльвы, бо дружыць з «небяспечнаю» Л. Геніюш. Ну, а пасля – царкву закрыць. Тая жанчына, па памершым летась святару, – Н. Бабылёва, гэта такая прайдоха, з якой ніхто не справіцца. Ёй нешта 80 гадоў. Яе моцна выкарыстоўваюць супраць маёй асобы. Хто выкарыстоўвае – Вы самі павінныя ведаць... Я была змушана звярнуцца тут да пракурора. Зяць памершага святара, Аляксандар Трахімец – ён зэльвенец, нейкі вучоны. Вось ён і трымае аберуч тую бабу і нечаму тую хату. Людзі ходзяць і просяць, усюды пішуць. Магільніцкі спачатку дазволіў, а тут усё спынілі. Уся царкоўная зямля і студня для прыхажан (самі ставілі той дом побач з цэркваю) – толькі ў распараджэнні гэтых дзвюх «дамаў», сябровак тав. Верстака і другіх. Калі б для Вас нязручна было парушыць гэтае пытанне, дык не памагайце. Альбо няхай хто другі пацікавіцца гэтым. Людзі будуць Вам моцна ўдзячныя. Я папрасіла, каб святар і яго сям’я не прыходзілі да мяне дзеля іх бяспекі. Загневаліся крыху, але прыбягаюць вечарам “с подаянием”…
Толькі што быў нейкі чалавек, рабочы. Я яго ўпусціла ў хату. Прыйшоў падзякаваць мне за кніжку «Ад родных ніў». Некалі вайною схапілі яго немцы ў лесе, было яму 17 год, і вывязлі ў Нямеччыну. Сядзеў там у лагерах, а пасля быў два з паловай гады ў баўэра. Выпісаў сабе тады беларускае Евангелле і маю кніжку. Казаў, што яна ратавала яго, трымала на духу ў тыя жудасныя часы. Раз быў нейкі налёт. Яны ехалі на фурманцы. У яго чамадане (дзеравяным) ляжала адзенне і гэтыя дзве кніжкі. Усё разбамбілі, адзенне згарэла, і толькі побач ляжалі гэтыя дзве кніжкі. Ён лічыць, што гэта быў цуд. Калі гэта праўда, дык вельмі цікава. Дарэчы, ён цяпер – знахар. Загаворваў і мае хваробы. Раіў піць чабаровую настойку і трымацца далей ад лекараў. А рэшту не апісваю, бо Вы хахаталі б. Але ўсё гэта вельмі цікава і, дасць Бог, карысна. Паабедаў у мяне. Паставіла чарачку. Тыя кніжачкі забралі яму на граніцы, калі вяртаўся дамоў. Нешта ў гэтым лекаванні ёсць першабытнае, цікавае. Казаў, што памру ходзячы, але яшчэ пажыву. Я рада, што хоць мне не горай з гэтага ўсяго... Вось так.
У сваім «Чабары» я многа пісала пра зямлю і даўніну. Гэта таму, што я люблю зямлю нашу, цалую яе спевамі і так баюся за яе існаванне... Даўніна была цікавай і паэтычнай. Няхай застанецца памяць аб яе адценнях у нашым жыцці.
Столькі часу забрала Вам! Даруйце мне. Сардэчна вітаю мілую Любоў Андрэеўну, малую Кацю і ўсіх Вам дарагіх са слаўным юбілеем і дарагім юбілярам! Хай лёс будзе ласкавы і шчодры да Вас.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 17 верасня 1982 г.
Дарагі Максім Танк!
Сяння – якраз Ваш юбілей. Учора бачыла, як Вам далі ордэн Леніна. Вецер кранаў Вам крыху чуб, і ўсё гэта было хораша. У кожнай газеце, нават у нашай раённай, – нешта пра Вас. Віншую! Зычу здароўя, шчасця і доўга жыць! Прыкра, што і Вы хворыя. А цяпер ласкава прашу дараваць мне, што ў такі час доля змусіла мяне патурбаваць Вас. Але сапраўды Ваш ліст дапамог мне ўстаць з пасцелі. Гэта была надзея на нешта лепшае, светлае. Дзякуй Вам.
Я хаджу, ужо нешта раблю. Адчуваю, што сэрца ёсць, бо хутка стамляюся. Зрабілі мне ўколы cocarboхil на глюкозе, столькі ж вітаміну Б-6 і папаверыну. Гэты тыдзень нікуды не іду. П’ю зёлкі ад Зоські Верас. Пайду на нядзелі. Пэўна, будуць калоць АТФ. Гэтыя ўколы маю. Дзякуй за клопаты. Жыву бязбедна. «ЛіМ» ідзе колькі ўжо гадоў безупынна. Нехта мне выпісаў «Маладосць», «Полымя». Маю «Литературную газету». Я зарабіла даволі вялікія грошы за кніжку. Чуюся, як капіталіст. Сапраўды. У сэрцы ўсё нейкія спазмы, цяжка глытаць дых.
Як я Вам пісала, узялі яшчэ часць панадворка, але ў канцы, і няхай ужо там робяць, што хочуць. Гэта не ля самай хаты. Атмасфера напружаная, і я магу тут чакаць якіх новых сюрпрызаў... Я вечна ў трывозе ад іх. Найгоршыя – райспалком і той Карпееў (яго бацька Карпей). Ён цяпер “зам. начальніка райспалкома”. Яны тут усясільныя, але людзі іх не шануюць. Гарсавет – насупраць нашай хаты. Аб іх можна сказаць многа. Не хочацца гаварыць. Жывецца ім усім выдатна. Парука – кругавая.
Было вельмі крыўдна, што перадачу пра Вас з Масквы ў сераду ў 17 гадзін мы не змаглі бачыць. Гэтую хвалю нечаму заняў Брэст. Учора чулі выступленне хору. Не хварэйце толькі, Максім Танк. Я сапраўды думала, што ўжо не ачуняю. Дзякуй, што паднялі з ложка. Але ж і ў пору прыйшоў ад Вас ліст. Непакоюся, бо апошні час няма нешта лістоў ад сына і ўнукаў. Не магу ім паслаць нават сваіх кніжак. Не бяруць на пошце. Ласкава ўзялі адну ў канвэрце. Тую атрымалі. Задаволеныя з яе. Цяпер усё думаю пра Вашае сэрца. Ці таксама стэнакардыя? Не замагайце лішне, не ператамляйцеся. Вы вельмі патрэбны. Няхай цяпер працуюць малодшыя. Вы толькі кіруйце імі. А ў хаце «Ноеў каўчэг» няхай будзе ў Вас заўсёды. Гэта куды лепш, чымсці адзінота...
Людзі мне памагаюць: і суседзі, і сваякі Яначкі, і зусім чужыя людзі, але гэта ўсё не сям’я... Мне так прыкра, што я сваімі справамі засмуціла Вас. Я буду трымацца. Абяцаю. А святар не верыць, што зможа яму хто дапамагчы. Ён ужо нічому не верыць. Рабеце, як зважаеце за адпаведнае. Вось і ўсё, Максім Танк. Няхай усё ў Вас будзе добра! Шчыра вітайце Любоў Андрэеўну, усіх сваіх хатніх і сяброў, якія мяне ведаюць. Яшчэ раз вялікае дзякуй за той ліст, які падняў мяне з ложка і павысіў мой ціск.
Спадзяюся, што віншаванне маё атрымалі.
Заўсёды са шчырасцю да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 24 верасня 1982 г.
Шчырапаважаны і дарагі Максім Танк!
Гэта мой чацверты ліст да Вас. Становішча маё на сянняшні дзень не лепшае, а штораз горшае. Даходзіць да адчаю. Не спадзявалася падобнага ніколі. Апісваць не буду. Прашу толькі аднаго: памажэце мне ратавацца, выехаць згэтуль за межы СССР. Максім Танк, не гневайцеся, што я хачу захаваць чалавечы мой твар. Дапамажэце!!!
З павагаю да Вас і ўсёй Вашай сям’і – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 26 верасня 1982 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Сардэчна вітаю вас з юбілеем! Жадаю добрага здароўя, у меру бадзёрасці духу і сілаў, каб памагаць тым, хто Вашае дапамогі прагне. Трымайцеся, гадоў не лічэце, жывеце яшчэ на радасць нам доўга і шчасліва ля сваіх найраднейшых. Усіх Вашых хатніх вітаю са святам велічным і блаславенным – Вашым юбілеем! Рада, што магу сяння напісаць Вам.
Пару дзён таму было са мною вельмі дрэнна. Давялі мяне ледзь не да смерці. Вы маеце рацыю: тут болей нервы, хоць і сэрца здае. Мне тут стала неімаверна цяжка. Усяго не апішаш, бо і так лісты прападаюць. Пісаў сяння Белакоз. Папярэдні ліст ад яго загінуў. Ад сына і ўнукаў таксама лістоў не аддаюць…
Рада, што душу Вашую пацешылі этнографы. Часамі бываюць такія людзі, што пакідаюць харошы і светлы след. Дануся Бічэль будзе ў Вас. У яе многа гора. Бога прашу, каб даў ёй сілы ўсё перанесці. Аб усім яна Вам раскажа сама.
У мяне таксама ёсць пару яблыняў, дзе вельмі многа яблыкаў, але яны сёлета вельмі дробныя. Стараюся крыху сабрацца з сіламі, прыйсці да сябе. Глядзела сяння, як наш урад і грамадскасць віталі М. Танка. Цешыць тое, што ён яшчэ добра выглядае і добра трымаецца. Піша мне часамі. Стараўся дапамагчы, але безрэзультатна. Усё тут упіраецца ў мясцовых кацыкаў.
Вельмі хачу і стараюся выехаць за мяжу. Толькі да сына ехаць мне нельга. Вы добра разумееце гэта самыя. Ніяк не вышлю кніжкі Лёдзе і Кастусю, бо штодня тут новыя беды на маю голаў. Язэпу [Найдзюку] напісала. Адчуваю жудасную адзіноту. “Навокал чорная сцяна і з дапамогаю – нікога. Насупраць зла стаю адна і гутару душою з Богам!”